21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Падлiчым сёння, каб не праслязiцца заўтра

26.08.2009 08:39 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наталля КАРПЕНКА

«КРУГЛЫ СТОЛ»

На трэцiм Усебеларускiм народным сходзе перад усiмi структурамi дзяржаўнай улады была пастаўлена задача «павярнуцца тварам да людзей». Наблiжэнне ўлады да народа, да канкрэтнага чалавека неабходна пачынаць з пярвiчнага, найбольш масавага звяна, той структуры, куды часцей за ўсё звяртаюцца людзi — сельскiх i пасялковых Саветаў дэпутатаў.

Каб выправiць сiтуацыю, калi «наверсе» прымаюцца важныя рашэннi, а на месцах пачынаецца «прабуксоўка», а таксама павысiць статус пярвiчнага звяна ўлады, быў падрыхтаваны Указ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь «Аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насельнiцтва», якi ўбачыў свет 12 студзеня 2007 года.

Што змянiлася пасля выхаду гэтага дакумента? Якiя крокi па яго рэалiзацыi ўжо зроблены? Што даюць сельскiм Саветам новыя палажэннi аб фармiраваннi бюджэту пярвiчнага ўзроўню? З якiмi цяжкасцямi сутыкаюцца кiраўнiкi пярвiчнага звяна ўлады падчас вызначанага Указам правядзення iнвентарызацыi дарог, аб’ектаў ЖКГ i iншых аб’ектаў нерухомасцi i перадачы iх спецыялiзаваным структурам?

Гэтыя i многiя iншыя «болевыя кропкi» не абышлi ўвагай удзельнiкi «круглага стала», якi быў арганiзаваны на базе Iнстытута вышэйшых кiраўнiцкiх кадраў Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь. Дарэчы, нельга не адзначыць, што гэта першае мерапрыемства, якое праводзiлася пад эгiдай утворанага нядаўна Савета па ўзаемадзеянню органаў мясцовага самакiравання. У рабоце «круглага стала» прымалi ўдзел старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па рэгiянальнай палiтыцы i мясцоваму самакiраванню, член Савета па ўзаемадзеянню органаў мясцовага самакiравання Анатоль МАЛАФЕЕЎ, адказны сакратар Савета па ўзаемадзеянню органаў мясцовага самакiравання Аляксей СЦЕПАНЕНКА, начальнiк аддзела рэгiянальных бюджэтаў галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палiтыкi Мiнiстэрства фiнансаў Зоя ЯКIМОВIЧ, старшынi пасялковых i сельскiх Саветаў дэпутатаў.

Анатоль МАЛАФЕЕЎ:

— Аналагаў Указу Прэзiдэнта «Аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насельнiцтва» я не ведаю. Нiчога падобнага раней не прымалася. Чытаеш — i за кожным радком бачыш новыя падыходы. Цяпер кожнаму з вас — маю на ўвазе старшынь сельскiх Саветаў — трэба думаць: як «упiсацца» ў новыя дакументы? З чаго пачынаць? Гэта не проста, i на першым этапе ў вас будзе шмат цяжкасцяў. «Дайце грошы!» — па-ранейшаму патрабуюць некаторыя. Але ва ўмовах рынку грошы нiхто не дае — iх бяруць. Улада вам цяпер дадзена, але як яе прымянiць, як прымусiць працаваць палажэннi Указа — у прыватнасцi, тыя, што датычацца фармiравання фiнансавай базы? Дадзеныя Указам магчымасцi, напэўна, падыходзяць не ўсiм i кожнаму, але ж многiм. I тут вы павiнны спрацаваць як улада, бо фармiраванне i выкананне бюджэту — гэта справа ўладнай структуры. Вам неабходна знаходзiць рычагi ўздзеяння i кантакты на падуладнай тэрыторыi, што часам каштуе больш за грошы.

Але ж ёсць пэўнае кола пытанняў, на вырашэнне якiх вам як сельвыканкамам спатрэбяцца «жывыя» фiнансавыя сродкi. I вы ўжо сёння цi ў блiжэйшы час павiнны вызначыць усе магчымыя крынiцы iх паступлення. Падлiчыце, колькi грошай i адкуль можа ў ваш бюджэт паступiць i на што, на вырашэнне якiх пытанняў давядзецца iх патрацiць. Тады i будзе бачна, хопiць цi не вам уласнай фiнансавай базы. Не хопiць — спатрэбяцца датацыi, але ж i iх нiхто не будзе раздаваць «налева-направа». Таму кожную пазiцыю праграмы сацыяльна-эканамiчнага развiцця вашай тэрыторыi вам давядзецца абараняць i адстойваць.

А нам, цяпер ужо Савету па ўзаемадзеянню органаў мясцовага самакiравання, важна ўбачыць гэту працэдуру: колькi сельскi Савет можа ўзяць праз падаткi, колькi — праз датацыi i г.д.

У нас павiнна быць зваротная сувязь — гэта i ёсць узаемадзеянне. Мы будзем акумуляваць вашы праблемы i даводзiць iх да ведама органаў дзяржаўнай улады.

Аляксандр ГУДЫМЕНКА, старшыня Сасноваборскага пасялковага Савета дэпутатаў Светлагорскага раёна:

— У нашым раёне 11 сельскiх i пасялковых Саветаў. Канешне, Указ абмеркаваны i на месцах, i на ўзроўнi раённага Савета.

Анатоль МАЛАФЕЕЎ:

— Вы, напрыклад, можаце ўжо запрасiць мяне цi iншых членаў Савета па ўзаемадзеянню, каб мы маглi паглядзець, як вы прыступiлi да рэалiзацыi Указа? Скажам, цi зрабiлi нейкiя падлiкi па фармiраванню свайго бюджэту.

Аляксандр ГУДЫМЕНКА:

— З задавальненнем запрашаем! Нас — сельсаветы Гомельскай вобласцi — забяспечылi аўтамабiлямi, ксераксамi, факсамi, мабiльнымi тэлефонамi. Выдзяляецца нават лiмiт сродкаў на аплату размоў ($15). Гэта вельмi добра... Што датычыцца бюджэту, фармiравання даходнай яго часткi, — пунктаў там, здаецца, шмат, але ёсць такiя, ад якiх нам не горача i не холадна, ад якiх мы нiчога не маем. Або, каб мець, трэба ўкласцi кучу грошай. Таму што на тую маёмасць, якая, здавалася б, у нас на балансе знаходзiцца, няма нiякай тэхнiчнай дакументацыi. I каб яе аформiць, неабходны шалёныя сродкi. Таму я не магу нi прадаць яе, нi здаць у арэнду.

Анатоль МАЛАФЕЕЎ:

— Вось бачыце, якi ланцужок праблем размотваецца...

Аляксандр ГУДЫМЕНКА:

— Цi вазьмiце збор з нарыхтоўшчыкаў сельгаспрадукцыi. Як за iмi прасачыць? Кожны магазiн у сiстэме райпо нешта збiрае. Там падатковая iнспекцыя не заўсёды можа разабрацца, а вы ад нас хочаце... I яшчэ пытанне. Ва Указе сказана пра перадачу спецыялiзаваным арганiзацыям (ЖКГ i ДРБУ) нашых дарог i сiстэм водазабеспячэння. Але нiчога не сказана пра вулiчнае асвятленне. Мiж тым, гэта такая праблема, з-за якой у нас у раёне поўнасцю адключалi святло ў трох сельсаветах, i два днi людзi вымушаны былi працаваць без тэхнiкi, факсаў i г.д. I толькi дзякуючы ўмяшанню райвыканкама праблема вырашылася.

Не ўсё проста i з перадачай дарог на баланс спецыялiзаваных арганiзацый. Ведаю, што нават на ўзроўнi вобласцi да гэтай праблемы падступаюцца з цяжкасцямi. У нас у раёне 300 км вулiц, якiя праходзяць праз сельскiя населеныя пункты i нi на чыiм балансе не знаходзяцца. I маюць яны не палепшанае пакрыццё, а простае грунтовае. I як iх перадаць i на якiя сродкi iх даглядаць, калi ў раёне толькi 4 грэйдэры? Канешне, калi б перадалi, то са старшынь сельскiх Саветаў знялi б такiм чынам велiзарнае ярмо.

Што зменiцца з уводам новых палажэнняў па фармiраванню бюджэту — не ведаю. Раней быў такi артыкул даходаў сельсавета, як падаходны падатак. Толькi на тэрыторыi нашага Савета ён складаў дзесяткi i сотнi мiльёнаў рублёў...

Аляксей СЦЕПАНЕНКА:

— Вы не блытайце, калi ласка! Падаходны падатак быў не асноўным, а рэгулюючым, ён у вас не заставаўся, а мог толькi рэгуляваць ваш бюджэт. У адных сельсаветах яго доля складала 10 працэнтаў, у другiх 30 цi 50, а ў кагосьцi i 100...

Задача заключаецца ў тым, што сёння вы як старшынi павiнны — кожны для сябе — скласцi такую схему: якiя падаткi ў вас застаюцца. Па пунктах. I тады ў вас з’явiцца дакладная карцiна, вы зможаце ясна ўбачыць, што ў наяўнасцi маецца, скажам, 10 цi 15 крынiц, за кошт якiх можна будзе папоўнiць бюджэт. Вось вы кажаце: няма грошай на асвятленне... А ва Указе ж ёсць палажэнне аб добраўпарадкаваннi, якое мае на ўвазе ў тым лiку i асвятленне населеных пунктаў.

Але ж мы з вамi вядзём гаворку аб тым, што сёння даваць грошы проста так, за «прыгожыя вочы», нiхто не будзе. Прэзiдэнт на нарадзе 18 мая дакладна сказаў, што сёння грошы трэба зарабiць. Як? Шляхам стварэння сваёй па- датковай базы. I калi яе няма, трэба думаць, як i з чаго гэту базу зрабiць. Вы маеце рацыю ў тым сэнсе, што за месяц-два яе не створыш. Але калi кожны зробiць для сябе схему грашовых, падатковых крынiц, якiя ў вас ёсць, вы хоць бы зразумееце, з чым давядзецца працаваць.

Так, сёння самаабкладання, якое дазвалялася раней i давала дадатковыя грошы, ужо няма. Але ж у Законе «Аб бюджэце» застаўся артыкул, якi датычыцца мясцовых падаткаў i збораў. Яны ж засталiся! Вы толькi не маеце права iх уводзiць. I ва Указе дакладна вызначаны тры крынiцы вашага фiнансавання. Гэта даходная база, мясцовыя падаткi i зборы, датацыi з бюджэту... Навошта далёка хадзiць па прыклады? Сёння Дворацкi сельскi Савет Лунiнецкага раёна зарабляе ў свой бюджэт дзесяткi мiльёнаў. Я разумею, сельсаветаў з такiмi магчымасцямi — адзiнкi... Шукайце свае магчымасцi, яшчэ i яшчэ раз чытайце Указ, лiчыце, запрашайце спецыялiстаў, фiнансiстаў. Паспееце даць свае прапановы ў раён да 1 чэрвеня, як вызначана Указам — добра, не паспееце — будзем з вамi зноў адзiн аднаго папракаць.

Аляксандр ГУДЫМЕНКА:

— Абавязкова ўсё падлiчым. Але гэту iдэю неабходна давесцi i да старшынi райвыканкама — што гэта не толькi наша асабiстая справа, але i спецыялiстаў раёна, падатковых работнiкаў.

Анатоль МАЛАФЕЕЎ:

— Трэба ўзяць у рукi Указ Прэзiдэнта № 21 i ад усiх папулiсцкiх размоў адысцi — iнакш застаняцеся ля разбiтага карыта. Вось у нас тут 49 старшынь Саветаў. Скажыце, хоць хто-небудзь, хоць бы з цiкавасцi, ужо рабiў падлiкi даходнай часткi свайго бюджэту?.. Бо тыя пазiцыi, што адзначаны ва Указе, — яны ж не кожнаму падыходзяць. Нехта i 10 працэнтаў па даходах не назбiрае ў бюджэт. Але ж гэта трэба бачыць! Хто з вас хоць бы ў чарнавым варыянце гэта падлiчыў i яму бачна ўся карцiна ў цэлым? Гэта ж цiкава!

Святлана МАЙКО, старшыня Лядскага сельскага Савета дэпутатаў Шчучынскага раёна:

— Па нашаму сельсавету з 16 прапiсаных крынiц фармiравання бюджэту сельвыканкама рэальныя даходы мы можам атрымаць толькi па 6 пазiцыях. У прыватнасцi, маем зямельны падатак — гэта прыкладна 6 млн рублёў. (На нашай тэрыторыi 923 ўласныя гаспадаркi, крыху больш за 400 з iх мы налiчваем зямельны падатак, астатнiя — шматдзетныя сем’i, пенсiянеры, iнвалiды — ад яго вызвалены.)

Далей iдзе падатак на нерухомасць. Гэта крыху болей за 3 млн рублёў. Мы яго збiраем, але ў дадзены момант ён трапляе ў раённы бюджэт, а да нас — не. Ва ўсякiм разе, так было да выхаду Указа... Далей — падаткi ад размяшчэння грашовых сродкаў, або працэнты банка. У мяне за мiнулы год гэтых падаткаў назбiралася... аж 30 тысяч рублёў. Адкуль узяцца працэнтам, калi грошай на рахунку няма?

Наступны пункт — дзяржпошлiна, або тое, што мы можам атрымаць ад работы ЗАГСаў. Гэта даход ад рэгiстрацыi шлюбаў. Але ж вы ведаеце, якiя ў сельскай мясцовасцi шлюбы, колькi iх. Натарыяльныя паслугi таксама вельмi абмежаваныя. У вынiку па гэтаму артыкулу атрымлiваецца 800 тысяч рублёў.

Ад арэнды зямлi — па той прычыне, што практычна нiхто не хоча яе браць i працаваць на ёй — мы маем 500 тысяч.

Агратурызм?.. Тут, перш чым нешта атрымаць, неабходна ўкласцi. Здача ў арэнду камунальнай маёмасцi? На жаль, нiчога не маем, акрамя адмiнiстрацыйнага будынка. У вынiку з паштовага аддзялення бяром 13 тысяч у месяц. I ўсё.

Анатоль МАЛАФЕЕЎ:

— Дзякуй, Святлана Сцяпанаўна. Вось хоць бы на такой стадыi ў кожнага павiнны быць на руках падлiкi. Калi ёсць падлiкi — бачная i карцiна. Магчыма, у кагосьцi сiтуацыя лепш — але ж гэта трэба ўбачыць! З чым мы прыйдзем да 1 чэрвеня? Дапусцiм, у нас каля 1,5 тысячы Саветаў, i толькi 200 з iх дадуць свае падлiкi па фармiраванню бюджэту. А што рабiць па астатнiх? Нам жа трэба бачыць усiх, каб усё ўвязваць. Рухацца наперад трэба арганiзавана.

Уладзiмiр ЛАЎРЫНЕНКА, старшыня Насовiцкага сельскага Савета дэпутатаў Добрушскага раёна:

— Магу сказаць, што сёння мы не маем дачынення да фармiравання даходнай часткi свайго бюджэту, у прыватнасцi, я. У 2005 годзе наша вёска стала аграгарадком. У сельсавеце налiчваецца 13 населеных пунктаў, пражывае 2800 жыхароў. Побач Жгунскi сельскi Савет, дзе ўсяго 2 населеныя пункты. I датацыi iм з раёна iдуць такiя, што нам i не снiлася... У мяне прапанова — мець усё ж нейкi адзiн зыходны пункт, каб даходную частку фармiраваць у залежнасцi ад колькасцi насельнiцтва. Гэта было б аб’ектыўна. Я i свае разлiкi на гэты конт да раёна даводзiў — але яны там нiкога не зацiкавiлi. Так што прыйшоў да высновы, што выратаванне тапельца — справа рук самога тапельца...

Зоя ЯКIМОВIЧ:

— Па-першае, што датычыцца Указа № 21. У гэтым годзе самая галоўная задача — як Саветаў базавага ўзроўню, так i сельскiх Саветаў — максiмальна ўдакладнiць свае бюджэты, якiя былi прыняты на год.

Першы квартал прайшоў ужо, i каб нiчога не згубiць пры фармiраваннi бюджэту на 2008 год, вызначыцца i максiмальна наблiзiцца да патрабаванняў Указа неабходна сёння. Тут не маецца на ўвазе нейкая карэнная ломка. Але сёння проста так даваць вам грошы нiхто не будзе. Ёсць параметры сацыяльна-эканамiчнага развiцця, якiя звязаны з узроўнем iнфляцыi, ступенню даходнасцi i г.д. Тым больш — i ўсе вы пра гэта чулi — у нас штогод рэалiзуецца такая мера, як знiжэнне падатковай нагрузкi на суб’екты гаспадарання... Таму хацець можна шмат, але дзе грошы ўзяць — напрыклад, на тыя ж датацыi? Майце гэта на ўвазе i на «дай!» не разлiчвайце.

Калi вы максiмальна дакладна ўлiчыце даходы, максiмальна дакладна зробiце раскладку расходаў, то будзеце мець права ставiць свае пытаннi на раённым узроўнi, а вашы прапановы ўлiчацца i ўключацца ў бюджэт 2008 года.

Па-другое, не хацелася б, каб вы распiсвалiся ва ўласным бяссiллi: маўляў, у мяне нiчога няма, толькi па капейцы адтуль i адсюль... Калi сапраўды такая сiтуацыя, то пад вашы расходныя паўнамоцтвы ўсё роўна павiнна выдзяляцца датацыя (плюс рэгулюючыя фiнансавыя крынiцы).

Самая вялiкая задача для вас — сiтуацыю гэту змянiць: пашырыць гандаль, нешта пабудаваць, нешта зрушыць з прывычнай кропкi. Возьмем той жа збор з нарыхтоўшчыкаў. Не трэба так гаварыць: дзе я iх знайду i як пазнаю? Ёсць парадак. Калi нарыхтоўка iдзе праз аб’ект спажыўкааперацыi (магазiн), вы ж пра гэта ведаеце. А што яшчэ трэба? Усё, што там нарыхтавалi — падлiчыць i абкласцi падаткам, якi павiнен паступiць у ваш бюджэт. Магчыма, у гэтым накiрунку павiнен быць больш цесны кантакт з падатковымi органамi. Але галоўнае — зацiкаўленасць з вашага боку.

Што датычыцца самаабкладання. Так, нiякiя iншыя падаткi сёння не могуць уводзiцца, акрамя тых, што агавораны законам аб бюджэце. Аднак нiхто нiкому не даваў права выключаць пазабюджэтныя крынiцы i сродкi. Вырашылi вы, напрыклад, на сходзе грамадзян збiраць добраахвотныя ахвяраваннi з кожнага двара на тыя цi iншыя патрэбы — калi ласка. (Толькi не вызначайце дакладную велiчыню гэтага ўзносу, бо ён добраахвотны.) Iнакш кажучы, задзейнiчаць гэту крынiцу вы можаце толькi ў кантакце з людзьмi.

I яшчэ адзiн iстотны момант. Калi ў вас не атрымаецца адстаяць павелiчэнне датацый, то заўсёды застанецца магчымасць «адваяваць» сваё права на павелiчэнне нарматыву адлiчэння ад мясцовых падаткаў i збораў. Вось дзе яны спрацуюць. Вы маеце права — у выпадку неабходнасцi, калi даходнай базы не хапае на ўсе патрэбныя расходы — патрабаваць павелiчэння адлiчэнняў ад таго ж падатку з продажу для вашага Савета, дапусцiм, з 40 да 45 працэнтаў. Гэта вырашальнае пытанне. Самае галоўнае, каб было разуменне раённымi ўладамi вашых праблем.

Васiль КАРАЛЬКО, старшыня Карчаўскага сельскага Савета дэпутатаў Баранавiцкага раёна:

— Мяне цiкавiць, чаму на мясцовыя органы ўлады — сельскiя Саветы — ускладзены кантроль за расходам электраэнергii i зняцце паказанняў з лiчыльнiкаў? Я ж не спецыялiст, каб разбiрацца з прыборам фотарэле, у мяне няма адпаведнай адукацыi i я не маю права лезцi ў лiчыльнiк. Для гэтага iснуе арганiзацыя раённых электрасетак.

I яшчэ аб набалелым. Грошай у нас няма, жывём на датацыi, 55—60 працэнтаў насельнiцтва — непрацаздольнае. I яно просiць абароны. Дзе? У сельскiм Савеце. Няма вынiку — звяртаюцца ў раён. А ў дачыненнi да нас тады «прымаюць меры» — за рост зваротаў у вышэйшыя iнстанцыi.

Зоя ЯКIМОВIЧ:

— Для таго, каб вы ў сябе, на месцы, маглi вырашаць праблемы жыццезабеспячэння людзей больш эфектыўна, неабходна ведаць i памятаць наступныя моманты. Выплаты зямельнага падатку i падатку на нерухомасць ад фiзiчных асобаў у ваш бюджэт носяць сезонны характар. Як жа фiнансаваць расходныя паўнамоцтвы, калi даходы яшчэ не паступiлi? Для гэтага прадугледжаны пэўны парадак: вышэйстаячы бюджэт павiнен выдзелiць вам бюджэтную пазыку. А вы — па меры паступлення даходаў у ваш бюджэт у другiм цi трэцiм квартале — гэту пазыку будзеце пагашаць.

Святлана ШВЕД, старшыня Рэчанскага сельскага Савета дэпутатаў Любанскага раёна:

— Скажыце, калi ласка, Зоя Мiкалаеўна, калi ў нас даходная частка ў канцы года перавышае расходную, цi маем мы права выкарыстаць гэтыя грошы i на якiя мэты?

Зоя ЯКIМОВIЧ:

— Маеце. Перавыкананне накiроўваецца па рашэнню сесii Савета на тыя расходныя паўнамоцтвы, на якiя, скажам, не хапiла планавых аб’ёмаў.

Святлана ШВЕД:

— Але ў нас у канцы года гэтыя грошы забiраюць у раённы бюджэт, i нiхто нi аб чым не пытаецца! У нас перавышэнне даходаў над расходамi складала 8 млн. I з iх я ледзь выпрасiла 2 млн, каб замянiць старую мэблю ў кабiнеце.

Зоя ЯКIМОВIЧ:

— Магчыма, таму i ледзь выпрасiлi, што на мэблю... Калi б на лямпачкi цi дарогi, цi iншыя накiрункi жыццёва важнай неабходнасцi, праблем не было б. Тым не менш гэтыя грошы забiраць у вас не павiнны. Для гэтага вам неабходна было прыняць там, у сябе на сесіі, рашэнне: накiраваць грошы, атрыманыя за кошт перавыканання даходнай часткi, на пэўныя патрэбы... Увогуле, вы ведаеце, што ўжо не першы год рэалiзуецца праграма развiцця i адраджэння вёскi, i ў яе ўкладваюцца велiзарныя рэсурсы. Трэба разумець i памятаць, што «нiзавыя» праблемы не застаюцца без увагi. Але вырашаць iх мы павiнны разам.

Анатоль МАЛАФЕЕЎ:

— Значыць, i з вызначэннем свайго бюджэту рухацца трэба. Дарэчы, па меры фармiравання бюджэту пачнуць працаваць i фiнансавыя органы, i выканаўчая ўлада. Але галоўнае, каб самi вы дакладна ўявiлi, на якiм свеце знаходзiцеся.

Хацелася б, каб вы ўсвядомiлi: мы з вамi — гэта група людзей, якiя хочуць рабiць лепш i iмкнуцца да дакладнай, арганiзаванай сiстэмы, дзе не павiнна быць нiякiх двайных стандартаў накшталт «аднаму далi, другому не далi, адзiн выбiў, другi не...»

Але — яшчэ раз падкрэслiваю — фармiраванне бюджэту пярвiчнага ўзроўню не замяняе вашай работы як улады. Калi вы з кадрамi не будзеце працаваць (у тым лiку i ў плане згоды на iх зацвярджэнне), калi нiколi не будзеце ставiць пытанняў перад кiраўнiкамi ўсiх рангаў, людзi вас, як уладу, прызнаваць не будуць.

Так што ўваходжанне ва ўладу — працэс няпросты. Наперадзе ў вас чатыры гады. Давайце пачынаць рухацца.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На трэцiм Усебеларускiм народным сходзе перад усiмi структурамi дзяржаўнай улады была пастаўлена задача «павярнуцца тварам да людзей»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика