Якiя часы...
Валянцiна ДОЎНАР
Валянцiнкай Гады са тры, мусiць, запар, вiтаючы яго, адразу пыталася: «Ну як вы? У вёску ездзiце?». «А як жа, — усмiхаўся ён i з сумам дадаваў, — куды я дзенуся... З падводнай лодкi».А, мiж iншым, гэты «транспартны сродак», Пётр Пятровiч абраў сабе сам, бо заўсёды хацеў i рабiў, як лепш. Праўда, не сабе, а iншым... Найперш, канешне, з сям’i. Прынамсi — дня не пахварэўшы, пайшоў на той свет бацька, — без размоў забраў да сябе iнвалiдку-мацi, асобны пакой у кватэры ёй выдзелiў, даглядаць стаў. Пераважна сам. Але ж ад жонкi, праз месяц-другi, усё роўна пачуў: «Альбо я, альбо яна». Пётр Пятровiч (што людзей не здзiвiла) выбраў другое. Гэта значыць, сабраў матулю, што-кольвечы з манаткаў i сышоў. Спачатку — на прыватную кватэру, потым, па вушы залезшы ў даўгi, купiў невялічкую двухпакаёвую. I зажыў. Не скардзiўся, не. Без таго вiдаць было, наколькi яму няпроста. Бо мацi хварэла ўсё больш i больш. Адпаведна — капрызiла, а найперш... сумавала. Ледзь не кожны вечар заводзiла «любiмую пласцiнку»: «Сынок, што ты мяне прывёз у гэтую клетку, на гэтую шыбенiцу (сёмы паверх. — Аўт.)? Я тут свету не бачу, па зямлi не хаджу... Што ты травiш мяне гэтай хiмiяй (лекi мела на ўвазе. — Аўт.)?.. Я вадзiцы хачу... Са студнi сваёй»... Ну i гэтак далей. Сын усё разумеў. Стараўся разважыць, на iншае перавесцi размову, паабяцаць, аджартавацца, нечым захапiць, у каторы раз патлумачыць, што жыць, адна, ды ў вёсцы, яна ўжо не зможа... Калi ж цярпення больш не ставала (а такое, на жаль, здаралася) — псiхаваў: званiў вясковаму суседу, каб натапiў грубкi, прасiў некага з сяброў (сваю машыну прадаў) цi наймаў таксi, у багажнiк скiдваў рэчы i... Праз гадзiну-другую ў хату да iх, на святло, ужо падцягвалiся матулiны сяброўкi, суседзi. Гаманiлi там, «мяняліся» прысмакамi, смяялiся, часам — нават спявалi. А потым — канешне ж — госцi, сыходзiлi, хата пусцела, i мацi, крыху патупаўшы па ёй i стамiўшыся, рэзка мяняла «пласцiнку». «Сынок, — ледзь не плакала, — ты ж маёй смерцi не хочаш, не? Ты ж мяне тут не кiнеш?.. То давай, збiрай ужо рэчы, паедзем дамоў...». Сын зноў званiў некаму з сяброў цi наймаў таксi i вёз... Так, на два дамы, яны i жылi. Гадамi... Пакуль мацi не зламала здаровую нагу i не злягла — зусiм. I з усiмi, як кажуць, наступствамi... Гора. А тым больш, што, не маючы iншых крынiц даходаў, сын не мог пакiнуць работу... Знайшоў адну сядзелку, потым — другую, плацiў... Iншымi словамi, нельга папракнуць — перад Богам i людзьмi свой абавязак ён выканаў: мацi дагледзеў (да апошняга), сам вочы закрыў. I пахаваў — па-людску, дзе прасiла i як прасiла... Але ж на гэтым, як высветлiлася, сапраўдныя пакуты для яго... толькi пачалiся, бо на пахаванне з Масквы родны брат прыехаў, Павел. Пасядзеў ля труны, паплакаў, паталкаваў з суседзямi. I, зразумела ж, даведаўся, што нябожчыца не ганiла нiводнага з сыноў. Але хвалiла — найбольш яго, далёкага (блiзкi, дарэчы, — сто разоў гэта чуў i, ўсё разумеючы, пры людзях, нiколi не пярэчыў...). У вынiку — яны, людзi (радня, суседзi па абоiх, так бы мовiць, месцах жыхарства), цудоўна ведалi, якi талковы, якi добры яе старэйшанькi — Павел, як файна жыве, колькi зарабляе. «Гэты што, — казала матуля, — на яго заробак хiба разгонiшся?.. Вось той... Гэта ён нам грошы дае — i на лекi, i на сядзелку. I кватэру — гэта ж ён купiў». У вынiку ў госця... спадчына адкрылася. Прычым хата ў вёсцы («масквiч» прамым тэкстам брату сказаў) яго не цiкавiць, а вось палова кватэры ў Мiнску (яна пад 100 тысяч цяпер, на матулю аформлена...) — па закону яго. А таму — «не аддасi па-добраму (сведак — хоць адбаўляй), — праз суд вазьму»... З тым i паехаў. На дзевяць дзён пасля смерцi матулi ён, зразумела ж, не прыязджаў, на сорак — таксама. Па тэлефону сказаў, што далёка i дорага: летам прыедзе, як пацяплее. Тады, маўляў, i спадчыну аформiм. ...Да лета — час яшчэ ёсць. Але Пётр на ўсякi выпадак ужо цяпер, як кажуць, адсочвае цэны на жыллё, цiкавiцца агенцтвамi. Каб (калi Павел пачне настойваць...»Ну не судзiцца ж!»), прадаць за свае грошы купленую двухпакаёўку i палову сумы аддаць. Брат, мяркуючы па ўсiм, возьме. ...Нешта робяць з асобнымi людзьмi гады i гарады, адлегласцi i межы. Цi зайздрасць i грошы? Р.S. Анекдот. Мо, не вельмi дарэчы, але ў тэму, як кажуць... I не прыдуманы — справа насамрэч была. Пасля вайны... Улады тадышнiя нечым пакрыўдзiлi Яўгена Шварца (драматурга, казачнiка). Ён — «паплакаўся» ў камiзэльку Мiхаiла Зошчанкi. I пачуў ад яго шкадобнае: «Што ж рабiць, Жэня? У добрыя часы — людзi добрыя, у дрэнныя — дрэнныя, у жахлiвыя... Такiм чынам, усё куды прасцей, чым здаецца: якiя часы — такiя i людзi».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гады са тры, мусiць, запар, вiтаючы яго, адразу пыталася: «Ну як вы? У вёску ездзiце?». «А як жа, — усмiхаўся ён i з сумам дадаваў, — куды я дзенуся..
|
|