Каментарый да праекта Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб вышэйшай адукацыi»
(Працяг. Пачатак у нумары за 13 красавіка.)
У БДПУ iмя М. Танка, наадварот, дыплом бакалаўра выдаваўся студэнтам, якiя вучацца на «выдатна» i якiя прайшлi дадатковы курс навучання. Тэрмiн «магiстратура» таксама трактаваўся дастаткова вольна: i як «пярэдадзень» аспiрантуры, i як павышаная тэарэтычная i практычная падрыхтоўка спецыялiстаў. I толькi пасля нарады ў кiраўнiка дзяржавы, на якую былi запрошаны рэктары вядучых ВНУ, кiраўнiцтва Нацыянальнай акадэмii навук, Вышэйшай атэстацыйнай камiсii, дэпутаты Нацыянальнага сходу i члены ўрада, быў выпрацаваны адзiны падыход заканадаўчага замацавання праверанай у нашай рэспублiцы схемы. «Крытэрый павiнен быць адзiн: галоўнае — нашы нацыянальныя iнтарэсы. Беларуская адукацыя сёння карыстаецца ў свеце вялiкiм попытам, нягледзячы на тое, што наша сiстэма не адпавядае асобным еўрапейскiм шаблонам. Калi мы парушым тое, што ў будучынi можа забяспечыць высокi ўзровень развiцця нашай краiны, нам нiхто нiколi гэтага не даруе», — сказаў Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А.Р. Лукашэнка. Такое меркаванне падтрымана дэпутатамi. Таму плануецца, што для работы на вытворчасцi, у арганiзацыi чалавек атрымае дыплом спецыялiста, якi сведчыць аб атрыманых фундаментальных i спецыяльных ведах i навыках i якi дае права на працаўладкаванне з улiкам квалiфiкацыi або на працяг навучання ў магiстратуры. Для масавых спецыяльнасцяў Законам прадугледжваецца дыферэнцыяцыя тэрмiну навучання — ад 4 да 5 гадоў. Напрыклад, настаўнiк фiзiкi можа быць падрыхтаваны за 4 гады, а настаўнiк фiзiкi-матэматыкi (г.зн. засвоiў дзве спецыяльнасцi) — за 5 гадоў. Па складаных спецыяльнасцях, такiх, як медыцынскiя, тэрмiн навучання застаецца ранейшы — 6 гадоў. А калi хто-небудзь збiраецца «iсцi ў навуку» або заняцца навукова-педагагiчнай дзейнасцю, то павiнен мець дыплом магiстра. Прыём у магiстратуру, таксама як i на першую ступень вышэйшай адукацыi, будзе праводзiцца на конкурснай аснове па вынiках уступных iспытаў. Дадатковая вучоба ў магiстратуры дазволiць маладому чалавеку сфармiраваць веды i навыкi навукова-даследчай работы, здаць патрэбныя кандыдацкiя экзамены (за выключэннем хiба экзамену па спецыяльнасцi), а значыць, павысiць верагоднасць абароны кандыдацкай дысертацыi ў наступныя тры гады вучобы ў аспiрантуры. Акрамя таго, на працягу года-двух выявiцца, цi здольны малады чалавек сур’ёзна займацца навукай. Такую схему падтрымлiваюць i работадаўцы. Раней яны мелi цяжкасцi ў прадастаўленнi рабочага месца бакалаўрам, да якiх адносiлiся як да спецыялiстаў, якiя не давучылiся. Атрымаць вышэйшую адукацыю можна столькi разоў, колькi чалавек хоча, але для асобаў, якiя атрымлiваюць другую вышэйшую адукацыю, тэрмiн навучання складае не менш за тры гады (для спецыяльнасцяў ваеннага профiлю, органаў i падраздзяленняў па надзвычайных сiтуацыях — не менш за два гады). У працэсе падрыхтоўкi Закона была ўпарадкавана арганiзацыйная структура вышэйшай адукацыi i ўлiчаны пытаннi яе пераемнасцi з папярэднiм узроўнем адукацыi. У гэтым дакуменце вызначаны наступны закрыты пералiк тыпаў вышэйшых навучальных устаноў: класiчны ўнiверсiтэт, профiльны ўнiверсiтэт (акадэмiя, кансерваторыя), iнстытут, вышэйшы каледж. Мы захавалi, каб не нанесцi шкоды сiстэме, вышэйшыя каледжы, хоць у нашай рэспублiцы iх налiчваецца толькi тры. Вышэйшыя каледжы будуць весцi падрыхтоўку спецыялiстаў толькi на першай ступенi па спецыяльнасцях, iнтэграваных са спецыяльнасцямi сярэдняй спецыяльнай адукацыi. Наогул, вiды адукацыйнай дзейнасцi ВНУ вельмi разнастайныя. Разам з падрыхтоўкай спецыялiстаў з вышэйшай адукацыяй яны таксама маюць права ажыццяўляць падрыхтоўку абiтурыентаў для паступлення ў ВНУ, падрыхтоўку спецыялiстаў з вышэйшай адукацыяй i з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па дадатковай спецыяльнасцi, падрыхтоўку i павышэнне квалiфiкацыi спецыялiстаў з вышэйшай адукацыяй, падрыхтоўку кандыдатаў i дактароў навук, прафесiйную падрыхтоўку, падрыхтоўку па асобных сертыфiкатных курсах, навучанне на трэцяй ступенi агульнай сярэдняй адукацыi (напрыклад, лiцэй пры БДУ). Такi падыход дазваляе забяспечыць дзейсную пераемнасць памiж школай, лiцэем, каледжам i ВНУ. Асобныя артыкулы Закона прысвечаны кафедрам, факультэтам, фiлiялам i прадстаўнiцтвам ВНУ. Мы былi занепакоены хуткiм ростам фiлiялаў i прадстаўнiцтваў ВНУ замежных дзяржаў на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, якiя займалiся даволi сумніўнай адукацыйнай i навуковай дзейнасцю, па сутнасцi, за грошы выпiсвалi дыпломы аб вышэйшай адукацыi. Таму ставiм iх у аднолькавае прававое рэчышча з беларускiмi вышэйшымi навучальнымi ўстановамi i забараняем прадстаўнiцтвам ажыццяўленне адукацыйнай i навуковай дзейнасцi, а значыць выдаваць дакументы аб адукацыi. У Законе змяшчаюцца 20 пунктаў, якiя абараняюць правы нашых студэнтаў. Заканадаўча замацоўваюцца: iльготнае крэдытаванне для аплаты першай вышэйшай адукацыi; забеспячэнне месцамi ў iнтэрнатах i часовай прапiскай; дзяржаўная датацыя пры найме жылля (для студэнтаў, што навучаюцца за кошт сродкаў бюджэту); медыцынскае абслугоўванне i аздараўленне; адтэрмiноўка ад прызыву на воiнскую службу i воiнскiя зборы незалежна ад формы навучання (вочная або завочная); права на скарачэнне памеру або вызваленне ад платы за навучанне; матэрыяльнае i маральнае стымуляванне поспехаў у вучобе, грамадскай i навукова-даследчай рабоце. Акрамя таго, прадугледжваецца зусiм новая падстава для прадастаўлення акадэмiчнага водпуску — фiнансавая. Вышэйшая школа павiнна рыхтаваць не толькi высокаадукаваных i граматных, але i выхаваных, сацыяльна актыўных, маральных людзей. Таму ў Законе адведзена месца i выхаваўчай рабоце са студэнтамi, якая накiравана на фармiраванне маральнай, сацыяльна-актыўнай i творчай асобы, выхаванне патрыятызму, актыўнай грамадзянскай пазiцыi. Змест выхаваўчай работы павiнен вызначацца гуманiстычнымi i культурнымi каштоўнасцямi грамадства, патрэбнасцямi дзяржавы i студэнтаў, спецыфiкай спецыяльнасцi, па якой яны навучаюцца. Закон падтрымлiвае студэнтаў, але i прад’яўляе да iх патрабаваннi — выкананне статута, правiлаў унутранага распарадку, правiлаў пражывання ў iнтэрнаце. Ёсць у Законе i меры дысцыплiнарнага ўздзеяння, што выкарыстоўваюцца да студэнтаў-парушальнiкаў, аж да адлiчэння. Хоць не дапускаецца выкарыстанне мераў дысцыплiнарнага ўздзеяння да студэнтаў у перыяд канiкулаў, акадэмiчнага водпуску, вызвалення ад заняткаў па ўважлiвых прычынах. Улiчваючы тое, што ўводзяцца дзве ступенi вышэйшай адукацыi, адпаведна гэтаму прадугледжваюцца i два дакументы аб вышэйшай адукацыi: дыплом спецыялiста i дыплом магiстра. Разам з дыпломам выдаецца дадатак з адзнакамi i нагрудны знак. Калi па вынiках навучання, уключаючы вынiковую атэстацыю, студэнт атрымаў не менш за 75 працэнтаў адзнак 10 i 9, а астатнiя былi не нiжэй 7 балаў, то яму выдадуць дыплом з адзнакай. Але перш чым яго атрымаць, трэба на першай ступенi здаць дзяржаўныя экзамены або здаць дзяржаўныя экзамены i абаранiць дыпломную работу, а на другой ступенi — абаранiць магiстарскую дысертацыю. Прызнанне i ўстанаўленне эквiвалентнасцi дакументаў аб вышэйшай адукацыi Рэспублiкi Беларусь адпаведным дакументам iншых дзяржаў будзе ажыццяўляцца згодна з мiжнароднымi дагаворамi. Будуць канчаткова замацаваны размеркаванне асобаў, якiя атрымалi вышэйшую адукацыю за кошт бюджэту, i вяртанне дзяржаве грашовых сродкаў, што былi затрачаны на навучанне, у выпадку няяўкi спецыялiста да месца размеркавання без уважлiвай прычыны або неадпрацоўкi iм устаноўленага тэрмiну. Дапушчальнасць такой практыкi была ў свой час прызнана Еўрапейскай камiсiяй па правах чалавека i Еўрапейскiм судом па правах чалавека. Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь таксама прызнаў мэтазгоднасць абавязковага персанальнага размеркавання для выпускнiкоў дзяржаўных ВНУ, якiя вучылiся за бюджэтныя сродкi. Безумоўна, iдэальным варыянтам быў бы такi, калi б кожны выпускнiк валодаў правам на атрыманне першага рабочага месца, правам на яго выбар з вялiкага пералiку, якi б прапаноўваўся, а ў выпадку, калi гэта месца яго не задавальняе, на атрыманне даведкi аб свабодным працаўладкаваннi. Але аналiз сiтуацыi на беларускiм рынку працы паказвае, што дзяржава яшчэ не гатова да гэтага. Ёсць рэгiёны, якiм патрабуюцца спецыялiсты канкрэтнага профiлю. Там таксама жывуць людзi, якiя, як i ўсе iншыя грамадзяне, плацяць падаткi i спадзяюцца, што i ў iх будзе добры ўрач, настаўнiк цi аграном. Вось чаму дзяржава выдзяляе з рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў сродкi на iх падрыхтоўку (каля 30 тысяч студэнцкiх месцаў штогод) i патрабуе iх прыбыцця да месца размеркавання. Iнакш парушыцца ўстойлiвасць i збалансаванасць кадравага забеспячэння. Беларускi народ будуе моцную i квiтнеючую дзяржаву. А гэта значыць, што квiтнеючым павiнен быць кожны кавалак нашай зямлi, а не толькi адна сталiца. Павiнна ўлiчвацца i наяўнасць у рэспублiцы некаторага працэнта беспрацоўя, хоць i невялiкага. У. ЗДАНОВIЧ, старшыня Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу (Працяг будзе.) Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У БДПУ iмя М. Танка, наадварот, дыплом бакалаўра выдаваўся студэнтам, якiя вучацца на «выдатна» i якiя прайшлi дадатковы курс навучання. Тэрмiн «магiс
|
|