«Кампенсацыя». Або прыбаўка да зарплаты?
Сяргей ГРЫБ
Пенсiйная рэформа (Заканчэнне. Пачатак у нумары за 24 красавіка).— У такiм разе выйсце — гэта... — На наш погляд, мэтазгодна захаваць размеркавальны механiзм пенсiйнай сiстэмы, гэта значыць, па-ранейшаму выкарыстоўваць «сённяшнiя» даходы для выплаты «сённяшнiх» пенсiй. Аднак адначасова «ўнутры» самой размеркавальнай мадэлi павiнны з’явiцца больш рацыянальныя правiлы вызначэння памераў пенсiй. Так, мяркуецца, што гэтаму будзе спрыяць ўвядзенне ўмоўна-накапляльнай схемы — пры ёй памер пенсiй вылiчаецца зыходзячы з сумы выплачаных работнiкам узносаў, а не са стажу i заробку, як сёння. У сваю чаргу для ўвядзення такой схемы неабходна зрабiць некалькi крокаў. Па-першае, каб зацiкавiць кожнага чалавека ў фармiраваннi сваёй будучай пенсii, трэба павялiчыць узносы на пенсiйнае страхаванне работнiка (зразумела, з адпаведным павышэннем зарплаты) i зменшыць узносы работадаўца. Другi крок — вызначыць гранiчны ўзровень зарплаты цi даходу, з якога могуць спаганяцца ўзносы на абавязковае пенсiйнае страхаванне. Бо не сакрэт: падобнае рашэнне магло б заахвоцiць высокааплатных сёння работнiкаў рабiць пенсiйныя адлiчэннi, павысiць цiкавасць да будучай пенсii. Крок трэцi — сфармiраваць у рамках цяперашняга персанiфiкаванага ўлiку iндывiдуальныя ўмоўна-накапляльныя рахункi. Нарэшце, трэба аб’яднаць ўвесь «ланцужок» пенсiйнага страхавання ад збору сродкаў да прызначэння i выплаты пенсiй у Фондзе сацыяльнай абароны насельнiцтва, а таксама ўвесцi асобны ўлiк збору i выдаткавання сродкаў пенсiйнага i сацыяльнага страхавання. — Можна пагадзiцца, што, асаблiва з улiкам вызначэння максiмальнай «планкi» заробкаў для пенсiйных узносаў, умоўныя накапленнi — варыянт больш справядлiвы. I ўсё ж, цi здольны ён «згладзiць» дэмаграфiчныя наступствы? Або, магчыма, для гэтага спатрэбяцца больш рашучыя крокi — скажам, павышэнне пенсiйнага ўзросту або дадатковыя абмежаваннi выплат пенсiй працуючым пенсiянерам? — Нiводная рэформа нiколi не робiцца ад «добрага жыцця». Рэформа — гэта заўсёды вымушаная неабходнасць. I выключыць, што калi-небудзь адзiным варыянтам для падтрымання стабiльнасцi пенсiйнай сiстэмы не акажацца тое ж павышэнне ўзросту звароту па пенсiяю, нельга. Аднак сёння пытанне аб павышэннi пенсiйнага ўзросту нават не разглядаецца. Тым больш, што пэўныя стымулы для больш позняга добраахвотнага выхаду на пенсiю дае ўжо ўзгаданая ўмоўна-накапляльная сiстэма з прычыны асабiстай зацiкаўленасцi кожнага работнiка ў папаўненнi свайго iндывiдуальнага рахунку. Што да абмежавання адносна выплат працуючым пенсiянерам, то можна адзначыць, што некаторыя з iх ужо iснуюць — зараз работнiкам не выплачваецца частка пенсii пры каэфiцыенце звыш 1,3, не выплачваецца пенсiя падчас любой работы дзяржслужачым, не выплачваецца пенсiя за выслугу гадоў у перыяд работы, якая дае права на такую пенсiю, i гэтак далей. Прычым мы перакананы, што пры такiм нiзкiм пенсiйным узросце пенсii падчас работы пенсiянерам выплачвацца ў поўным аб’ёме не павiнны. Бо па сваёй сутнасцi пенсiя — гэта сацыяльная выплата чалавеку, якi страцiў магчымасць працаваць. — У якасцi наступнага кроку тут могуць з’явiцца дадатковыя абмежаваннi па выплаце пенсiй падчас работы пенсiянераў-«датэрмiноўшчыкаў»? — Так. Бо трэба ўзяць пад увагу, што апошнiм часам з’явiлася ўстойлiвая тэндэнцыя росту колькасцi пенсiянераў-мужчын ва ўзросце да 60 i пенсiянерак-жанчын ва ўзросце да 55 гадоў. Калi ў 2000 годзе было прызначана датэрмiнова 16 тыс. працоўных пенсiй i пенсiй за выслугу гадоў, то летась — ужо 24 тысячы. Такiм чынам, у цэлым пенсii ва ўзросце да 60/55 гадоў зараз атрымлiваюць амаль 100 тыс. чалавек, прычым большасць датэрмiновых прызначэнняў звязана з умовамi працы цi прафесiйнай дзейнасцю. Адпаведна растуць i выдаткi на льготныя пенсii за занятасць у асаблiвых умовах працы: у 2006 годзе яны дасягнулi 260 млрд рублёў. Фiнансаванне гэтых выдаткаў робiцца са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва, якiя прызначаны на выплату ўсiх пенсiй. Прынамсi, у дадзеным выпадку нi «шкодныя» прадпрыемствы, нi пенсiянеры-льготнiкi якой-небудзь адчувальнай дадатковай нагрузкi па ўзносах па сутнасцi не нясуць — за кошт дадатковых адлiчэнняў работадаўцаў Фонду кампенсуецца ўсяго каля 20 працэнтаў выдаткаў на датэрмiновыя пенсii. Да слова, у будучынi рост колькасцi датэрмiновых пенсiй захаваецца. Прычым гэта будзе адбывацца на фоне павелiчэння колькасцi пенсiянераў у цэлым. Таму фiнансавы стан пенсiйнай сiстэмы можа значна ўскладнiцца. I каб гэтага не адбылося, перш-наперш неабходна змянiць саму крынiцу фiнансавання «раннiх» пенсiй па ўмовах працы. Такiя пенсii трэба цалкам аплачваць за кошт дадатковых адлiчэнняў «шкодных» прадпрыемстваў. Аднак гэта — толькi адзiн з напрамкаў пераўтварэнняў. Адначасова ёсць прапанова вызначыць «мараторый» на атрыманне датэрмiновых пенсiй у перыяд «шкоднай» работы. На самай справе, такая норма выклiкала грамадскi рэзананс. Але пагадзiцеся, што выплата пенсii ў перыяд «шкоднай» работы фактычна стымулюе чалавека заставацца на сваiм ранейшым месцы. У той жа час зразумела, што такая работа лiчыцца шкоднай зусiм не выпадкова. Занятасць у неспрыяльных умовах не можа не адбiвацца на здароўi чалавека. А пенсiйная сiстэма, якая з’яўляецца сацыяльным iнстытутам, нi ў якiм разе не павiнна заахвочваць работу ў шкодных для здароўя ўмовах празмернай працягласцi. Аднак тут жа нельга не зазначыць: калi чалавек адчувае ў сабе сiлы i магчымасцi такую работу працягваць, то гэта — яго поўнае права. Прычым сродкi, назапашаныя на яго ў рамках дадатковых адлiчэнняў, будуць выплачаны такому работнiку ў любым выпадку. I нават калi чалавек звернецца па пенсiю пасля дасягнення агульнаўсталяванага пенсiйнага ўзросту, гэтыя прафесiйныя ўзносы не «згараць», а будуць выплачвацца ў дадатак да працоўнай пенсii. Такiм чынам, чалавек атрымае прыбаўку да працоўнай пенсii. I прыбаўку больш патрэбную, чым падчас работы на «шкодным» месцы — у рэшце рэшт адзiнай крынiцай даходу ў старасцi застанецца менавiта пенсiя. Словам, прапанаванае змяненне — варыянт адносна мяккi. I альтэрнатывы яму па вялiкаму рахунку проста няма. У адваротным выпадку, з улiкам эканамiчнай сiтуацыi i дэмаграфiчных працэсаў, для захавання вартага ўзроўню пенсiй пажылым i непрацаздольным людзям рана цi позна давядзецца iсцi на яшчэ больш складаныя рашэннi — аж да лiквiдацыi льготных пенсiй i iстотнага змянення падыходаў да пенсiйнага забеспячэння ў перыяд работы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 24 красавіка)
|
|