21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Дзецi НЕ без дзяцiнства альбо Памылкi бiялагiчных бацькоў выпраўляюцца

26.08.2009 08:39 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Надзея ДРЫЛА

Iнтэрнаты, сацыяльныя прытулкi... А там, куды нi кiнь вокам, пакалечаныя лёсы, сумныя дзiцячыя вочы... Школьнiкi, студэнты наладжваюць дабрачынныя акцыi, збiраюць цацкi, канцылярскiя тавары... Прыязджаюць i праз гадзiну-дзве ад’язджаюць. Але сiротам, у тым лiку i сацыяльным, патрэбна зусiм iншае. Мацярынская цеплыня i пяшчота, бацькоўскае моцнае плячо, на якое можна абаперцiся ў самай складанай жыццёвай сiтуацыi. Не кожны чалавек адважыцца ўзяць прыёмнае дзiця, тым больш не з самымi добрымi генамi. Але гэта не датычыцца сям’i Лiплянiнаў. На ўласныя вочы пераканалася, што мацi Яўгенiя i бацька Валерый з радасцю дзеляцца з тузiнам дзетак, з якiх 4 родных i 8 прыёмных, не толькi дахам i лустай хлеба, але i дораць iм адчуванне сямейнай атмасферы, еднасцi i падтрымкi.

Вёска Ганявiчы Лагойскага раёна. У каго не спытай, кожны тут ведае сям’ю Лiплянiнаў. I не дзiўна, бо 12 дзяцей не iголка, iх у стозе сена не схаваеш. Летась гэта шматдзетная сям’я атрымала статус Дзiцячага дома сямейнага тыпу.

— Ужо i назву яму прыдумалi, — адзначае галава сямейства Валерый. — «Лiпкi». Назва, насамрэч, сiмвалiчная. Прозвiшча Лiплянiн, лiпавая алея, пасаджаная сваiмi рукамi побач з домам, ды i лiпавы мёд, якi заўсёды займае пачэснае месца на нашым стале... Частуйцеся, калi ласка (працягвае сподак з духмяным мёдам).

Мама, тата, 12 «Я» — наша дружная сям’я

Чалавек лiчыцца багатым, калi ён мае шмат сяброў. Бацькоўскае ж багацце, у сваю чаргу, вымяраецца ў колькасцi дзяцей. Толькi вось выхаваць дзiця — не пальцам пакiваць. Што ж тут гаварыць пра 12?

— Як прыйшлi да такога адказнага рашэння? — цiкаўлюся.

— Проста наша адзiная дачушка Ася (мы маем яшчэ трох сыноў) прасiла сястрычку, а Яўгенii ўрачы больш не рэкамендавалi нараджаць. Вось i з’явiлася Маша. Калi дзевяцiгадовую дзяўчынку прывезлi з Мiнска, яна нават не арыентавалася ў днях тыдня. Зараз, дзякуй Богу, усё добра.

Двух братоў, Яўгена i Уладзiка, узялi з Лагойскага прытулку, адтуль жа i Вадзiм з Iнай, Вiця i Саша — з Валожынскага iнтэрната. З Янай прыёмныя бацькi пазнаёмiліся ў бальнiцы, дзе малеча праходзiла абследаванне, стаўшы сацыяльнай сiратой (дарэчы, усе гэтыя дзецi засталiся сiротамi пры жывых бацьках, якiя прамянялi родных крывiначак на бутэльку самагону).

Старэйшаму, Яўгену, 17 гадоў, а малодшай, Яне, 2,5 года. Двое самых маленькiх, Яна i Валiк, сядзяць дома. Астатнiя наведваюць школу.

— Вучацца нядрэнна, — гаворыць матуля. — Лепшыя вынiкi ў вучобе дэманструюць Ася з Вадзiмам. Астатнiм ставiм iх у прыклад.

— А як аднакласнiкi ставяцца да вашых дзетак?

— Няма такога, каб на дзяцей тыцкалi пальцамi. Праўда быў час, калi ў сына пачалi праяўляцца сiмптомы клептаманii. Ён пачаў красцi. Пры гэтым браў тое, у чым не адчуваў неабходнасцi. Напрыклад, ва ўласным ранцы ляжыць каляровая папера, дык ён сцягвае такую ж у суседа па парце. Цi фрукты ў сталоўцы ўсiм аднолькавыя давалi. Ён свае не есць, а бярэ ў iншых. Змагалiся з гэтай праблемай не сiлай, а словам. Размаўлялi, тлумачылi, што так рабiць нельга.

Няцяжка заўважыць, што Яўгенiя i Валерый не праводзяць размежавальнай лiнii памiж прыёмнымi i роднымi дзецьмi.

— Яны ўсе нашы, — гавораць бацькi ў адзiн голас. — Прыёмныя дзецi ўжо не маленькiя, таму ведаюць, што мы не родныя бацькi. Акрамя, напэўна, Яны. Але мы не збiраемся ад яе гэтага ўтойваць. Суседзi сутыкнулiся не так даўно з такiмi праблемамi.

Дзяўчынка, якую яны ўдачарылi, толькi ў 16 гадоў даведалася, што яна не родная дачка. Пачала шукаць сваю бiялагiчную мацi, пакрыўдзiлася на ўвесь свет, збiлася з правiльнага шляху. Зараз зусiм не кантактуе з прыёмнымi бацькамi. Мы не хочам паўтараць чужых памылак.

Праца ўсяму галава

Валерый, бацька 12 дзяцей, заўзяты пчаляр, мае ў сваёй гаспадарцы такую ж колькасць пчаласем’яў. Таму сiмвалiчна, што i дзецi, i бацькi, як пчолкi, ставяцца з павагай да працы. А яна ў гэтым «вуллi» падзелена. Кожны цвёрда ведае свае абавязкi. Дзяўчаты-гаспадынькi дапамагаюць на кухнi, хлопцы — на вулiцы. Два брацiкi па чарзе дояць карову.

— На ўсiх спраў не хапала, дык дзецi ўгаварылi купiць трусоў, — расказвае Яўгенiя. — Зараз з ахвотай iх даглядаюць.

Гэтай сям’i любая праца па плячы, усё стараюцца рабiць сваiмi рукамi: i вешалку для адзення, i падпорку для даху, i дзiцячыя пакоi аформленыя з густам, i кухня (самае папулярнае месца: тут сям’я збiраецца, каб абмеркаваць за ежай праблемы, падзялiцца радасцямi i няўдачамi) аздоблена рознымi вырабамi, зробленымi па iнiцыятыве Яўгенii пры непасрэдным удзеле дзетак. Сярод iх можна вылучыць макет падворка сям’i Лiплянiнаў, ад якога нельга адарваць погляду (дарэчы, на абласным конкурсе ён заняў першае месца ў намiнацыi «Умелыя рукi»).

— Гэты маленькi цуд мы змайстравалi з падручных матэрыялаў: са старой каляскi, галiначак, пластылiну, пластмасавых цацак, бiсеру. На мiнi-падворку i кожны член сям’i заняты сваёй справай. А Саша нядаўна заявiў: «Мамуля, мяне трэба там змясцiць з дрывамi (Сашуля проста часта прыносiць дровы на распалку).

Тут жа, на сцяне, красуецца герб сям’i ў выглядзе сонца (певень у абдымку з курыцай, якiх абступаюць кураняткi).

— Проста Валера нарадзiўся ў год Пеўня. А раз ён певень, то мне нiчога не заставалася, як стаць курыцай (смяецца). I дзяцей клiчам па традыцыi: «Пеўнiкi, пастроiлiся».

— Але ж мы больш падобныя на пчолак, нiколi не сядзiм на месцы, таму плануем змянiць сiмволiку, — дадае Валерый.

Працуюць Лiплянiны штодзень. I ўсё для таго, каб нi ад каго не залежаць, каб жыць у дастатку. Не заглядваюць яны i ў кiшэнi да iншых, бо прызвычаiлiся зарабляць грошы ўласнымi рукамi.

— Праца дысцыплiнуе чалавека, — перакананыя прыёмныя бацькi. — Чалавек з «залатымi» рукамi нiколi не прападзе. Такiя думкi прывiваем i сваiм дзецям.

— Толькi вось на шляху выхавання не ўсё гладка: сутыкаемся з рознымi цяжкасцямi.

Паводле слоў прыёмных мамы i таты, кроўныя бацькi не прывiлi працу дзецям, таму, часам, яны лiчаць нейкiя элементарныя абавязкi — нагрузкай.

Перш папрацуй, а тады й патанцуй

— А няўжо вы ўвесь час толькi i робiце, што працуеце? А як жа адпачынак? — пытаюся я.

— Спраў, безумоўна, хапае. Але ўсё павiнна быць у меру. Таму стараемся чаргаваць працу з адпачынкам. Хлопцы паставiлi ля хаты вароты i разам з Валерам гуляюць у футбол. А я ў гэты час забаўляюся з дзяўчатамi. Даганялкi, хованкi, выбiвалы — што толькi мы не прыдумваем?!

Пацяплела. I Валера плануе наладжваць ранiшнiя прабежкi з дзецьмi.

— Толькi вось спартыўнага абутку не на ўсiх хапае, — гаворыць Яўгенiя. — Але мы не засмучаемся. Прызвычаiлiся знаходзiць выйсце з любой сiтуацыi. Вось я нядаўна залезла на гарышча, знайшла там старую вопратку. Памыла, зашыла. Вусцiлкi ў красоўкi выразала з лiнолеуму, шнуркi новыя паўцягвала. Насiць можна.

— А гэтай зiмой, — расказвае Валера, — Яўгенiя зрабiла для дзяцей сапраўднае свята. Прыдумала розныя конкурсы: прышыць гузiк, пакармiць адзiн аднаго, праспяваць песню... Усе атрымалi прызы: чупа-чупсы, шарыкi, а пераможца — пачак цукерак. Уражанняў хапiла надоўга.

Дзецi маюць групкi па iнтарэсах. Ёсць сярод iх i рыбакi, i пчалаводы, i кулiнары, i тэхнары. У кожнага свае цiкавасцi, схiльнасцi. Аляксей рулiць на трактары, Ваня даглядае хатнiх жывёл, раней бычка, зараз кароўку. Лёшык скончыў музычную школу па класу акардыёна, Ася асвоiла сакрэты гульнi на фартэпiяна.

— Машуня таксама мае музычныя здольнасцi, пайшла па слядах старэйшага брата Аляксея, — расказвае мацi.

У гэтай сям’i, заўважыла, не кiдаюць словы на вецер. Маша ўзяла ў рукi акардыён, Ася сыграла разам з мацi ў дзве рукi на фартэпiяна, а пасля дзецi абступiлi Яўгенiю, якая iграла на сiнтэзатары, i праспявалi разам з матуляй развучаную песню.

Цудоўна, калi мары супадаюць i ... спаўняюцца

У дзяцiнстве ўсе любяць будаваць планы на будучае. «Я хачу дваiх дзяцей, першага хлопчыка, а другую дзяўчынку, — часта можна пачуць сур’ёзныя разважаннi першакласнiц. Яўгенiя i Валерый таксама не выключэнне. Кожны з iх марыў пра сям’ю, i кожны толькi пра вялiкую.

Аб гэтым нават сведчыць двухпавярховы драўляны «палац», якi Валера пабудаваў на ўчастку бацькоў яшчэ да стварэння на яго базе Дзiцячага дома. Як бачыце, галава сямейства ўжо адразу ведаў, што сям’я не будзе маленькай.

Прыёмны бацька i прыёмная мацi прыйшлi да гэтага рашэння не выпадкова. Валера сам выхоўваўся ў шматдзетнай сям’i. У Яўгенii ж, у адрозненне ад мужа, ёсць толькi старэйшы брат, але рознiца ва ўзросце зрабiла сваю справу: брат не заўсёды прымаў дзяўчынку ў сваю кампанiю, i яна цвёрда вырашыла для сябе, што ў яе будзе, як мiнiмум, трое дзяцей.

— А яшчэ я марыла стаць урачом. Зараз магу сказаць, што i гэтае жаданне здзейснiлася, бо, насамрэч, прафесiя мамы настолькi ўнiверсальная, што тут даводзiцца быць не толькi ўрачом... Затое я крышку цырульнiк, крышку музыкант, крышку настаўнiк i выхавальнiк... — з iскрынкай у вачах гаворыць шчаслiвая мацi.

I стол павялiчыць, i агароды пашырыць

Накармiць 12 ратоў — справа не з лёгкiх. А так як заробак прыёмных бацькоў не падобны на залатую гару (Валера i Яўгенiя атрымлiваюць 700 тысяч беларускiх рублёў на дваiх, у дадатак да гэтага, на кожнае дзiця выплачваецца 158 тысяч рублёў дапамогi), то грошай не заўсёды хапае. Але сям’я Лiплянiнаў манны з неба не чакае. Аб гэтым сведчыць тое, што Валера ўладкаваўся ў школу качагарам. Хоць не вялiкая, але падтрымка.

У сувязi з павелiчэннем сям’i бацькi плануюць пашырыць зямельную плошчу.

— Бульбы пасадзiм у два разы больш, — з аптымiзмам гаворыць гаспадар. — Зерне пасеем.

Калi я ад’язджала, быў час вячэраць. Пакуль добразычлiвыя гаспадары дома развiтвалiся са мной, дзецi самi накрылi на стол i ўсе разам абкружылi яго.

— Трэба стол большы майстраваць! — усмiхаецца Валера. — Сям’я вырасла як на дражджах, цесна ўжо стала за сталом.

У цеснаце, ды не ў крыўдзе, — прадоўжыла думку мужа Яўгенiя. — Але большы стол не перашкодзiў бы (падмiргвае мне i ўсмiхаецца).

Зараз Валеру 38, а Яўгенii 32 гады. Валера любiць агуркi, Яўгенiя ж — памiдорная душа. Але, нягледзячы на ўсе адрозненнi ва ўзросце, у густах i характарах, iх яднае агульная мэта. Пабудаваць трывалы фундамент узаемаадносiнаў памiж дзецьмi.

— Дома яны, як i ўсе дзецi, могуць не падзялiць нешта i пасварыцца. Але вельмi важна, каб за межамi дома яны стаялi адзiн за аднаго гарой, былi адзiным цэлым.

* * *

Дзяцiнства — самы бесклапотны перыяд жыцця. А ўявiце, калi яго ў вас аднялi...

Для прыкладу возьмем дзве аднолькавыя маленькiя кветачкi. Адну вы на працягу месяца даглядаеце: палiваеце, гаворыце цёплыя словы, проста любiце яе. Другую ж, наадварот, iгнаруеце. У вынiку першая кветачка прыгажэе на вачах i прыносiць усiм, хто яе бачыць, радасць. А другая — выклiкае толькi негатыўныя эмоцыi. Так i людзi. Калi ў дзяцiнстве чалавек бачыць толькi мiнусы, то iх назапашваецца так шмат, што ён проста вымушаны прыцягваць да сябе i аддаваць навакольным толькi негатыўнае.

Вось чаму так важна ствараць Дзiцячыя дамы сямейнага тыпу, удачараць цi ўсынаўляць дзетак. Пакуль не позна, трэба спрабаваць выпраўляць памылкi кроўных бацькоў, дарыць дзецям самае каштоўнае — дзяцiнства. Людзям жа, якiя дораць дзяцiнства, нiзкi паклон. Бо гэта — святыя людзi.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Iнтэрнаты, сацыяльныя прытулкi... А там, куды нi кiнь вокам, пакалечаныя лёсы, сумныя дзiцячыя вочы... Школьнiкi, студэнты наладжваюць дабрачынныя акц
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика