Храм нашай вечнай памяцiУ пачатку лiстапада 1995-га асацыяцыя «Шчыт Чарнобыля» звярнулася да ўладаў Мiнска з iнiцыятывай узвесцi побач з мемарыяльным знакам часоўню ў памяць аб ахвярах аварыi. Ужо 9 лiстапада на месцы будоўлi быў устаноўлены праваслаўны крыж, якi асвяцiў Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi Фiларэт. У хуткiм часе пры актыўным удзеле кiраўнiцтва Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях тут узвялi маленькую драўляную капліцу ў гонар абраза Божай Мацi «Зварот загiнулых». У дзень дзесятай гадавiны аварыi на Чарнобыльскай АЭС кiраўнiк дзяржавы Аляксандр Лукашэнка i Мiтрапалiт Фiларэт на 20-тысячным мiтынгу з удзелам прадстаўнiкоў iншых рэлiгiйных канфесiй i пасольстваў замежных дзяржаў заклалi ў алтарную частку ўзводзiмага храма капсулу з тэкстам запавету нашчадкам. Будаўнiцтва царквы адбывалася, як i раней, усёй талакой — на ахвяраваннi прыхаджан, грамадскiх i мiжнародных арганiзацый, што супрацоўнiчалi з асацыяцыяй «Шчыт Чарнобыля». Праз некалькi гадоў храм, якi стаў сапраўдным сiмвалам ўсенароднага смутку i месцам правядзення масавых мерапрыемстваў у днi чарнобыльскiх гадавiн, блаславiў i Патрыярх усяе Русi Аляксiй II. Летась каля царквы прайшлi ўрачыстасцi па асвяшчэнню мемарыяльнай дошкi з тэкстам запавету нашчадкам, якi цяпер можа прачытаць кожны. Гэта адбылося ў дзень 20-й гадавiны чарнобыльскай трагедыi. Па iнiцыятыве настаяцеля протаiерэя Паўла Латушкi прыхаджане выступiлi з прапановай пабудаваць каля храма мемарыял памяцi ахвяраў катастрофы i стварыць архiтэктурны комплекс для размяшчэння тэматычнага чарнобыльскага музея. Таксама мяркуецца ўстанавiць бюсты героям, якiя аддалi свае жыццi, каб выратаваць людзей ад ядзернай навалы, — верталётчыку палкоўнiку Васiлю Вадалажскаму i старшаму сяржанту ўнутранай службы Васiлю Iгнаценку. Iнiцыятыву падтрымаў Мiтрапалiт Фiларэт, якi накiраваў адпаведнае прашэнне кiраўнiку дзяржавы. ...Сёння ў сталiцы а пятнаццатай гадзiне каля храма ў гонар абраза Божай Мацi «Зварот загiнулых» адбудзецца жалобны мiтынг памяцi i смутку, ён прысвечаны 21-й гадавiне з дня катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыi. Перад гэтым пройдзе богаслужэнне, будзе адслужана памiнальная лiцiя па загiнулых i памерлых у вынiку аварыi на ЧАЭС. Напэўна, яшчэ раз кожны ўзгадае пранiкнёныя словы з запавету нашчадкам: «Наша родная Белая Русь, нягледзячы на нанесеную ёй невылечную рану, застанецца квiтнеючым краем рэк, азёр i лясоў, краiнай сардэчных i разумных людзей...». Мiкалай ЛIТВIНАЎ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Многiм мiнчанам i гасцям беларускай сталiцы добра вядомая царква ў гонар абраза Божай Мацi «Зварот загiнулых», якая размешчана на скры-жаванні вулiц К |
|