21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Хто казку робiць быллю, або Навошта будаўнiкам гiстарычная свядомасць

26.08.2009 08:40 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ларыса ЦIМОШЫК

Нястрачанае

Памятаю, калi я вучылася ў школе, то час ад часу прасiла ў мамы грошы на ўзносы —— на ахову помнiкаў. Капейкi, але ўсё роўна з’яўлялася разуменне, што гэта дзеля добрай справы. Можа таму да цяперашняга часу жыву з адчуваннем, што помнiкi гiсторыi i культуры нейкiм чынам належаць мне i маёй сям’i. Прынамсi, некаторыя я сапраўды лiчу сваiмi —— побач з iмi праходзiла дзяцiнства, яны дапамаглi зразумець, што гiсторыя майго роду бярэ пачатак не ад мамы з татам, нават не ад бабуль з дзядулямi, а за многа стагоддзяў да iх прыходу на нашу зямлю. Магчыма, праца маiх продкаў спрыяла таму, каб квiтнелi сядзiбы, будавалiся цэрквы i манастыры, узнiкалi прыгожыя палацы. А iх рэшткi, цi, як сёння кажуць, помнiкi гiсторыi —— помнiкi многiм пакаленням маiх продкаў таксама.

Так думаю не толькi я — у Беларусi многа людзей, якiя цiкавяцца гiсторыяй i якiя актыўна ўспрымаюць усё, што робiцца вакол нашых помнiкаў. I iх можна зразумець: усё, што належыць дзяржаве, належыць i кожнаму канкрэтнаму грамадзянiну гэтай дзяржавы. Немагчыма быць вольным ад мiнулага сваёй краiны — незалежна ад таго, цi ты школьнiк, цi краязнаўца, цi настаўнiк, цi просты будаўнiк. Гэты пераварот у свядомасцi грамадства ў нейкi момант зрабiлi гiсторыкi.

Не так даўно нашу краiну ўзрушыла сенсацыя: пры будаўнiцтве метро ў Мiнску на глыбiнi 500 метраў знайшлi астанкi ляснога слана, гэта пятая падобная знаходка ў Еўропе. Але мы б наўрад цi даведалiся аб ёй, калi б не будаўнiкi, якiя адчулi, што знайшлi нешта неверагоднае i не паклiкалi на дапамогу археолагаў. Дзякуючы той знаходцы ўжо ёсць iдэя стварыць дзе-небудзь паблiзу метро музей палеанталогii, аб гэтым мне паведамiлi ў Iнстытуце гiсторыi Акадэмii навук Беларусi.

— Сёння змянiлася свядомасць людзей, яны сталi больш дасведчанымi i адчуваюць рознiцу памiж каштоўным i не, — тлумачыць дырэктар Iнстытута гiсторыi Аляксандр Каваленя. — У гэтым i ёсць сутнасць працы гiсторыкаў — не толькi вывучаць, але i пашыраць назапашаныя веды сярод людзей. Летась наш iнстытут правёў больш за 20 мерапрыемстваў, якiя прысвечаны гiсторыка-культурнай спадчыне рэспублiкi, выдадзена 26 манаграфiй, каля 400 iншых публiкацый, больш за 600 энцыклапедычных выданняў. Ёсць супрацоўнiцтва з Мiнiстэрствам адукацыi па выданню падручнiкаў. Ад нас сёння чакаюць практычных вынiкаў, i яны ёсць.

Вось i прыклады. Па заказу Мiнiстэрства культуры кандыдат гiстарычных навук Андрэй Мяцельскi з 2005 года вядзе буйнамаштабныя археалагiчныя даследаваннi ў Нясвiжы. Падчас яго працы былi выяўлены многiя страчаныя раней элементы ўнiкальнага нясвiжскага палацавага комплексу, якiя будуць адноўленыя ў ходзе рэстаўрацыйных работ. Атрыманы матэрыял выкарыстоўваўся архiтэктарамi пры распрацоўцы праекта рэстаўрацыi палаца. На падставе археалагiчных даследаванняў нясвiжскай Слуцкай брамы ўжо ажыццяўляецца яе рэстаўрацыя. Сёлета супрацоўнiкi iнстытута правядуць даследаваннi гiсторыi Белавежскай пушчы. Гэта не толькi ўнiкальны прыродны комплекс — тэрыторыя пушчы таксама мае шэраг гiсторыка-культурных адметнасцяў, якiя комплексна не вывучалiся. Вынiкам стане манаграфiчнае даследаванне, будуць распрацаваныя навукова абгрунтаваныя турыстычныя буклеты з маршрутамi па канкрэтных гiсторыка-культурных помнiках, якiя знаходзяцца на тэрыторыi Нацыянальнага парку. Будуць дадзены канкрэтныя рэкамендацыi па музеефiкацыi найбольш каштоўных археалагiчных помнiкаў, якiя захавалiся на тэрыторыi пушчы, а таксама па папаўненню фондаў i экспазiцый музея Белавежскай пушчы. Усё гэта павiнна прыцягнуць больш турыстаў у Беларусь.

Гэта важна — турызм забяспечвае прыток грошай у краiну. Такiм чынам, нашы адметнасцi могуць быць каштоўныя не толькi самi па сабе. Але кажуць, замежнiкаў, якiя шмат чаго бачылi ў свеце i рэдка чаму здзiўляюцца, у нас больш цiкавяць самi людзi, iх гасцiннасць i прыгажосць прыроды. Магчыма, але асноўным напрамкам турызму ў свеце з’яўляецца менавiта гiстарычны турызм, як нi круцi. Наўрад цi госцi падчас адпачынку адмовiлiся б ад цiкавай экскурсii. Ды нават не ў замежных наведвальнiках справа. Вялiкая колькасць патэнцыяльных турыстаў жыве ў нашай жа краiне. Статыстыка сёння сцвярджае, што беларусы ў большасцi сваёй iнертныя, цяжкiя на ўздым людзi. Магчыма, калi людзi не ведаюць, куды ехаць i навошта. Усё можа змянiцца, калi iх пераканаць: ехаць трэба. Доказ таму — раптам узнiклая цiкавасць да Турава. Цяпер мiнулае горада ўспрымаецца не як казка, а як ланцуг рэальных драматычных падзей.

Гэтаму спрыяла знаходка прафесара Пятра Лысенкi, якi адкрыў рэшткi храма ХII стагоддзя. Адкрыццё павiльёна, якiм накрылi храм, адбылося 18 верасня 2005 года. А ўжо з кастрычнiка 2005-га па кастрычнiк 2006 года Тураў наведалi 613 экскурсiй, пры тым, што музей яшчэ не быў адкрыты. У Тураў патрапiць —— не ў сталiцу, куды ўсе шляхi вядуць i любы транспарт ходзiць. Сам гiсторык на сваiм аб’екце размаўляў з людзьмi, якiя за свае грошы наймалi аўтобус, выязджалi ў чатыры гадзiны ранiцы, каб за дзень з’ездзiць у Тураў, напрыклад, з Бабруйска. Вось i прыцягальная сiла гiсторыi, i лепшая форма пашырэння гiстарычных ведаў.

Яна была б больш эфектыўнай, лiчыць прафесар Лысенка, каб кожны турыст на месцы змог набыць лiтаратуру, якая расказвала б гiсторыю мястэчка i самога храма. Навукова-папулярная кнiжка «Сказание о Турове» выйшла... накладам у 300 асобнiкаў. За два тыднi яе ў крамах разабралi. 100 тысяч экскурсантаў не змаглi яе набыць. У выдавецтваў свае падыходы да гэтай справы — кнiгi малых накладаў акупляюцца, iнакш трэба рызыкаваць грашыма, i гэта можна зразумець. Цяжка зразумець вось што: у сам аб’ект грошай было ўкладзена значна больш, не важна з якога бюджэту — дзяржаўнага, мясцовага цi абласнога. Усё роўна гэта нашы грошы. I мы ж самi можам дапамагчы вярнуць укладаннi, прыехаўшы на экскурсiю. У чым жа праблема? Магчыма, у тых, каму яшчэ (акрамя даследчыка) гэта патрэбна. I ў тых, хто зацiкаўлены развiваць унутраны турызм. Так, замежны турыст больш выгадны для дзяржавы, але гэта з грашовага пункту гледжання. Нашы турысты, паехаўшы на экскурсiю ў сваёй краiне, патрацяць грошай значна меней. Але менавiта гэтыя людзi потым пакiнуць на гэтай зямлi нешта пасля сябе...

Беларусаў няпроста здзiвiць гiсторыяй, асаблiва тых, хто жыве побач з нейкiмi помнiкамi, рэшткамi збудаванняў. Яны сталi для людзей прывычным фонам, антуражам. Але для таго, каб сталi часткай асабiстай бiяграфii, трэба навучыцца глядзець на iх iншымi вачыма. Цi трэба навучыць. Людзi заўсёды здзiўляюцца нейкiм новым сведчанням даўняга iснавання свайго мястэчка. Гэта вырашылi выкарыстаць гiсторыкi — i сталi ладзiць навуковыя канферэнцыi ў рэгiёнах. У 2006 годзе вялiкi рэзананс мела канферэнцыя па дынастыi Ягелонаў, якая прайшла ў Гальшанах і Навагрудку. У канцы мая ў Смаргонi рыхтуецца сустрэча з удзелам вучоных з Германii, Польшчы, Францыi, якiя вывучаюць гiсторыю Першай сусветнай вайны. Цiкавай павiнна быць канферэнцыя ў Мiнскай духоўнай акадэмii, у Жыровiцах, якая арганiзоўваецца разам з праваслаўнай царквой.

— Калi мы правялi навуковую канферэнцыю ў Гальшанах, мясцовыя жыхары казалi: нарэшце наша маленькая вёска набывае вялiкую значнасць, — гаворыць Марат Жылiнскi, вучоны сакратар Iнстытута гiсторыi. — Выдатна, калi розныя людзi збiраюцца ў адным месцы — вучоныя, краязнаўцы, проста цiкаўныя асобы, якiя сабралiся паглядзець на навуковую грамадскасць. А потым яны разумелi: значна не тое, што мы прыехалi, значна тое, што мы ведаем аб Гальшанах. У людзей, якiя там жывуць, прачнулася цiкавасць да свайго мiнулага.

На той канферэнцыi гiсторыкi прынялi зварот да грамадскасцi. I не толькi да грамадскасцi Беларусi, а да Еўрапейскай, да ЮНЕСКА. Таму што для таго, каб адрадзiць Крэўскi замак, Гальшанскi замак, патрэбны велiзарныя намаганнi. Кошт пытання не толькi ў суме выдаткаў, а яшчэ i ў тым, цi ажыве гiсторыя для людзей, цi перастане ўспрымацца як цiкавая казка.

Зразумець, што гэта быль, прасцей, калi можаш пазнаёмiцца са сведкамi мiнулых дзён — а гэта не толькi старыя будынкi, але i гiстарычныя дакументы. Да тых, што захоўваюцца ў Цэнтральным навуковым архiве Нацыянальнай акадэмii навук, дакранацца могуць не ўсе. Ён пачаў стварацца яшчэ пры Iнстытуце беларускай культуры, прародзiчы Акадэмii навук. Цяперашнi дырэктар архiва Андрэй Шынкевiч распавядае, што тут захоўваюцца ўнiкальныя копii карт Полацка пачынаючы з 1569 года, дакументы, якiя датычацца перапiсу магiлёўскiх паветаў, ёсць дакументы ХVIII стагоддзя, якiя цудам засталiся, па пазамiнулым i мiнулым стагоддзях. Ёсць багатыя дакументы па Заходняй Беларусi за 31—36 гады... Сёння архiў папаўняецца. Прыходзяць сюды папрацаваць не толькi вучоныя, але i студэнты, прыязджаюць замежныя даследчыкi. Да шырокiх колаў усе цiкавыя звесткi потым даходзяць праз кнiгi, якiя пiшуць гiсторыкi.

Але ёсць рэчы, якiя трэба бачыць! У фондасховiшчы Iнстытута гiсторыi шмат выкапняў, знаходак нават «з жалезнага веку», якiя раскрываюць побыт першых насельнiкаў нашай зямлi. У 50-я гады ў курганах былi знойдзены сякеры — мужчынскае пахаванне, засведчылi археолагi. Апрацоўка крэмнiю, з якога рабiўся наканечнiк для сякеры, была мужчынскай справай. Першыя шахцёры, сцвярджаюць вучоныя, з’явiлiся яшчэ ў трэцiм тысячагоддзi да нашай эры. Керамiка, наадварот, рабiлася рукамi жанчын. Рэшткi керамiкi з бронзавага веку захоўваюць адбiткi пальцаў жанчын. Нiбыта пячаткi вякоў...

Запячатаныя, схаваныя знаходкi трэба паказваць людзям — з гэтай думкай нарадзiлася iдэя стварэння навукова-экспазіцыйнай-музейнай археалагічнай залы пры інстытуце. Апошнiм часам часта бывае так, што археалагiчныя даследаваннi трэба праводзiць падчас звычайнага будаўнiцтва: гiстарычнае месца сёння цi не ўся наша зямля!? Вучоныя сцвярджаюць, што стараюцца кантраляваць усе працэсы, iмкнучыся пры гэтым атрымаць максiмум карысцi для навукi.

— Заўсёды, калi плануюцца нейкiя будаўнiчыя работы на гiстарычных месцах, цi iдзе пракладка газаправодаў, звяртаюцца да археолагаў, каб мы далi заключэнне, што гэта не нанясе шкоду, — гаворыць Вольга Ляўко, загадчыца Цэнтра гiсторыi даiндустрыяльнага грамадства, доктар гiстарычных навук. — Напрыклад, у Бабруйску будуецца Лядовы палац на тэрыторыi былой Бабруйскай крэпасцi. Расчышчаецца тая частка крэпасцi, дзе стаялi ваенныя казармы. На пляцоўцы будзе сучаснае ўжо збудаванне — Лядовы палац, але адначасова адновiцца страчаная частка старажытнай бабруйскай крэпасцi, таму што нельга адно рабiць, а другое губiць. Тым не менш павiнна быць спалучэнне памiж гiстарычным аб’ектам i навадзелам. Гэтае пытанне прарабляецца архiтэктарамi для таго, каб не страцiць наша гiстарычнае мiнулае. Сёння вялiкiя па маштабах працы вядуцца па рэстаўрацыi цэнтральных гiстарычных зон у Гродне, Вiцебску, Мiнску, Полацку. Усе месцы, дзе раней былi складанасцi, дзе назiралася ў пэўнай ступенi бескантрольнасць, узятыя пад строгi кантроль нашым iнстытутам. У Мiнску сёлета мы будзем назiраць за 30 аб’ектамi. Спiс падрыхтаваны ў гарвыканкаме, i ён пастаянна абнаўляецца, змяняецца, у адпаведнасцi з тым, як рухаюцца планы па будаўнiцтву. На Нямiзе плануецца рэканструкцыя ў Верхнiм горадзе. Архiтэктурны праект па рэканструкцыi манастыра бернардынцаў яшчэ канчаткова не выпрацаваны. Але там намячаецца новабудоўля, i нашым археолагам ужо прадстаўлена магчымасць «Мiнскай спадчынай» правесцi папярэднiя археалагiчныя даследаваннi, каб устанавiць, якi там характар культурных адкладанняў, якая iх магутнасць. Трэба сказаць, што там былi выяўлены больш старажытныя знаходкi, якiя адносяцца да ХII стагоддзя, напэўна, далей давядзецца закладваць раскопкi прыкладна на плошчы 900 квадратных метраў. У працэсе зробленых работ выявiлiся больш старажытныя збудаваннi, магчыма, яны звязаны з тым жа самым бернардзiнскiм манастыром на момант, калi была выкуплена зямля, магчыма, папярэднiчалi з’яўленню манастыра, але пабудовы вельмi цiкавыя. Архiтэктары звяраюць нашы знаходкi з iнфармацыяй, якая ў iх маецца. Аднак нiчога падобнага на старых планах, якiя маюцца, няма. Ужо з улiкам новых выяўленых канструкцый будзе праводзiцца карэкцiроўка архiтэктурных праектаў. У гэтым мяне пераконвалi ў Мiнiстэрстве культуры...

У зносiнах людзей i гiсторыi часта бываюць пасрэднiкi. Ад гэтага нiкуды не падзецца. Заўсёды ёсць хтосьцi, хто вырашае, што будзе на тым цi iншым месцы, як будзе выглядаць пасля аднаўлення той цi iншы старажытны будынак. Гэта дзяржаўныя асобы. Яны ў адказе за гэта перад дзяржаваю, якую прадстаўляюць, i якая бярэ на сябе клопат за ўсю нашу дарагую спадчыну. Гэта вельмi адказна. Таму што справа датычыцца сапраўды каштоўных рэчаў, якiя можна захаваць, а можна пашкодзiць. Менавiта таму ёсць моманты, калi неабходная ўвага звонку. У тым лiку i гiсторыкаў.

«Адказна» — значыць яшчэ i тое, што давядзецца адказваць. Не толькi перад больш высокiмi кiраўнiкамi. Ёсць МЫ. Людзi, якiя любяць сваю краiну, iмкнуцца ведаць яе лепей з мiнуўшчыны да нашых дзён. Дзякуючы выдатнай працы нашых гiсторыкаў простае «мы» ператвараецца ў гордае «грамадскасць». I гэта адзiн са значных вынiкаў працы навукоўцаў. Сёння жыхароў Беларусi яднаюць веды, цiкаўнасць i гiстарычная свядомасць. Выраз «увага грамадскасцi» любяць ужываць да месца цi не, не ведаючы, у чым дакладна яго сэнс, але ён зусiм не абстрактны, калi ўнiкнуць... Грамадскасць — гэта кожны з тых, хто з’яўляецца грамадзянiнам нашай краiны, хто не абыякавы да працэсаў, якiя ў ёй адбываюцца i хто думае аб тым, што будзе ўпрыгожваць яе заўтра. Часам яе варта паслухаць таму, што яна ў нас даволi дасведчаная. А калi гэтае звяно ў сiстэме аховы помнiкаў увогуле згубiць, то многiя з iх будуць зруйнаваныя раней, чым да iх дакранецца рука рэстаўратара. Наўрад цi гэта каму-небудзь трэба...

Аляксандр Груша, кандыдат гiстарычных навук:

— Гiсторыкi — стваральнiкi памяцi. Толькi пры належнай ацэнцы нашых помнiкаў становiцца зразумелая iх каштоўнасць. Сёння ўмовамi аховы помнiкаў з’яўляецца менавiта наша даследчыцкая праца. Чым часцей мы будзем распавядаць аб iх, выступаць, гаварыць, тым больш будзе распаўсюджвацца зерне гiстарычнай свядомасцi, тым лепш будуць ставiцца да помнiкаў грамадзяне нашай краiны, сачыць за тым, як з гэтым спраўляюцца спецыяльныя ўстановы, якiя былi створаны. У нас даўгоў перад грамадствам мноства i мы павiнны падыходзiць да iх прафесiйна, кожны на сваiм участку.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Памятаю, калi я вучылася ў школе, то час ад часу прасiла ў мамы грошы на ўзносы —— на ахову помнiкаў. Капейкi, але ўсё роўна з’яўлялася разуменне, што
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика