Пасланнiкi мiру
Iрына ПРЫМАК
Самы просты спосаб руху — бег i самы яркi сiмвал — факел аб’ядноўваюць звыш мiльёна людзей свету, каб зрабiць яго святлейшым i дабрэйшым
Учора ў Мiнск прыбыла iнтэрнацыянальная каманда мiжнароднай легкаатлетычнай факельнай эстафеты «Бег сяброўства». Яе самая юная ўдзельнiца — 16-гадовая Дар’я Собалева са Смаленска, а самы вопытны i сталы — 66-гадовы Клаўс Шульц з Берлiна. Па тэрыторыi Беларусi бегуны будуць несцi факел каля 750 кiламетраў, а потым (25 мая) адправяцца ва Украiну. — Асаблiвасцю сёлетняй эстафеты, — заўважае масквiч Уладзiмiр Зубкоў, — стала тое, што раней па тэрыторыi Еўропы бегла адна каманда, а зараз iх дзве — заходняя i ўсходняя. Абедзве злучацца на мяжы са Славакiяй. Дарэчы, для кожнага з бегуноў эстафета мае асаблiвае значэнне. Напрыклад, немец Клаўс Шульц такiм чынам стаў пасланнiкам мiру. «Мой бацька быў пасланнiкам вайны, бо ўдзельнiчаў у Другой сусветнай вайне i дайшоў да Масквы, а я, яго старэйшы сын, дзякуючы эстафеце, мэта якой — аб’ядноўваць народы, стаў пасланнiкам дабрынi i сяброўства», — кажа ён. Уладзiмiр Зубкоў адчувае сувязь з усiмi краiнамi Еўропы, бо нечым звязаны з кожнай з iх. «Мая дачка вучыцца ў Кiеве, брат служыў у Беларусi, а дзядзька зараз жыве ў Лiдзе, — тлумачыць ён. — Мы вельмi хацелi, каб у наступныя гады эстафета фiнiшавала ў Санкт-Пецярбургу, але ў вашай краiне нас настолькi цёпла прымалi, што будзем выказвацца i за фiнiш у Беларусi». Канцавым прыпынкам «Бегу сяброўства-2007» стане галандскi Амстэрдам (9 кастрычнiка). Да бегуноў далучалiся нават дзяўчаты на абцасах. Для цiкаўных заўважу, што ўдзельнiкi эстафеты бягуць у сярэднiм па 20 кiламетраў у дзень. Яны нясуць факелы двух вiдаў — адзiн важыць 500 грамаў, другi — 200.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самы просты спосаб руху — бег i самы яркi сiмвал — факел аб’ядноўваюць звыш мiльёна людзей свету, каб зрабiць яго святлейшым i дабрэйшым
|
|