Дзе найлепшыя спартсмены? У «Беларусбанку»!
Ала МАЧАЛАВА.
Самыя актыўныя i азартныя, лоўкiя i ўмелыя супрацоўнiкi мiнскiх аддзяленняў «Беларусбанка» правялi мiнулы ўiк-энд у гарналыжным комплексе «Лагойск», дзе, «нягледзячы на дождж, панавала весялосць. Тут, у маляўнiчым месцы, проста на палогiм схiле разбiлi велiзарны палатачны лагер амаль 600 удзельнiкаў турзлёту. У прыязнай сяброўскай атмасферы спаборнiчалi 10 каманд — прадстаўнiц 9-цi сталiчных фiлiялаў i галаўнога аддзялення. Падобныя мерапрыемствы праходзяць i ў абласцях, з тым, каб лепшыя з лепшых сустрэлiся ў канцы лiпеня на рэспублiканскiм турзлёце. Сёлетнi збор праводзiцца ў 9- ы раз (калi не лiчыць зiмовых сустрэч) i прымеркаваны ён да 85-гадовага юбiлею банка. — Турзлёты сталi для нашых супрацоўнiкаў прыгожай, добрай традыцыяй, — зазначае Наталля ПЕТРАЧКОВА, старшыня аб’яднанай прафсаюзнай арганiзацыi банка. — З нядаўняга часу яе падтрымлiваюць i iншыя банкi (у тым лiку з Расii), i кiраўнiкi прадпрыемстваў — нашы клiенты. Тут мацнее карпаратыўнае сяброўства i паляпшаецца ўзаемаразуменне памiж удзельнiкамi, раскрываюцца здольнасцi i таленты нашых супрацоўнiкаў, i становiцца зразумела, наколькi яны рознабаковыя. Як высветлiлася, карпаратыўная палiтыка банка ставiць сваёю мэтаю зблiзiць не толькi супрацоўнiкаў, але i iх сем’i. — Прыезд з дзецьмi толькi заахвочваецца, — кажа Аляксандр БАБIЦКI, намеснiк дырэктара дэпартамента па персаналу «Беларусбанка». — Акрамя ўдзелу ў турзлёце, для дзетак нашых супрацоўнiкаў ладзяцца асобныя святы — прыемныя сюрпрызы i падарункi на Новы год i тым, хто «першы раз у першы клас». З кожным турзлётам усё больш вынаходлiвымi становяцца не толькi ўдзельнiкi, але i арганiзатары. Сёлета ў праграме спаборнiцтваў з’явiўся абсалютна новы конкурс — «Рыцар турзлёту». — Вясною прайшоў конкурс «Мiс «Беларусбанк», — адзначае Аляксандр Леанiдавiч, — гэты вопыт ужо не новы для нас, вiдаць, прыспеў час рыхтавацца i да «мiстэра». Першым крокам на шляху да будучага конкурсу стаў своеасаблiвы рыцарскi турнiр на турзлёце. Пасля ацэньвалi афармленне турыстычных лагераў i выкананне бардаўскiх песень. Здагадваюся, як складана было выбраць найлепшы лагер: што нi куток, то тварэнне мастацтва. Многiя з iх былi стылiзаваны. 511-ы фiлiял, якi супрацоўнiчае з унутранымi войскамi, паставiў ваенныя палаткi, а ў якасцi агароджы скарыстаў сетку ў стылi «мiлiтары». На ўваходзе ў часовае прыстанiшча 519-га фiлiяла гасцей сустракаў ... iнкасатар! Надта ж натуральна выглядаў манекен у спецыяльнай унiформе. Супрацоўнiкi фiлiяла «Белжелдор» засталiся вернымi чыгуначнай тэматыцы i прысвоiлi кожнай палатцы пэўны нумар вагона... Але ж якi турзлёт без спартыўных забаў?! Быў тут i пляжны валейбол (два на два) для мужчынскiх i жаночых каманд, i дартс, турыстычная эстафета i мнагабор’е кiраўнiкоў. Нельга абысцi ўвагай i яшчэ адно спаборнiцтва, якога з нецярпеннем чакала ўся мужчынская палова супрацоўнiкаў банка — аэробiка. — Гадоў пяць таму мы вырашылi правесцi камандны кубак па спартыўна-аздараўляльнай аэробiцы — так, для спробы, — успамiнае галоўны спецыялiст аддзела сацыяльнага развiцця Анатоль САМАСЕЙКА, якi на турзлёце выконваў абавязкi галоўнага суддзi. — Тады нiхто асаблiва не верыў у паспяховасць задумы, а потым так захапiлiся, што ў кожным падраздзяленнi цяпер ёсць свая каманда. Прыгожы спартыўны накiрунак набыў у «Беларусбанку» не толькi сапраўдную масавасць, але i сапраўдных фанатаў. Кiраўнiцтва банка клапоцiцца пра фiзiчную форму, а разам з тым i пра здароўе сваiх супрацоўнiкаў — наладжвае працу аздараўляльных секцый. — Нашы супрацоўнiкi займаюцца плаваннем, валейболам, футболам, мiнi-футболам, ёсць нават свая хакейная каманда. У «Беларусбанка» таксама ўласная трэнажорная зала, — расказвае Анатоль Пятровiч, мiж iншым, палкоўнiк у адстаўцы, якi мае непасрэднае дачыненне да спорту: займаўся сучасным пяцiбор’ем, ваенным мнагабор’ем, мае разрад майстра спорту. — Арганiзуюцца водныя паходы i iншыя спартыўныя мерапрыемствы. Для супрацоўнiкаў банка гэта лiтаральна неабходна: праца ў iх мала таго што сядзячая, дык яшчэ i напружаная, нервовая, з грошамi справу мець, вядома ж, не жартачкi. Вось i займаюцца супрацоўнiкi «Беларусбанка» спортам, прычым так, што ў гэтым iм практычна няма роўных сярод рэспублiканскiх органаў i арганiзацый — ва ўсялякiм разе ў каманднай велаэстафеце з нагоды Дня Незалежнасцi, яны занялi 1-е месца ў сваёй падгрупе. З успамiнаў турзлёту засталiся ўражаннi ад жартоўнай турыстычнай эстафеты i сур’ёзнага мнагабор’я кiраўнiкоў. Турыстам давялося збiраць iмправiзаваныя грыбы, дэманстраваць уменне валодаць мячом, цэлiцца алоўкам у рыльца бутэлькi, удзельнiчаць у выпрабаваннi пад вясёлай назвай «пераноска чужых жонак», дзе трэба было несцi на сабе дзяўчат з каманды. Кiраўнiкi прыклалi максiмум намаганняў i паказалi выдатныя вынiкi ў мнагабор’і: яны стралялi з пнеўматычнай вiнтоўкi, шпулялi дроцiкi, выконвалi адцiсканнi, скачкi ў даўжыню i падыманне тулава. Пераможцы тут былі ўсе, а дакладней уся ... каманда «Беларусбанка» — дружны i згуртаваны калектыў, якi налета збярэцца ў 10-ы, юбiлейны, турзлёт — чакаем яшчэ больш сюрпрызаў i цiкавых момантаў, жадаем матэрыяльных i нематэрыяльных поспехаў у нялёгкай працы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самыя актыўныя i азартныя, лоўкiя i ўмелыя супрацоўнiкi мiнскiх аддзяленняў «Беларусбанка» правялi мiнулы ўiк-энд у гарналыжным комплексе «Лагойск», д
|
|