Навагодняя елкаНаступала мiтуслiвая пераднавагодняя пара. Пурынкевiч, няўклюдны, сагнуты пытальнiкам з-за пастаяннага сядзення над чарцяжамi (ён узначальваў канструктарскае бюро адной з гарадскiх вытворчасцей) мужчына, нешта зазяваўся з елкай. А жонка, гэткая сямейная верхаводка, точыць i точыць: «Усе вартыя начальнiкi даўно з елкамi, адзiн ты нi з чым. Каб заўтра была ў нас!» Пурынкевiч быў чалавекам, якi кожнае жончына слова ўспрымаў як загад, сiгнал да дзеянняў, таму на наступны дзень пасля абеду i заспяшаўся з работы дамоў. Завёў свой «форд», шмат бачыўшы, але дзякуючы клапатлiваму догляду нiштаваты з выгляду i пакацiў у лес. Той, лiчы, пад бокам. Доўга ехаць не трэба. Праз якiя паўгадзiны, думаў, i назад вернецца. Дарога iшла прама, потым вiльнула ўлева. Зноў выраўнялася. Колькi па ёй ходжана-пераходжана. Маладзейшым дык i на зарадку бегаў. Усё наваколле выгайсаў. «Ну сказалi б заблукаць, — заўсмiхаўся, — нiчога б не атрымалася!» Але ж якiя елкi на ўскрайку — трэба падавацца ў глыбiню. Там зялёныя прыгажунi ўжо напэўна знойдуцца. I калi разжывецца на адну, лес не пабяднее. З адной дарогi звярнуў на другую, меней езджаную, да якой ушчыльную падступалi старыя, уперамежку з маладымi дрэвы. На гэтай дарозе, як падалося, i болей снегу, але ўсё роўна ён ляжаў дзе-нiдзе. «Во Новы год на носе, — разважаў Пурынкевiч, — а сняжку так i не падсыпала. Дык цi трэба здзiўляцца, калi ўсе апошнiя зiмы, лiчы, на «лысага», бы што збiлася ў прыродзе... Аднак жа i не лета, грунт умёрзлы, не трэба баяцца, што машына сядзе». I Пурынкевiч паддаваў газку, iмчаў наперад. Нарэшце спынiўся метраў за пяцьдзесят ад тоўстай, пераломленай напалам хвоi. «Ага, гэта дарога тут, — зарыентаваўся, — тая — там, дом — у тым кiрунку». Але ж хутка насоўваўся змрок. Снежаньскi дзень, бы верабейкава дзюбка, кароткi, быў — i няма... Спяшацца трэба! Таму, доўга не разважаючы, скiнуў верхнюю вопратку — дэмiсезоннае ў палоску палiто, падхапiў сякерку i ступiў у блiжэйшы хмызняк. Iшоў прама, нiкуды не зварочваючы, адчуваў — за спiнай машына. Але ж на дзiва елак нiдзе не было. Дзве цi тры трапiлiся, i тыя нейкiя пакрыўленыя, не тое, што трэба. Паехаў у лес, дык трэба ўжо выбраць прыгажуню, каб з усiх бакоў! Прасунуўся далей у гушчар. Азiрнуўся: «фордзiк» на месцы, але ўжо ледзь праглядваўся, бы хто накiнуў на яго шэрае маскiровачнае палатно. Заспяшаўся. Толькi елкi як перавялiся... Дзiва ды i годзе, бо ўлетку iх столькi было! Можа, не ў тое месца зайшоў? Узяў трохi ўбок, прадраўся праз нейкiя кусты, крутнуўся туды-сюды, зiрк — не вiдаць машыны... «Куды я трапiў? — занепакоiўся. — Здаецца ж, далёка не адыходзiў. Трэба назад вяртацца!» Так-сяк адшукаў сляды, але яны зноў прыводзiлi да ранейшага месца — спарахнелага пня, нагадваючага ў цемры дзядка, якi сядзеў. Потым сляды i зусiм згубiлiся. Iрвануў у адзiн бок, у другi, блытаўся з напрамкамi... У адным месцы зачапiўся за нейкi корч i так выцяўся, што аж у вачах пацямнела. Як яшчэ аб сякеру не пакалечыўся! Жвава для яго камплекцыi падхапiўся i, не абтрасаючыся ад iглiцы, прылiплага лiсця, рушыў далей. Амаль з-пад ног выскачыла i гучна залапацела крыламi нейкая начная птушка. Але Пурынкевiч ужо нi на што не звяртаў увагi. Ён быў ва ўладзе пачуццяў — толькi б знайсцi машыну! На iмгненне ўспомнiў, як збiраў грошы, эканомячы на ўсiм, як ездзiў у тую Германiю купляць, якiя выпрабаваннi давялося вытрымаць па дарозе. А цяпер нi з чым дамоў? Прыпынiўся, стаў прыслухоўвацца: здаецца, нейкi гул удалечынi пачуўся, нiбыта святлом фар прарэзала. «Мо ўжо хто маю машыну крадзе! — у роспачы падумаў. — А я нiчога не магу зрабiць...» Кiнуўся ў бок, адкуль быццам бы iшоў гул, чапляючыся за голле, драпаючыся аб яго... Праз колькi метраў спынiўся — толькi тахканне сэрца ды стук крывi ў скронях: «Мабыць, падалося... Што цяпер, навошта мне здалася тая елка?.. Нельга было, як усе нармальныя людзi, купiць яе на рынку! Усё эканомiм. Для чаго? Каб жонка грошы на абноўкi, якiмi шафы забiтыя, пускала, а сам хадзiў у старызне. Вунь на працы тыркаюць, маўляў, калi «дэмiсезонку» скiнеш... Дык жа паспрабуй скажы — гвалту будзе... У нiшто ставiць. Ды i якi я мужчына, калi да такога апусцiўся. Памяло... Не, такiм больш не буду, толькi б выблытацца з гэтай сiтуацыi!» Пурынкевiч не памятаў, колькi насiўся па начным лесе, сярод маўклiвых, безуважных да яго становiшча дрэў. Недзе «пасеяў» па дарозе вязаную шапачку, увесь наросхрыст, з сякерай — разбойнiк з вялiкай дарогi або той, у каго не ўсе дома... Толькi яму было ўсё роўна, як ён выглядае, мабыць, каб i зусiм быў аголены, дык i не заўважыў бы. Увесь у спадзяваннях, што з-за якога-небудзь дрэва пакажуцца абрысы ягонай машыны. А то калi прыедзе дамоў без яе, лепш туды i не паказвацца! А тут яшчэ цемень, быў бы лiхтарык цi хоць якiя запальнiчкi, дык i гэтага няма... «Куды ж далей? — ён ужо быў ледзь не ў адчаi i вырашыў: — Выберу адзiн кiрунак i буду iсцi да канца, некуды ж ды выберуся!» Толькi падумаў, як раптам выскачыў i ледзь не наткнуўся на яе, пераламаную напалам хвою! «Дык гэта ж тая самая! — усклiкнуў Пурынкевiч, — недзе тут блiзка i «форд»!» I ён неяк дзiўна, па-страусiнаму падцягваючы ногi, панёс сваё грувасткае цела наперад. Раптам як з-пад зямлi — машына! Ён толькi што не абдымаў яе, мацаў капот, нягнуткiмi, бы адзервянелымi рукамi адчынiў кабiну i з задавальненнем, якога даўно не адчуваў, плюхнуўся на пярэдняе сядзенне. Крутануў ключ запальвання... Калi пад’ехаў да свайго дома, жонка ўжо чакала: — Вадзiк, сказалi, што ты паехаў... Дзе ты так позна быў? — Ездзiў за елкай, — не адразу знайшоўся што адказаць Пурынкевiч, — ты ж загадала, я i рад старацца. — Ну дык пакажы, дзе тая елка? — У багажнiку... Адны лапкi засталiся... — Якiя лапкi, што ты кажаш, Вадзiк? Ды ты, я бачу, — падсунулася яна блiжэй, — цi не п’яны... За рулём?! «П’яны i не нюхаўшы таго спiртнога, — крыва ўсмiхнуўся Пурынкевiч, — ну дзесятаму закажу, як тую елку ноччу шукаць!» Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наступала мiтуслiвая пераднавагодняя пара. Пурынкевiч, няўклюдны, сагнуты пытальнiкам з-за пастаяннага сядзення над чарцяжамi (ён узначальваў канструк |
|