Кватэра ў сталiцы ўжо чакае новую "Мiс Беларусь"
Кватэра ў сталiцы ўжо чакае новую "Мiс Беларусь"
Прыгожае жыццё Зусiм нямнога часу засталося да таго моманту, як прагучыць iмя "Мiс Беларусь-2008" — фiнал конкурсу пройдзе 2 мая.Дарэчы, вiдовiшчнае шоў "пераедзе" з Палаца Рэспублiкi ў Палац Спорту, хоць дзеля гэтага давялося не без дапамогi кiраўнiка дзяржавы пераносiць частку запланаваных мерапрыемстваў на iншыя даты. Акрамя таго, зала Палаца спорту больш умяшчальная — яна прыме больш як 4000 тысячы гледачоў, у тым лiку па 400 балельшчыкаў ад кожнай вобласцi. Акрамя ўласна конкурсу прыгажосцi, будзе вялiкая канцэртная праграма: падтрымаць прыгажунь запрошаны Руслан Аляхно i Дзмiтрый Калдун, Томас Андэрс i Фiлiп Кiркораў — адны толькi мужчыны, каб не адцягваць увагу ад дзяўчат-удзельнiц. Практычна адразу пасля заканчэння шоў з’явiцца ў эфiры канала АНТ, якi выступае суарганiзатарам конкурсу. Пакуль вядомыя не ўсе фiналiсткi Нацыянальнага конкурсу прыгажосцi — у гэту суботу будзе апошняе паўфiнальнае шоў, па вынiках якога гледачы дадуць шанц яшчэ адной дзяўчыне — з Мiнска. Але падрыхтоўка фiналу ўжо iдзе поўным ходам. З 14 красавiка канкурсанткi знаходзяцца ў сталiцы, дзе напружана рэпетуюць — дэфiле, урокi этыкi i культуралогii, заняткi з псiхолагам, паходы ў трэнажорны зал i басейн, аэробiка, вiзаж, сцэнiчнае майстэрства — усё аднолькава важна. Як вынiк заняткаў, уражанне на навакольных два тузiны прыгажунь робяць непаўторнае — начальнiку службы аховы Юрыю Кунiцкаму штодня даводзiцца "адбiваць" падапечных у гасцiнiцы ад тэмпераментных iтальянцаў i гасцей з Усходу... Здавалася б, сярод фiналiстак сабралiся адны толькi худзенькiя — але дырэктар студыi моды "Тамара", член журы Тамара Ганчарова заўважыла, што i сярод iх была знойдзена "група рызыкi", якой давялося змагацца з... цэлюлiтам ды iншымi праблемамi фiгуры. Зрэшты, некаторыя дзяўчаты, наадварот, перастаралiся — даведаўшыся, што прайшлi ў фiнал, селi на такую жорсткую дыету, што цяпер iм даюць заданне паправiцца кiлаграмы на 3. У праграме "збораў", акрамя трэнiроўкi цела, хапае таксама мерапрыемстваў для душы: дзяўчаты на працягу двух тыдняў наведаюць мастацкiя выставы, паглядзяць спектакль у Купалаўскiм тэатры, высадзяць дрэвы ў "Алеi прыгажосцi". Асобны пункт — сацыяльная акцыя "Дзень на карысць Радзiмы". Адзiн дзень усе фiналiсткi правядуць не ў школе прыгажосцi, а на грамадска-карыснай працы ў сацыяльнай сферы: у раддоме, дзiцячым садку, на пошце, у ляснiцтве i г.д. Фiналiсткi — iх будзе ў вынiку 25 — сцвярджаюць, што нiякай канкурэнцыi i сапернiцтва памiж iмi няма, толькi сяброўская падтрымка. Таму, напэўна, назваць "Мiс Дружбу", якую вызначаюць самi канкурсанткi, будзе няпроста. Зрэшты, не менш складана давядзецца журы, хоць i збярэцца яно ў пашыраным складзе — так, у лiк суддзяў запрошаны дэпутат Генадзь Давыдзька, скульптар Уладзiмiр Жбанаў, дызайнер Iван Айплатаў, рэжысёр Уладзiмiр Янкоўскi i iншыя прафесiяналы ў галiнах, сумежных з iндустрыяй прыгажосцi. Журы вызначыць уладальнiц трох галоўных карон — 2-ю Вiцэ-мiс, 1-ю Вiцэ-мiс i ўласна "Мiс Беларусь". Нагадаем, акрамя тытулаў, дзяўчаты атрымаюць каштоўныя прызы: 1-я i 2-я Вiцэ-мiс — 10 i 5 тысяч долараў адпаведна (але ў беларускiх рублях), "Мiс Беларусь" — пераходную карону i 1-пакаёвую кватэру ў Мiнску. Яна, дарэчы, ужо набытая тэлеканалам АНТ у новым доме ў сталiчным мiкрараёне Вяснянка, i чакае сваю будучую гаспадыню. Акрамя таго, будуць прызначаны наступныя тытулы: "Мiс Дружба" (вызначаецца канкурсанткамi, прыз — 2000 долараў), "Мiс Фота" (вызначаецца прадстаўнiкамi СМI i прафесiйнымi фатографамi, прыз — 2000 долараў) i "Мiс глядацкiх сiмпатый" (вызначаецца гледачамi пасля эфiру, прыз — 2000 долараў). Паводле слоў дырэктара Нацыянальнай школы прыгажосцi Вольгi Сярожнiкавай, галоўным абавязкам новавыбранай "Мiс Беларусь" стане прадстаўнiцтва краiны на конкурсах "Мiс Еўропа" i "Мiс Свету". Што чакае астатнiх фiналiстак? "Незалежна ад вынiкаў фiналу, цi прапаноўвалi вы ўжо некаторым дзяўчатам супрацоўнiцтва?" — пацiкавiлiся мы ў прадстаўнiкоў мадэльных агенцтваў. Тамара Ганчарова пацвердзiла, што некалькiх канкурсантак яна ўжо запрашала паўдзельнiчаць у "Тыднi моды", Сяргей Нагорны, наадварот, палiчыў, што не трэба да фiналу адцягваць увагу дзяўчат — усе дзелавыя перамовы будуць пасля. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зусiм нямнога часу засталося да таго моманту, як прагучыць iмя "Мiс Беларусь-2008" — фiнал конкурсу пройдзе 2 мая.
|
|