Варатар зборнай Віталь Коваль: "навучу дачку абараняць сваю сям’ю"
Варатар зборнай Віталь Коваль: "навучу дачку абараняць сваю сям’ю"
Напярэдаднi хакейнага чэмпiянату свету-2008 нас больш за ўсё хвалявала пазiцыя варатара. Замест вопытнага Андрэя Мезiна, якi па розных прычынах сёлета не змог прыехаць у зборную, "рамку" заняў 28-гадовы варатар гродзенскага "Нёмана" Вiталь Коваль. Дэбютант сусветнага форуму добра зарэкамендаваў сябе ў гульнях: у беларуса пяты каэфiцыент надзейнасцi варатароў (91,21 працэнта). І калi ўзяць да ўвагi, што вышэй за нашага галкiпера толькi абаронцы варот камандаў НХЛ, то гэты паказчык проста выдатны. Адкуль у Коваля паўночнаамерыканскi стыль гульнi, чые iмёны ён абавязкова напiша на сваiм шлеме, чаго не хапiла, каб выйграць у чэмпiёнаў свету — аб гэтым (i не толькi) варатар расказаў карэспандэнту "Звязды". Шайба зноў трапiла ў крыжык — Вiталь, цi спраўдзiлiся ў Канадзе ўсе вашы чаканнi, якiя былi ў вас напярэдаднi чэмпiянату свету? — Зараз эмоцыi крыху схлынулi, але застаўся станоўчы зарад ад дэбютнага для мяне чэмпiянату свету i знаходжання ў такой камандзе, як наша. Цi спраўдзiлiся ўсе мае надзеi ў Канадзе? Калi шчыра, то нiякiх маштабных планаў у мяне не было. Можа, таму i не адбылося нiчога экстраардынарнага. Скажам так, для мяне было проста прыемна знаходзiцца ў такой кампанii, якая ў нас склалася. — Як дэбютант рыхтаваўся да сустрэчы з аўтарытэтамi лёду? — Да кожнай гульнi я рыхтаваўся аднолькава, бо не дыферэнцыраваў сапернiкаў на моцных i слабых. Безумоўна, мне было цяжка ў тым сэнсе, што вопыту ўдзелу ў такiх турнiрах у мяне не хапала. Псiхалагiчна настройвацца дапамагаў Глен Хэнлан (ён займаўся падрыхтоўкай варатароў i абаронцаў. — Аўт.). Ён вельмi жыццярадасны чалавек, а жыць з добрым настроем заўжды лягчэй. — А хто з беларускiх iгракоў самы вялiкi гумарыст? — Алег Антоненка. Капiтан наш. — А iнiцыятыўны? — Усе, у каго ёсць вопыт, уносяць свой уклад, каб падтрымаць каманду. Сярод iх Салей, Антоненка, Кальцоў, Калюжны. — Варатары не толькi ў гульнi, але i па жыццi звычайна трымаюцца асобна ад палявых iгракоў. З кiм з хакеiстаў вам лягчэй знайсцi агульную мову? — Ёсць такое. Варатар з варатаром, мне здаецца, добра ўжываюцца. Канкурэнцыi ў нас няма, бо ўсе мы прыехалi ў зборную, каб рабiць адну агульную справу. Нiхто нiкога не грызе. Усе спакойна ставяцца да рашэння, каго паставiць у вароты трэнер. — Якi з матчаў чэмпiянату свету асаблiва вам запомнiўся? — Кожны з iх па-свойму адметны. Напэўна, лепш сказаць, якi з матчаў быў для мяне больш цяжкiм? Складаней за ўсё i фiзiчна, i эмацыянальна мне далiся гульнi супраць Расii i Чэхii, ды i з Францыяй прыйшлося нясоладка менавiта ў псiхалагiчным плане. Мы ж павiнны былi абавязкова перайграць французаў. — А я думала, што асаблiва вам запомнiўся той матч, калi шайба трапiла ў ваш крыжык... — Гэта было ў гульнi з чэхамi. Ад моцнага ўдару ў мяне крыжык ажно адарвала, але гэта ўжо не першы раз здараецца. Я па звычцы ланцужок не здымаю перад матчам. Не тое, што я занадта вялiкi вернiк, але ж... Не буду набываць новы. Проста адрамантую гэты. Рыжы — значыць, удачлiвы? — Цi ёсць у вас свае хакейныя забабоны, прыкметы напярэдаднi матча? — Я ў прыкметы не веру. Аднак думаю, што калi камусьцi са спартсменаў гэта дапамагае лепш настроiцца псiхалагiчна, падрыхтавацца, то чаму б не верыць? — Калюжны заўжды апранае хакейную амунiцыю ў пэўным парадку, амаль усе хакеiсты не голяцца ў плей-оф. Не паверу, што ў вас наогул няма нiякiх прыкмет... — Безумоўна, як у кожнага iграка, у мяне ёсць свае правiлы. Аднак гэта ж не забабоны, а справа звычкi, нейкi рытуал. Я заўжды заходжу на лёд з правай нагi, а пакiдаю пляцоўку з левай. Раблю ўсё не задумваючыся, машынальна. — Кажуць, што калi ў камандзе ёсць рыжы iгрок, то ёй будзе спрыяць фартуна. На сваiм прыкладзе гэта адчуваеце? — Мне пакуль, цьфу-цьфу-цьфу (стукае па галаве), шанцуе па жыццi. Нават тое, што ў мяне ёсць такая цудоўная сям’я, для мяне — гэта шчасце. — Дачку ў жаночы хакей аддасце? — Хутчэй за ўсё, прафесiйны спорт адпадае. Зараз дачцэ тры гады. Лепш няхай яна разумнай расце, добра вучыцца. — Чаму асабiста вы будзеце вучыць дачку, калi лепш за ўсё ўмееце абараняць вароты? — Буду вучыць абараняць сваю сям’ю. У мяне адзiная мара, каб дачка вырасла добрым чалавекам. — Як сям’я пераносiць пераезды? — Без праблем! Жонкi ж хакеiстаў, як жонкi дзекабрыстаў. Яны даўно звыклiся з ўсiм. — Чым жонка займаецца? — Яна хатняя гаспадыня, таму гатуе для мяне кавалак мяса, каб я галодны пасля гульнi з’еў яго (усмiхаецца). "На сваiм шлеме я напiсаў бы..." — Спецыялiсты называюць ваш стыль гульнi паўночнаамерыканскiм. Калi вы пачалi браць прыклад з заакiянскiх галкiпераў? На каго раўнялiся? — Такi стыль гульнi ў мяне з юнацтва. Гэта, хутчэй за ўсё, зборны вобраз манеры абароны паўночнаамерыканскiх галкiпераў. На дадзены момант такi стыль гульнi — самы эфектыўны для варатароў, тым больш з такiмi габарытамi, як у мяне. Вядома ж, у тэхнiчным плане мне яшчэ далёка да маiх заакiянскiх калег. Яшчэ вучыцца i вучыцца. — У варатароў iснуе своеасаблiвая мода на расфарбоўку сваiх шлемаў. У асноўным на iх намаляваны жудасныя звяры — вiдаць, для ўстрашэння сапернiкаў. Чаму вы пакуль абыякавы да гэтай моды? — Я яшчэ не прыдумаў, што намаляваць (задумаўся). У прынцыпе, прыдумаць можна без праблем, але рашыцца на такое... Мне здаецца, такi расфарбаваны шлем — гэта як татуiроўка. Малюнак павiнен нешта сiмвалiзаваць, таму трэба добра падумаць, што будзе на маiм шлеме. Я не ведаю дакладна, але адзiнае, што магу зараз сказаць: на шлеме будуць iмёны маёй дачкi i жонкi — Нiколь i Юля. Магчыма, яшчэ нейкi слоган. А ўсё астатняе — справа фантазii. — Цi не ў гонар Нiколь Кiдман вы назвалi дачку? — Не ведаю. Жонка iмя выбiрала. "Прайгралi чэмпiёнам з-за нюансаў" — Вам не пазбегнуць параўнання з Мезiным, якi доўгi час абараняў вароты нацыянальнай зборнай. На вашу думку, што ў вас з iм агульнага? — Не ведаю, бо асабiста мы не знаёмыя. Я думаю, што ў яго свой шлях, а ў мяне — свой. Агульнае ў нас, хутчэй за ўсё, толькi тое, што мы абодва — варатары. — А яшчэ вы абодва змянiлi грамадзянства, каб выступаць за зборную Беларусi. Чаму, лiчыце, так адбываецца? Няўжо ў нас такi дэфiцыт добрых беларускiх варатароў? — Я выхаванец пермскай школы, а Мезiн — з Чалябiнска. Чаму ў Беларусi запатрабаваны замежныя iгракi? У час развалу Савецкага Саюза тут было многае страчана ў хакейным плане, у тым лiку добрыя трэнерскiя кадры. Пры тым становiшчы спраў у хакейных школах мала хто iшоў у хакей. — Як вы трапiлi ў беларускi хакей? — У Гродне мне прапанавалi прыехаць выступаць за каманду. Я заключыў кантракт. Калi пакiдаў Перм, аб чэмпiянаце свету не думаў у прынцыпе. I зараз не верыцца, што такое адбылося. — Як зборная вас прыняла? — Мяне прынялi, як у любым сфармiраваным калектыве новага чалавека. Своеасаблiвая "дзедаўшчына" засталася дзесьцi на ўзроўнi дзiцячага хакея, а тут сабралiся ўсе прафесiяналы. — У вас ёсць хакейная мянушка? — Не. Вось паглядзiце, на каго я падобны? — Не ведаю. Няўжо "зборнiкi" да вас звяртаюцца па прозвiшчы — Коваль? — Не. Называюць па iменi. Аднак, мяркую, што неўзабаве яны мне нейкую мянушку абавязкова дадуць (усмiхаецца), калi буду гуляць за зборную. — На вашу думку, што дазволiла расiянам стаць чэмпiёнамi свету? — Перш за ўсё згуртаванасць i вера ў поспех. I, безумоўна, майстэрства — проста сабралiся зоркi сусветнага хакея. Гэта — зборная дрым-цiм. Дарэчы, сёлета фiнал аказаўся прагназуемы — Расiя — Канада, але яўнага фаварыта не было. Шанцы камандаў я расцэньваў як 50х50. — А як жа прыкмета, што гаспадары не выйграюць на чэмпiянаце свету? — Я за статыстыкай перамог не сачу. Нават не ведаю, з чым такую прыкмету звязаць. Звычайна ж хатнiя сцены павiнны дапамагаць. Можа, паўплывае занадта вялiкая нервознасць. Канада ў фiнале добра гуляла. А што ёй перашкодзiла перамагчы? Лепш спытаць у iх. — У мяне аналагiчнае пытанне ў дачыненнi да нашага пройгрышу расiянам. Беларусы ўступiлi будучым чэмпiёнам толькi па булiтах. Цi маглi б мы выйграць у тым паядынку, калi б было больш удачы на нашым баку? — Я думаю, што перамагчы нам перашкодзiлi нюансы гульнi, па якiх мы ўсё ж уступаем расiянам. Калi мы не маглi прадэманстраваць такое ж майстэрства, то павiнны былi браць iншым — стараннем, строгiм выкананнем заданняў, жаданнем перамагчы. Я думаю, што мы добра згулялi супраць расiян. — У адрозненне ад гледачоў, якiя выступаюць за вiдовiшчнасць, варатары, напэўна, больш за ўсё не любяць булiтаў, бо тут не дапамогуць абаронцы? — Булiты — заўжды непрадказальнасць. Перад iмi iмкнуся расслабiцца, скiнуць з сябе груз адказнасцi — прапусцiш — прайграем. Спрабую не накручваць сябе нi кроплi. — Цi хапае часу, каб расслабiцца? — Паўза маленькая. Фiзiчна адпачыць не атрымаецца. А маральна расслабiцца можна. Падумаць, што не атрымалася, калi два разы прайгралi. — Як вам склад нашай групы на папярэднiм этапе чэмпiянату свету-2009 у параўнаннi з сёлетнiм? — На чэмпiянаце свету не бывае слабых камандаў. У Швейцарыi нашы сапернiкi — Канада, Славакiя i Венгрыя. I калi я паеду на чэмпiянат, то для мяне будзе вялiкiм гонарам згуляць з гэтымi зборнымi. — Супраць каго наогул хацелася б згуляць? — З канадцамi i фiнамi я яшчэ не гуляў. Вось з iмi. Наогул цiкава мерацца сiламi з прадстаўнiкамi топ-6. — Цi застаняцеся ў гродзенскiм "Нёмане" ў наступным сезоне? — Пакуль пра працяг кар’еры дакладна не скажу, бо разглядаю прапановы. Варыянты ёсць. Я думаю, калi з’явiцца шанц пагуляць у КХЛ, якая ствараецца, то будзе цудоўна. Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдаднi хакейнага чэмпiянату свету-2008 нас больш за ўсё хвалявала пазiцыя варатара. Замест вопытнага Андрэя Мезiна, якi па розных прычынах сёлета
|
|