Барана
Барана
І сёння на Беларусi многiя населеныя пункты ў аснове сваёй назвы маюць слова — ляда. Гэта своеасаблiвая, першая на нашай зямлi сiстэма земляробства. На пэўным участку высякаўся лес, дрэвы i хмызняк падсушвалiся, спальвалiся, а зямля выкарыстоўвалася пад ворыва. Некалькi гадоў. Потым яна спустошвалася, пераставала даваць ураджай i пакiдалася людзьмi, зноў зарастала. Такая, асноўная на той час сiстэма земляробства ўтварылася на Беларусi з IV тысячагоддзя да нашай эры. I, мiж iншым, праiснавала аж да ХIХ стагоддзя. Але вернемся да пачаткаў. Выпалiлi нашы папярэднiкi ляда. Трэба ж апрацаваць глебу. Да з’яўлення сахi выкарыстоўвалi людзi матыку — насаджаны на палку каменны цi драўляны клiнок. А забаранаваць пасеянае? Выкарыстоўвалi тое, што было пад рукой. Браўся верх елкi, сукi абсякалiся на даўжыню 40—60 сантыметраў. I за верхнюю частку гэтага дрэва цягнулi яе па зямлi, такiм чынам баранавалi. Такая, першая, старажытная барана i называлася вершалiнай. Потым на замену ёй прыйшоў смык. Рабiўся ён таксама з таго матэрыялу, якi быў пад рукой. Бралiся танкаватыя елкi, сукi на iх абсякалiся, пакiдалiся толькi з аднаго боку таксама даўжынёй 40—60 сантыметраў, злучалiся разам — таксама прасцейшая барана. Служылi такiя бароны нашым папярэднiкам тысячагоддзi. Аркадзь Смолiч у сваёй "Геаграфii Беларусi" даводзiць, што i ў пачатку ХХ стагоддзя ў аддаленых лясных мясцiнах нашай краiны выкарыстоўвалiся для вырабу зямлi менавiта смыкi, якiя крыху вiдазмянiлiся, але прынцып iх заставаўся ранейшы, з тысячагадовай практыкай. Разам з тым ён пiша, што ў той час ужо: "У больш-жа культурных мясцовасьцях ужываюцца для вырабу зямлi i спранжыновыя бароны i рандалi (дыскавая барана)". Так, на замену смыкам прыйшлi спачатку плеценыя бароны, потым брусковыя, спружыновыя, дыскавыя — дзе замест зубоў выкарыстоўваюцца металiчныя дыскi, якiя вельмi прыдатныя для апрацоўкi асаблiва цяжкiх глеб, цi дзiрваноў, якiя пасля адпачынку пераворваюцца, пускаюцца пад пасевы. Такiмi баронамi глебу лушчаць, часам iх i называюць лушчыльнiкамi. Дыск ад грэчаскага "diskos". Але гэта не тыя дыскi, якiя кiдаюць спартсмены, пачынаючы ад першых Алiмпiйскiх гульняў у той жа Грэцыi. Дыск у баране выгнуты, часам нават з выразамi для таго, каб лепш апрацоўваць, вырабляць глебу. Спружыновыя бароны выкарыстоўваюць для апрацоўкi камянiстых глебаў. Дарэчы, слову баранаваць у беларускай мове ёсць яшчэ адзiн адпаведнiк — скарадзiць. I сама барана раней называлася — скарада. Дыскавая, спружыновая, шарнiрная зубавая бароны выкарыстоўваюць у асноўным пры апрацоўцы зямлi ў калектыўных гаспадарках, цяпер i фермеры. Гэта цяжкiя прылады. Iх можа пацягнуць толькi трактар. А вяскоўцу, местачкоўцу для апрацоўкi некалькiх дзесяткаў сотак яны малапрыдатныя. Вясною i ўвосень найчасцей сустракаеш на дарозе каня, запрэжанага ў воз. А ў возе плуг i абавязкова барана. Жалезнае прыстасаванне, дзе на раме прымацаваны таксама ж жалезныя зубы паводле прынцыпу "зiгзаг". Пройдзе такая барана з нераўнамерна намацаванымi зубамi па полi — i глеба цалкам разбараноўваецца. У асноўным такiя бароны аднакорпусныя, часам два карпусы, але ўжо меншыя, калi тры — то яшчэ меншыя. Тут галоўны прынцып — каб конь пацягнуў. А цягнуць цяжкую металiчную барану ды яшчэ па цяжкой глебе каню няпроста, часам i плуг яму падаецца лягчэй. Калi поле недалёка ад хаты, барану не вязуць у возе, запрагаюць у яе каня, пераварочваюць саму барану зубамi ўверх i з грукатам (вёскi ж у асноўным асфальтаваныя) цягнуць да месца. Аж iскры з-пад бараны сыплюцца. У адным з этнаграфiчных даведнiкаў убачыў фотаздымак: складная барана. Складаецца ўдвая зубы да зубоў. Знiзу атрымлiваецца нават нейкi палазок. Ёсць i ручка для прытрымлiвання бараны, каб не завалiлася набок. Прачытаў подпiс: здымак зроблены ў вёсцы Мiхалiшкi, майго, Пастаўскага раёна. Мiхалiшкi зусiм недалёка ад райцэнтра, на мяжы з Лiтвой. Надарылася пабываць там. Але згаданай бараны не знайшоў. Ды i ўвогуле састарэла вёска, адны пенсiянеры там. Два разы на тыдзень прыходзiць аўтакрама. Прыязджаюць часам дзецi. А староннi сюды i не зазiрне — пагранiчная зона. Узгадаў пра пагранiчную зону. Многiя ведаюць, што на мяжы ёсць так званая кантрольна-следавая паласа. Стужка зямлi, на якой кожны пераход чалавека цi жывёлы пакiдае свой след. Пацiкавiўся ў пагранiчнiкаў. Аказваецца, робiцца гэта паласа на глебе спецыяльнымi прыстасаваннямi. Але гэта ўсё тыя ж, адмысловыя бароны. Так атрымалася, што, нарадзiўшыся ў вёсцы, я разам з бацькамi хутка перабраўся ў мястэчка, дзе дзяцiнства i юнацтва былi мала звязаныя з вясковай працай. Так што касьбе, працы на зямлi вучыўся пасля службы ў армii, калi жыццё настойлiва запатрабавала гэтага ўмення. Найперш навучыўся араць. Ды пры спакойным конiку, добра наладжаным плузе гэта не так i складана. Таму думаў, што баранаваць — гэта зусiм ужо проста. Бяры лейцы ў рукi i ганяй каня па полi, ён сам цягне бароны — толькi кiруй. Але аказалася зусiм iнакш. Пасля ворыва палетак трэба разбаранаваць, каб ён стаў раўнейшым, потым пасеяць збажыну. I зноў забаранаваць, закрыць зерне, каб не выбiралi яго птушкi, якiя i ўвосень, у час сяўбы азiмiны, i вясною ў час яравой сяўбы, вельмi густа злятаюцца на свежыя палеткi. Падраўняць ворыва бараною — самае простае. А вось пасеяць... Стары вясковы мужчына, якому ногi ўжо не дазвалялi хадзiць з сявенькай, доўга тлумачыў, паказваў, як гэта робiцца. Ды i сявенек ужо ў вёсцы няма. Выкарыстоўваецца простае вядро, якое вяроўкай, а лепш якой лейчынай падвешваецца на грудзi. Iдзеш i чэрпаеш жменяй з вядра зерне. Паўкругам рассыпаеш яго перад сабою. Крок — жменя, крок — жменя. Сеецца справа налева. Ёсць жа нездарма ў застоллi выраз: "Як будзем чарку пускаць: як сонца ходзiць цi як бацька сеiць?" Добра, калi няма ветру: зярняткi кладуцца роўна, а ветрам ужо цяжэй, шукаеш напрамак, каб яго не здувала. Асаблiва цяжка сеяць авёс. Зярняткi лёгкiя, невялiчкi павеў — i яны ўжо кладуцца не туды, куды трэба. Ды авёс у вецер i не сеюць. Добра, нiва засеена. Цяпер трэба забаранаваць у два сляды. Спачатку ўпоперак нiвы, потым — уздоўж, каб атрымалiся своеасаблiвыя радкi, па якiх увосень i пойдзе збожжаўборачны камбайн. I вось тут узнiклi праблемы. Засеяная паласа не такая i шырокая, даводзiцца пакруцiцца з канём i баронамi. Паспрабаваў разварочвацца на месцы — дзе там! То конiк лейчыны пераступiць, пастромкi, на якiх цягне бароны, то ўвогуле на гэтыя бароны ўзаб’ецца, "затанцуе". Ды i самi бароны трэба адцягваць, перастаўляць на новае месца. А яны ж жалезныя. Змучыўся, узмок. Потым стары дзядзька, якi адыходзiў па сваiх справах, вярнуўся, паказаў, што разварочвацца з баронамi трэба не на месцы, а даваць добры круг, потым вяртаючыся да ўжо забаранаванага. Вопыт прыходзiць з практыкай. Але аднойчы, барануючы ўжо надвячоркам, задумаўся аб нечым i лейчына трапiла пад зубо бараны, зацягнулася, зусiм прыцягнула каня да бараны. Пайшоў выпростваць. Адной рукой прыўзняў барану, другой выцягваў лейчыну i так захапiўся, што падлез пад заднiя ногi каня. Ён i таргануў левай — так лёгенька. Ды капытом па рэбрах дасталося. Пакацiўся на раллю. Добра, што нiхто не бачыў. Хвiлiн дзесяць адляжаўся на ўзмежку, дабаранаваў. Прыцягнуў барану ў дварышча, распрог каня. I цiхенька ў хату. Думаю, ну, нiхто майго канфузу не бачыў. Аж ранiцой прыходзiць да гаспадынi суседка: — Альбiна, а што ж ты ўчора так свайго госця начаставала. Не так баранаваў, як па раллi качаўся... Давялося сазнацца. А мiж iншым, напэўна, усе з вас хоць адзiн раз бачылi ўразлiвыя кадры пасляваеннай кiнахронiкi. Ды i знятыя яны цi не на Беларусi, магчыма, на Смаленшчыне. Барануецца поле. Барану цягне карова, а побач з дубцом бяжыць малеча гадоў чатырох, падганяе. На iм толькi кашулька да пояса. Усенародная, пасляваенная бяда. Ды i не толькi пасляваенная. Вясковае жыццё запатрабавала працы i малых, нават яшчэ не падлеткаў. Ёсць ва ўспамiнах паэта Аляксея Русецкага : "Вадзiць каня на начлег я пачаў з год васьмi. Скарадзiць i араць — калi яшчэ не ставала сiлы ўскласцi плуг на калёсы." Барануюць глебу не толькi пры сяўбе збожжавых, барануюць вясною азiмыя. Барануюць бульбу. Так званае "сляпое акучванне", калi бульба яшчэ не абышла цi толькi пачынае абыходзiць, а пустазелле ўжо добра ўзнялося. А калi той бульбачкi ў вашым агародзе некалькi сотак? I з канём i цяжкой бараной нiяк не развернешся? Тут не абыдзешся без грабляў, своеасаблiвай ручной бараны. Вядома ж, не з драўлянымi зубамi, якiмi зграбаюць сена, салому, траву. На драўлянае грабiльна насаджваецца жалезная галоўка. Такiм прыстасаваннем не так хутка, але можна знiшчыць пустазелле. А яшчэ можна баранаваць нагамi — валачыць ногi па зямлi. Так найчасцей гавораць пра п’янага. Неяк захапляўся бытапiсаннем вёскi. З таго часу ўспомнiлiся радкi: Аж да хаты ён баранаваў, Слупам пыл стаяў за дзядзькам. I да ганка неяк пратрываў. Тут i споведзь жонцы, i пасадка. Алесь Касцень. Вiцебская вобласць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
І сёння на Беларусi многiя населеныя пункты ў аснове сваёй назвы маюць слова — ляда. Гэта своеасаблiвая, першая на нашай зямлi сiстэма земляробства. Н
|
|