Вадзім Папоў: "Палата прадстаўнiкоў працуе выключна ў канстытуцыйным рэчышчы"
Вадзім Папоў: "Палата прадстаўнiкоў працуе выключна ў канстытуцыйным рэчышчы"
Неўзабаве завершыцца восьмая сесiя Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi. Дэпутаты падсумуюць зробленае за тры месяцы i паедуць у свае выбарчыя акругi iнфармаваць аб прынятых законах, а пасля зноў возьмуцца за гуж заканадаўчай працы — восенню адбудзецца чарговая, дзевятая, i апошняя для цяперашняга дэпутацкага складу сесiя. Што ж парламентарыi могуць залiчыць у свой актыў i над чым павiнны папрацаваць у астатнi час? Свае думкi на гэты конт "Звяздзе" выказаў Старшыня Палаты прадстаўнiкоў Вадзiм Папоў: — Вадзiм Аляксандравiч, мяркуючы па даволi насычаным парадку дня пленарных пасяджэнняў, дэпутаты яшчэ не прытамiлiся — штораз разглядаецца добры тузiн законапраектаў i пастаноў. Цi, можа, гэта перадфiнiшны штурм? — Чаго-чаго, а штурмаўшчыны ў нашай заканатворчай рабоце няма. — Пазбавiлiся? — У краiне склалася такая сiстэма заканатворчасцi. Нацыянальнае заканадаўства ствараецца не хаатычна, а на платформе канцэптуальнага падыходу, перспектыўнага i штогадовага планавання, кансалiдаванымi намаганнямi ўсiх галiн дзяржаўнай улады. Планы падрыхтоўкi законапраектаў фармiруюцца з улiкам прапаноў Парламента, Урада i Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта, цэнтральных i мясцовых органаў кiравання i зацвярджаюцца Прэзiдэнтам. Мы разам дамаўляемся, якiя эканамiчныя, сацыяльныя i iншыя пытаннi маюць патрэбу ў заканадаўчым рэгуляванні, вызначаем тэрмiн распрацоўкi нарматыўных прававых актаў i iх унясення ў Палату прадстаўнiкоў. Паступiўшыя да нас новыя заканадаўчыя iнiцыятывы праходзяць экспертызу ў рабочых групах i профiльных камiсiях. Адказнасць за своечасовую i якасную падрыхтоўку законапраектаў персанальная. Яна ўскладваецца Саветам Палаты на дэпутата i спецыялiста нашага Сакратарыята. Пропускам на разгляд дакумента ў Авальнай зале з’яўляецца заключэнне галаўной профiльнай камiсii i адпаведнае рашэнне Савета Палаты. Усё гэта ў комплексе робiць практычна немагчымым праштурхоўванне таго цi iншага законапраекта. — Аднак жа некаторыя законапраекты праходзяць устаноўленую працэдуру разгляду дэпутатамi ў даволi сцiслы тэрмiн, а то i ў тэрмiновым парадку. Той жа, скажам, праект Закона "Аб выкарыстаннi атамнай энергii". — Тэрмiнова — не значыць аўральна. Рэжым аператыўнай заканатворчасцi, на якi нам даводзiцца пераключацца ў сувязi з неабходнасцю прыняцця асаблiва важных заканадаўчых рашэнняў, — гэта не наша беларускае вынаходнiцтва, а агульнапрынятая ў свеце парламенцкая практыка. Што да законапраекта "Аб выкарыстаннi атамнай энергii", то ён мае вялiкае значэнне для забеспячэння энергетычнай бяспекi краiны. Як вядома, прынята палiтычнае рашэнне аб будаўнiцтве ў Беларусi ўласнай АЭС. У шэрагу першачарговых мер, якiя трэба рэалiзаваць да пачатку будаўнiцтва — стварэнне прававога поля ядзернай энергетыкi. Новая заканадаўчая iнiцыятыва рыхтавалася рабочай групай, у склад якой былi ўключаны прадстаўнiкi ўсiх зацiкаўленых мiнiстэрстваў i ведамстваў, галiновых i навукова-даследчых iнстытутаў. У шчыльным кантакце з распрацоўшчыкамi працавала наша профiльная камiсiя па прамысловасцi, палiўна-энергетычнаму комплексу, транспарту, сувязi i прадпрымальнiцтву. Прааналiзаваны мiжнародныя прававыя нормы ў галiне атамнай энергii, у тым лiку МАГАТЭ, заканадаўства Расii, Украiны, Лiтвы, Францыi, Балгарыi, мiжнародныя канвенцыi па пытаннях ядзернай бяспекi. Па гэтай тэме мы правялi спецыяльныя заняткi дэпутацкай вучобы, на якiх разам са спецыялiстамi, кiраўнiкамi Мiнiстэрства энергетыкi, вядучых дзяржаўных арганiзацый у дадзенай галiне абмеркавалi шырокае кола пытанняў, звязаных з узвядзеннем АЭС, а таксама асноўныя палажэннi праекта распрацоўваемага закона. Такiм чынам, заканадаўчаму рашэнню, якое рэгулюе выкарыстанне ў нашай краiне атамнай энергii, папярэднiчалi сур’ёзныя арганiзацыйна-прававыя мерапрыемствы, што i паспрыяла яго аператыўнаму прыняццю ў першым чытаннi. Мяркую, пасля дапрацоўкi з улiкам выказаных заўваг гэты дакумент атрымае дэпутацкае адабрэнне i ў другiм чытаннi. Увогуле ж сесiя адзначана прыняццем шэрагу заканадаўчых iнiцыятыў, асаблiва значных з пункту гледжання паслядоўнага развiцця краiны.
— Якiя законапраекты Вы маеце на ўвазе?
— Акрамя названага, гэта праект Кодэкса аб нетрах, праекты законаў "Аб iпатэцы", "Аб зацвярджэннi справаздачы аб выкананнi рэспублiканскага бюджэту за 2007 год", "Аб ахове працы", "Аб ахове здароўя", "Аб асновах адмiнiстрацыйных працэдур", "Аб гарантаваным вяртаннi банкаўскiх укладаў (дэпазiтаў) фiзiчных асоб", "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якiя пацярпелi ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, iншых радыяцыйных аварый". У самы блiжэйшы час абмяркуем у другiм чытаннi яшчэ два грунтоўныя прававыя дакументы — праекты Кодэкса аб зямлi i Бюджэтнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь. — Нетры i зямля не пойдуць "з малатка"? — Пры цяперашняй уладзе гэта, я перакананы, нашаму народу не пагражае. Напомню, што ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь нетры, воды i лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы. Землi сельскагаспадарчага прызначэння таксама знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасцi. Гэта па сутнасцi пытання. А што да змястоўнай накiраванасцi кодэксаў, то скажу наступнае. Мэтай праекта Кодэкса аб нетрах з’яўляецца правядзенне адзiнай дзяржаўнай палiтыкi ў галiне выкарыстання i аховы нетраў, стварэнне аптымальных умоў для ўзнаўлення мiнеральна-сыравiннай базы краiны, забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзян на спрыяльнае акружаючае асяроддзе. У сваю чаргу ў праекце Кодэкса аб зямлi ўстаноўлены правiлы, якiя дазволяць забяспечыць больш эфектыўнае карыстанне землямi i будуць стымуляваць узнiкненне новых крынiц папаўнення даходнай часткi дзяржаўнага бюджэту. Нормы гэтага фундаментальнага дакумента абараняюць правы землекарыстальнiкаў, устанаўлiваюць заслон скрытаму рынку зямельных участкаў. Па абодвух кодэксах, як i па праекту Бюджэтнага кодэкса, за час падрыхтоўкi iх да другога чытання праведзена вялiкая i складаная работа. У вынiку створаны збалансаваны прававы механiзм карыстання нетрамi, зямельных адносiн i бюджэтнай палiтыкi. — Вельмi важным уяўляецца дапаўненне ў назве законапраекта "Аб вяртаннi банкаўскiх укладаў (дэпазiтаў) фiзiчных асоб". У канчатковым варыянце ён будзе называцца "Аб гарантаваным вяртаннi..." i далей па тэксту. Вага гэтага слова вялiкая. — Так, яно ўзмацнiла закладзеныя ў дакуменце гарантыi вяртання грамадзянам iх укладаў у банку, калi банк будзе не ў стане выканаць свае абавязацельствы перад укладчыкамi. Сума вяртання банкаўскага ўкладу ўстаноўлена ў эквiваленце да 5 тысяч еўра. Хацеў бы патлумачыць чытачам "Звязды", што размова iдзе не пра грашовыя ўклады савецкага часу, а пра цяперашнiя ў беларускiх банках. — Дэпутаты iстотна адкарэкцiравалi некаторыя законы па пытаннях абароны правоў спажыўцоў. Правы пашырацца цi, наадварот, будуць урэзаны? — Пры падрыхтоўцы новай заканадаўчай iнiцыятывы ўсё рабiлася дзеля таго, каб спажыўцы займелi дадатковую абарону сваiх правоў i законных iнтарэсаў. Павялiчаны аб’ём iнфармацыi, якая павiнна ў абавязковым парадку давацца спажыўцу. Грамадзянска-прававую адказнасць перад спажыўцом будуць несцi не толькi прадавец i вырабшчык, але i пастаўшчык. На гарантыйныя майстэрнi рамонтных арганiзацый ускладзена адказнасць за якасць i тэрмiны выканання работ. Вызначаны правiлы прадастаўлення iнфармацыi пра тавары i паслугi, набытыя ў Iнтэрнэт-магазiнах, праз рэкламу i т.п. Яшчэ адна сур’ёзная навацыя законапраекта ў тым, што яго дзеянне распаўсюджана на ўдзельнiкаў долевага будаўнiцтва. — А якiя прававыя новаўвядзеннi зафiксоўваюцца ў новай рэдакцыi Закона "Аб папярэджаннi iнвалiднасцi i рэабiлiтацыi iнвалiдаў"? — У iм вызначаны меры па папярэджанню iнвалiднасцi, працоўнай рэабiлiтацыi iнвалiдаў i iх адаптацыi да працоўнай дзейнасцi, а таксама сацыяльнай адаптацыi. Асобная глава прысвечана ўстанаўленню iнвалiднасцi i правам iнвалiдаў пры правядзеннi рэабiлiтацыi, прычым правы iнвалiдаў пры iх рэабiлiтацыi ўзаконьваюцца ўпершыню. За выкананнем дзяржаўных праграм па папярэджанню iнвалiднасцi i рэабiлiтацыi iнвалiдаў будзе наладжаны пастаянны манiторынг i кантроль. — Заканадаўчыя рашэннi аб ратыфiкацыi дагавораў i пагадненняў, прынятыя на сесii, значна пашырылi прававое поле мiжнароднага супрацоўнiцтва Беларусi. У iх лiку — аб’ёмны пакет дакументаў, якi з’яўляецца прававой асновай фармiравання мытнага саюза ў рамках ЕўрАзЭс. Цi значыць гэта, што iдэя адзiнай мытнай i эканамiчнай прасторы Беларусi, Расii i Казахстана набывае рэальныя абрысы? — Умацаванне эканамiчнай iнтэграцыi магчыма толькi пры свабодным перамяшчэннi тавараў i спрыяльных умовах для гандлю. Сфармiраваная нарматыўная платформа — вельмi важны крок у гэтым накiрунку. У адпаведнасцi з ёю будзе стварацца адзiны знешнегандлёвы рэжым i адзiная сiстэма мытнага адмiнiстравання. Будуць поўнасцю зняты абмежаваннi ў гандлi. Беларусь атрымае свабодны доступ на рынкi Расii i Казахстана, а яны ў сваю чаргу — на наш беларускi рынак. Гэта павiнна iстотна актывiзаваць гандлёва-эканамiчнае супрацоўнiцтва краiн-партнёраў, зробiць мытныя правiлы i працэдуры больш рацыянальнымi i больш эфектыўнымi ў плане дасягнення нашых агульных эканамiчных iнтарэсаў, дазволiць сфармiраваць агульную знешнегандлёвую палiтыку, у чым мы зацiкаўлены. Наша краiна зможа ўплываць на адзiную таварную наменклатуру знешнеэканамiчнай дзейнасцi i адзiны мытны тарыф. — У сёлетнiм Пасланнi да беларускага народа i Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь Прэзiдэнт А.Р. Лукашэнка выказаў думку, што права павiнна не стрымлiваць, а стымуляваць развiццё грамадства i краiны. Як бы Вы, Вадзiм Аляксандравiч, ацанiлi заканадаўчую базу, сфармiраваную за мiнулы сесiйны перыяд, праз прызму гэтага тэзiса? — Прынятыя законапраекты будуць працаваць на вырашэнне надзённых сацыяльна-эканамiчных i iншых задач, якiя стаяць перад нашай дзяржавай. Так, урэгуляваўшы адносiны ў сферы iпатэкi, парламентарыi заклалi прававы падмурак сiстэмы доўгатэрмiновага iпатэчнага крэдытавання. Закон "Аб ахове працы" сыграе станоўчую ролю ў рэальным забеспячэннi права грамадзян на здаровыя i бяспечныя ўмовы працы, прычым арганiзацыя аховы працы стане важнейшым пытаннем на ўсiх узроўнях кiравання. У новай рэдакцыi Закона "Аб ахове здароўя" вызначаны ўсе вiды i формы медыцынскай дапамогi ў нашай краiне, засталося права на бясплатную медыцынскую дапамогу за кошт бюджэтных сродкаў. Заканадаўча канкрэтызаваны i спрошчаны парадак дзяржаўнай рэгiстрацыi нерухомай маёмасцi. Папраўкамi ў Закон "Аб асаблiва ахоўваемых прыродных тэрыторыях" устаноўлены нарматывы дапушчальнай нагрузкi на прыродныя комплексы, рэжым iх аховы i выкарыстання. Фармiруючы прававую базу, мы iмкнёмся да таго, каб законы былi якаснымi, своечасовымi, канкрэтнымi. Гэта значыць — максiмальна карыснымi простым людзям, грамадству ў цэлым i дзяржаве. — Афiцыйнае рашэнне аб правядзеннi чарговых выбараў у Палату прадстаўнiкоў яшчэ не прынята, аднак апаненты ўлады ўжо прымерваюцца да дэпутацкiх мандатаў, даволi жорстка крытыкуючы цяперашнiх парламентарыяў. Што Вы скажаце на гэты конт? — Нам, як i абсалютнай большасцi грамадзян краiны, вядомы матывы перманентных спроб апазiцыйных колаў выбiць Палату прадстаўнiкоў з каляiны нармальнай парламенцкай работы. Разумеем мы i тое, што гэтыя спробы ў перадвыбарны перыяд узмоцняцца. Але намеру прыстасоўвацца да ўсплёску палiтыканства нашых апанентаў у нас няма. Палата прадстаўнiкоў працуе выключна ў канстытуцыйным рэчышчы. Мы будзем з усёй адказнасцю, ускладзенай на нас Канстытуцыяй, нацыянальным заканадаўствам i выбаршчыкамi, займацца сваёй галоўнай справай — заканадаўчай дзейнасцю i максiмальна садзейнiчаць забеспячэнню стабiльнасцi ў грамадстве. А людзi, я ўпэўнены, зробяць правiльны выбар. Аляксандр ФIЛIМОНАЎ. Фота БЕЛТА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Неўзабаве завершыцца восьмая сесiя Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi. Дэпутаты падсумуюць зробленае за тры месяцы i паедуць у свае выб
|
|