Ход канём
Ход канём
Зрабіў у творчасцi скульптар Сяргей Бандарэнка Яго скульптуры коней знаходзяцца ў калекцыях многiх знакамiтых людзей свету, нават прэзiдэнтаў кампанiй i краiн. Да яго звяртаюцца, калi трэба ўвасобiць любiмца ў бронзе, ён можа любавацца самымi знакамiтымi канямi, калi iх лепiць. Можа разважаць пра прыгажосць пароды, нават з многiх коней беспамылкова выбраць самага перспектыўнага, якi потым стане чэмпiёнам, як гэта было ў Амерыцы. Рэдкае спалучэнне якасцяў, унiкальнае ва ўсёй Еўропе, калi скульптар з’яўляецца выдатным знаўцам коней. Стварае i выстаўляе Сяргей Бандарэнка розныя скульптуры, увогуле любiць анiмалiстыку, калi ўвасабляюцца розныя iстоты з жывёльнага свету. Але толькi адна з iх дапамагла стаць асаблiвым майстрам у свеце людзей — асам у коннай скульптуры. НаКАНІванае Была чорная паласа для скульптараў — гадоў дваццаць таму. Увогуле быў час, калi можна было разважаць пра тое, цi мяняць прафесiю, цi заставацца ў ёй? Тады на конях ён толькi i "выехаў". Конi — элiтная тэма. Вельмi папулярны ў свеце конны спорт, скачкi. Шмат людзей, якiя захапляюцца прыгажосцю вытанчанай жывёлы, яны складаюць асобную касту знаўцаў. Бандарэнка стаў рабiць коней, але не думаў, што гэтая тэма для яго атрымае такое развiццё. Пайшлi выставы, пра спецыялiзацыю беларускага майстра даведалiся. Якасць работ адразу ацанiлi. Стаў атрымлiваць заказы, рабiць невялiкага памеру партрэтныя скульптуры знакамiтых коней, чэмпiёнаў пароды, чэмпiёнаў Алiмпiйскiх гульняў. Не ўсiх ягоных коней чакаў зайздросны лёс. Конная скульптура героя Даватара засталася незапатрабаваная — праект быў сумесны з Масквой i не ў лепшы для герояў i скульптараў час. Затое былi ў яго творчасцi такiя конi, якiя каштавалi па мiльёну еўра i вышэй! Iх прыгажосць i славу гаспадары дорага цанiлi, хацелi мець iх партрэты. Напрыклад, давялося ляпiць каня тракененскай пароды, якi быў неаднаразовым чэмпiёнам сваёй пароды. А ў скачках цi ў англiйскай верхавой увогуле не адзiн мiльён гатовыя выкласцi за добрага каня. Што значыць добры конь, наш скульптар зразумеў, калi паспрабаваў ляпiць славутага каня па мянушцы "Дубай-Мiленiум". Шэйх Мактум за 4 мiльёны долараў купiў каня, якi за два гады выйграў для яго прызоў на шэсць мiльёнаў долараў. Было 6 скачак — ён толькi адну прайграў, а астатнiя выйграў. Потым, праўда, паў. Бандарэнка атрымаў неверагодную задачу, якая так i засталася незавершанай — зрабiць скульптурны партрэт чэмпiёна па фотаздымках, а фотаздымкаў аказалася мала для паўнавартаснай скульптуры... — Калi робiш партрэт каня, то трэба патрапiць у характар, гэта тое ж самае, як партрэт чалавека — важна перадаць свае адчуваннi ад яго, — тлумачыць скульптар. — Але калi я рабiў каня пад князем Усяславам Чарадзеем, то найперш трэба было знайсцi вобраз, каб ён адпавядаў мiфалогii i беларускаму духу. Трапны вобраз важны i ў абстрактнай скульптуры. Ёсць у мяне адна пад назвай "У свабодным руху" — нiбыта ў грыве каня гуляе вецер... Навучыцца так ляпiць коней было няпроста, даводзiлася вывучаць iх ледзь не на анатамiчным узроўнi, каб ведаць, якая мышца за якi рух адказвае. За навуку дзякуй славутаму беларускаму каню па мянушцы Саiд. Гэта конь, якога нават урачыста пахавалi ў Ратамцы, аддаўшы данiну яго заслугам: на сваiх плячах жывёлiна зрабiла не аднаго заслужанага майстра спорту, двух мiжнародных i яшчэ двух проста майстроў спорту. Збiралiся паставiць нават абелiск у памяць пра Саiда, але так i не ажыццявiлi гэтую iдэю. Хоць менавiта гэты конь паўплываў на развiццё беларускай скульптуры. Дагэтуль Сяргей Бандарэнка ўжо ляпiў коней, але менавiта з Саiда пачаў рабiць партрэты. Прычым абсалютна выпадкова: калi iшла праца над коннай скульптурай Калiноўскага, аўтар адчуў, што яму не хапае ведаў, каб дакладна перадаць рысы каня ў руху. У Ратамцы Саiд стаў мадэллю скульптара i вельмi яму спадабаўся, хоць быў ужо ва ўзросце. Але ёсць нават скульптура, дзе конь прыгожы i па-ранейшаму гатовы да перамог разам са славутым беларускiм алiмпiйскiм чэмпiёнам Вiктарам Угрумавым. Былi ў Ратамцы i iншыя выдатныя конi, якiх даводзiлася ляпiць. — Я любiў коней з дзяцiнства. Памятаю, пабяжыш на канюшню, сядло сам сабе зварганiш, самаробнае сабе накруцiш, каб можна было ехаць. Страмёны парвуцца — i клубком ляцiш з гэтага каня, — успамiнае Сяргей Бандарэнка, якi ў дзяцiнстве ляпiў не коней, а... зубрыкаў. Беларускi зубр Пiянера Бандарэнку папрасiлi да з’езда кампартыi Беларусi старэйшым таварышам падарункi зрабiць. Ён ляпiў зубрыкаў з глiны, iх потым дарылi дэлегатам. У Доме пiянераў была добра пастаўлена работа: столькi выстаў у яго было ў дзяцiнстве, стос пасведчанняў з ВДНГ СССР, дыпломы iншых краiн. А першая праца пабывала на выставе ў Японii ў 1970-м годзе. У сусветнай Экспавыставе удзельнiчаў СССР. Туды паехаў, натуральна, зубр ад малога Бандарэнкi. Стос дыпломаў з розных выстаў, якi сабраў Сяргей у дзяцiнстве, настолькi вялiкi, што, ужо пачаўшы прафесiйную кар’еру, давялося даганяць сябе самога, ствараючы самыя розныя скульптуры. Хоць i зубры ў яго творчасцi па-ранейшаму прысутнiчаюць, але попыту такога на iх чамусьцi ў Краi Зуброў няма. Затое яго самога можна лiчыць зубром у коннай тэме. Скульптуры Бандарэнкi часта выстаўляюцца ў рамках культурнай праграмы буйных конных спаборнiцтваў у Еўропе цi спецыялiзаваных конных аўкцыёнаў i выстаў. Ёсць iмпрэзы, дзе прадстаўлены конi ў мастацтве — як на парыжскай выставе "Арт Шываль". У жывапiсе гэтая тэма даволi папулярная, чаго не скажаш пра скульптуру. Творы беларускага майстра заўсёды вылучаюцца прафесiяналiзмам i выклiкаюць захапленне ў самых розных краiнах — ад Беларусi нават да Кiтая. — У адзiн год у мяне было пяць выстаў у Беларусi. Хоць гэта даволi цяжка для творцы, якi сёння не можа сабе дазволiць адлiць працы ў патрэбнай колькасцi цi зрабiць iх у каменi альбо дрэве, каб хапiла на выставу. Мае выставы, напэўна, бываюць самыя вялiкiя па колькасцi скульптур. Не кожны мастак можа адлiць 60 прац у бронзе i выставiць, — гаворыць Сяргей Бандарэнка. Але ёсць яшчэ адна праблема ў нас на радзiме: калi скульптары выстаўляюцца, то можа скласцiся ўражанне, што адзiн для аднаго. Усе адзначаюць, што зацiкаўленых людзей прыходзiць мала, таму што няма магчымасцi набываць гэтыя творы. Аднойчы пры аўтары дзяўчынка спрачалася з татам: чым купiць таннага i не вельмi добрага каня, лепш набыць добрую скульптуру, якая будзе жыць вечна. Але нашы людзi да гэтага пакуль не гатовыя, у адрозненнi ад замежнiкаў. З замежнымi выставамi прыйшло адкрыццё, што разуменне прыгажосцi каня ў розных народаў моцна адрознiваецца. Прыкладна, як менталiтэт, фiласофiя. Сумесная беларуска-кiтайская выстава была ў Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi, героямi сталi конi. Бронзавыя скульптуры Бандарэнкi суседнiчалi з коньмi мастака Ень Фей Хонга, якiя былi намаляваныя ў традыцыйнай кiтайскай манеры на рысавай паперы. Падчас гэтай выставы адкрылася нешта новае не столькi пра коней, колькi пра нас, пра людзей з розных краiн. У беларусаў, як у еўрапейцаў, больш спажывецкае стаўленне да коней. Мы можам захапляцца iх прыгажосцю, не забываючыся пра тое, якую яны прыносяць карысць. Працавiтая i моцная жывёлiна патрабуе грунтоўнай працы скульптара, ведаў, тэхналогii, цяжкага матэрыялу, няхай яна i будзе зроблена ў iмпрэалiстычнай манеры. Для кiтайцаў конь — хутчэй, сiмвал з сiстэмы гараскопа. Гэта сiмвал руху, прасоўвання, поспеху. Асаблiва любяць гэты знак бiзнэсмены. Там лiчаць, калi чалавек нарадзiўся ў нейкi год, то яму належаць адпаведныя рысы. У кiтайскiм мастацтве конi вельмi падобныя на iероглiфы — гэта зроблена заўсёды хутка, лёгка i па-майстэрску. Кантраст беларускай грунтоўнасцi i кiтайскай мiмалётнасцi меў поспех. Але паглядзеўшы на iншых, беларускi скульптар застаўся адданы свайму адчуванню прыгажосцi каня, якое павiнна ўвасобiцца ў новай скульптуры. Формула руху Такое будзе яе iмя. Цi мянушка. Не, назва скульптуры. Пароду аўтар таксама вызначыў: ён iмкнуўся паказаць прыгажосць арабскага скакуна, прычым ужо не маладога, мацёрага, з формамi. Разглядаю адзiн з эскiзаў, невялiкi. Сама скульптура прыкладна ў дзесяць разоў большая будзе! Вага бронзавага каня — пад 1000 кiлаграмаў. Пры тым, што наша лiццё — тонкасценнае, удакладняе аўтар. — Гэта будзе для мяне асаблiвы конь, хоць рэкардсменкай скульптура не стане, — гаворыць Сяргей Бандарэнка. — Я не ставiў задачу рэкорды ставiць. Гэтай скульптурай я вырашаю творчыя i тэхнiчныя задачы: адлiваю працу на аснове выкананых мадэляў, якую да мяне ў Беларусi i ва ўсiм СНД не рабiлi. Самую тэхналогiю лiцця прыдумалi яшчэ ў антычныя часы. Я працую ў тэхналогii "апошнi воск", яна сама па сабе вельмi працаёмiстая, а складанасць працы над гэтай скульптурай у тым, што адлiваюцца вялiкiя кавалкi, якiя потым злучаюцца памiж сабой. Усяго 21 кавалак. Толькi хвост будзе два з паловай метры, з некалькiх кавалкаў. Але больш простая тэхналогiя такi складаны рэльеф не здолее перадаць. Магчымасцi тонкага лiцця вялiкiя — можна нават адбiтак пальца паўтарыць. Але калi бярэшся за вялiкi памер, узнiкаюць непрадказальныя праблемы: некаторыя кавалкi пералiваць даводзiцца. Ён першы, хто пачаў тонкае лiццё ў Беларусi, але за 27 гадоў працы адчувае, што яшчэ засталiся нераскрытыя тэхналагiчныя магчымасцi. Сяргей Бандарэнка заўсёды сумяшчаў дзве прафесii — скульптара i лiцейшчыка. Магчыма, адыгралi ролю гены бацькi, якi працаваў лiцейшчыкам на Мiнскiм аўтазаводзе. I адчуванне некаторай несправядлiвасцi: сам лепiш скульптуру, а потым табе аддаюць яе ў выглядзе кавалка металу, над якiм яшчэ трэба працаваць. Вось таму i робiць усё сам — ад пачатку да заканчэння. Хачу зразумець, дзеля чаго столькi працы, страт, нават фiнансавых, калi невядома, куды такога каня потым паставiць? Ён абыходзiцца мастаку дорага, таму што праца тэхналагiчная, i бронза каштуе не танна. — У мастакоў у параўнаннi з намi — капеечная вытворчасць. А ў нас, толькi каб форму сiлiконавую зняць на невялiчкую працу, патрэбна 200 долараў, плюс увесь астатнi стратны працэс. Iншая справа, што вынiковую цану ў нас ўсё-такi трэба раскласцi на некалькi экзэмпляраў: у нас аўтарскiмi работамi лiчацца першыя восем адлiтых скульптур, — тлумачыць аўтар i па-фiласофску працягвае: — Калi б скульптары дзеля прыбытку працавалi, нiчога б не зрабiлi. Вядома, скульптура многа каштуе, але хто ж яе купiць? Добра, што быў такi аб’ект, як Нацыянальная бiблiятэка, дзе я рабiў рэльеф па матывах "Песнi пра зубра" Гусоўскага. Безумоўна, ёсць сярод скульптараў такiя, якiя ўмеюць выступаць як бiзнэсмены, умудраюцца прадаць свае грандыёзныя працы. Я кажу пра Цэрэтэлi, з якiм даводзiлася сутыкацца. У Расii такiя мастакi могуць быць, а мы больш сцiплыя — i па запытах, i па маштабах скульптур. Што тут мой конь... Тым не менш за такую вялiкую працу скульптар наступны раз возьмецца не хутка. Працэс расцягваецца надоўга. За гэты час узнiкалi новыя iдэi, якiя таксама хочацца ажыццявiць, а няма калi. У яго майстэрнi больш за палову прац так i стаяць незакончаныя — вылепленыя, прыгожыя скульптуры, толькi не адлiтыя. I не толькi конi. Ларыса ЦIМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зрабіў у творчасцi скульптар Сяргей Бандарэнка
|
|