Клумба ад прастуды
Клумба ад прастуды
Што ў нас расце на клумбах? Вядома ж, кветкi: вялiкiя i маленькiя, яркiя, пышныя, карацей, каму што падабаецца. А яшчэ стала модным высаджваць на прысядзiбным участку лекавыя раслiны. І гэта цалкам зразумела: кожнаму хочацца быць упэўненым у якасцi i экалагiчнай бяспецы лекавых траў. Але хочацца таксама, каб гаючыя пасадкi былi яшчэ i ўпрыгажэннем саду. Возьмем, напрыклад, i высадзiм лекi ад прастуды, каб на працягу года мець запас сыравiны на сям’ю. Калi ўспомнiць, якiя травы дапамагаюць пры кашлi, насмарку, грыпе, то спiс атрымаецца даволi вялiкi i з гэтага спiсу патрэбна выкраслiць такiх гiгантаў як алтэй i дзiвасiл — iх давядзецца высадзiць асобна, бо для клумбы цi горкi яны не падыдуць з-за свайго росту. А каб клумба была прыгожая, акуратная, давядзецца пакiнуць толькi невысокiя раслiны, якiя добра выглядаюць сярод камянёў, бо без iх якая ж будзе горка. Такiм чынам, пакiдаем медунiцу, мацярдушку, лаванду, iсоп, прымулу вясновую цi прымулу буйначашачкавую. Усе пералiчаныя раслiны не толькi дэкаратыўныя, але i цвiтуць у розны час летняга сезона. Ад прастуды добра дапамагаюць такiя агародныя раслiны, як чарамша i настурка. Пры размяшчэннi раслiн трэба звярнуць увагу на iх бiялагiчныя асаблiвасцi. Медунiца i чарамша любяць даволi ўвiльготненую глебу i дрэнна растуць на санцапёку. Лаванда, мацярдушка i iсоп лёгка перанясуць перасыханне глебы на верхавiне горкi. Пры падборы колеравай гамы горкi можна скампанаваць гатункi iсопу белага, ружовага або бэзавага колеру. Кветкi мацярдушкi таксама могуць быць разнастайныя — ад насычанай ружовай да белай. Размяшчаць раслiны так, каб побач аказалiся вiды, якiя цвiтуць у розныя тэрмiны. Напрыклад, прымула i медунiца цвiтуць рана вясной. Пасадзiце побач з iмi мацярдушку i чабор, а навокал няхай разрастаецца настурка, якая цвiце з лiпеня да глыбокай восенi. Да гэтай кампазiцыi дадайце шалфей лекавы, якi дзякуючы шэрым лiстам дэкаратыўна выглядае да познiх замаразкаў. Пры зборы сыравiны пастарайцеся захаваць дэкаратыўнасць раслiн, не зразайце ўсё запар, а вышчыквайце выбарачна i ўкладвайце на прасушванне. Можна знайсцi мноства рэцэптаў для лячэння. Самы просты — гэта заварыць крышку травы як чай i пiць з мёдам. Не кожнаму вядома, што настой медунiцы лекавай здольны падаўляць развiццё вiрусаў герпесу i грыпу: 10 г здробненай травы залiць 1 шклянкай кiпеню, настойваць 20 хвiлiн, працадзiць, прымаць па 1/3 шклянкi 3 разы на дзень. Па французскiм рэцэпце можна прыгатаваць лекавае вiно з мацярдушкi: бяруць 50 г травы на 1 л салодкага вiна (тыпу муската), настойваюць 10 дзён, працэджваюць. Прымаюць па 1 сталовай лыжцы памiж прыёмамi ежы ў якасцi адхарквальнага i агульнаўмацавальнага сродку. Рубрыку вядзе Валянціна Шпілеўская, тэл. 285 88 81
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што ў нас расце на клумбах? Вядома ж, кветкi: вялiкiя i маленькiя, яркiя, пышныя, карацей, каму што падабаецца. А яшчэ стала модным высаджваць на прыс
|
|