21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб Нацыянальным сходзе Рэспублiкi Беларусь»

26.08.2009 10:27 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб Нацыянальным сходзе Рэспублiкi Беларусь»

Заканчэнне (частка 2-я.)

Артыкул 59. Разгляд праекта закона Саветам Рэспублiкi

Праект закона, якi паступiў з Палаты прадстаўнiкоў, рэгiструецца ў Сакратарыяце Савета Рэспублiкi i накiроўваецца Старшынёй Савета Рэспублiкi або яго намеснiкам у адпаведную пастаянную камiсiю Савета Рэспублiкi для падрыхтоўкi яго да разгляду Саветам Рэспублiкi.

Праект закона, якi перададзены на разгляд Савета Рэспублiкi без дакументаў, указаных у частцы трэцяй артыкула 57 гэтага Закона, можа быць разгледжаны па рашэннi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь або Прэзiдыума Савета Рэспублiкi.

Разгляд Саветам Рэспублiкi прынятага Палатай прадстаўнiкоў праекта закона, а таксама прыняцце па iм рашэння ажыццяўляюцца ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь, гэтым Законам i Рэгламентам Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу.

Артыкул 60. Парадак прыняцця Саветам Рэспублiкi рашэння аб адабрэн-нi або адхiленнi праекта закона

Праект закона, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь, становiцца законам пасля прыняцця Палатай прадстаўнiкоў i адабрэння Саветам Рэспублiкi.

Праект закона лiчыцца адобраным Саветам Рэспублiкi, калi за такое рашэнне прагаласавала большасць ад поўнага складу Савета Рэспублiкi, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь i гэтым Законам.

Калi рашэнне аб адабрэннi не прынята, праект закона лiчыцца адхiленым.

У выпадку адхiлення праекта закона Саветам Рэспублiкi гэты праект закона вяртаецца ў Палату прадстаўнiкоў з пастановай Савета Рэспублiкi, у якой указваюцца прычыны адхiлення праекта закона.

Закон, прыняты Палатай прадстаўнiкоў i адобраны Саветам Рэспублiкi, прадстаўляецца ў дзесяцiдзённы тэрмiн Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь на подпiс.

Калi праект закона не быў разгледжаны Саветам Рэспублiкi ва ўстаноўленыя Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь i гэтым Законам тэрмiны, ён лiчыцца адобраным i прадстаўляецца Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь на подпiс.

Артыкул 61. Парадак разгляду праектаў законаў, адхiленых Саветам Рэспублiкi

У выпадку адхiлення праекта закона Саветам Рэспублiкi палаты Нацыянальнага сходу для пераадолення ўзнiкшых рознагалоссяў могуць стварыць пагаджальную камiсiю, якая фармiруецца на парытэтнай аснове. Рашэнне аб стварэннi пагаджальнай камiсii прымаецца большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу.

Калi пагаджальная камiсiя не стваралася, падрыхтоўка праекта закона да разгляду Палатай прадстаўнiкоў ажыццяўляецца адпаведнай пастаяннай камiсiяй Палаты прадстаўнiкоў. У гэтым выпадку праект закона разглядаецца Палатай прадстаўнiкоў са стадыi другога чытання.

Артыкул 62. Парадак стварэння i работы пагаджальнай камiсii

У склад пагаджальнай камiсii ад кожнай з палат Нацыянальнага сходу выбiраюцца сустаршынi i члены пагаджальнай камiсii.

Колькасны склад пагаджальнай камiсii, парадак выбрання дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў i членаў Савета Рэспублiкi ў склад пагаджальнай камiсii вызначаюцца палатамi Нацыянальнага сходу.

Дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў, члены Савета Рэспублiкi, якiя не ўваходзяць у склад пагаджальнай камiсii, маюць права ўдзельнiчаць у пасяджэннях пагаджальнай камiсii з правам дарадчага голасу.

Пагаджальная камiсiя мае права прыцягваць да сваёй работы работнiкаў сакратарыятаў палат Нацыянальнага сходу, запрашаць прадстаўнiкоў дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый, вучоных, экспертаў i спецыялiстаў.

Артыкул 63. Парадак прыняцця рашэння пагаджальнай камiсiяй

Пагаджальная камiсiя разглядае кожнае пярэчанне Савета Рэспублiкi асобна i выпрацоўвае ўзгоднены тэкст праекта закона.

Пагаджальная камiсiя мае права прыняць рашэнне аб змяненнi рэдакцыi асобных структурных элементаў праекта закона, у дачыненнi да якiх не мелася пярэчанняў Савета Рэспублiкi, калi такое змяненне абумоўлена новай рэдакцыяй структурных элементаў праекта закона, якая выпрацавана пагаджальнай камiсiяй.

Рашэнне пагаджальнай камiсii прымаецца адкрытым раздзельным галасаваннем яе членаў ад Палаты прадстаўнiкоў i Савета Рэспублiкi i лiчыцца прынятым, калi за яго прагаласавала большасць яе членаў адпаведна ад Палаты прадстаўнiкоў i Савета Рэспублiкi. На пасяджэннi пагаджальнай камiсii вядзецца пратакол, якi падпiсваецца сустаршынямi пагаджальнай камiсii.

Артыкул 64. Разгляд палатамi Нацыянальнага сходу праекта закона, якi выпрацаваны пагаджальнай камiсiяй

Тэкст праекта закона, якi выпрацаваны пагаджальнай камiсiяй i завiзаваны сустаршынямi пагаджальнай камiсii, прадстаўляецца на адабрэнне абедзвюх палат Нацыянальнага сходу. Да тэксту праекта закона прыкладаецца пратакол пасяджэння пагаджальнай камiсii.

Пры паўторным разглядзе праекта закона Палатай прадстаўнiкоў на галасаванне ставiцца праект закона ў цэлым у рэдакцыi, якая выпрацавана пагаджальнай камiсiяй.

Калi праект закона, якi выпрацаваны пагаджальнай камiсiяй, не прыняты Палатай прадстаўнiкоў, прымаецца адно з наступных рашэнняў:

аб прапанове пагаджальнай камiсii прадоўжыць работу з улiкам заўваг, выказаных пры абмеркаваннi праекта закона Палатай прадстаўнiкоў;

аб адхiленнi праекта закона.

Калi нi адно з указаных у частцы трэцяй гэтага артыкула рашэнняў Палатай прадстаўнiкоў не прынята, праект закона накiроўваецца ў адпаведную пастаянную камiсiю Палаты прадстаўнiкоў на дапрацоўку, пасля чаго зноў разглядаецца Палатай прадстаўнiкоў са стадыi другога чытання.

Прыняты Палатай прадстаўнiкоў праект закона на працягу пяцi дзён накiроўваецца ў Савет Рэспублiкi, дзе разглядаецца ў адпаведнасцi з гэтым Законам i Рэгламентам Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу. У выпадку адхiлення праекта закона Савет Рэспублiкi можа прапанаваць пагаджальнай камiсii прадоўжыць работу з улiкам заўваг, выказаных пры абмеркаваннi праекта закона Саветам Рэспублiкi.

Артыкул 65. Наступствы непрыняцця пагаджальнай камiсiяй узгодненага тэксту праекта закона

Калi пагаджальнай камiсiяй не прыняты ўзгоднены тэкст праекта закона, Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь альбо па яго даручэннi Урад Рэспублiкi Беларусь могуць запатрабаваць, каб Палата прадстаўнiкоў прыняла канчатковае рашэнне. Закон лiчыцца прынятым Палатай прадстаўнiкоў пры ўмове, што за яго прагаласавала не менш як дзве трэцiя ад поўнага складу Палаты прадстаўнiкоў. У гэтым выпадку прыняты закон у дзесяцiдзённы тэрмiн накiроўваецца Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь на подпiс.

Калi Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь альбо па яго даручэннi Урад Рэспублiкi Беларусь не запатрабавалi ад Палаты прадстаўнiкоў прыняцця канчатковага рашэння, праект закона накiроўваецца на дапрацоўку ў адпаведную пастаянную камiсiю Палаты прадстаўнiкоў, пасля чаго разглядаецца Палатай прадстаўнiкоў са стадыi другога чытання.

Артыкул 66. Разгляд палатамi Нацыянальнага сходу закона, якi вернуты Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь з пярэчаннямi

Пры нязгодзе з тэкстам закона Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь вяртае яго са сваiмi пярэчаннямi ў Палату прадстаўнiкоў.

Палата прадстаўнiкоў павiнна разгледзець закон з пярэчаннямi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь у тэрмiн не пазней як трыццаць дзён у перыяд правядзення сесii Палаты прадстаўнiкоў. Калi Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь вяртае тэкст закона са сваiмi пярэчаннямi ў Палату прадстаўнiкоў у перыяд памiж сесiямi, трыццацiдзённы тэрмiн для разгляду закона з пярэчаннямi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь вылiчваецца з дня адкрыцця чарговай (пазачарговай) сесii Палаты прадстаўнiкоў.

Па вынiках разгляду закона з пярэчаннямi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Палата прадстаўнiкоў прымае адно з наступных рашэнняў:

аб згодзе з пярэчаннямi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь;

аб пераадоленнi пярэчанняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па законе i прыняццi яго паўторна ў раней прынятай рэдакцыi.

У выпадку згоды з пярэчаннямi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Палата прадстаўнiкоў даручае адпаведнай пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў альбо прапануе суб’екту права заканадаўчай iнiцыятывы, якi ўнёс праект закона, дапрацаваць праект закона з улiкам пярэчанняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. Пры дапрацоўцы праекта закона ў яго ўносяцца толькi тыя змяненнi i (або) дапаўненнi, якiя ўзгадняюцца з пярэчаннямi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.

Дапрацаваны праект закона ўзгадняецца з Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь i разглядаецца Палатай прадстаўнiкоў у адпаведнасцi з гэтым Законам i Рэгламентам Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу па працэдуры другога чытання.

Прыняты Палатай прадстаўнiкоў праект закона разглядаецца Саветам Рэспублiкi ў парадку, прадугледжаным гэтым Законам i Рэгламентам Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу.

У выпадку прыняцця Палатай прадстаўнiкоў рашэння аб пераадоленнi пярэчанняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па законе i прыняццi яго паўторна ў раней прынятай рэдакцыi ўнясенне змяненняў i (або) дапаўненняў у закон не дапускаецца i галасаванне праводзiцца па законе ў цэлым. Рашэнне аб пераадоленнi пярэчанняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па законе i прыняццi яго паўторна ў раней прынятай рэдакцыi прымаецца большасцю не менш як дзвюх трэцiх галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнiкоў.

Паўторна прыняты Палатай прадстаўнiкоў закон разам з пярэчаннямi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь у пяцiдзённы тэрмiн накiроўваецца ў Савет Рэспублiкi, якi таксама павiнен разгледзець яго паўторна не пазней чым за дваццаць дзён.

Закон лiчыцца прынятым, калi ён адобраны большасцю не менш як дзвюх трэцiх галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублiкi.

Калi пры паўторным разглядзе закона за яго адабрэнне прагаласавала менш як дзве трэцiя ад поўнага складу Савета Рэспублiкi, ён лiчыцца адхiленым Саветам Рэспублiкi. Дадзенае рашэнне афармляецца пастановай Савета Рэспублiкi.

Закон, якi паўторна адобраны Саветам Рэспублiкi, разам з пастановай Савета Рэспублiкi аб адабрэннi закона ў пяцiдзённы тэрмiн накiроўваецца Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь на подпiс.

Калi пярэчаннi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь не былi пераадолены i Палатай прадстаўнiкоў не прынята рашэнне аб згодзе з пярэчаннямi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, закон накiроўваецца ў адпаведную пастаянную камiсiю Палаты прадстаўнiкоў для падрыхтоўкi да паўторнага разгляду ў парадку, прадугледжаным гэтым артыкулам.

Артыкул 67. Разгляд палатамi Нацыянальнага сходу пярэчанняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь на асобныя палажэннi закона

Пярэчаннi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь на асобныя палажэннi закона, якiя вернуты для паўторнага галасавання, разглядаюцца палатамi Нацыянальнага сходу ў парадку, прадугледжаным артыкулам 66 гэтага Закона, з улiкам асаблiвасцяў, якiя ўстаноўлены гэтым артыкулам i рэгламентамi палат Нацыянальнага сходу. Пры гэтым да прыняцця адпаведнага рашэння Палатай прадстаўнiкоў i Саветам Рэспублiкi закон падпiсваецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь i ўступае ў сiлу, за выключэннем тых палажэнняў, адносна якiх маюцца пярэчаннi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.

У выпадку згоды Палаты прадстаўнiкоў з пярэчаннямi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь на асобныя палажэннi закона, якiя вернуты для паўторнага галасавання, гэтыя палажэннi ў выпадку неабходнасцi накiроўваюцца на дапрацоўку ў адпаведную пастаянную камiсiю Палаты прадстаўнiкоў.

Палата прадстаўнiкоў можа прыняць рашэнне аб пераадоленнi пярэчанняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь на асобныя палажэннi закона, якiя вернуты для паўторнага галасавання. У гэтым выпадку ўнясенне змяненняў i (або) дапаўненняў у закон не дапускаецца. Галасаванне праводзiцца па адпаведных палажэннях закона ў цэлым.

Палата прадстаўнiкоў мае права пагадзiцца з пярэчаннямi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь толькi па некаторых з палажэнняў закона, якiя вернуты для паўторнага галасавання. У гэтым выпадку ў першую чаргу разглядаецца пытанне аб пераадоленнi пярэчанняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па тых палажэннях закона, з пярэчаннямi на якiя Палата прадстаўнiкоў не пагадзiлася. Затым Палата прадстаўнiкоў прымае рашэнне аб накiраваннi на дапрацоўку тых палажэнняў закона, з пярэчаннямi на якiя Палата прадстаўнiкоў пагадзiлася, а таксама тых палажэнняў закона, пярэчаннi на якiя не былi пераадолены.

Асобныя палажэннi закона, якiя вернуты для паўторнага галасавання, пасля пераадолення пярэчанняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь альбо пасля iх дапрацоўкi з улiкам пярэчанняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь уключаюцца ў тэкст раней прынятага закона шляхам прыняцця закона аб унясеннi ў яго змяненняў i (або) дапаўненняў. Калi Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь вяртае асобныя палажэннi закона i прапануе выключыць iх з тэксту закона, пры згодзе Палаты прадстаўнiкоў з гэтым палажэннем прымаецца рашэнне ў форме пастановы Палаты прадстаўнiкоў.

Артыкул 68. Асаблiвасцi разгляду праектаў законаў аб унясеннi змяненняў i (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублiкi Беларусь

Закон аб унясеннi змяненняў i (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублiкi Беларусь, за выключэннем раздзелаў I, II, IV, VIII, можа быць прыняты пасля двух абмеркаванняў i адабрэнняў Нацыянальным сходам з прамежкам не менш за тры месяцы.

Раздзелы I, II, IV, VIII Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь могуць быць зменены толькi шляхам рэспублiканскага рэферэндуму.

Змяненнi i (або) дапаўненнi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь Нацыянальным сходам не ажыццяўляюцца ў перыяд надзвычайнага становiшча, а таксама ў апошнiя шэсць месяцаў паўнамоцтваў Палаты прадстаўнiкоў.

Праекты законаў аб унясеннi змяненняў i (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублiкi Беларусь уносяцца ў Палату прадстаўнiкоў з захаваннем патрабаванняў, прадугледжаных артыкулам 50 гэтага Закона i iншымi заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 69. Разгляд праектаў законаў аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на чарговы фiнансавы год i аб зацвярджэннi справаздачы аб выкананнi рэспублiканскага бюджэту за папярэднi фiнансавы год

Праект закона аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на чарговы фiнансавы год уносiцца ў Палату прадстаўнiкоў Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь у тэрмiны i парадку, якiя ўстаноўлены заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь, праект закона аб зацвярджэннi справаздачы аб выкананнi рэспублiканскага бюджэту за папярэднi фiнансавы год — не пазней чым праз пяць месяцаў з дня заканчэння справаздачнага фiнансавага года.

Праект закона аб зацвярджэннi справаздачы аб выкананнi рэспублiканскага бюджэту за папярэднi фiнансавы год разглядаецца Палатай прадстаўнiкоў да разгляду праекта закона аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на чарговы фiнансавы год у адным чытаннi, калi Палатай прадстаўнiкоў не будзе прынята iншае рашэнне.

Праект закона аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на чарговы фiнансавы год i праект закона аб зацвярджэннi справаздачы аб выкананнi рэспублiканскага бюджэту за папярэднi фiнансавы год разглядаюцца ў парадку, устаноўленым для iншых праектаў законаў, калi iншае не прадугледжана заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь i рэгламентамi палат Нацыянальнага сходу. Пры разглядзе праекта закона аб зацвярджэннi справаздачы аб выкананнi рэспублiканскага бюджэту за папярэднi фiнансавы год ва ўстаноўленым парадку заслухоўваецца заключэнне Камiтэта дзяржаўнага кантролю Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 70. Асаблiвасцi разгляду палатамi Нацыянальнага сходу праектаў законаў, падрыхтаваных у сувязi з заключэннем, прыпыненнем дзеяння або спыненнем мiжнародных дагавораў Рэспублiкi Беларусь

Палаты Нацыянальнага сходу разглядаюць праекты законаў, якiя падрыхтаваны ў сувязi з заключэннем, прыпыненнем дзеяння або спыненнем мiжнародных дагавораў Рэспублiкi Беларусь, у адным чытаннi ў парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь, гэтым Законам, iншымi заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь i рэгламентамi палат Нацыянальнага сходу.

Артыкул 71. Прыняцце Палатай прадстаўнiкоў пастаноў

Палата прадстаўнiкоў па прапанове дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, пастаянных камiсiй i Савета Палаты прадстаўнiкоў прымае пастановы па наступных пытаннях распарадчага i кантрольнага характару:

аб выбраннi i датэрмiновым вызваленнi ад пасады Старшынi Палаты прадстаўнiкоў i яго намеснiка;

аб выбраннi i змяненнi складу пастаянных камiсiй i iншых органаў Палаты прадстаўнiкоў;

аб выбраннi старшыняў i зацвярджэннi намеснiкаў старшыняў пастаянных камiсiй, аб датэрмiновым вызваленнi iх ад пасады;

аб дэлегаваннi дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў у склад аб’яднаных пастаянна дзеючых дэлегацый i рабочых груп Нацыянальнага сходу, якiя прадстаўляюць Нацыянальны сход пры ажыццяўленнi двухбаковых альбо шматбаковых парламенцкiх кантактаў або ў мiжнародных парламенцкiх арганiзацыях;

аб арганiзацыi работы Палаты прадстаўнiкоў;

аб дачы згоды на ўзбуджэнне крымiнальнай справы ў дачыненнi да дэпутата Палаты прадстаўнiкоў, на прыцягненне яго ў якасцi падазронага або абвiнавачванага па крымiнальнай справе, якая ўзбуджана ў дачыненнi да iншых асобаў альбо па факце ўчыненага злачынства, а таксама на яго затрыманне i iншае пазбаўленне асабiстай свабоды;

аб назначэннi выбараў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь;

аб дачы згоды Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь на назначэнне Прэм’ер-мiнiстра Рэспублiкi Беларусь;

аб адабрэннi або адхiленнi праграмы дзейнасцi Урада Рэспублiкi Беларусь;

аб даверы Ураду Рэспублiкi Беларусь;

аб адстаўцы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь;

аб датэрмiновым вызваленнi ад пасады або зняццi з пасады Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь;

аб звароце ў Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь з прапановай аб праверцы канстытуцыйнасцi нарматыўных прававых актаў;

аб парадку дня сесii Палаты прадстаўнiкоў;

аб разглядзе праектаў законаў у першым або ў другiм чытаннi;

аб стварэннi пагаджальнай камiсii ў выпадку адхiлення праекта закона Саветам Рэспублiкi;

аб паўторным разглядзе праекта закона, адхiленага Саветам Рэспублiкi;

аб разглядзе закона, якi вернуты Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь з пярэчаннямi, або пярэчанняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь на асобныя палажэннi закона, якiя вернуты для паўторнага галасавання;

аб разглядзе часовых дэкрэтаў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь;

аб адмене распараджэнняў Старшынi Палаты прадстаўнiкоў.

Палата прадстаўнiкоў прымае пастановы i па iншых пытаннях распарадчага i кантрольнага характару, якiя прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь, гэтым Законам i Рэгламентам Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу.

Парадак разгляду i прыняцця пастаноў Палатай прадстаўнiкоў вызначаецца гэтым Законам i Рэгламентам Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу.

Пастанова Палаты прадстаўнiкоў лiчыцца прынятай пры ўмове, што за яе прагаласавала большасць ад поўнага складу Палаты прадстаўнiкоў, калi iншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь.

Пастановы Палаты прадстаўнiкоў уступаюць у сiлу з дня iх прыняцця, калi iншае не прадугледжана ў гэтых пастановах.

Артыкул 72. Прыняцце Саветам Рэспублiкi пастаноў

Рашэннi Савета Рэспублiкi прымаюцца ў форме пастаноў.

Парадак прыняцця пастаноў Саветам Рэспублiкi вызначаецца гэтым Законам i Рэгламентам Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу.

Пастанова Савета Рэспублiкi лiчыцца прынятай пры ўмове, што за яе прагаласавала большасць ад поўнага складу Савета Рэспублiкi, калi iншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь.

Пастановы Савета Рэспублiкi ўступаюць у сiлу з дня iх прыняцця, калi iншае не прадугледжана ў гэтых пастановах.

Артыкул 73. Прыняцце палатамi Нацыянальнага сходу зваротаў, дэкларацый i заяў

Звароты, дэкларацыi i заявы палат Нацыянальнага сходу па якiм-небудзь важным грамадска-палiтычным або сацыяльна-эканамiчным пытаннi прымаюцца пастановамi палат.

Працэдура разгляду зваротаў, дэкларацый i заяў палатамi Нацыянальнага сходу вызначаецца рэгламентамi палат Нацыянальнага сходу.

Глава 7 Арганiзацыя дзейнасцi палат Нацыянальнага сходу

Артыкул 74. Чарговыя сесii палат Нацыянальнага сходуПалаты Нацыянальнага сходу збiраюцца на дзве чарговыя сесii ў год.

Першая сесiя адкрываецца 2 кастрычнiка; яе працягласць не можа быць больш як 80 дзён.

Другая сесiя адкрываецца 2 красавiка; яе працягласць не можа быць больш як 90 дзён.

Калi 2 кастрычнiка або 2 красавiка прападаюць на нерабочы дзень, то сесiя адкрываецца ў першы наступны за iм рабочы дзень.

Артыкул 75. Першая пасля выбараў сесiя палат Нацыянальнага сходу

Першая пасля выбараў сесiя палат Нацыянальнага сходу склiкаецца Цэнтральнай камiсiяй Рэспублiкi Беларусь па выбарах i правядзеннi рэспублiканскiх рэферэндумаў i пачынае сваю работу не пазней чым праз трыццаць дзён пасля выбараў.

Адлiк трыццацiдзённага тэрмiну для склiкання i пачатку работы першай сесii Палаты прадстаўнiкоў ажыццяўляецца з дня другога тура галасавання па выбарах яе новага складу. Калi другi тур галасавання па выбарах у Палату прадстаўнiкоў не праводзiцца, адлiк трыццацiдзённага тэрмiну ажыццяўляецца з дня правядзення першага тура агульных выбараў у Рэспублiцы Беларусь.

Адлiк трыццацiдзённага тэрмiну для склiкання i пачатку работы першай сесii Савета Рэспублiкi ажыццяўляецца з дня першага пасяджэння дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню па выбарах членаў Савета Рэспублiкi ад вобласцi або горада Мiнска.

Артыкул 76. Пазачарговыя сесii палат Нацыянальнага сходу

Палата прадстаўнiкоў, Савет Рэспублiкi ў выпадку асаблiвай неабходнасцi склiкаюцца на пазачарговую сесiю па iнiцыятыве Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, а таксама па патрабаваннi большасцi не менш як дзвюх трэцiх галасоў ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу па пэўным парадку дня.

Пазачарговыя сесii склiкаюцца ўказамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.

Патрабаванне дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, членаў Савета Рэспублiкi аб правядзеннi пазачарговай сесii адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу накiроўваецца Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь з абгрунтаваннем неабходнасцi правядзення пазачарговай сесii, указаннем парадку дня сесii i даты яе склiкання, якiя прапануюцца. Калi патрабаванне аб склiканнi пазачарговай сесii ўнесена Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь з захаваннем палажэнняў гэтага Закона i iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь склiкае пазачарговую сесiю па пэўным парадку дня.

Палаты Нацыянальнага сходу абавязаны адкрыць пазачарговую сесiю ва ўстаноўленую дату i правесцi яе па парадку дня, якi вызначаны ўказам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 77. Парадак правядзення пасяджэнняў палат Нацыянальнага сходу

Пасяджэнне палаты Нацыянальнага сходу лiчыцца правамоцным пры ўмове, што на iм прысутнiчае не менш як дзве трэцiя дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, членаў Савета Рэспублiкi ад поўнага складу адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу.

Пасяджэннi палат Нацыянальнага сходу праводзяцца адкрыта, на беларускай i (або) рускай мовах. Палаты Нацыянальнага сходу, калi гэтага патрабуюць iнтарэсы дзяржавы, могуць прыняць рашэнне аб правядзеннi закрытага пасяджэння большасцю галасоў ад iх поўнага складу.

На пасяджэннях палат Нацыянальнага сходу, у тым лiку закрытых, маюць права прысутнiчаць Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, яго прадстаўнiкi, Прэм’ер-мiнiстр Рэспублiкi Беларусь, iншыя члены Урада Рэспублiкi Беларусь, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь, Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь, Старшыня Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь, Старшыня Цэнтральнай камiсii Рэспублiкi Беларусь па выбарах i правядзеннi рэспублiканскiх рэферэндумаў, Генеральны пракурор Рэспублiкi Беларусь, Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь.

У час пасяджэнняў палат Нацыянальнага сходу, у тым лiку закрытых, Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, яго прадстаўнiкi, Прэм’ер-мiнiстр Рэспублiкi Беларусь, iншыя члены Урада Рэспублiкi Беларусь могуць выступаць без чаргi тых, хто запiсаўся для выступлення, столькi разоў, колькi яны гэтага патрабуюць.

Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь iнфармуюцца аб рабоце пасяджэнняў палат Нацыянальнага сходу праз рэспублiканскае радыё, тэлебачанне i iншыя сродкi масавай iнфармацыi.

Артыкул 78. Першыя пасля выбараў пасяджэннi палат Нацыянальнага сходу

Рэгiстрацыя дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, членаў Савета Рэспублiкi, якiя прыбылi на першыя пасля выбараў пасяджэннi палат Нацыянальнага сходу, арганiзуецца Цэнтральнай камiсiяй Рэспублiкi Беларусь па выбарах i правядзеннi рэспублiканскiх рэферэндумаў.

Першыя пасля выбараў пасяджэннi палат Нацыянальнага сходу адкрывае i да выбрання старшыняў палат Нацыянальнага сходу вядзе Старшыня Цэнтральнай камiсii Рэспублiкi Беларусь па выбарах i правядзеннi рэспублiканскiх рэферэндумаў альбо яго намеснiк. У выпадку адсутнасцi Старшынi Цэнтральнай камiсii Рэспублiкi Беларусь па выбарах i правядзеннi рэспублiканскiх рэферэндумаў альбо яго намеснiка або немагчымасцi выканання iмi сваiх абавязкаў першыя пасля выбараў пасяджэннi палат Нацыянальнага сходу адкрывае i вядзе старэйшы па ўзросце адпаведна дэпутат Палаты прадстаўнiкоў, член Савета Рэспублiкi.

Палата прадстаўнiкоў на сваiм першым пасяджэннi ўтварае Мандатную камiсiю i прымае рашэнне аб прызнаннi паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, а пры парушэннях у асобных выпадках заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб выбарах — аб прызнаннi паўнамоцтваў асобных дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў несапраўднымi.

На першых пасяджэннях палаты Нацыянальнага сходу прымаюць рашэннi аб выбраннi старшыняў палат Нацыянальнага сходу i iх намеснiкаў, аб выбраннi пастаянных камiсiй i iх старшыняў, а таксама аб выбраннi адпаведна Савета Палаты прадстаўнiкоў i Прэзiдыума Савета Рэспублiкi.

Артыкул 79. Сумесныя пасяджэннi палат Нацыянальнага сходу

Сумесныя пасяджэннi палат Нацыянальнага сходу могуць праводзiцца для:

заслухоўвання штогадовых пасланняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь да Парламента;

правядзення парламенцкiх слуханняў;

пытанняў дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў i членаў Савета Рэспублiкi i адказаў Урада Рэспублiкi Беларусь;

разгляду сумесных зваротаў, дэкларацый i заяў палат Нацыянальнага сходу;

у iншых выпадках па рашэннi палат Нацыянальнага сходу.

Рашэннi аб правядзеннi сумесных пасяджэнняў палат Нацыянальнага сходу лiчацца прынятымi, калi за iх прагаласавала большасць ад поўнага складу адпаведна Палаты прадстаўнiкоў i Савета Рэспублiкi.

Сумесныя пасяджэннi палат Нацыянальнага сходу праводзяцца адкрыта. Калi хоць бы адна з палат Нацыянальнага сходу прыняла рашэнне аб правядзеннi закрытага сумеснага пасяджэння, праводзiцца закрытае сумеснае пасяджэнне.

Сумеснае пасяджэнне палат Нацыянальнага сходу лiчыцца правамоцным пры ўмове, што на iм прысутнiчае не менш як дзве трэцiя дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў i членаў Савета Рэспублiкi ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу.

Рашэннi па пытаннях, якiя абмяркоўваюцца на сумесным пасяджэннi Палаты прадстаўнiкоў i Савета Рэспублiкi, прымаюцца кожнай з палат Нацыянальнага сходу раздзельным галасаваннем у адпаведнасцi з гэтым Законам i рэгламентамi палат Нацыянальнага сходу.

Артыкул 80. Парламенцкiя слуханнi

Парламенцкiя слуханнi — форма дзейнасцi палат Нацыянальнага сходу, якая заключаецца ў заслухоўваннi паведамленняў i думак дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, членаў Савета Рэспублiкi, прадстаўнiкоў дзяржаўных органаў i грамадскiх аб’яднанняў, экспертаў i спецыялiстаў па канкрэтнай праблеме або пытаннi, якiя адносяцца да кампетэнцыi палат Нацыянальнага сходу.

Парламенцкiя слуханнi праводзяцца па рашэннях палат Нацыянальнага сходу ў парадку, устаноўленым рэгламентамi палат Нацыянальнага сходу.

У ходзе парламенцкiх слуханняў могуць быць выпрацаваны рэкамендацыi па праблеме або пытаннi, якiя абмяркоўваюцца. Па рэкамендацыях, якiя выпрацаваны ў ходзе парламенцкiх слуханняў, прымаюцца пастановы палат Нацыянальнага сходу.

Артыкул 81. Галасаванне ў палатах Нацыянальнага сходу

Галасаванне ў Палаце прадстаўнiкоў i Савеце Рэспублiкi адкрытае i ажыццяўляецца асабiста дэпутатам Палаты прадстаўнiкоў, членам Савета Рэспублiкi шляхам падачы голасу "за" або "супраць".

Тайнае галасаванне праводзiцца толькi пры рашэннi кадравых пытанняў.

Глава 8 Старшынi палат Нацыянальнага сходу, iх намеснiкi

Артыкул 82. Выбранне старшыняў палат Нацыянальнага сходу, iх намеснiкаў

Савет Рэспублiкi выбiрае са свайго складу Старшыню Савета Рэспублiкi i яго намеснiка.

Старшынi палат Нацыянальнага сходу, iх намеснiкi выбiраюцца на тэрмiн паўнамоцтваў палат Нацыянальнага сходу на пасяджэннях адпаведна Палаты прадстаўнiкоў, Савета Рэспублiкi тайным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў большасцю ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу.

Артыкул 83. Паўнамоцтвы старшыняў палат Нацыянальнага сходу

Старшыня палаты Нацыянальнага сходу:

ажыццяўляе агульнае кiраўнiцтва палатай Нацыянальнага сходу;

вядзе пасяджэннi палаты Нацыянальнага сходу;

кiруе ўнутраным распарадкам работы палаты Нацыянальнага сходу;

узначальвае адпаведна Савет Палаты прадстаўнiкоў, Прэзiдыум Савета Рэспублiкi;

дае даручэннi пастаянным камiсiям, сакратарыяту i iншым органам палаты Нацыянальнага сходу па пытаннях, якiя адносяцца да iх распараджэння;

падпiсвае пастановы палаты Нацыянальнага сходу i рашэннi адпаведна Савета Палаты прадстаўнiкоў, Прэзiдыума Савета Рэспублiкi;

уносiць пытаннi для разгляду адпаведна Саветам Палаты прадстаўнiкоў, Прэзiдыумам Савета Рэспублiкi;

прадстаўляе палату Нацыянальнага сходу ва ўзаемаадносiнах з Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, другой палатай Нацыянальнага сходу, Урадам Рэспублiкi Беларусь i iншымi дзяржаўнымi органамi, а таксама з грамадскiмi аб’яднаннямi, органамi i арганiзацыямi замежных дзяржаў, мiжнароднымi арганiзацыямi, каардынуе ўзаемадзеянне палаты Нацыянальнага сходу з указанымi органамi, аб’яднаннямi i арганiзацыямi;

прымае ўдзел у цырымонii прынясення Прысягi Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, прывядзення да прысягi суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь;

накiроўвае i кантралюе дзейнасць сакратарыята палаты Нацыянальнага сходу;

выдае распараджэннi па пытаннях, што аднесены да яго кампетэнцыi;

адмяняе распараджэннi намеснiка Старшынi палаты Нацыянальнага сходу;

ажыццяўляе iншыя паўнамоцтвы, якiя прадугледжаны гэтым Законам, Рэгламентам адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу i iншымi актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 84. Паўнамоцтвы намеснiкаў старшыняў палат Нацыянальнага сходу

Намеснiкi старшыняў палат Нацыянальнага сходу ў выпадку неабходнасцi замяшчаюць Старшыню адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу, а таксама ажыццяўляюць iншыя паўнамоцтвы, прадугледжаныя рэгламентамi палат Нацыянальнага сходу i iншымi актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Па даручэннi Старшынi адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу намеснiк Старшынi палаты вырашае пытаннi, якiя ўваходзяць у кампетэнцыю Старшынi палаты.

Намеснiкi старшыняў палат Нацыянальнага сходу выдаюць распараджэннi па пытаннях, аднесеных да iх кампетэнцыi.

Артыкул 85. Датэрмiновае вызваленне ад пасады старшыняў палат Нацыянальнага сходу, iх намеснiкаў

Старшынi палат Нацыянальнага сходу, iх намеснiкi вызваляюцца ад пасады ў выпадку датэрмiновага спынення iх паўнамоцтваў у якасцi дэпутата Палаты прадстаўнiкоў, члена Савета Рэспублiкi.

Старшынi палат Нацыянальнага сходу, iх намеснiкi могуць быць датэрмiнова вызвалены ад пасады па рашэннi адпаведных палат Нацыянальнага сходу ў выпадку невыканання або неналежнага выканання iмi сваiх абавязкаў, патрабаванняў Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, а таксама па iх уласнай iнiцыятыве.

Рашэннi аб датэрмiновым вызваленнi ад пасады старшыняў палат Нацыянальнага сходу, iх намеснiкаў прымаюцца ў форме пастановы адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу.

Глава 9 Савет Палаты прадстаўнiкоў, Прэзiдыум Савета Рэспублiкi

Артыкул 86. Статус Савета Палаты прадстаўнiкоў, Прэзiдыума Савета Рэспублiкi

Савет Палаты прадстаўнiкоў, Прэзiдыум Савета Рэспублiкi ствараюцца для арганiзацыi законапраектнай работы, папярэдняга разгляду i падрыхтоўкi пытанняў, якiя адносяцца да кампетэнцыi палат Нацыянальнага сходу, арганiзацыi работы пастаянных камiсiй i iншых органаў Палаты прадстаўнiкоў i Савета Рэспублiкi.

Артыкул 87. Склад Савета Палаты прадстаўнiкоў, Прэзiдыума Савета Рэспублiкi

У склад Савета Палаты прадстаўнiкоў уваходзяць Старшыня Палаты прадстаўнiкоў, яго намеснiк, старшынi пастаянных камiсiй i iншыя дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў у адпаведнасцi з Рэгламентам Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу.

У склад Прэзiдыума Савета Рэспублiкi ўваходзяць Старшыня Савета Рэспублiкi, яго намеснiк, старшынi пастаянных камiсiй Савета Рэспублiкi ў адпаведнасцi з Рэгламентам Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу.

Артыкул 88. Правамоцнасць пасяджэнняў Савета Палаты прадстаўнiкоў, Прэзiдыума Савета Рэспублiкi

Пасяджэнне Савета Палаты прадстаўнiкоў правамоцнае пры ўмове, што на iм прысутнiчае больш як палова ад поўнага складу Савета Палаты прадстаўнiкоў.

Пасяджэнне Прэзiдыума Савета Рэспублiкi правамоцнае пры ўмове, што на iм прысутнiчае больш як палова ад поўнага складу Прэзiдыума Савета Рэспублiкi.

Артыкул 89. Паўнамоцтвы Савета Палаты прадстаўнiкоў, Прэзiдыума Савета Рэспублiкi

Савет Палаты прадстаўнiкоў, Прэзiдыум Савета Рэспублiкi:

арганiзуюць работу па падрыхтоўцы сесiй адпаведных палат Нацыянальнага сходу;

прымаюць рашэннi аб унясеннi праектаў парадку дня сесiй палат Нацыянальнага сходу на разгляд адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу;

прымаюць меры па забеспячэннi прысутнасцi адпаведна дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, членаў Савета Рэспублiкi на пасяджэннях палат Нацыянальнага сходу i вырашаюць iншыя пытаннi, звязаныя са склiканнем i правядзеннем сесiй палат Нацыянальнага сходу;

заслухоўваюць паведамленнi па пытаннях работы пастаянных камiсiй, iншых органаў палат Нацыянальнага сходу;

даюць сакратарыятам палат Нацыянальнага сходу даручэннi, звязаныя са склiканнем i правядзеннем сесiй палат, законапраектнай дзейнасцю i iншымi пытаннямi, якiя адносяцца да iх кампетэнцыi;

уносяць у выпадку неабходнасцi прапановы аб стварэннi, рэарганiзацыi або лiквiдацыi пастаянных i часовых камiсiй палат Нацыянальнага сходу;

прымаюць меры па арганiзацыйным, прававым, метадычным i iнфармацыйным забеспячэннi работы пастаянных камiсiй, iншых органаў палат Нацыянальнага сходу;

хадайнiчаюць перад Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь аб узнагароджаннi адпаведна дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, членаў Савета Рэспублiкi, работнiкаў сакратарыятаў палат Нацыянальнага сходу дзяржаўнымi ўзнагародамi Рэспублiкi Беларусь;

прымаюць рашэннi аб узнагароджаннi Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу;

ажыццяўляюць кантроль за своечасовым разглядам запытаў, прапаноў i заў-ваг адпаведна дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, членаў Савета Рэспублiкi;

ажыццяўляюць iншыя паўнамоцтвы, якiя прадугледжаны рэгламентамi палат Нацыянальнага сходу i iншымi актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 90. Акты Савета Палаты прадстаўнiкоў, Прэзiдыума Савета Рэспублiкi

Акты Савета Палаты прадстаўнiкоў прымаюцца большасцю галасоў ад поўнага яго складу ў форме рашэнняў, якiя падпiсваюцца Старшынёй Палаты прадстаўнiкоў, а ў яго адсутнасць — намеснiкам Старшынi Палаты прадстаўнiкоў.

Акты Прэзiдыума Савета Рэспублiкi прымаюцца большасцю галасоў ад поўнага яго складу ў форме пастаноў, якiя падпiсваюцца Старшынёй Савета Рэспублiкi, а ў яго адсутнасць — намеснiкам Старшынi Савета Рэспублiкi.

У выпадку неабходнасцi ў парадку, устаноўленым Рэгламентам адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу, рашэннi Савета Палаты прадстаўнiкоў i пастановы Прэзiдыума Савета Рэспублiкi могуць быць прыняты шляхам апытання iх членаў.

Глава 10 Камiсii палат Нацыянальнага сходу

Артыкул 91. Пастаянныя камiсii палат Нацыянальнага сходу

Пастаянныя камiсii з’яўляюцца пастаянна дзеючымi органамi палат Нацыянальнага сходу.

Артыкул 92. Парадак фармiравання i дзейнасцi пастаянных камiсiй палат Нацыянальнага сходу

Пастаянныя камiсii выбiраюцца з лiку дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, членаў Савета Рэспублiкi адпаведнай палатай Нацыянальнага сходу на тэрмiн паўнамоцтваў палаты ў складзе старшынi, намеснiка (намеснiкаў) старшынi i членаў пастаянных камiсiй.

Пералiк i склад пастаянных камiсiй, парадак iх фармiравання вызначаюцца палатамi Нацыянальнага сходу самастойна.

Кожны дэпутат Палаты прадстаўнiкоў, член Савета Рэспублiкi абавязаны ўваходзiць у склад толькi адной з пастаянных камiсiй. Старшынi палат Нацыянальнага сходу i iх намеснiкi не могуць уваходзiць у склад пастаянных камiсiй.

Пры фармiраваннi складу пастаянных камiсiй улiчваюцца пажаданнi дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, членаў Савета Рэспублiкi.

Старшынi i намеснiкi старшыняў пастаянных камiсiй могуць быць датэрмiнова вызвалены ад пасады па рашэннi адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу.

Пасяджэнне пастаяннай камiсii палаты Нацыянальнага сходу правамоцнае, калi на iм прысутнiчае больш як палова ад поўнага складу пастаяннай камiсii.

Рашэннi пастаянных камiсiй палат Нацыянальнага сходу прымаюцца большасцю галасоў ад поўнага складу пастаянных камiсiй i афармляюцца пратаколам. У выпадку неабходнасцi ў парадку, устаноўленым Рэгламентам адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу, рашэннi пастаяннай камiсii могуць быць прыняты шляхам апытання яе членаў.

Артыкул 93. Кампетэнцыя пастаянных камiсiй палат Нацыянальнага сходу

Пастаянныя камiсii палат Нацыянальнага сходу:

рыхтуюць праекты законаў да разгляду палатамi Нацыянальнага сходу;

папярэдне разглядаюць i рыхтуюць пытаннi, якiя адносяцца да кампетэнцыi палат Нацыянальнага сходу;

ажыццяўляюць падрыхтоўку заключэнняў па праектах законаў i iншых нарматыўных прававых актаў, а таксама па iншых пытаннях, якiя адносяцца да кампетэнцыi палат Нацыянальнага сходу;

па даручэннi старшыняў палат Нацыянальнага сходу, а таксама па сваёй iнiцыятыве распрацоўваюць праекты законаў i iншых нарматыўных прававых актаў;

разглядаюць пiсьмовыя звароты грамадзян i арганiзацый, якiя змяшчаюць прапановы па ўдасканальваннi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь;

арганiзуюць правядзенне парламенцкiх слуханняў;

ствараюць рабочыя групы з лiку членаў пастаяннай камiсii, iншых дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, членаў Савета Рэспублiкi, а таксама прадстаўнiкоў дзяржаўных органаў i iншых дзяржаўных арганiзацый, грамадскiх аб’яднанняў, навуковых арганiзацый;

прыцягваюць да сваёй работы экспертаў i спецыялiстаў, назначаюць незалежную экспертызу праектаў законаў, ствараюць на грамадскiх пачатках навуковыя, кансультацыйныя i iншыя саветы па пытаннях, якiя ўваходзяць у кампетэнцыю пастаянных камiсiй;

запытваюць у дзяржаўных органаў i iншых дзяржаўных арганiзацый, службовых асобаў афiцыйныя дакументы, iнфармацыйныя i iншыя матэрыялы, неабходныя для iх дзейнасцi;

запрашаюць для ўдзелу ў папярэднiм разглядзе праектаў законаў, iншых пытанняў, што адносяцца да кампетэнцыi палат Нацыянальнага сходу, прадстаўнiкоў дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый;

ажыццяўляюць iншыя паўнамоцтвы, якiя прадугледжаны рэгламентамi палат Нацыянальнага сходу i iншымi актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Дзяржаўныя органы i iншыя дзяржаўныя арганiзацыi, службовыя асобы не пазней як у месячны або iншы ўзгоднены тэрмiн прадстаўляюць дакументы i матэрыялы, запытаныя пастаяннымi камiсiямi палат Нацыянальнага сходу ў межах iх кампетэнцыi. Прадстаўленне звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты або iншую ахоўную законам тайну, ажыццяўляецца ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 94. Сумесныя пасяджэннi пастаянных камiсiй палат Нацыянальнага сходу

Пастаянныя камiсii кожнай з палат Нацыянальнага сходу маюць права праводзiць сумесныя пасяджэннi. Арганiзацыя i правядзенне сумесных пасяджэнняў пастаянных камiсiй палат Нацыянальнага сходу ажыццяўляюцца ў парадку, прадугледжаным рэгламентамi палат Нацыянальнага сходу.

Сумеснае пасяджэнне пастаянных камiсiй лiчыцца правамоцным, калi на iм прысутнiчае больш як палова ад поўнага складу кожнай з пастаянных камiсiй, якiя ўдзельнiчаюць у сумесным пасяджэннi.

Рашэнне сумеснага пасяджэння пастаянных камiсiй прымаецца большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай з пастаянных камiсiй, якiя ўдзельнiчаюць у сумесным пасяджэннi, i афармляецца пратаколам.

Артыкул 95. Часовыя камiсii палат Нацыянальнага сходу

Палаты Нацыянальнага сходу пры неабходнасцi ствараюць часовыя камiсii.

Парадак фармiравання складу часовых камiсiй, задачы i парадак iх дзейнасцi вызначаюцца рашэннямi палат Нацыянальнага сходу.

Часовыя камiсii выбiраюцца з лiку дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, членаў Савета Рэспублiкi ў складзе старшынi i членаў камiсii. Часовыя камiсii могуць прыцягваць да сваёй работы экспертаў i спецыялiстаў, якiя не з’яўляюцца дэпутатамi Палаты прадстаўнiкоў, членамi Савета Рэспублiкi.

Выбранне дэпутата Палаты прадстаўнiкоў, члена Савета Рэспублiкi ў склад часовай камiсii не спыняе членства дэпутата Палаты прадстаўнiкоў, члена Савета Рэспублiкi ў складзе пастаяннай камiсii.

Часовыя камiсii падсправаздачныя палатам Нацыянальнага сходу i адказныя перад iмi.

Часовыя камiсii маюць права запытваць дакументы, iнфармацыйныя i iншыя матэрыялы, неабходныя для iх дзейнасцi, ажыццяўляць iншыя прадастаўленыя iм паўнамоцтвы ў парадку, устаноўленым рэгламентамi палат Нацыянальнага сходу i iншымi актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Дзяржаўныя органы i iншыя дзяржаўныя арганiзацыi, службовыя асобы не пазней як у месячны або iншы ўзгоднены тэрмiн прадстаўляюць дакументы i матэрыялы, запытаныя часовай камiсiяй у межах яе кампетэнцыi. Прадстаўленне звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты або iншую ахоўную законам тайну, ажыццяўляецца ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Часовыя камiсii спыняюць сваю дзейнасць пасля выканання ўскладзеных на iх задач або датэрмiнова на падставе рашэнняў палат Нацыянальнага сходу.

Глава 11 Забеспячэнне дзейнасцi палат Нацыянальнага сходу

Артыкул 96. Сакратарыяты палат Нацыянальнага сходу

У сваёй дзейнасцi Сакратарыят Палаты прадстаўнiкоў i Сакратарыят Савета Рэспублiкi кiруюцца Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь, рэгламентамi палат Нацыянальнага сходу i iншымi актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, а таксама адпаведна рашэннямi Савета Палаты прадстаўнiкоў i пастановамi Прэзiдыума Савета Рэспублiкi, распараджэннямi старшыняў палат Нацыянальнага сходу, iх намеснiкаў.

Сакратарыяты палат Нацыянальнага сходу з’яўляюцца юрыдычнымi асобамi, маюць самастойныя балансы, рахункi ў банках, пячаткi з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублiкi Беларусь i са сваiм найменнем.

Сакратарыят кожнай з палат Нацыянальнага сходу ўзначальвае начальнiк сакратарыята, якi назначаецца на пасаду i вызваляецца ад пасады адпаведна Саветам Палаты прадстаўнiкоў, Прэзiдыумам Савета Рэспублiкi па прадстаўленнi Старшынi адпаведнай палаты Нацыянальнага сходу. Начальнiк сакратарыята палаты мае намеснiка.

Штатная колькасць сакратарыятаў палат Нацыянальнага сходу ўстанаўлiваецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, структура сакратарыятаў — старшынямi палат Нацыянальнага сходу.

Работнiкi сакратарыятаў палат Нацыянальнага сходу, за выключэннем асобаў, якiя ажыццяўляюць тэхнiчнае абслугоўванне палат, з’яўляюцца дзяржаўнымi служачымi.

Пасля заканчэння тэрмiну паўнамоцтваў палат Нацыянальнага сходу або iх датэрмiновага спынення сакратарыяты палат Нацыянальнага сходу працягваюць сваю дзейнасць.

Артыкул 97. Матэрыяльна-тэхнiчнае i сацыяльна-бытавое забеспячэнне, фiнансаванне дзейнасцi палат Нацыянальнага сходу

Фiнансаванне дзейнасцi палат Нацыянальнага сходу ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з каштарысам расходаў кожнай з палат Нацыянальнага сходу ў межах сродкаў, якiя прадугледжаны ў рэспублiканскiм бюджэце на ўтрыманне Нацыянальнага сходу. Фiнансавае забеспячэнне дзейнасцi палат ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Каштарыс расходаў кожнай з палат Нацыянальнага сходу складаецца штогод i зацвярджаецца палатамi Нацыянальнага сходу.

Матэрыяльна-тэхнiчнае i сацыяльна-бытавое забеспячэнне дзейнасцi палат Нацыянальнага сходу ажыццяўляецца Кiраўнiцтвам справамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 98. Службовыя камандзiроўкi за мяжу

Накiраванне дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, членаў Савета Рэспублiкi, парламенцкiх дэлегацый, асобаў, якiя суправаджаюць гэтыя дэлегацыi, работнiкаў сакратарыятаў палат Нацыянальнага сходу ў службовыя камандзiроўкi за мяжу ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь у межах сродкаў, прадугледжаных у рэспублiканскiм бюджэце на ўтрыманне Нацыянальнага сходу.

Артыкул 99. Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу

Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу ўзнагароджваюцца грамадзяне i арганiзацыi Рэспублiкi Беларусь, а таксама грамадзяне замежных дзяржаў за заслугi ў развiццi заканадаўства, парламентарызму, мясцовага самакiравання, умацаваннi дэмакратыi, мiждзяржаўных i мiжпарламенцкiх сувязяў, за дзейнасць па забеспячэннi правоў i свабод грамадзян, вялiкi ўклад у фармiраванне i рэалiзацыю сацыяльнай i эканамiчнай палiтыкi Рэспублiкi Беларусь.

Узнагароджанне Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з гэтым Законам, рэгламентамi палат Нацыянальнага сходу, а таксама Палажэннем аб Ганаровай грамаце Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, што зацвярджаецца Саветам Палаты прадстаўнiкоў i Прэзiдыумам Савета Рэспублiкi.

Глава 12 Заключныя палажэннi

Артыкул 100. Прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым ЗаконамСавету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у шасцiмесячны тэрмiн прыняць меры па прывядзеннi актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам.

Палаце прадстаўнiкоў i Савету Рэспублiкi ў шасцiмесячны тэрмiн прывесцi свае рэгламенты ў адпаведнасць з гэтым Законам.

Артыкул 101. Уступленне ў сiлу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сiлу праз шэсць месяцаў пасля яго афiцыйнага апублiкавання, за выключэннем гэтага артыкула i артыкула 100, якiя ўступаюць у сiлу з дня афiцыйнага апублiкавання гэтага Закона.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. Лукашэнка

8 лiпеня 2008 года, г. Мiнск.

№ 370—З

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика