21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Выпадковае знаёмства

26.08.2009 10:28 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Выпадковае знаёмства

На конкурс апавяданняў

  Наша горкае і сумнае мiнулае. Нам толькi здаецца, што мы збылi яго. Назаўсёды з iм развiталiся. Але яно жывучае, не-не ды падцiкуе нас, напомнiць пра сябе ў самы нечаканы час i ў самым нечаканым месцы, як гэта здарылася з героем апавядання Вячаслава Вольскага. Вiктар КАЗЬКО.   Выпадковае знаёмства     Павел Iванавiч штосьцi затрымаўся дома i на лецiшча паехаў апоўднi. У такi час у электрычцы мала народу. Ён сеў на першай лаўцы за дзвярыма i ўткнуўся ў газету. Калi да адпраўлення цягнiка заставалася хвiлiн пяць, у вагон зайшла пажылая кабета. Яна была па-старамоднаму апранутая ва ўсё самаробнае i рознакаляровае вязанне з вышыўкамi i, нягледзячы на спякотны дзень, зашпiленая на ўсе гузiкi сваёй дзiвоснай кофты i такой жа размаляванай камiзэлькi. Жанчына нясмела агледзелася, выбiраючы месца. Спынiлася на свабоднай лаўцы насупраць Паўла Iванавiча.

Прытулiлася да акна i прыцiхла. Тым часам электрычка зрушыла з месца i Павел Iванавiч зноў заняў- ся газетай. Аднак думкi раз-пораз збiвалiся на выпадковую спадарожнiцу. Яна ехала з горада i, пэўна, на лецiшча, — разважаў Павел Iванавiч. — Вясковая i сцiплая, такiя раней сустракалiся толькi на адзiнокiх хутарах. I тут яму падумалася, што зрэдку здараецца, падобныя да яе кабеты ў маладосцi трапляюць у вялiкi горад, але i там жывуць сваiм вясковым укладам.

Пэўна, на трэцiм прыпынку штосьцi здарылася з сувяззю, бо машынiст спачатку прахрыпеў у мiкрафон нешта невыразнае, а потым i наогул сцiх. I тут суседка Паўла Iванавiча захвалявалася. Яна адвярнулася ад акна i стала азiрацца. Аднак Паўла Iванавiча турбаваць не адважылася. Той сам заў- важыў гэта яе хваляванне.

— Вас непакоiць, што машынiст перастаў аб’яўляць прыпынкi? — спытаў ён.

— Так, так, на самай справе...

— Не хвалюйцеся, на гэтай лiнii я iх ведаю амаль што ўсе. Як ваш называецца? Падкажу, дзе вам выходзiць.

Спадарожнiца назвала свой прыпынак. I тут Павел Iванавiч яе зусiм супакоiў, бо i сам ехаў туды ж. Але цяпер яго ўжо зацiкавiла, да каго яна едзе ў iх дачны пасёлак, бо амаль усiх старажылаў ён ведаў, а яе нiколi раней не сустракаў.

— Прабачце, — сумелася кабета, — я нават i не ведаю, як вам адказаць. Тут дача майго мужа, з якiм мы нiбы ў разводзе. Была я там разы са два i то так даўно, што i не памятаю, як яе знайсцi.

Такi адказ яшчэ больш здзiвiў i заiнтрыгаваў Паўла Iванавiча: "нiбы ў разводзе" ды яшчэ з былым мужам. Пра гэта ён чуў упершыню. I тут кабета сама паспяшалася выправiць сваю неакрэсленую фразу.

— Шчыра кажучы, не вельмi хочацца забiваць вам галаву сваiм жыццём. Але калi вас гэта зацiкавiла... Даўно ўсё гэта было, — з нейкiм асуджаным выглядам загаварыла жанчына. — Сышлiся мы яшчэ перад вайною, дакладней, у год вялiкага хапуна. Ужо тады ў нас з Кiр’янам усё пачыналася не па-людску. На вячорках ён да мяне прычапiўся: "Пагаварыць трэба, давай выйдзем". А я ў той час пазбягала сустрэч з iм, бо ў нашай сям’i i ва ўсёй вёсцы Кiр’янаву сям’ю ведалi як лайдакоў i галадранцаў. Мой старэйшы брат Арцём, запрыкмецiўшы, што Кiр’ян да мяне заляцаецца, увогуле забаранiў да мяне падыходзiць.

— Ну, а як вы да гэтага ставiлiся? — спытаў Павел Iванавiч.

— На той дзявочы розум мне было нават цiкава. Уяўляеце: хлопец не дае праходу, а брат яго адганяе. Арцём быў ладны хлопец, а Кiр’ян нi тое нi сёе i вельмi кволы. Хаця трохi i шкадавала яго: ужо вельмi па мне сох. У той вечар я выйшла з iм за аколiцу.

Ён доўга сунуўся моўчкi, быў нейкi ўстрывожаны, усё азiраўся. Нарэшце загаварыў:

— Паслухай, Каця, я хачу цябе выратаваць...

— Ад чаго? — здзiвiлася я.

— Ад бяды.

— Ад якой? Пра што ты вярзеш?

— Ад той бяды, якая навiсла над вашай сям’ёю... Заўтра вас будуць раскулачваць i высяляць...

— Хто табе сказаў? — цяпер ужо ўстрывожылася я, бо гэта быў не першы выпадак у нашай вёсцы. Раней ужо выслалi на Салаўкi пяць сем’яў.

— Учора я быў у раёне, у адным месцы. Знаёмы начальнiк паказаў спiсы на высяленне, у iм i ваша сям’я.

Маё сэрца так затахкала, што думала, выскачыць з грудзей. Мая мацi была цяжка хворая, ужо некалькi тыдняў не ўставала з ложка. I што ж цяпер будзе з ёю i з усiмi намi: бацькам, братам i мною? Я памкнулася бегчы дадому, але Кiр’ян учапiўся за мой рукаў:

— Пачакай, я цябе выратую, — хрыпеў ён. — Ты схаваешся ў нас, пасядзiш на гарышчы днi два-тры, пакуль скончыцца высяленне, i потым вернешся дадому. У нас цябе нiхто не дадумаецца шукаць, бо ўсе ж нас ведаюць — мы беднякi. А пасля пра цябе ўжо нiхто i не ўспомнiць.

— А мацi? Мая хворая мацi? Хiба ж я магу яе выкiнуць, — вырываючыся ад Кiр’яна, цяпер ужо слязьмi аблiвалася я. А ён не адпускаў, штосьцi чоўп наконт таго, што калi ўсё супакоiцца, дык мы ажэнiмся. Гэта раззлавала. Тут такая бяда, а ён пра жанiцьбу. I я, што было моцы, iрванулася з ягоных рук i пабегла дадому. Толькi каля веснiчак схамянулася: хусткай выцерла слёзы, стараючыся супакоiцца i нешта прыдумаць, як перадаць мацi пра гора, якое заўтра абрынецца. Сказаць праўду, што мяне папярэдзiў Кiр’ян, не магла, бо яго ў нашым доме i так ненавiдзелi. Брат мог яго проста прыдушыць. Таму вырашыла спаслацца на чуткi на вячорках: маўляў, дзяўчаты шапталiся пра тры сям’i: нашу, Пархiмчыкаў i Забродскiх.

У сенцах я сутыкнулася з бацькам, i на душы неяк адлягло: мiльганула думка паведамiць яму ўсё. У канцы майго блытанага i ўсхваляванага расказу твар бацькi зрабiўся зямлiста-чорным. Ён у роспачы махнуў рукою...

Ранiцай у вёсцы паявiлiся нейкiя людзi ў скураных куртках, а таксама старшыня сельскага Савета i двое мiлiцыянтаў. Праз паўгадзiны ўвесь гэты натоўп завiтаў на наш падворак. Адзiн з мiлiцыянтаў зайшоў у хату i пагрозлiва буркнуў брату i бацьку, каб яны iшлi за iм на двор, куды ўжо прывялi i панятых — Кiр’янавага бацьку i суседа Панкрата. У нас пачаўся вобыск. Чаго шукалi, я не ведала. Потым, у другой палове дня, калi на брыгадны стан сагналi ўсiх вяскоўцаў, абвясцiлi: нашу сям’ю высяляюць як ворагаў народа, бо ў хляве ў страсе быў знойдзены абрэз, з якiм нiбыта Арцём удзельнiчаў у нейкай антысавецкай бандзе. Дзве iншыя сям’i проста раскулачвалi i таксама высялялi на далёкiя i невядомыя Салаўкi.

Хворую мацi мы давезлi толькi да месца збору раскулачаных у раёне. Там нас марнавалi некалькi дзён. Тады ж Арцём сустрэў знаёмага мiлiцыянта i ўпрасiў дазволiць мне застацца разам з мацi ў яе апошнюю гадзiну, бо яна ўжо была пры смерцi. Пахаваць мацi дапамаглi чужыя людзi. Пасля я батрачыла, здаралася, прасiла мiласцiну. Толькi праз паўгода вярнулася ў сваю вёску. У нашай хаце ўжо быў новы гаспадар — Кiр’янаў бацька са сваёй вялiкай сям’ёй, а мне адвялi закутак у iх старой хацiне. Ды яшчэ прыгразiлi, каб нiкуды не высоўвалася i не трапляла на вочы начальству, бо зноў адправяць з чарговым этапам у Сiбiр. Страху я тады нацярпелася. Як перажыла тое лiха, адзiн Бог ведае.

Кабета насоўкай выцерла слёзы i на хвiлiну сцiхла.

Павел Iванавiч слухаў гэту сумную споведзь выпадковай спадарожнiцы, а сам мiжволi думаў пра тое, якiя страшэнныя выпрабаваннi падкiдвае лёс самым, на першы погляд, звычайным, самым сцiплым людзям.

А тым часам кабета супакоiлася i працягвала:

— Калi Кiр’ян адслужыў у войску i вярнуўся да бацькоў, зноў стаў чапляцца да мяне, угаворваць, каб выйшла за яго замуж. Я ж памятала, як да Кiр’яна ставiлiся ў нашай сям’i i пад рознымi адгаворкамi адцягвала згоду. Да таго ж у маёй галаве глыбока заселi словы Арцёма на развiтанне: "Калi вернешся дадому, беражыся Кiр’яна".

А Кiр’ян не даваў праходу. Аднойчы ноччу ўвалiўся п’яны i стаў пагражаць, што заўтра ж напiша допiс, што я дачка ворага народа i што ўцякла з этапу, i мяне сашлюць на Калыму...

— А што ж суседзi, ды наогул вяскоўцы? Хiба яны не маглi за вас заступiцца? — падаў голас Павел Iванавiч.

— Баялiся ўсе, а некаторыя нават асуджалi, што я з кулацкай сям’i пагарджаю гаротным бедняком Кiр’янам. Словам, выйсця я не знаходзiла.

На Каляды нас ажанiлi. Мы сталi жыць у старэнькай хатцы яго бацькоў. Але цяпер ужо я павiнна была рабiць на iх вялiкую сям’ю ў гаспадарцы, якая яшчэ нядаўна была нашай. Колькi слёз пралiла на тых родных пожнях, якiя для мяне былi ўжо абрыдлымi i чужымi.

Пасля вайны мы пераехалi ў горад. Кiр’ян уладкаваўся ў нейкай канторы, а я на птушкафабрыцы. У нас ужо было двое дзяцей: дачка i сын. Выдзелiлi нам двухпакаёўку ў хрушчоўцы. Аднойчы на добрым падпiтку Кiр’ян выхваляўся, што ўсё гэта ён заслужыў i ўлады яго вельмi цэняць.

А пад восень у той год, калi сканаў Сталiн, з ссылкi нечакана вярнуўся Арцём. Кароткая радасць ад таго спаткання з братам скончылася для мяне новай бядой. Амаль з парога Арцём коршакам накiнуўся на Кiр’яна: "А ну, давай выкладвай, як ты, справадзiў нашу сям’ю на Салаўкi? Як мяне з бацькам зрабiў ворагамi народа? Як ты нам у страху падсунуў iржавы абрэз, а потым накрэмзаў допiс?..

Кiр’ян упаў перад Арцёмам на каленi i пачаў па-сабачы скуголiць i прасiць у брата лiтасцi. А я стаяла ў разгубленасцi i не ведала, што рабiць, як iх развесцi. Я добра ведала свайго брата... А тут такое... Божачка ты мой...

Арцём схапiў Кiр’яна за каўнер кашулi i выцягнуў за дзверы. На лесвiцы была валтузня, а потым Арцём вярнуўся адзiн... Доўга расказваў, чаго яны нацярпелiся з бацькам на Салаўках, а пасля i на Балтыйскiм канале, дзе бацька i памёр. Там, у балоце, i пахаваў яго Арцём.

Пасля скандалу Кiр’ян вярнуўся ў вёску да сястры. Арцём жа нiяк не мог уладкавацца на работу, жыў у мяне. Аднойчы прыйшоў узрадаваны з бутэлькай вiна — яго прынялi ў пажарную каманду. У той вечар мы сядзелi на кухнi i шчыра гаманiлi. I тады нечакана Арцём стаў прасiць прабачэння за тое, што выгнаў Кiр’яна. "Як бы там нi было, а ён твой муж, вунь i двое дзетак у вас. Толькi ведаеш, Каця, не мог я яму дараваць такое. Ён загубiў усю нашу сям’ю: мацi, бацьку, мне паламаў жыццё. Ды хiба ён цябе ашчаслiвiў?

"Пра што ты гаворыш", — запярэчыла я.

Арцём памаўчаў, зацягнуўся цыгаркай, а потым расказаў пра даўнi выпадак, калi ён раскусiў Кiр’яна. "Памятаеш, на вячорках (гэта было яшчэ да нашага высялення) Мiкола Панкратаў пад гармонiк расказаў вершык-прыпеўку:

Дзве гармонi, адзiн бубен,

У калгасе жыць не будзем.

Дык праз тыдзень па Мiколу прыехалi i ён некуды знiк. Мы, хлопцы, пасля доўга гадалi, хто на яго данёс. Перабралi ўсiх, сышлiся на тым, што гэта справа рук Кiр’яна.

Пасля на канале я сустрэўся з Мiколам Панкратавым. Ён гэта пацвердзiў. Той жа мiлiцыянт мне на месцы збору раскулачаных шапнуў пра Кiр’янаў абрэз i данос. Аднойчы з бутэлькай самагону Кiр’ян перад iм выхваляўся: "Гэтыя кулакi Грыбоўскiя запомняць мяне на ўсё жыццё. Уяўляеш, мне падабаецца iх дачка, а яе брат мяне ў каршэнь з хаты... Ну, адпомшчу... Загрымiць ён са старым Грыбам на Калыму, а Каця мне дастанецца, дзявацца ёй будзе некуды...

Брат настойваў, каб я развялася з Кiр’янам. Але ж у мяне не было шлюбнага пасведчання. У той час, калi мы сышлiся, я не магла паказвацца на вочы начальству ў сельскiм Савеце. А пазней заводзiць паперчыну аб шлюбе, каб тут жа яго скасаваць, палiчыла марнай тратай часу. Так амаль паўвека i пражыла — i не ўдава, i не замужняя жанчына, хоць за сцяною, у адной кватэры, жыве мой былы муж.

— Дык ён вярнуўся да вас пасля таго выгнання?! — здзiвiўся Павел Iванавiч.

— Бяда, як кажуць, адна не ходзiць. Пэўна, праз паўгода, як Арцём стаў пажарнiкам, у навальнiчную ноч загарэлася стайня ў прыгараднай вёсцы. Яго каманду накiравалi туды... Арцём некалькi разоў кiдаўся ў ахопленую полымем стайню, ратуючы коней, пакуль не рухнула страха. З таго пажару Арцём не вярнуўся...

Вось пасля пахавання Арцёма Кiр’ян i вярнуўся. Ён пасялiўся ў адным пакоi, а я з дзецьмi — у другiм. I на сваю дачу ён не пускаў нi мяне, нi дзяцей. А на мiнулым тыднi паехаў да сястры ў вёску, ды там i злёг, i, вiдаць, надоўга, бо сястра патэлефанавала, каб я з’ездзiла на дачу, палiла градкi. Стаiць жа такая спёка, згарыць усё, што ён там вясною панаторкаў. Я ж i забыла, дзе тая яго дача i як да яе дабiрацца.

Электрычка наблiжалася да iх прыпынку. Але ў гiсторыi, расказанай спадарожнiцай Паўла Iванавiча, было яшчэ шмат нявысветленых абставiнаў. I першае, што цiкавiла, цi змянiўся з цягам часу Кiр’ян.

— Не-е, нiколечкi. Наадварот, стаў яшчэ больш нахабным, скрытным i подлым. Уявiце сабе такое...

Тут кабета сумелася, пэўна, раздумвала, гаварыць цi не, а потым усё ж наважылася:

— Аднойчы сын прыйшоў з iнстытута пахмурны i ўсхваляваны. Я пытаюся: "Што здарылася, Ваня?" "Ды так, глупства", — адказвае. Не стала лезцi з роспытамi. А сын за абедам дастаў з кiшэнi паперку i падае мне. Я ўзяла, чытаю. I сэрца так закалацiлася, а ў ваччу так пацямнела, што думала, вось-вось страчу прытомнасць. Я пазнала почырк Кiр’яна. Гэта быў яго допiс у бюро камсамольскай арганiзацыi iнстытута, дзе вучыўся сын. Кiр’ян паведамляў, што Iван Батрак з сям’i антысаветчыкаў, што яго дзед i дзядзька былi актыўнымi ўдзельнiкамi банды Булак-Балаховiча... Так Кiр’ян помсцiў нават роднаму сыну. За што толькi...

Цяпер, калi кабета назвала прозвiшча свайго былога мужа, Павел Iванавiч успомнiў дачнiка з суседняга кааператыва. Цiхi, хадзiў ён неяк бокам, правым плячом наперад, мабыць, таму што левае было вывiхнутае цi перабiтае. Маленькiя вочкi вечна схаваныя пад насупленымi бровамi. Размаўляў з людзьмi, гледзячы ўнiз.

Тым часам электрычка спынiлася на iх прыпынку. Павел Iванавiч расказаў спадарожнiцы, як прайсцi да дачы, а яна закончыла свой расказ:

— Ваню не выключылi з iнстытута, дзякуй Богу, той час мiнуў. Але нi вучыцца там, нi жыць пад адным дахам з такiм бацькам ён не мог. Сын на канiкулах паехаў на цалiну, там i застаўся. А я адна. Век пражыла адна i памру адна...

Вячаслаў ВОЛЬСКI.

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наша горкае і сумнае мiнулае. Нам толькi здаецца, што мы збылi яго. Назаўсёды з iм развiталiся. Але яно жывучае, не-не ды падцiкуе нас, напомнiць пра
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика