На Кiпр прывязуць "Сэрца Беларусi"
На Кiпр прывязуць "Сэрца Беларусi"
У пятнiцу вечарам завяршыўся Рэспублiканскi дзiцячы конкурс "Песня для Еўрабачання". Пасля фiнальнага гала-канцэрта стала вядома, хто ж прадставiць Беларусь 22 лiстапада на мiжнародным дзiцячым песенным конкурсе "Еўрабачанне" ў горадзе Лiмасол (Кiпр). Гэта права атрымала дзявочае трыа — Дар’я Надзiна, Алiна Молаш i Карына Жуковiч — з песняй "Сэрца Беларусi". Менавiта гэты нумар паставiлi пры галасаваннi на першае месца гледачы 3 з 7 рэгiёнаў краiны i прафесiйнае журы. Не ведаю, хто як, а я асабiста практычна не сумнявалася ў вынiку. І не толькi таму, што трыа само па сабе выдзялялася сярод iншых канкурсантаў — сольных выканаўцаў. Проста калi за справу бярэцца мастацкi кiраўнiк Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва iмя У.Мулявiна, заслужаны дзеяч культуры Беларусi Святлана Стацэнка, — гэта заўжды снайперскi стрэл у яблычак. У эстрадным асяроддзi пагаворваюць, што ў методыцы Святланы Адамаўны ёсць нейкi сакрэт... Дазванiўшыся да педагога дзяўчат з вiншаваннямi, мы перапыталiся — што, i праўда ёсць? — Сакрэт насамрэч адзiн — трэба любiць тое, чым займаешся, — перакананая Святлана Стацэнка. — Я вельмi люблю сваю работу i сваiх дзяцей — i родных, i ўвогуле ўсiх вучняў. Ну i яшчэ патрэбны прафесiяналiзм, разуменне асаблiвасцяў кожнага дзiцяцi. — Працаваць з трыа было складаней цi прасцей, чым з салiстам? — З аднаго боку, салiст бярэ на сябе ўсю адказнасць на сцэне — ён не можа нават, прабачце, каўтнуць слiну, бо гэта будзе адразу заўважна. Таму з трыа прасцей — пакуль адзiн выканаўца пераводзiць дыханне, iншыя спяваюць. З другога боку — салiст можа дазволiць сабе зрабiць крок налева, крок направа, а ў калектыве неабходная сiнхроннасць рухаў, i калi нехта зазяваецца альбо задумаецца — усё, рытм збiты. Ну i, натуральна, складана навучыць усiх траiх спяваць чысценька, роўненька, ва ўнiсон. Калi чалавек хвалюецца, у яго голас крыху дрыжыць. Уявiце, калi ён будзе дрыжаць ва ўсiх трох — складзецца адчуванне, што выканаўцы фальшывяць. Вось з гэтым будзем працаваць. Што адметна — i 11-гадовая мiнчанка Даша, i 12-гадовыя Алiна (з Iвацэвiчаў) i Карына (з Баранавiчаў) займаюцца ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва як салiсткi. У кожнай за плячыма ёсць вопыт удзелу — i перамог — у мiжнародных конкурсах. Злучыць iх у трыа прыдумала сама Святлана Стацэнка — толькi на час "Еўрабачання". I ў гэтым ёсць рэзон. Прыгадайце: за час удзелу Беларусi ў мiжнародным конкурсе (з 2003 года) нашу краiну прадстаўлялi толькi салiсты, пачынаючы ад Вольгi Сацюк да Аляксея Жыгалковiча. "Я не хачу, каб у дачыненнi да Беларусi склалася адчуванне аднабаковасцi", — тлумачыць Святлана Адамаўна. Тым больш, пераход да калектыўнай працы адбыўся без праблем — дзяўчаты практычна аднагодкi, да таго ж добрыя сяброўкi. Алiну педагог называе самай баявой, Дашу (дарэчы, яна аўтар конкурснай песнi "Сэрца Беларусi") — больш сарамлiвай, Карыну — вытрыманай. Але ад усiх патрабуе аднолькавай адказнасцi i адданасцi ў рабоце. Яна, дарэчы, будзе весцiся цяпер у звычайным рытме. "Нiякiх гонак не будзе, улiчваючы асаблiвасцi дзiцячай псiхалогii, каб не нагнаць на дзяўчат празмернага страху, — падкрэслiвае Святлана Стацэнка. — Яны i без таго нервуюцца. Прапрацуем тыя месцы, дзе былi памылкi, дзе штосьцi не атрымалася. Калi ўдасца, хацелася б "абкатаць" выступленне перад гледачамi на розных канцэртах. Увогуле, я настройваю дзяўчат на тое, што "Еўрабачанне" — гэта проста яшчэ адзiн конкурс, i вучу на любым канцэрце, для любога гледача працаваць шчыра i адказна". Менавiта такое выступленне дзяўчатам трэба будзе падрыхтаваць да 22 лiстапада, калi на Кiпры на дзiцячым "Еўрабачаннi-2008" збяруцца юныя выканаўцы з 16 краiн свету. Нагадаем, у актыве выхаванцаў Святланы Стацэнка ўжо ёсць першае i другое месцы на дзiцячым "Еўрабачаннi" — у 2005 годзе ў Ксенii Сiтнiк i ў 2006 годзе ў Андрэя Кунца адпаведна. Летась яшчэ адну перамогу прынёс Беларусi Аляксей Жыгалковiч (выхаванец спявачкi Вольгi Вронскай). Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У пятнiцу вечарам завяршыўся Рэспублiканскi дзiцячы конкурс "Песня для Еўрабачання". Пасля фiнальнага гала-канцэрта стала вядома, хто ж прад
|
|