Новы пенсійны ўзрост з правам на выбар?
Новы пенсійны ўзрост з правам на выбар?
Сярэдняя чаканая працягласць жыцця ў Беларусi павялiчылася на два гады. Як паведамiла падчас сустрэчы з журналiстамi з нагоды Дня пажылых людзей намеснiк мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Валянцiна Каралёва, цяпер у цэлым па краiне гэты паказчык складае 70,3 года, i ў прыватнасцi, 64,5 i 76,2 года для мужчын i жанчын адпаведна. На ўлiку — кожны шосты Тым часам спецыялiсты адзначаюць: паступовае павелiчэнне сярэдняй працягласцi жыцця разам з прыкметным змяншэннем нараджальнасцi даюць цалкам лагiчны вынiк. 14,6 працэнта нашых грамадзян маюць узрост больш за 65 гадоў, прычым гэты паказчык удвая перавышае адзнаку, за якой краiна пачынае лiчыцца "старой". Паводле слоў Валянцiны Каралёвай, цяпер у Беларусi налiчваецца 2,5 млн пенсiянераў, сярод якiх 157 тысяч — цалкам адзiнокiя i каля 592 тысяч — жывуць асобна ад дзяцей i iншых працаздольных сваякоў. Плюс да таго 55,4 тысячы грамадзян маюць статус ветэрана вайны, 50 тысяч — былых вязняў канцлагераў, а 669 чалавек з’яўляюцца доўгажыхарамi, пры гэтым 14 чалавек маюць больш за 110-гадовы ўзрост. Так выглядае сiтуацыя сёння. Прычым прагнозы адназначныя: колькасць пажылога насельнiцтва ў Беларусi будзе ўзрастаць. І, адпаведна, працягне павялiчвацца патрэба ў сацыяльнай падтрымцы. Як адзначыла Валянцiна Каралёва, стаўка тут будзе рабiцца на дапамогу праз тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Цэнтры працуюць ва ўсiх раёнах, а агульная колькасць грамадзян, якiя знаходзяцца тут на ўлiку, наблiзiлася да 1,6 млн чалавек — гэта практычна кожны шосты грамадзянiн Беларусi. Цi не найбольш папулярнай дапамогай цэнтраў застаецца надомнае абслугоўванне непрацаздольных пенсiянераў i iнвалiдаў — сацыяльныя работнiкi наведваюць амаль 80 тысяч чалавек. Аднак, заўважаюць у мiнiстэрстве, апошнiм часам многiя цэнтры прапануюць новыя вiды падтрымкi, такiя, як кругласутачнае пражыванне пажылых людзей, выкананне заказаў гаспадарчымi брыгадамi, сацыяльнае таксi цi служба сядзелак. Агульная колькасць сядзелак на сёння складае 40 чалавек, пры гэтым кошт iх паслуг у цэнтрах атрымлiваецца меншым, чым у прыватнiкаў або Чырвоным Крыжы. Яшчэ адным перспектыўным напрамкам застаецца прадастаўленне адраснай сацыяльнай дапамогi. Пасля павелiчэння "планкi даплат", сёлета колькасць яе атрымальнiкаў прыкметна ўзрасла, за студзень—чэрвень адрасная падтрымка была прызначана 191 тысячы чалавек i ў тым лiку дзвюм тысячам адзiнокiх пажылых людзей. Праўда, падобныя даплаты ўсё ж нельга лiчыць галоўнымi — на першым плане былi i застаюцца пенсii. Што прынясе кастрычнiк? Паводле слоў Валянцiны Каралёвай, суадносiны сярэдняй пенсii i сярэдняй зарплаты ў краiне складаюць 42 працэнты. Гэта адзiн з самых высокiх паказчыкаў на постсавецкай прасторы, прычым забяспечыць яго ўдаецца дзякуючы рэгулярным пераразлiкам. Пасля апошняга павышэння ў жнiўнi сярэдняя працоўная пенсiя па Беларусi склала 394,1 тысячы рублёў. Iнакш кажучы, на 110 тысяч больш, чым у жнiўнi-вераснi летась. Прычым з пачатку года тэмп росту пенсiй перавысiў тэмп росту iнфляцыi на 9,6 працэнта. Што ж да тэрмiнаў наступных пераразлiкаў працоўных пенсiй, то, зазначыла Валянцiна Каралёва, тут усё будзе залежаць ад росту сярэднiх заробкаў. I, у прыватнасцi, ад таго, наколькi павысяцца зарплаты пасля кастрычнiцкага змянення "бюджэтнай" тарыфнай стаўкi I разраду. "Пенсiйны пiрог" з варыянтамi Адна з актуальных тэмаў зараз — магчымае павышэнне пенсiйнага ўзросту. Як зазначыла Валянцiна Каралёва, з улiкам дэмаграфiчнай сiтуацыi, павелiчэннем колькасцi пенсiянераў i скарачэннем насельнiцтва ў працаздольным узросце, нiчога iншага па сутнасцi не застанецца — у адваротным выпадку айчынная пенсiйная сiстэма можа сутыкнуцца з вялiкiмi праблемамi. Аднак пытанне, калi могуць адбыцца змяненнi, застаецца без адказу — пакуль нiякiх праектаў на гэты конт няма, няма i канкрэтных прапаноў. Разам з тым, на думку Валянцiны Каралёвай, у любым выпадку новы пенсiйны ўзрост павiнен уводзiцца не адразу, а паступова. Да таго ж большасць спецыялiстаў схiляецца да думкi, што неабходна захаваць магчымасць афармляць пенсii мужчынам у 60, а жанчынам — у 55 гадоў. "Хутчэй за ўсё, кожнаму будзе прадастаўлена права выбару: выходзiць на пенсiю ў цяперашнiм узросце i атрымлiваць яе ў меншым памеры, або выходзiць на пенсiю пазней i атрымлiваць больш, — заўважыла Валянцiна Каралёва. — Бо, на жаль, сiтуацыя складваецца так, што мець рана i шмат ужо не атрымаецца".
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сярэдняя чаканая працягласць жыцця ў Беларусi павялiчылася на два гады. Як паведамiла падчас сустрэчы з журналiстамi з нагоды Дня пажылых людзей намес
|
|