21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Куплю за любыя грошы

26.08.2009 10:30 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Куплю за любыя грошы

Апошнiм часам узрастае цiкаўнасць да традыцыйнай культуры. Гэта ўласцiва не толькi Беларусi. У час глабалiзацыi i адкрытых межаў людзi iнтуiтыўна пацягнулiся да нечага ўстойлiвага, вызначаючага iх iснаванне. Не для таго, каб падкрэслiць, што яны не такiя, як iншыя, а для таго, каб зразумець: якiя? І чаму такiя? Iнстынкт самазахавання прымушае шукаць сваё. Маятнiк грамадскай свядомасцi хiснуўся ў бок самавызначэння. Напэўна таму традыцыйныя рэчы вяртаюцца са сферы мастацтва i навукi ў паўсядзённае жыццё. Людзi адчулi патрэбнасць мець у сваiм доме не кiтайскую штампаваную салатнiцу, а эксклюзiўную саламяную вазу, зробленую канкрэтным майстрам у канкрэтнай беларускай вёсцы. Яны з асалодай накрываюць свае канапы льнянымi слуцкiмi посцiлкамi, а сiнтэтычныя турэцкiя хаваюць у антрэсолi. I натуральна, што набытымi рэчамi хочацца не толькi любавацца, але i ведаць пра iх. Бо за кожнай — цэлы пласт культуры. Я ўпэўнiлася ў гэтым, калi сама набыла нацыянальны строй. Па сутнацi, гэты строй стаў нагодай для цiкавай размовы i не адной. I першае, што я пачула, былi словы:

 

Вельмi своеасаблiвая рэч

Iх прамовiла, ўзяўшы ў рукi мотальскую сарочку, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры Людмiла ДАМНЯНКОВА. I патлумачыла, што ў народнай культуры найбольш распаўсюджаны некалькi iншы крой. Для беларусаў характэрна палiк — прамавугольную плечавую ўстаўку — прышываць па ўтку. Уток — гэта папярочныя нiткi тканiны. У мотальскай сарочцы палiк прышыты не па ўтку, а па аснове (доўгi бок палатна), што найбольш характэрна для ўкраiнцаў. Паводле меркавання Людмiлы Дамнянковай, гэта азначае, што ў Моталi iснавала адзiнае з украiнцамi культурнае разуменне формаў i аб’ёмнасцi чалавека. Пры такiм кроi атрымлiваецца большы памер па гарлавiне, якi можна сабраць у зборачку, што дае большы аб’ём верху.

— Для пераважнай часткi Беларусi характэрны зусiм iншыя формы — блiжэй да натуральных, — паведамiла Людмiла Уладзiмiраўна. — Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што беларускi строй, якi мы называем традыцыйным, склаўся ў часы распаўсюджвання рэнесанснага светапогляду, згодна з якiм усё павiнна адпавядаць прапорцыям чалавечага цела. Рэнесанс любiў жанчын устойлiвых, моцнага целаскладу, якiя "выпраменьваюць" здароўе, але без перабольшвання памераў.

Ва Украiне жанчыны, вiдавочна, былi больш пышнацелыя. Таму там традыцыйна палiкi прышывалiся па аснове, як у гэтай сарочцы. Гэта выключная рыса, характэрная менавiта для дадзенага рэгiёна.

Потым мастацтвазнаўца паказала мне дэталь, якую можна назваць

Генiяльнае вынаходнiцтва

Гэта цвiкля, альбо ластавiца, у розных мясцовасцях яна называецца па-рознаму. Невялiкая ўстаўка памiж рукавом i станiнай. Быццам бы звычайны квадратны кавалачак тканiны, аднак калi яго скласцi па дыяганалi, то ён расцягваецца, што дае магчымасць свабодна рухацца. Сарочка пры гэтым не выслiзгвае з-за пояса, не рвецца пад пахамi, якую б работу ты нi рабiў i як бы высока нi падымаў рукi.

Мастацтвазнаўца звярнула ўвагу на тое, што ў мотальскай сарочцы вельмi прыгожае аздабленне нiза рукава. Варыянтаў традыцыйнага аздаблення было шмат: манжэт, вузкая абшыўка...

— А тут нешта ўвогуле цудоўнае, — заўважае спецыялiст, — доўгi рукаў сабраны ў дробненькую, ювелiрнай работы, зборачку, якая выклiкае адчуванне надзвычайнай кранальнасцi. Зверху нашытая палоска з нескладаным, але вельмi прыгожым чырвона-чорна-сiнiм узорам. I ўсё гэта завяршае далiкатны валанчык.

У архаiчнай культуры не было чорнага колеру, быў чырвоны i сiнi. Чырвоны — станоўчы, сiнi — адмоўны. Таму сiняга было вельмi няшмат. Яго прысутнасць адпавядала разуменню вышывальшчыцай жыцця: усё павiнна быць добра, але i дрэннае — непазбежнае.

Такiм чынам колер адлюстроўваў жаночае

Светаўспрыманне

— Сiнi не заўсёды азначаў негатыў, — лiчыць старшы навуковы супрацоўнiк Iнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору iмя К. Крапiвы НАН Беларусi , кандыдат мастацтвазнаўства Марыя ВIННIКАВА. — Калi ён прысутнiчае ў арнаменце ў выглядзе хвалепадобнай лiнii, то, хутчэй за ўсё, сiмвалiзуе ваду. Нездарма ён часта спалучаецца разам з ромбамi — знакамi сонца, зямлi i ўраджаю. У нашым музеi ёсць посуд часоў неалiту — вялiкi вастрадонны гаршчок. На iм вельмi дакладна бачна, што чалавек, якi яго зрабiў, iмкнуўся адлюстраваць сваё разуменне колазвароту вады ў прыродзе. У выглядзе хвалепадобных лiнiй там абазначаны нябесныя запасы вады, ад iх iдуць вертыкальныя лiнii — патокi дажджу, снег i град. Знiзу яны падхоплiваюцца адной хвалепадобнай лiнiяй, якая, вiдавочна, сiмвалiзуе вялiкi вадаём на зямлi.

Аднак калi выкарыстоўваўся толькi сiнi альбо чорны колер, то ён мог азначаць жалобу. Падчас адной з экспедыцый Марыя Вiннiкава сустрэла жанчыну ў Столiнскiм раёне, якая паказала сарочку сваёй мацi. Сарочка была вышыта ў 1960-х гадах, рукавы яе аздоблены кветачкамi i птушкамi, але ўсе яны былi вышыты сiнiмi нiткамi. Аказалася, што ўладальнiца сарочкi згубiла сына — яго забiлi ў маладым узросце, i пасля гэтага яна не выкарыстоўвала чырвонага колеру ў сваiх сарочках.

— Але i чорны не заўсёды быў жалобным альбо сiмвалiзаваў нешта адмоўнае, — дадае Марыя Вiннiкава. — У вёсках Чэрск i Дамачова Брэсцкага раёна да 1914 года арнамент вышывалi цалкам чорнымi нiткамi. Падчас Першай сусветнай вайны насельнiцтва з гэтых вёсак перасялiлi i традыцыя перарвалася. Такi арнамент можна сустрэць не толькi ў нас, ён характэрны для Пабужжа, якое закранае таксама тэрыторыю Польшчы i Украiны. Як мне патлумачылi на Львоўшчыне, гэта звязана з чарназёмам, з пашанай да зямлi.

Дарэчы, у мотальскай сарочцы чорная нiтка выкарыстана не толькi ў арнаменце, ёй дэкарыраваны ўсе швы. I гэта таксама не выпадкова. Бо аздабленне ў традыцыйным касцюме — не столькi ўпрыгажэнне, колькi

Ахова чалавека

Гэта датычыцца i пояса, якi разам з гарсэткай (у Iванаўскiм раёне яе называлi "галёна"), андаракам, фартухам i намiткай — абавязковы элемент жаночага мотальскага строю. У гэтых мясцiнай пояс звычайна быў плецены з ваўняных нiтак, даволi шырокi i доўгi, цёплага чырвонага колеру. Ён гарманiчна злучаў у касцюме верх з нiзам i служыў пераходным звяном памiж духоўным у чалавеку i матэрыяльным, фiзiчным. Пояс насiлi не толькi жанчыны, але i мужчыны, яны павязвалi яго нiжэй за талiю. Больш за тое, мужчына не меў права выйсцi з дому без пояса, як жанчына — без галаўнога ўбору. Нездарма выраз "развязны" адносiцца да чалавека, якi парушыў у паводзiнах дазволеныя межы.

Пояс не толькi падкрэслiваў статнасць фiгуры. Ён абараняў спiну ад холаду, пазваночнiк ад траўмаў, а самога чалавека, асаблiва тое, што звязана з працягам роду, ад нячыстай сiлы.

Марыя Вiннiкава лiчыць, што памiж распаўсюджаным старажытным сiмвалам сонца i народнай традыцыяй нашэння пояса ёсць сувязь. Пояс вакол чалавека — гэта той жа круг з кропкай у цэнтры.

Увогуле, сэнс, значна шырэйшы, чым той, якi мы прывыклi надаваць адзенню, мелi не толькi арнамент i ўпрыгажэннi, але i самi рэчы.

Напрыклад, сарочка ўспрымалася як

Другое цела

Таму ставiлiся да яе асаблiва. Яе нельга было прадаць. Сарочкамi абменьвалiся, яна была знакам роднасцi, еднасцi душ. Калi нехта здымаў з сябе сарочку i адзяваў яе на iншага чалавека, гэта азначала, што гэтыя людзi — адзiнае цэлае. Такое стаўленне адлюстроўваецца ў вясельным абрадзе. Дзяўчына вышывала сарочку свайму будучаму мужу, iшла ў лазню, мылася, апранала на сябе, знiмала, а потым дарыла яму.

У адрозненне ад Гродзеншчыны, дзе гэту частку строю называлi на польскi манер "кашуля", на Палессi яна называлася сарочкай, бо лiчылася, што, каб яе зрабiць, неабходна выканаць СОРАК работ. З iх толькi пасеў iльну давяралi мужчынам. Усё астатняе рабiлi жанчыны.

Яны лён праполвалi, бралi (вырывалi з карэннем, калi ён паспее), вязалi ў снапы i сушылi, везлi дадому абiваць галоўкi. Потым зноў везлi на поле i рассцiлалi або мачылi ў вадзе, потым сушылi. А сушыць часта даводзiлася ў еўнi — спецыяльнай пабудове, дзе льняныя снапы сушылiся над вогнiшчам на жэрдках, якiя трэба было ўвесь час паварочваць, каб не спалiць.

У кастрычнiку лён церлi цернiцай i трапалi, i ад яго ляцела кастра. Адсюль i назва месяца. Потым лён часалi грабянямi i шчоткай над вадой, да таго часу, пакуль на ваду не пераставаў падаць пыл. Так атрымлiвалi кудзелю — вельмi тонкае валакно высокага гатунку.

Падчас Пiлiпаўскага посту пачыналi прасцi. Гэта таксама вельмi доўгая i марудная праца, падчас якой збiралiся i пелi песнi, каб трошкi яе палегчыць.

Ткаць пачыналi па-рознаму. Марыя Вiннiкава расказвае, што ў вёсцы Псышчава Iванаўскага раёна кросны ставiлi толькi пасля Вадохрышча. Але больш за ўсё гэта праца прыпадала на Велiкодны пост. Тады ўжо не збiралiся на пасядзелкi, забаранялася весялiцца i спяваць.

Пачыналi звычайна з больш грубага палатна. А калi дзень станавiўся даўжэйшым, ткалi ўзорыстае. Прычым жанчыне трэба было трымацца вельмi шмат забарон. Яна павiнна была спавядацца, малiцца, быць у жаночай чысцiнi, трымаць пост, ёй нельга было перашкаджаць. I як яна садзiлася за кросны, так i не ўставала, пакуль не заканчвала работу.

Нездарма я, калi апранула сарочку, адчула сябе незвычайна. Марыя Вiннiкава заўважыла, што гэта адбываецца з кожным. Мяняюцца не толькi рухi ў чалавека, але i твар, нават думкi. Магчыма гэта звязана яшчэ i з тым, што сам лён быў абярэгам. У многiх раёнах Беларусi яго называлi

Божая свяча

Лiчылася, што ён сам па сабе аберагае душу i цела ад нячыстай сiлы. Выбелены лён супрацьпастаўляўся цемры, асацыяваўся з Божым светам, Божай благадаццю. Аднак адзенне з лёну мела пачатак i канец, i там, дзе палатно мела край, альбо разразалася, нашы продкi ставiлi перашкоду для ўсяго цёмнага — вышывалi альбо ткалi арнамент.

— У цэнтральных раёнах Брэстчыны: Iванаўскiм, Драгiчынскiм i Iвацэвiчскiм, не было пышнага арнаменту, — заўважае Марыя Вiннiкава. — Там захаваўся да пачатку ХХ стагоддзя вельмi архаiчны арнамент у выглядзе тонкiх чырвоных палосак.

Строi гэтага арэала адрознiваюцца вытанчанай прыгажосцю, якая ўвасаблялася ў першую чаргу ў высокай якасцi палатна: надзвычай тонкага i белага. У сапраўды ювелiрнай работы складачках i швах.

— Калi мы падчас экспедыцый паказваем кужэльнае палатно з Брэстчыны старым жанчынам на ўсходзе Беларусi, яны кажуць: "Не, гэта фабрычнае палатно", — узгадвае Людмiла Дамнянкова. — Магчыма, справа ў прыродных умовах, у якiх лён расце.

— I не толькi, — дадае Марыя Вiннiкава. — Яшчэ ў гатунках лёну i сапраўды першакласным майстэрстве жанчын гэтага рэгiёна, што можна патлумачыць уплывам Радзiвiлаўскiх мануфактур.

I нарэшце, аповед пра iванаўскi, i мотальскi, у прыватнасцi, строй будзе не поўным, калi не расказаць пра галаўныя ўборы, якiя яго

Вянчалi

Толькi дзяўчыне дазвалялася хадзiць з непакрытай галавой i нават з распушчанымi валасамi. Ужо падчас вяселля над ёй здзяйснялi абрад завiвання. На Iванаўшчыне жанчыны накручвалi валасы на абручык з iльняной кудзелi, абшытай палатном. Зверху надзявалi чапец. А паверх чапца яшчэ да пачатку ХХ стагоддзя замужнiя жанчыны насiлi намiткi.

— У кожнай мясцовасцi завiвалi намiтку альбо плат асаблiвым чынам, — кажа Марыя Вiннiкава. — I сёння ўжо, на жаль, мала хто ведае, як гэта робiцца. Ды i самiх намiтак мала засталося, бо звычайна яе клалi ў труну альбо завiвалi яе на нябожчыцу.

У 20—30-я гады мода змянiлася, i маладзейшыя жанчыны сталi насiць хусткi. Прычым менавiта ў гэтым рэгiёне не абы якiя, а батыставыя альбо маркезетавыя — з тонкай баваўнянай тканiны фабрычнага вырабу, якая пры складваннi ўдвая давала муаравы эфект. Такое палатно адпавядала прывычнай для гэтых мясцiн тонкасцi лёну.

Хустка добра крухмалiлася, каб канцы трымалi форму.

З-пад хусткi павiнен быць бачным ажурна сплецены чапец, якi ў Iванаўскiм раёне плялi асаблiвым чынам — не пруткамi i не кручком, а рукамi.

— Гэта вельмi старажытны вiд пляцення, беларускую назву якога я не сустракала, а вось за мяжой яго называюць спрэнгавым, i вельмi цяпер папулярны, — тлумачыць Марыя Вiннiкава. — Рэчы атрымлiвалiся вельмi эластычнымi, iх можна было добра расцягнуць i добра зацягнуць. Гэта датычыцца i паясоў.

Марыя Вiннiкава звярнула ўвагу, што намiткi альбо платы — гэта вельмi старажытная агульнаславянская традыцыя, пра што сведчаць мiнiяцюры i фрэскi ХI—ХIII стст., на якiх жанчыны адлюстраваны ў такiх галаўных уборах.

— I мы можам ганарыцца, — дадае яна, — што на Беларусi гэта традыцыя захавалася ажно да пачатку мiнулага стагоддзя i дзякуючы гэтаму не згубленая.

Марыя Мiкалаеўна сама ездзiла па Беларусi i вучылася ў старых жанчын мастацтву завiвання намiтак.

— Магу вас павiншаваць, — сказала мне мастацтвазнаўца.— Вы набылi ў Моталi сапраўды каштоўныя рэчы, асаблiва сарочку. Яна адносiцца да пачатку ХХ стагоддзя. Гэта не проста сарочка — гэта твор мастацтва. Як практычна кожная традыцыйная рэч.

— Цi магла яна быць вянчальнай?

— Магла. Але пра гэта дакладна можа ведаць толькi яе ўладальнiца. Вам трэба было распытаць.

Можа яшчэ i распытаю. Чамусьцi цяпер цягне ў Моталь. Можа сарочка ў тым вiнаватая. Адна жанчына, убачыўшы яе ў мяне, патрымаўшы ў руках, раптоўна папрасiла:

— Прадайце яе мне! За любыя грошы!

Мне давялося яе расчараваць. Не толькi нiкому не прадам, але буду iмкнуцца купiць нешта з традыцыйнага адзення яшчэ. Калi пашанцуе. Цяжка патлумачыць — навошта. Проста да гэтага немагчыма застацца абыякавым. Варта толькi дакрануцца...

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошнiм часам узрастае цiкаўнасць да традыцыйнай культуры. Гэта ўласцiва не толькi Беларусi. У час глабалiзацыi i адкрытых межаў людзi iнтуiтыўна паця
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика