21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Капітан мiлiцыi быў ласы на кiлбасы

26.08.2009 10:30 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Капітан мiлiцыi быў ласы на кiлбасы

Ананiмныя пiсьмы i заявы ва ўпраўленне Дэпартамента фiнансавых расследаванняў Камiтэта дзяржаўнага кантролю Беларусi па Гомельскай вобласцi прыходзяць не так ужо часта, але ўвага да iх, можна сказаць, не знiжаецца. Асаблiва ў тых выпадках, калi ў iх гаворыцца аб карупцыйных дзеяннях чыноўнiкаў, кiраўнiкоў прадпрыемстваў цi iншых катэгорый людзей.

Такiм было i пiсьмо з рамонтна-механiчнага завода аднаго з гарадоў вобласцi, якое было падпiсана: "калектыў рабочых". Яно крычала: разбярыцеся, калi ласка, з хапугамi, прымiце да iх меры, бо ўжо няма сiлаў глядзець, як яны набiваюць свае кiшэнi. Гэта дырэктар Іван Краўчук i яго зяць Сцяпан Лiс (у гэтым артыкуле ўсе прозвiшчы зменены. — У. П.). Апошнi працаваў на прадпрыемстве намеснiкам начальнiка энергамеханiчнага аддзела, ды звольнiўся i арганiзаваў фiрму па вырабе вокнаў з дрэва i ПВХ i наладзiў вытворчасць металаканструкцый. Не маючы адпаведных лiцэнзiй, за наяўныя грошы ён купляе на заводзе неабходныя матэрыялы, а аплата за iх бярэцца як за адходы вытворчасцi. Фiрмач на заводзе паставiў ужо 150 вокнаў, якiя не адпавядаюць нi якасцi, нi цане. I ўвесь час ён выйграе тэндар. Яшчэ б! Цесць дапамагае. Карупцыя. Спынiце яе. Бо адмыюць сотнi мiльёнаў рублёў.

Кiраўнiкi ўпраўлення такое пiсьмо ў скрыню, натуральна, не маглi пакласцi. Занадта ўжо сур’ёзныя факты ў iх прыводзiлiся, i iх патрабавалася праверыць. Таму на iм з’явiлася адпаведная рэзалюцыя, i скарга была накiравана ў мiжраённы аддзел упраўлення Дэпартамента. Яго начальнiк яго распiсаў яе старшаму iнспектару па асаблiва важных справах аператыўнага аддзялення капiтану фiнансавай мiлiцыi Станiславу Прымачэнку, даўшы месячны тэрмiн для таго, каб устанавiць iсцiну.

Кiраўнiцтва было ўпэўнена, што Прымачэнка дабярэцца да самай сутнасцi справы. Бо вельмi вопытны спецыялiст, да ўсяго ў жыццi даходзiў сваiм розумам i хваткай, нiхто яго нiдзе на рабоце не падседжваў. Пачынаў сваю рабочую бiяграфiю Станiслаў Сяргеевiч падсобным рабочым, грузчыкам пасля заканчэння школы. Адслужыў армiю, зноў жа працаваў: лушчыльшчыкам, валачыльшчыкам i па накiраваннi прадпрыемства пайшоў працаваць у мiлiцыю ў патрульна-паставую службу. Быў i мiлiцыянерам-кiнолагам, i следчым, i следчым па асаблiва важных справах. Закончыў Акадэмiю Мiнiстэрства ўнутраных спраў, мае добрую тэарэтычную падрыхтоўку. Яго перакiдвалi працаваць i ў Жлобiн, i ў Маладзечна, i ў Мiнск, дзе ён зарэкамендаваў сябе з лепшага боку.

Адным словам, чалавек ведае жыццё, ведае, як падыходзiць да самай складанай справы. Яму i карты ў рукi. Праўда, ён — навiчок у раёне, усяго пяць месяцаў працуе ў аддзеле. Можа гэта i добра, бо яшчэ знаёмых тут няма, якiя б маглi звяртацца з просьбай дапамагчы, калi хто ўлiпне ў непрыгожую гiсторыю. Жыццё ёсць жыццё.

Станiслаў Сяргеевiч прачытаў ананiмку ўважлiва i з цiкавасцю. Прыкiнуў, як будзе дзейнiчаць. Уявiў, як будуць паводзiць сябе, якiя тлумачэннi будуць даваць тыя, каго ў ананiмцы называлi хапугамi, карупцыянерамi. Пiсьмо ён паклаў у сейф з тым, каб заняцца iм ужо заўтра. А сам задумаўся аб сваiм жыццi-быццi.

Яму 37 гадоў. У рабоце дасягнуў нямала. Аўтарытэт i павага ёсць. А далей што яшчэ? Куды нi пераводзiлi працаваць, кватэру не давалi. Калi было далёка ад горада, дзе жыла яго сям’я, наведваўся да родных на выхадныя, калi не так далёка, як вось зараз, дык кожны дзень матляецца на сваёй легкавушцы да трохгадовага сына i жонкi, якая знаходзiцца ў дэкрэтным водпуску i атрымлiвае толькi дзiцячую дапамогу. За мiнулы год яна склала 904 210 рублёў. Цяжкавата. А тут яшчэ адна непрыемнасць: не справiўся з кiраваннем i пашкодзiў аўтамабiль. Яшчэ адна затрата...

На наступны дзень капiтан пачаў работу над ананiмкай. Як яна праходзiла, няма сэнсу расказваць, але адзначым, што парушэннi пэўныя ў афармленнi дакументаў на заводзе былi. Адначасова тлумачэннi яму даваў i iндывiдуальны прадпрымальнiк Сцяпан Лiс, якога ён запрасiў у свой кабiнет. Размова iшла тактоўная, i апошнi тлумачыў, што ён вырабiў сем вокнаў усяго для завода, што цэны на iх былi нiжэйшыя, чым у iншых пастаўшчыкоў, якiя зрабiлi прадпрыемству адпаведна 13 i 47 вокнаў, што тэндар наогул не праводзiўся, бо сума заказу была невялiкая, што на гэта быў проста складзены канкурэнтны лiст з прыкладаннем камерцыйных прапаноў аналагiчных пастаўшчыкоў, якiя патрабавалi стопрацэнтнай перадаплаты заказу ў адрозненне ад яго 50-працэнтнай.

Пасля была яшчэ не адна сустрэча, бо праверка працягвалася, удакладняўся цэлы шэраг пытанняў. Аднойчы Станiслаў Сяргеевiч пазванiў прадпрымальнiку i прапанаваў яму прыйсцi да яго ў 19 гадзiн. Той адказаў, што не зможа, бо ў яго неадкладныя справы. Лепей заўтра. Згода.

На наступны дзень капiтан папрасiў падвезцi яго пасля гутаркi ў кабiнеце да завода i ў час паездкi прапанаваў спынiць легкавушку на вулiцы. Не выходзячы з яе, паказаў яму той канкурэнтны лiст. I катэгарычна заявiў: у вас з цесцем — змова. Пахне карупцыяй, артыкуламi Крымiнальнага кодэкса. Справа раскручваецца як мае быць. I ў яго, капiтана фiнансавай мiлiцыi, два шляхi вырашэння праблемы. Адна — давесцi ўсё да канца, заслужыць яшчэ адну зорачку на пагоны i, магчыма, павышэнне па службе. Другая — ён можа закрыць справу, спiсаць яе. Але за гэта трэба заплацiць. Такое дарма не робiцца. Тым больш што сям’я апынулася ў цяжкiм матэрыяльным становiшчы.

Сцяпан Лiс ад пачутага ажно ўспацеў. Во як! Цi краты, цi водкуп? Што лепей? Раней iнспектар лёгкiмi намёкамi выказваў такое, завуалявана неяк гаварыў аб гэтым, i хоць ён, Лiс, здагадваўся, што мае на ўвазе капiтан, але сваю думку выказваць асцерагаўся: а раптам той кажа гэта з мэтай правакацыi. А тут на табе: прама ў лоб прапанова. Альбо — альбо...

— Я даю шанц, — працягваў капiтан, — i ведаю ваш выбар. Суму можаце вызначыць самi.

Ашаломлены прадпрымальнiк не мог адразу ўцямiць што да чаго, але рэальна ўспрыняў пагрозу iнспектара аб магчымым узбуджэннi крымiнальнай справы, што вымусiла яго на некалькi хвiлiн задумацца, а потым напiсаць на вiзiтцы: $5000. Станiслаў Сяргеевiч зiрнуў на яе i адрэзаў: ды вы такую драбязу павiнны даваць мне кожны месяц. Узяў аўтаручку i пасля ўказанай сумы паставiў знак памнажэння, лiчбу 2 i падсумаваў: $10 000. Затым дадаў: калi згода, мне ў кабiнеце скажаце ўмоўную фразу: "Хачу з вамi абмеркаваць пару пытанняў".

Прадпрымальнiк, такiм чынам, быў пастаўлены перад выбарам, i ён думаў аб iм. Таму, напружыўшыся, накiраваўся з заявай... да чакiстаў, якiя выслухалi яго ўважлiва i прапанавалi паўдзельнiчаць у правядзеннi аператыўнага эксперыменту па выкрыццi i затрыманнi хабарнiка.

Зайшоўшы ў чарговы раз у кабiнет капiтана, Сцяпан Лiс сказаў яму, што патрэбна некалькi дзён, каб да тых пяцi тысяч, якiя ён мае, знайсцi столькi ж. Той пагадзiўся чакаць, i вось наступiў дзень 26 сакавiка, калi прадпрымальнiк даў зразумець, што ён гатовы перадаць грошы. Яны селi ў легкавушку Лiса, i той спытаў, куды ехаць. Куды-небудзь, быў адказ. Можа, на набярэжную ракi? Не. А куды? У бязлюднае месца. Дзе няма машын, бо хто яго ведае, хто ў iх сядзець можа.

Вось так быў узяты курс за горад. У лес. Прадпрымальнiк перадаў скрутак, перахоплены гумкай, капiтану i сказаў: тут дзевяць тысяч. Па-першае, не знайшоў у каго пазычыць яшчэ, а па-другое, хачу дакладна ведаць, што справа будзе закрыта. Я ўсё яшчэ баюся. Цi атрымаецца, як сказалi, Станiслаў Сяргеевiч? Цi ёсць гарантыя? А раптам усё выплыве, вылузнецца? Усё будзе нармальна, супакойваў яго капiтан, выкладваючы грошы, не пералiчваючы iх, у свой чорны партфель з кодавым замочкам. Я таксама не хачу непрыемнасцяў. Калi я сказаў, што змагу, дык ведай: слоў на вецер не кiдаю. Нiколi.

Калi выязджалi з лесу, капiтан азiраўся з легкавушкi па баках. Усё цiха, спакойна. Камар носу не падточыць. Не мог ён тады падумаць, што гэтае самасупакаенне было памылковым. Бо, калi яны праехалi палавiну горада, з трох легкавушак выскачылi на святлафоры чакiсты, выцягнулi яго з машыны i закавалi ў наручнiкi. Тут жа з’явiлiся i панятыя. Так закончылася гэта аперацыя.

Папярэдняе следства працягвалася некалькi месяцаў. У час яго капiтан фiнансавай мiлiцыi даваць паказаннi катэгарычна адмовiўся, а на судзе гэтак жа катэгарычна, без кроплi раскайвання ва ўчыненым крымiнале, заявiў, што нiякага хабару ён не браў, што грошы яму падкiнулi ў партфель чакiсты, калi арыштоўвалi, што выязджаў на прыроду з прадпрымальнiкам для таго, каб "завербаваць" яго ў памочнiкi мiлiцыi. Бо ведаў, што вынесе адмову ва ўзбуджэннi крымiнальнай справы, але вырашыў прыцягнуць Сцяпана Лiса да так званай негалоснай дзейнасцi, каб ён пастаўляў мiлiцыi патрэбную iнфармацыю.

Усё сказанае iм разбiлася аб неабвержныя доказы i пацярпелага, i сведак, у тым лiку i яго непасрэднага начальнiка. Суд першай iнстанцыi прыгаварыў яго як службовую асобу, якая павiнна змагацца са злачынствамi, але якая сама ўчынiла цяжкае злачынства, да васьмi гадоў пазбаўлення волi ў калонii ўзмоцненага рэжыму з канфiскацыяй маёмасцi. Касацыйная скарга яго ў вышэйшую судовую iнстанцыю задаволена не была.

У гэтым матэрыяле мы хацелi б паставiць кропку на такiм цiкавым факце. Са сваiм заключным словам былы капiтан выступаў з выключным пафасам. Частку яго працытуем. "Нават зняўшы пагоны, я працягваю службу. Я памятаю прысягу стойка пераносiць усе цяжкасцi i нягоды службы. I грамадзяне маёй краiны застаюцца пад маёй абаронай. Людзi, якiя зняславiлi мяне, раскрылi толькi сабачую сутнасць, але не заплямiлi мяне. Я застаюся мужчынам i афiцэрам. Гонар маю!".

Што тут скажаш яшчэ? Чалавек нiчога не зразумеў цi што?

Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ананiмныя пiсьмы i заявы ва ўпраўленне Дэпартамента фiнансавых расследаванняў Камiтэта дзяржаўнага кантролю Беларусi па Гомельскай вобласцi прыходзяць
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика