"Жывы" агонь для кватэры, або "Іскрынка" ў інтэр’еры
"Жывы" агонь для кватэры, або "Іскрынка" ў інтэр’еры
Напэўна, не знойдзецца чалавека, якi б не любiў глядзець на агонь. У паходзе, на пiкнiку мы заўсёды з задавальненнем (асаблiва "стопрацэнтныя" гараджане) сядзiм каля вогнiшча, ахвотай раз-пораз падкiдваючы ў яго галiнку-другую, запякаем бульбу, смажым сала. Хто не мае магчымасцi выбрацца на прыроду, смажыць шашлыкi на сваiх дачных участках. Хоць бы i ў мангале, але зноў жа — на жывым агнi. Можна яго мець i ва ўласным жыллi: камiны ўжо даўно перасталi з’яўляцца прэрагатывай выключна шыкоўных катэджаў цi сядзiб, што арыентаваны на экаагратурызм. I ў звычайнага чалавека часам можна сустрэць у доме складзены з цэглы або камянёў — уласнаручна цi з дапамогай майстра — камiн. Цёпла, утульна, "разынка" (у нашым выпадку — "iскрынка" ў iнтэр’еры... А калi хочацца падобнага ў гарадской кватэры? Выйсцем могуць стаць сучасныя электракамiны. Дроў не трэба, дыму няма — адно задавальненне. Вам "буржуйку" цi хай тэк? Электракамiн можа мець ад адной да дзвюх асноўных частак. Па-першае, гэта ўласна сама электратопка. Многiя мадэлi толькi з яе i складаюцца. На знешнi выгляд гэта можа быць, напрыклад, невялiкая па памерах чыгунная лiтая печка на ножках, якая ўстанаўлiваецца на падлогу. Можа быць iмiтацыя печы-"буржуйкi" (з трубой i дзверцамi). Так бы мовiць, рэтрастыль. Электратопкi выконваюцца i ў больш сучасных варыяцыях: са шкла, пластыку, металу. Знешне нагадваюць экран тэлевiзара, iх можна вешаць на сцяну. Ёсць мадэлi, якiя ў гэтую самую сцяну трэба ўбудоўваць, але гэты варыянт, хутчэй, для катэджаў (i прамавугольнай, i круглай формы). Па-другое, гэта аблiцоўка або партал. Электракамiны, якiя складаюцца з дзвюх частак — топкi i партала, большыя па памерах (хоць мы ў прынцыпе гаворым пра кампактныя, якiя падыходзяць для абмежаванай прасторы гарадской кватэры рэчы). Звычайна такiя электракамiны ўстанаўлiваюць уздоўж сцяны, хоць ёсць i вуглавыя мадэлi. Могуць быць як перасоўныя, так i стацыянарныя. У апошнiм выпадку партал вырабляецца непасрэдна ў кватэры заказчыка: па стандартным або iндывiдуальным праекце. Для вырабу партала выкарыстоўваюцца самыя розныя аддзелачныя матэрыялы, прычым як натуральныя, так i штучныя: метал, драўнiна, мармур, пластык, штучны камень. У прынцыпе партал можна зрабiць i самому, напрыклад, з лiстоў шчыльнага пенапласту цi з гiпсакардону, аблiцаваўшы потым яго на ўласны густ чым заўгодна: керамiчнай плiткай, штучным каменем, плёнкай, што iмiтуе тэкстуру драўнiны i г.д. А можна зрабiць i з сапраўднай цэглы — на адну-дзве цаглiны ў глыбiню. Усё гэта дазваляе "ўпiсваць" электракамiн у любы iнтэр’ер — ад класiчнага да хай тэка. Месца па глыбiнi (акрамя вуглавых мадэляў i, натуральна, вырабленых паводле iндывiдуальнага праекта) большасць займае зусiм няшмат. Гэта яшчэ i абагравальнiк Электратопка па сваёй канструкцыi даволi простая: некалькi лямпачак чырвонага колеру, вентылятар, экран са шкла з тканiнай, якi ўласна i iмiтуе языкi полымя. Усё гэта закрываецца бутафорскай камерай згарання палiва. У якасцi апошняга можа выступаць як самы сапраўдны вугаль, так i штучная пластыкавая iмiтацыя дроў. Ступень "сапраўднасцi" можа быць таксама рознай. Яшчэ адна iстотная заўвага: практычна ўсе электракамiны — гэта i абагравальнiкi адначасова (у сапраўднага камiна гэта некалi было асноўнай функцыяй). Прычым самыя паўнавартасныя — магутнасць iх складае 1—2 кВт. У больш складаных мадэлях ёсць нават магчымасць самастойна выбiраць i ўстанаўлiваць патрэбны паказчык магутнасцi. Можа мецца ўбудаваны рэгулятар, якi аўтаматычна будзе падтрымлiваць выбраную вамi тэмпературу паветра ў пакоi. Паколькi магутнасць абагравальнiкаў з’яўляецца адной з самых вялiкiх сярод iншай бытавой тэхнiкi, варта ў чарговы раз нагадаць, што ваша электраправодка павiнна быць гатовай да такiх выпрабаванняў. I меры перасцярогi пры карыстаннi электракамiнам у рэжыме абагрэву трэба прымаць адпаведныя: не пакiдаць на доўгi час уключаны прыбор без нагляду, не накрываць яго. Працаваць электракамiн можа як у рэжыме адначасовай iмiтацыi "вогнiшча" i абагрэву, так i проста радаваць вас языкамi "полымя", ствараючы ўтульную абстаноўку ў доме. Пры працы ў апошнiм рэжыме спажывацца электраэнергii будзе столькi ж, колькi патрэбна звычайным лямпачкам напальвання. Задавальненне, што не патрабуе дроў У сталiцы продажам электракамiнаў i адпаведных аксесуараў займаецца ўсяго некалькi фiрмаў. На будаўнiчых рынках iх прапаноўваюць па адным-два павiльёны. Няшмат, улiчваючы спецыфiку тавару (некаторыя з iх займаюцца яшчэ i продажам або вырабам сапраўдных камiнаў). З iншага боку, наведаўшы нядаўна некалькi такiх магазiнаў, быў здзiўлены колькасцю наведвальнiкаў. Большасць, вядома ж, заходзiла для цiкаўнасцi, але некаторыя нешта i набывалi. Паводле слоў прадаўцоў, у продажы былi пераважна электракамiны з Iрландыi, якiя траплялi да нас праз Расiю. Яшчэ сярод пастаўшчыкоў называлi ЗША, Францыю, Кiтай. Калi гаварыць пра цэны, усё залежыць ад таго, што браць. Невялiкая лiтая чыгунная печка на падлогу (чорны колер з аздабленнем дзверцы пад латунь) каштавала каля 680 тысяч рублёў. Асобна ўзятая электратопка магутнасцю 2 кВт мела цэннiк амаль на 1,5 мiльёна рублёў. Кошт асобна ўзятых парталаў (натуральная драўнiна з пацiнкай — элементам дэкору "пад старажытнасць") складаў удвая большую суму. З iншага боку, побач за тыя ж прыкладна 1,5 мiльёна рублёў можна было набыць гатовы — з топкай i парталам — электракамiн. На iншым будаўнiчым рынку бачыў неяк мадэлi па 1,2 мiльёна — зноў жа "два ў адным". Словам, пры жаданнi можна ўпiсацца ў адносна невялiкiя грошы. Асаблiва, калi вы збiраецеся набываць, напрыклад, масляны абагравальнiк. Для вялiкага пакоя, з убудаваным увiльгатняльнiкам цi вентылятарам такi бытавы электрапрыбор будзе каштаваць ад 100 долараў. Лiчыце, што вы iх зэканомiлi, адклаўшы на будучае набыццё электракамiна для вашага жылля. Хоць насамрэч устанаўлiваюць iх не столькi для цяпла, колькi для вiдовiшча "жывога агню". Дарэчы, гавораць, што вытворцы хутка навучацца iмiтаваць у электракамiнах патрэскванне i водар драўнiны, што "гарыць" у топцы... Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напэўна, не знойдзецца чалавека, якi б не любiў глядзець на агонь. У паходзе, на пiкнiку мы заўсёды з задавальненнем (асаблiва "стопрацэнтныя&quo
|
|