"Востраў" Сахалiн
"Востраў" Сахалiн
За дзесяць тысяч кiламетраў на ўсход, там, дзе прачынаецца Сонца, размясцiўся самы вялiкi востраў Расii — Сахалiн. Найбольш зручны спосаб дабрацца сюды з Мiнска — самалёт. Менш за два днi пералёту, з улiкам перасадак i сну ў залах чакання — i вы ў Паўднёва-Сахалiнску — абласным цэнтры вострава...
За 10 тысяч рублёў. На Поўдзень
За 10 тысяч рублёў. На Поўдзень
За 10 тысяч рублёў. На Поўдзень Аддаленыя рэгiёны Расii не карыстаюцца вялiкай папулярнасцю ў нашых турыстаў. Калi i заязджаюць беларусы так далёка, то ў большасцi сваёй на заробкi. А я больш скажу: i ехаць туды не трэба! Ёсць у нас свой "востраў" Сахалiн, i не адзiн. Вёскi з такiмi назвамi размясцiлiся адразу ў некалькiх кутках краiны. Сёння я вырашыў выбрацца ў Слуцкi раён. Ведаю, куды еду, таму i апранаюся ў адпаведнасцi з суровым марскiм клiматам. Ранiшнi дождж, такi звычайны для сахалiнцаў, становiцца сюрпрызам: сiноптыкi абяцалi сонца. Даводзiцца захапiць пару незапланаваных цёплых рэчаў. З цяжкiм заплечнiкам, захутаны ад халоднага ветру, я выпраўляюся на востраў. За 10 тысяч рублёў на маршрутцы можна даехаць да раённага цэнтра. Я скарыстаўся аўтастопам. Будны дзень багаты на аўтамабiлi, але толькi да Слуцка. Далей даводзiцца шукаць праезду ў мясцовага насельнiцтва. Вёска маленькая, на карце не значыцца. Арыентацыя — Знамя, цэнтр сельсавета. У навакольных са Слуцкам вёсках усе ведаюць Сахалiн. Раяць скарыстацца машынай, таму што грамадскi транспарт туды не ходзiць. На шчасце, сельскагаспадарчая тэхнiка яшчэ не залегла ў зiмовую спячку. З палёў звозiцца ўраджай, таму спынiць грузавiк не выклiкае цяжкасцяў. Адзiная непрыемнасць: усё ж сiноптыкi на гэты раз мелi рацыю. Сонца пачало прыпякаць. Незвычайнае надвор’е для гэтага перыяду года на Сахалiне. А вось моцны вецер праз усё падарожжа нагадваў, што знаходзiшся ўсё ж такi на "далёкiм усходзе". На шашы ўказальны знак падказвае: трэба павярнуць направа. Далёка за полем вiдаць дахi вясковых хат. Вунь ён — Сахалiн... Ахоўнiк Мiкалая ІI Вёска размясцiлася сярод бяскрайняга поля. У гэтым раёне Случчыны мала лясоў. Вецер прадувае кожны сантыметр зямлi. Толькi жылыя пабудовы — якая-нiякая перашкода для яго. Адшукаць Сахалiн не выклiкае цяжкасцяў. Пясчаная дарога праз поле заканчваецца населеным пунктам. На ўездзе знак падкажа, што вы на месцы. Адна вулiца зiгзагам праходзiць праз усю вёску. Хаты размясцiлiся з левага боку. У большасцi з iх даўно нiхто не жыве. Выкупляць пакiнутыя дамы не спяшаюцца. Так i стаяць не першы год без даглядчыкаў i гаспадароў. Па мерках гiсторыi, вёска Сахалiн маладая, па чалавечых — куды старэйшая. Парадокс! Заснаваная была яна ў 1924 годзе ў час станаўлення Савецкай улады. Размеркавалi надзелы памiж сялянамi i пачалi будавацца. Лес на хаты цягалi на конях аж за 20 кiламетраў ад новага пасялення. Нiчога не зробiш: поле навокал! Назву выбралi невыпадкова. Як i сапраўдны востраў Сахалiн, пасёлак знаходзiўся наводшыбе. Даехаць да яго заўсёды было складана. Катастрофа прыходзiла з вясновымi паводкамi. На некалькi месяцаў "мора" аддзяляла вёску ад цывiлiзаванага свету. На канi праехаць было цяжка, не кажучы ўжо пра машыну. Карэнныя жыхары вёскi — гэта людзi сталага веку. "Сем чарапоў засталося толькi", — з жалем гаворыць Лявон Самуiлавiч Падлiпскi, старажыл Сахалiна. Ён нарадзiўся тут i нiколi не мяняў прапiскi. "Раней дзяцей было шмат. Усе ў навакольных вёсках дзiвiлiся: хто вам iх столькi нарабiў. Цяпер жа нiкога не засталося. У мяне сыны ў горад падалiся. Але бацьку не зыбываюць. Прыязджаюць кожныя выхадныя". Лявон Самуiлавiч нарадзiўся ў 1929 годзе. Яго бацька быў сярод першых, хто прыехаў засяляць Сахалiн. Родам быў з-пад Слуцка. Пры царызме быў прызваны ў армiю. Даслужыўся да ахоўнiка самога Мiкалая II! Бачыў яго кожны дзень. Расказваў сыну, як цар любiў весцi гаспадарку, кожнай ранiцай сек дровы. Вельмi любiў сваiх дзетак i ўсё рабiў, каб яны былi шчаслiвымi. Пасля Лютаўскай рэвалюцыi Самуiл Падлiпскi падтрымаў Часовы ўрад i стаў турэмным ахоўнiкам цара, на баку iншага палiтычнага рэжыму. Пасля прыходу Саветаў падаўся на Радзiму. Атрымаў свой надзел у Сахалiне. Самуiл Падлiпскi вельмi трымаўся сваёй зямлi. Але лёс распарадзiўся iнакш. У канцы 30-х сям’ю раскулачылi. Апынуўся былы ахоўнiк цара Мiкалая II на адной з будоўляў СССР. Яму пашчасцiла выжыць у ГУЛАГу i вярнуцца ў Сахалiн. Дапамог лагерны доктар. Аднойчы жонка перадала кавалак сала мужу. Самуiл вырашыў аддаць яго доктару, за што апошнi падрабiў даведкi аб цяжкiм захворваннi "кулака". Каб хвароба не скасiла iншую рабочую сiлу, было вырашана адправiць Самуiла дамоў. Лявон Падлiпскi ўспамiнае, як бацька скардзiўся на савецкi кiнематограф, якi няправiльна паказваў апошняга расiйскага цара i яго сям’ю. Пасля вайны Лявон Самуiлавiч працаваў малатабойцам. Потым у калгасе быў механiзатарам. Нiколi нiкуды не з’язджаў. На цяперашняе жыццё не скардзiцца. Атрымлiвае добрую пенсiю. Раней зарабляў на сваёй гаспадарцы: здаваў яблыкi. Аўтакрама прыязджае два разы на тыдзень. Амаль нiхто ёй не карыстаецца. Да ўсiх жыхароў прыязджаюць з горада дзецi, прывозяць усе неабходныя рэчы. "Я дэтэктывы люблю, — кажа карэнная жыхарка Сахалiна Таццяна Семiновiч. — А яшчэ выпiсваю раёнку i абласную газету. Тэлевiзар ёсць. Радыё таксама". Хоць i знаходзiцца Сахалiн наводшыбе, але ўсе прыкметы цывiлiзацыi вiдавочныя. Ноччу лiхтары асвятляюць вёску. У кожнага свой тэлефон. Сем чалавек, якiя пастаянна жывуць тут, сябруюць памiж сабой. Няма канфлiктаў i з iншымi вёскамi. Жыхары з суседнiх "Курыльскiх астравоў" — пасёлак Свабодны — часта наведваюцца да сахалiнцаў у госцi. Пасёлак Сахалiн — звычайная беларуская вёска. Не адчуваецца тут, як на расiйскiм баку, японскага ўплыву. На "таётах" i маздах тут не ездзяць. Аддаюць перавагу вясковай тэхнiцы i веласiпеду. I сушы тутэйшыя жыхары нiколi не каштавалi. Вядуць уласную гаспадарку i радуюцца прыезду ўнукаў. Цiкавыя факты Назва Сахалiн паходзiць з маньчжурскай мовы (Кiтай) i абазначае "Чорная рака". Нам больш вядомая як Амур. Але аднойчы назву на карце памылкова аднеслi да вострава i больш не выпраўлялi ў наступных выданнях. Так i пакiнулi — Сахалiн. У 50-я гады Сталiн вырашыў звязаць востраў з мацерыком чыгуначным тунэлем. У 1953 з абодвух бакоў пад пралiвам пачалi капаць насустрач адзiн аднаму вязнi ГУЛАГа, якiх налiчвалася 27 тысяч чалавек. Але раптоўная смерць правадыра сарвала будоўлю. Вязнi былi вызваленыя, а работы больш нiхто не ўзнаўляў. Уладзiслаў Кузьмiн.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За дзесяць тысяч кiламетраў на ўсход, там, дзе прачынаецца Сонца, размясцiўся самы вялiкi востраў Расii — Сахалiн. Найбольш зручны спосаб дабрацца сюд
|
|