21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Крызiс: прамежкавыя вынiкi i ўрокi

26.08.2009 10:43 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Крызiс: прамежкавыя вынiкi i ўрокi

Аб сучасных глабальных выклiках i нацыянальных адказах на iх, першых уроках сусветнага фiнансавага крызiсу для эканомiкi краiны наш карэспандэнт гутарыць з незалежным беларускiм эканамiстам, кiраўнiком аналiтычнага цэнтра "Стратэгiя" Л.Ф. Заiкам.

— Леанiд Фёдаравiч, сёння дакладна нiхто не скажа, i вы ў тым лiку, як нам доўга давядзецца чакаць завяршэння глабальнага фiнансавага крызiсу. Таксама нiхто дакладна не скажа, якiя будуць сапраўдныя яго наступствы. Але няма сумненняў у тым, што нас чакае нялёгкая праца па iх пераадоленнi. Таму ўжо зараз, вiдаць, можна i трэба зрабiць пэўныя высновы аб асаблiвасцях гэтага крызiсу, прыродзе яго прамых i ўскосных прычын з тым, каб хутчэй знайсцi шляхi выйсця са складанай сiтуацыi. Дык якая галоўная выснова?

— Першае, я не прэтэндую на лаўры аракула.

Другое, весцi прадметную размову аб нейкiх вынiках i тым больш уроках сусветнага фiнансавага крызiсу пакуль заўчасна. Сапраўдны поўнамаштабны крызiс — гэта спыненне прадпрыемстваў, вялiкае беспрацоўе, дэвальвацыя рубля, падзенне цэнаў на жыллё i многiя тавары, рэзкiя скачкi курсаў валют i iншыя вельмi непрыемныя рэчы. Вы iх назiраеце? Я таксама не. Пакуль. Але цунамi толькi нараджаецца... Крызiс, нягледзячы на прымаемыя паўсюдна прэвентыўныя меры, мае ўсе шанцы па ступенi разбуральнасцi перасягнуць сумнавядомую Вялiкую дэпрэсiю 30-х гадоў мiнулага стагоддзя. I тады нам мала не здасца. Ведаеце, гэта той выпадак, калi вельмi хочацца памылiцца.

— На чым заснаваны ваш змрочны прагноз?

— Вялiкая дэпрэсiя адбылася, калi эканомiка планеты не была глабалiзаваная. Iснавала шмат нацыянальных эканомiк. У тых умовах iм было прасцей перажыць дэпрэсiю (яна, мiж iншым, таксама пачалася ў ЗША), якая моцна закранула далёка не ўсiх. А сёння эканомiка глабальная, i ад глабальнага крызiсу церпяць у той цi iншай меры ўсе без выключэння краiны. У час Вялiкай дэпрэсii таксама не было велiзарных транснацыянальных карпарацый i банкаў, якiя ёсць сёння. У асобных з iх капiтал значна большы, чым памеры эканомiк многiх краiн. Гэтыя кампанii i банкi, якiя наўпрост уплываюць на стан сусветнай эканомiкi, першымi панеслi надзвычай вялiкiя страты. Немалую частку стратаў яны "па-сяброўску" перакладаюць на плечы iншых, напрыклад, на Беларусь. Такая вось несуцяшальная рознiца.

— Аднак цунамi цi тарнада маюць уласцiвасць у ходзе iх развiцця i руху набiраць цi наадварот страчваць сваю моц. Цi варта спадзявацца на лепшае?

— Надзея, як вядома, памiрае апошняй. Крызiс таксама ў значнай ступенi ўзнiк як стыхiйная з’ява рынку. Таму ўжо досыць палiтыкам i эканамiстам розных краiн Захаду спяваць гiмны i складаць оды ў гонар безпамылковасцi рынкавай эканомiкi, якая быццам бы сама сябе выдатна рэгулюе. Так цi амаль так было раней. Пачынаючы з сярэдзiны мiнулага стагоддзя рынкавая эканомiка рэструктуравалася ў грашовую эканомiку, чаго, на жаль, не заўважылi многiя палiтыкi i эканамiсты. Менавiта грошы сталi ўсеагульнай формай руху глабальнай эканомiкi, грошы i тыя, хто за iмi стаяць, нiбы манапалiзавалi права на прыняцце рашэнняў у сферы эканамiчнай i фiнансавай палiтыкi. Прычым, часам далёка не самых справядлiвых i сумленных рашэнняў. Апошнi гучны скандал з крахам чарговай фiнансавай пiрамiды ў ЗША цудоўна гэта iлюструе.

— Значыць, як падказвае крызiс, трэба нешта iстотна мяняць у глабальнай эканомiцы. Што, на ваш погляд?

— Адной з прычын крызiсу стала тое, што, ужываючы мiлiтарысцкую тэрмiналогiю, на сцежку фiнансавай вайны ступiлi прадстаўнiкi магутных мiжнародных карпаратыўных груп. Пачалi баявыя дзеяннi энергетычныя i сыравiнныя карпарацыi сусветнага маштабу i ўплыву. Нафтавыя кампанii ЗША iмкнулiся з прыбыткам вярнуць свае велiзарныя выдаткi на цяперашнюю адмiнiстрацыю прэзiдэнта Буша, у прыватнасцi, на яе вайну ў Iраку. Такiм чынам быў справакаваны беспрэцэндэнтны рост цэнаў на сырую нафту. Нехта на Захадзе выдатна зарабiў на гэтым. Тут нельга не прыйсцi да высновы, што сусветная эканомiка нафты — гэта эканомiка долара.

— Яна такой будзе i надалей?

— Не думаю. Усё больш эканамiстаў i вядомых палiтыкаў задумваюцца над тым, як увогуле мiнiмiзаваць яўна завышаны эканамiчны статус нафты i газу ў свеце. Пра гэта кажуць нават i вядомыя амерыканцы, у прыватнасцi, былы кандыдат у прэзiдэнты, сенатар Альберт Гор. Бо гэта няправiльна, калi лепшымi грашыма становяцца нафта, газ, прадукты харчавання i г. д. Крызiс паказаў, што грошы пачалi ўсё больш i больш ператварацца ў праблемны iнструмент сусветнай эканамiчнай палiтыкi. Яны ўжо нiбы адштурхоўваюць ад сабе рэальную эканомiку. Таму ў гэтай сферы наспелi прынцыповыя рашэннi.

— Нехта яшчэ таксама ўзбагацiўся i на беспрэцэндэнтным росце цэнаў на жыллё. Калi за павышэннем цэнаў на нафту мы толькi пасiўна назiралi, то ў сусветнай гонцы цэнаў на нерухомасць i Беларусь сказала сваё важкае слова. Яны ў нас часам перавышалi еўрапейскiя. Цi не ёсць гэта наш пэўны, хаця i вельмi ўскосны, унёсак у фiнансавы крызiс? А то мы толькi адных амерыканцаў усё ганьбiм. Можа, варта больш уважлiва паглядзець на сябе ў глабальным кантэксце?

— Гэта нiколi не зашкодзiць. Цяперашнi крызiс, нагадаю, пачаўся ў форме зачысткi рынку нерухомасцi ў ЗША i тых фiнансавых дзялкоў, якiя ў пагонi за звышпрыбыткамi страцiлi пачуццё меры i асцярожнасць. Працэсы з нерухомасцю набылi глабальны характар i сталi непадкантрольнымi. Нерухомасць пачала выконваць ролю зберагальнiцы грошай, прычым, на той час даволi эфектыўную i са станоўчай дынамiкай. Але рост цэнаў на кватэры i дамы спрыяў наблiжэнню фiнансавай нестабiльнасцi, бо гульня iшла без аглядкi, толькi на павышэнне i з тым вялiкiм азартам, якi ўласцiвы высокапрыбытковым i рызыкоўным здзелкам. I дагулялiся да iпатэчнага крызiсу. I як след сусветныя фiнансы разбалансавалiся.

Мы не маглi не застацца ў баку ад працэсаў, якiя адбывалiся на грашовых i таварных рынках планеты. На здзелках з нерухомасцю i ў нас хутка развiваўся спекулятыўны капiтал. Тавар пад назвай "квадратны метр" стаў крынiцай высокiх прыбыткаў, асаблiва ў сталiцах краiн СНД. Так у 2006 годдзе ў Маскве цана аднаго квадратнага метра жылля штодзень павялiчвалася на 6 дол ЗША! Капiталiзацыя нерухомасцi фантастычнымi тэмпамi ўзрастала i ў Беларусi.

— Калi мы закранулi "кватэрнае пытанне", то якiя павiнны быць прымальныя цэны на жыллё?

— Шматгадовы вопыт назiранняў за цэнамi i тарыфамi ў розных краiнах дазволiў эканамiстам адкрыць цiкавую агульную заканамернасць: цана аднаго квадратнага метра жылля павiнна адпавядаць сярэдняй штомесячнай зарплаце. Вядома, заканамернасць гэта не абсалютная, бо ў эканомiцы абсалютных правiлаў не бывае. Дык вось, у нас кошт квадратнага метра дасягаў дзвюх i больш тысяч долараў, што ў некалькi разоў вышэй за сярэднюю зарплату. Разам з тым будавалася i будуецца сацыяльнае жыллё па 600 дол за 1 кв.м.

— I якi ўрок варта зрабiць з гэтага?

— Жыллё ў пэўнай ступенi штучна стала сродкам зберажэнняў i росту прыбыткаў. А як магло быць iнакш? У насельнiцтва не было iншых спосабаў укладання свабодных сродкаў у надзейныя iнвестыцыi. Людзi куплялi кватэры i чакалi iх падаражання, прадавалi i зноў набывалi, пускалi кватарантаў i атрымлiвалi дывiдэнды на ўкладзены капiтал. Дарэчы, для часткi беларусаў актуальнымi сталi прадметы даўнiны i антыкварыяту. Летась iх iмпарт павялiчыўся ў чатыры разы. У абсалютных велiчынях лiчба невялiкая, але тут важная дынамiка i прынцыповая дыспазiцыя. У нас потым са спазненнем ацанiлi сiтуацыю i пачалi прадаваць насельнiцтву залатыя злiткi, каштоўныя камянi, аблiгацыi.

— Няўжо ў нас нiхто не бачыў наблiжэння праяў крызiсу, не спрабаваў сказаць, папярэдзiць?

— Сёлета ў чэрвенi Нацбанк упершыню ў гiсторыi нашай краiны выдаў даклад "Фiнансавая стабiльнасць Рэспублiкi Беларусь 2007", дзе аналiзавалiся знешнiя i ўнутраныя макраэканамiчныя рызыкi, ўзровень развiцця фiнансавай сiстэмы. Гэта своечасовая i карысная iнiцыятыва ў рэчышчы дзейнасцi цэнтральных банкаў развiтых краiн, напрыклад, Федэральнай рэзервовай сiстэмы ЗША, Еўрапейскага цэнтральнага банка, банка Вялiкабрытанii i iншых. Для сур’ёзных iнвестараў, вялiкiх замежных кампанiй такая ацэнка Нацбанкам стану фiнансавай сiстэмы Беларусi вельмi важная. Хачу падкрэслiць, што большасць высноў у гэтым дакуменце супадае з меркаваннямi як незалежных беларускiх аналiтыкаў, так мiжнародных арганiзацый. У гэтым няма нiчога дзiўнага, калi аб’ектыўна глядзець на адны i тыя ж лiчбы i факты.

Эксперты Нацбанка, у прыватнасцi, пiсалi аб нарастаннi асобных макраэканамiчных рызыкаў, звязаных з павелiчэннем адмоўнага гандлёвага сальда, сукупнага знешняга доўгу i ростам нагрузкi на банкаўскую сiстэму. I вельмi добра, што Нацбанк пераканаў тады кiраўнiцтва краiны ў важнасцi падтрымкi стабiльнасцi беларускага рубля i нiзкай iнфляцыi. Аднак толькi мерамi манетарнай палiтыкi нельга дасягнуць фiнансавай стабiльнасцi. Ёсць i бюджэтна-падаткавая палiтыка. А ў яе правядзеннi, лiчу, iснуе нямала хiбаў. Нездарма ў сваiм дакуменце Нацбанк узгадвае, што ў 2007 годдзе ўзровень падатковай нагрузкi склаў 47,3 працэнта i з’яўляецца самым высокiм у рэгiёне i адным з самых высокiх у свеце. А гэта адмоўна ўплывае на канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыi i ў цэлым абмяжоўвае эканамiчны рост. Нацбанк пацвердзiў i правалы выканання праграм па iмпартазамяшчэнню. Увогуле мы ахвотней набываем, чым прадаем. Так, Беларусь пастаўляе свае тавары ў 142 краiны свету, а iмпартуе з 162 краiн.

— А калi пайсцi далей, то чаго зараз, на вашу думку, чакае грамадства ў шырокiм сэнсе па супрацьдзеяннi крызiсу?

— Сур’ёзная, грунтоўная i адкрытая размова аб фiнансавай стабiльнасцi цi нестабiльнасцi карысная заўсёды. Сёння яна проста неабходная. Яе цяжка ўявiць без аналiтычнай работы Урада, Нацбанка, бiзнэс-асацыяцый i навуковых iнстытутаў. Вучыцца варта i на чужых памылках, напрыклад, тых жа амерыканцаў i еўрапейцаў, i на сваiх.

Сярод непрыемных праблем я назваў бы рост негатыўнага чыстага экспарту. Гэта ў многiм выклiкана развiццём гандлёвага дысбалансу з Расiяй, якая мае намер у 2009 годдзе прадаваць нам нафту i газ па новых больш высокiх цэнах за расiйскiя рублi. А iх мы зарабляем не вельмi шмат. Таму ўсiм зацiкаўленым бакам варта падумаць над тым, як палепшыць дыспазiцыю экспарту нашых тавараў менавiта ў Расii, дзе можна выгадна гандляваць нашай прадукцыяй.

Гутарыў Леанiд Лахманенка.

 

 

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб сучасных глабальных выклiках i нацыянальных адказах на iх, першых уроках сусветнага фiнансавага крызiсу для эканомiкi краiны наш карэспандэнт гутар
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика