Вадзiм АНДРЭЙЧЫК: Я сам сабе гатую ежу
Вадзiм АНДРЭЙЧЫК: Я сам сабе гатую ежу
28-гадовы гродзенец — чэмпiён свету па бодыбiлдынгу. На чэмпiянаце свету па класiчным бодыбiлдынгу, якi праходзiў у Калiнiнградзе, узялi ўдзел больш за 100 спартсменаў з 27 краiн. Таму ўдвая прыемна, што наш Вадзiм Андрэйчык прывёз з прэстыжнага турнiру залаты медаль. Тым больш, што Беларусь упершыню была сярод удзельнiкаў. Класiчны бодыбiлдынг сярод мужчын быў афiцыйна прызнаны спартыўнай дысцыплiнай Выканаўчым Саветам Мiжнароднай федэрацыi бодыбiлдынгу i фiтнэсу ў Шанхаi (Кiтай) 27 лiстапада 2005 года. Гэты вiд спорту заклiканы вярнуць бодыбiлдынгу яго першапачатковае аблiчча. Не гiпертрафаваныя анаболiкамi мышцы, а атлетычны, эстэтычна прывабны целасклад — тое, што ў свой час называлася "культурызмам". — Шчыра кажучы, у прафесiйны бодыбiлдынг я прыйшоў зусiм нядаўна — сёлета, — расказвае Вадзiм. — Дагэтуль жа як i ўсе хлопцы хадзiў у трэнажорную залу, так званую "качалку", глядзеў за сабою, правiльна харчаваўся. Першым турнiрам для мяне стаў Кубак Гродзенскай вобласцi, на якiм заняў другое месца. Далей быў чэмпiянат краiны — зноў другое месца. Некалькi месяцаў таму на Адкрытым кубку Магiлёўскай вобласцi стаў абсалютным чэмпiёнам i атрымаў запрашэнне на чэмпiянат свету ў Калiнiнград. <І>— Кажуць, у Калiнiнград вы ездзiлi за свае грошы... — Не, гэта няпраўда. У мяне была дамоўленасць з федэрацыяй, што фiнансаванне будзе за iх кошт, яшчэ да таго, як я даў згоду на ўдзел у чэмпiянаце свету. Таму плёткi на гэту тэму не маюць падставы. Федэрацыя плацiла за авiябiлеты на самалёт Гродна — Калiнiнград, а ўжо там сустракалi арганiзатары. Усё, што абяцалi ў федэрацыi, яны выканалi. — Падрыхтоўка да турнiру ўключала ў сябе правiльнае харчаванне — што гэта для вас? — Тут трэба таксама расказаць i пра рэжым. Безумоўна, першым чынам — гэта здаровае харчаванне. Алкаголю па мiнiмуму, цыгарэт таксама. Я ж як любы малады хлопец магу i пiва выпiць, люблю на начную дыскатэку схадзiць. Зрэдку дазваляю сабе цыгарэту выкурыць... Дык вось з усiм гэтым давялося "завязаць". 4-5 разоў на тыдзень хаджу на сур’ёзныя трэнiроўкi працягам па 1,5-2 гадзiны, таму грошай на прадукты харчавання шкадаваць не трэба. Гэтаксама, як не шкадаваў я iх на спецыялiзаваныя харчы — сываратачныя пратэiны, розныя амiнакiслоты. Трэба есцi паболей мяса, яек, натуральнай ежы, i менавiта варанай. — I што, самi ўсё гатуеце? — Так. Нiхто лепей за сябе самога i для сябе не прыгатуе. Палову майго рацыёну ўвесь апошнi год складала звыклая ежа, другую палову — вышэй пералiчаная спецыялiзаваная. Безумоўна, яна каштуе грошай. Аднак у нашым спорце без гэтага немагчыма дасягнуць высокiх вынiкаў. Пратэiн, напрыклад, гэта расшчэплены бялок. А бялок неабходны арганiзму ў якасцi будаўнiчага матэрыялу. I патрэбны ён для таго, каб арганiзм эфектыўна засвойваў ежу для будавання мышачнай клеткi. Калi мы з’ядзiм кавалак мяса, гэта ж не азначае, што назаўтра на целе вырасце такi ж. Можна разлiчваць, мабыць, на адзiн працэнт, i то толькi пасля трэнiроўкi. — Ажанiцца не збiраецеся? У народзе пагаворваюць, што ваш вiд спорту не самы небяспечны для мужчыны? — Разумею, пра што вы ведзяце гаворку. Мабыць, тыя людзi, якiя кажуць, што наша харчаванне ўплывае на мужчынскую моц, не поўнасцю валодаюць iнфармацыяй. У той час, калi ў нашай краiне толькi нараджаўся бодыбiлдынг, людзi для больш хуткага набору масы ўжывалi танныя сродкi тыпу метану. Такiя "харчы" былi першымi з даступных у нас. Галоўнае, што не было дастатковай колькасцi iнфармацыi, якая б даводзiла да чалавека нормы ўжывання гэтай фармакалогii. Таму многiя маладыя хлопцы перабольшвалi з гэтым. Як кажуць, утапiцца можна i ў лыжцы з вадою. Менавiта няправiльнае ўжыванне i прыводзiла да незваротных перамен у арганiзме. — чым захапiў бодыбiлдынг канкрэтна вас? — Я пачынаў больш за 10 гадоў таму. Вучыўся тады ў хiмiка-тэхналагiчным тэхнiкуме курсе на другiм. Займаўся кунг-фу, якое давала неабходную баявую падрыхтоўку. А вось фiзiчнай не хапала. I вось за апошнiя дзесяць гадоў я напрацоўваў неабходны вопыт шляхам спробаў i памылак. Дапамагалi трэнеры — я ж адразу ў некалькiх клубах трэнiраваўся. Дзякуючы ўсяму гэтаму i магу сказаць, што сёння маю гарманiчнае цела. — Падчас выступлення спартсмен на сцэне заўсёды ўсмiхаецца. Не цяжка? — (смяецца.) Лiчу, з залы добра бачна. Вядома, цяжка. Гэта ж не проста ўсмешка, а максiмальная напруга ўсяго цела. Трэба пазiраваць, выдатна паказваць свае лепшыя якасцi i да таго ж усмiхацца. Заўсёды ўсмiхацца! — I што ж вы яе — усмешку — перад люстэркам трэнiруеце? — Н-е-е-е. Трэнiруем у асноўным сваё выступленне, каб правiльна паказаць усе позы. Максiмальна прыгожа вывесцi ўсе мышцы для гледача. Банальна пазiраваць не азначае поспех. Некаторыя спартсмены маюць добрае цела, аднак дрэнна падрыхтуюць праграму i з-за гэтага саступаюць. А трэба ж, каб добра разглядзелi суддзi. Павярнуцца да аднаго суддзi, да другога, трэцяга... Канцэнтрацыя неверагодная, што само па сабе — нялёгкая праца. — Псiхолагi сцвярджаюць, што ўсмешка мае шмат агульнага з аскалам жывёл, якiя такiм чынам палохаюць сваiх ворагаў... — Чаму ўвогуле патрэбна ўсмешка? Згадзiцеся, знаходзячыся на сцэне любы чалавек павiнен усмiхацца — цi то мадэль, спявак або спартсмен... У нас выступленне працягваецца адну хвiлiну. I дзеля таго, каб яно не глядзелася агрэсiўна, на твары пажаданая ўсмешка. Гэта як прывiтанне пры наведваннi нейкага грамадства. Ну i проста прыгожа, лепей, чым надзiмаць шчокi цi бровы "домiкам" рабiць. — Чым па жыццi займаецеся? — Цяпер я беспрацоўны, дакладней, знаходжуся ў пошуках лепшай працы. Люблю сустрэцца з сябрамi, завiтаць у бар, партыю ў бiльярд згуляць. Апошнiм часам святкавалi маю перамогу — са сваякамi, сябрамi, калегамi па трэнажорнай зале... — Мабыць, з гэтай нагоды i працу пакiнулi — каб больш часу святкаваць заставалася? — Не, з гэтым нiяк не звязана. Усяму свой час, i меру ў гэтай справе я ведаю. Я ж падчас вучобы трымаў дыплом па спецыяльнасцi "электратэхнiка" ў Гродзенскiм хiмiка-тэхналагiчным тэхнiкуме. Да апошняга часу працаваў аўтаслесарам, аднак тое, што меў, не прыносiла жаданага фiнансавага вынiку. — У сталiцу з гэтай нагоды не плануеце перабрацца? — Пакуль што нават думак такiх не было. Я Гродна люблю. Тут я нарадзiўся i мне падабаецца назiраць, як мой родны горад прыгажэе, з’яўляюцца новыя дамы, перабудоўваюцца сеткi дарог. Што важна, наш горад чысты. Мiнск, бясспрэчна, таксама прыгожы i чысты — сталiца ёсць сталiца. А вось Калiнiнград, дзе праходзiў чэмпiянат свету, даволi брудны. Дамы i вулiцы ў iх неяк негарманiчна аб’яднаны — нi для людзей, нi для машын. Мясцовыя жыхары, дарэчы, самi гэта прызнаюць. — Апошнiм часам ходзяць чуткi, што ў вашым любiмым горадзе Каложскую царкву рэстаўраваць будуць... — Такiя чуткi ходзяць кожны год, а працы пакуль не вiдаць. У нас у Гродне пра гэта нiхто размовы не вядзе, у мясцовых газетах таксама нiчога не пiшуць. Зiма — гэта ж не час для будоўлi на такiм аб’екце. Мабыць, вясною што-небудзь адбудзецца? Юрась ШАЎЦОЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
28-гадовы гродзенец — чэмпiён свету па бодыбiлдынгу. На чэмпiянаце свету па класiчным бодыбiлдынгу, якi праходзiў у Калiнiнградзе, узялi ўдзел больш
|
|