Лячыся... траўкай?
Лячыся... траўкай?
Непрыемнасцi, як заўсёды, падкралiся незаўважана: ранiцай брыдка заказытала ў носе, праз паўгадзiны гэтая невялiкая частка майго арганiзму разгарнула буйную дзейнасць — пацякло так, што толькi паспявай лавiць насоўкай капяжы. Дарэчы, надвор’е на дварэ было такое ж — завiруха, якая iмгненна ператваралася ў снегавую кашу. Прысуд прасунутых у медыцынскiм накiрунку калег быў катэгарычным: хуценька ў аптэку, там у разгар сезону прастудных хваробаў ёсць аксалiнавая мазь, пры першых сiмптомах яна вельмi дапамагае, магчыма, удасца справiцца з праблемай, не запускаючы каварны вiрус у арганiзм. Паколькi надвор’е было не надта спрыяльным, паспрабавала абысцiся падручнымi сродкамi — на падваконнi расце каланхоэ з сакавiтымi гаючымi лiстамi. Не вельмi прыемная працэдура, прызнаюся вам. Але ж хварэць неахвота, i таму мужна трываю, пакуль сок раслiны гуляе ў маiм носе, прымушаючы ледзь не пасекундна гучна чхаць. Праз гадзiну ўпэўнiваюся: не дапамагае! Таму кiруюся ў блiжэйшую аптэку па аксалiнку. Дарэмна! — На жаль, даўно не паступала, — выбачаецца прадавачка ў самай блiзкай камерцыйнай краме на Сурганава. — Няма! — канстатуе аптэкарка ва ўстанове № 2 "Белфармацыi" па вул. Якуба Коласа. — Прапаную мазаць ваш нос часнаком. (Гэта ў адказ на маю просьбу прапанаваць аналаг). Тут я ўзгадваю свае эксперыменты з каланхоэ i ўхваляю сваю ляноту: каб не першаснае лячэнне траўкай, мой пакутны нос так i застаўся б без дапамогi, бо аксалiнавай мазi не было яшчэ ў дзвюх аптэках (камерцыйных), што размешчаны ў акрузе. На трэцяй па лiку, дарэчы, прамоклi ногi. Адкуль такi дэфiцыт? Лекi ж зусiм простыя, прычым сваёй вытворчасцi. Іх часта рэкамендуюць медыкi. Не мець iх у разгар слотнага надвор’я — усё адно што не пакласцi ў аптэчку ў курортны сезон актываваны вугаль цi, прабачце, прэзерватыў: а раптам?.. Аптэка — яна ж i ёсць для нас "хуткая дапамога". У маiм выпадку — не справацавала. Арына Пронька.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Непрыемнасцi, як заўсёды, падкралiся незаўважана: ранiцай брыдка заказытала ў носе, праз паўгадзiны гэтая невялiкая частка майго арганiзму разгарнула
|
|