Валянціна Каралёва: Летась колькасць атрымальнiкаў адраснай сацыяльнай дапамогi ўзрасла ў чатыры з п
Валянціна Каралёва: Летась колькасць атрымальнiкаў адраснай сацыяльнай дапамогi ўзрасла ў чатыры з паловай разы
Пенсiянеры, iнвалiды, шматдзетныя i няпоўныя сем’i, людзi з нiзкiмi даходамi — не сакрэт, што значнай частцы насельнiцтва нашай краiны неабходна дзяржаўная падтрымка. Тым часам варта заўважыць: менавiта ў пачатку студзеня сiстэме сацыяльнай абароны Беларусi спаўняецца 90 гадоў. І з гэтай нагоды — наша гутарка з намеснiкам мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Валянцiнай Вiкенцьеўнай КАРАЛЁВАЙ. — З пачатку новага дзесяцiгоддзя ў Беларусi была зроблена стаўка на наблiжэнне сацыяльнай падтрымкi да месца жыхарства ўсiх тых, хто мае ў ёй патрэбу. Якiя ж напрамкi тут найбольш запатрабаваныя сёння, якiя паслугi падаюцца перспектыўнымi i цi не было б правiльным вызначыць пэўныя стандарты сацыяльнай дапамогi, аднолькавыя для ўсiх рэгiёнаў краiны без выключэння? — Нагадаю, што стандарт у галiне сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва (адзiн тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання на адзiн адмiнiстрацыйны раён) быў уведзены да 1 лiстапада 2004 года. У Беларусi працуюць 156 падобных устаноў, i ў тым лiку — 2 агульнагарадскiя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сем’яў i дзяцей у Мiнску i Гомелi. Пры гэтым сапраўды: новы стандарт дазволiў аказваць разнастайную i якасную дапамогу грамадзянам i сем’ям, якiя маюць у ёй патрэбу, зрабiць сацыяльную падтрымку адраснай, своечасовай i эфектыўнай. Адным з галоўных напрамкаў застаецца сацыяльнае абслугоўванне дома. Цяпер сацыяльныя работнiкi наведваюць больш за 80 тысяч чалавек, 70 працэнтаў якiх пражываюць у вёсках. Найбольшае развiццё гэты вiд падтрымкi пенсiянераў i iнвалiдаў атрымаў у Мiнскай, Вiцебскай i Гродзенскай абласцях. Аднак не сакрэт: па тых або iншых прычынах даглядаць чалавека дома магчыма не заўсёды. Таму на гэтыя выпадкi пры тэрытарыяльных цэнтрах прадугледжаныя аддзяленнi кругласутачнага знаходжання пенсiянераў i iнвалiдаў. Сёння працуюць 45 падобных аддзяленняў на 1528 месцаў. I, варта заўважыць, што ў адрозненне ад звычайных дамоў-iнтэрнатаў, аддзяленнi кругласутачнага знаходжання зноў-такi максiмальна наблiжаныя да месца жыхарства. Некалькi слоў аб рабоце з выпускнiкамi цэнтраў карэкцыйна-развiвальнага навучання i рэабiлiтацыi. Апошнiм часам для выпускнiкоў гэтых устаноў пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва ствараюцца аддзяленнi дзённага знаходжання для iнвалiдаў з гурткамi, клубамi па iнтарэсах, працоўнымi майстэрнямi. Да пачатку лiстапада ў краiне налiчвалася 89 такiх аддзяленняў. Да 2010 года, як плануецца, яны будуць працаваць ва ўсiх раёнах без выключэння, прычым на сёння гэту задачу ўжо выканалi сталiца i Мiнская вобласць. Нельга не заўважыць, што ў кожным раёне ёсць уласныя прыярытэтныя накiрункi сацыяльнага абслугоўвання i паслуг. Але ў той жа час тут iснуюць i адзiныя для ўсёй краiны стандарты — у прыватнасцi, пералiк бясплатных i агульнадаступных сацыяльных паслуг, нормы i нарматывы забеспячэння грамадзян такiмi паслугамi. Такiм чынам, вызначана пэўная мiнiмальная дзяржаўная "планка". А гарантыi звыш гэтай "планкi" асобныя рэгiёны могуць вызначаць самастойна — з улiкам сваiх сацыяльна-дэмаграфiчных асаблiвасцяў i, зразумела, фiнансавых магчымасцяў. — Вернемся да абслугоўвання дома. Калi магчымасць карыстацца дапамогай сацыяльных работнiкаў з’явiцца ў жыхароў усiх, у тым лiку аддаленых i малаколькасных, населеных пунктаў? — На жаль, вырашэнне гэтай праблемы залежыць не толькi ад нашых службаў. Часцяком на першы план тут выходзяць пытаннi дарог i пад’язных шляхоў да малых вёсак, рэгулярных транспартных зносiнаў, у рэшце рэшт, нельга скiдваць з рахункаў сiтуацыю з працоўнымi рэсурсамi — у некаторых раёнах цяжка знайсцi чалавека ў працаздольным узросце, якi б мог выконваць абавязкi сацыяльнага работнiка. Разам з тым, каб забяспечыць даступнасць паслуг для жыхароў вёсак, пры тэрытарыяльных цэнтрах адчыняюцца сацыяльныя пункты. На пачатак кастрычнiка 2008 года ў сельскай мясцовасцi працавалi 41 аддзяленне i 379 сацыяльных пунктаў цэнтраў. Апроч таго, пры асобных цэнтрах ствараюцца гаспадарчыя брыгады для аказання аднаразовых платных сацыяльна-бытавых паслуг дома, брыгады сацыяльнага абслугоўвання на мабiльнай аснове, iснуе практыка забеспячэння сацыяльных работнiкаў веласiпедамi. I ўсё гэта пакрысе дае вынiк — колькасць вёсак, жыхары якiх не могуць карыстацца сацыяльнымi паслугамi дома, скарачаецца: толькi за мiнулы год сацыяльныя работнiкi "прыйшлi" яшчэ ў 406 аддаленых пунктаў. — Тэма, якая заўсёды на слыху, — пенсii. Як яны будуць павышацца? I цi не ўзнiкне сёлета, у сувязi з пагаршэннем сiтуацыi на фiнансавых рынках, праблем з выплатамi пенсiянерам? — Як вядома, у Беларусi вызначана шчыльная прывязка памераў пенсiй i заробкаў. Таму сёлета, як i раней, тэмпы росту пенсiй будуць адпавядаць тэмпам росту зарплаты. Прычым заўважу, што менавiта цяперашнi падыход дазваляе на працягу пэўнага часу фармiраваць рэзерв сродкаў на фiнансаванне дадатковых расходаў для кожнага чарговага павышэння пенсiй. Iнакш кажучы, забяспечваецца баланс даходаў i расходаў пенсiйнай сiстэмы, што дае падставы казаць аб стабiльнасцi выплат пенсiянерам. — Прайшоў год з таго часу, як у краiне запрацавала новая мадэль адраснай сацыяльнай дапамогi. Наколькi яна сябе апраўдала i цi справiлiся з ростам колькасцi зваротаў сацыяльныя службы? — Адначасова з упарадкаваннем iльгот дзяржава перайшла да аказання сацыяльнай дапамогi сем’ям i грамадзянам, якiм яна сапраўды неабходная, на аснове прызнанага ва ўсiм свеце прынцыпу адраснасцi. Прычым у самiх правiлах прызначэння адраснай сацыяльнай дапамогi адбылiся змяненнi. Так, "планка даходаў" для штомесячнай падтрымкi павысiлася з 60 да 100 працэнтаў, а аднаразовай падтрымкi — з 60 да 120 працэнтаў бюджэту пражытковага мiнiмуму. Але ў той жа час, каб прадухiлiць рост утрыманскiх настрояў, былi вызначаны ўмовы, пры якiх дапамога не прызначаецца — адмаўляецца асобам, якiя не прыкладаюць намаганняў для паляпшэння ўласнага дабрабыту, грамадзянам, якiя маюць ва ўласнасцi больш чым адзiн дом або кватэру, асобам, што выязджаюць за свой кошт падарожнiчаць за мяжу, i гэтак далей. Плюс да таго, яшчэ адным "фiльтрам" стала абмежаванне перыяду атрымання дапамогi — не больш чым 6 месяцаў на год. Праўда, у дачыненнi да грамадзян i сем’яў, якiя доўгi час не могуць выйсцi са складанага матэрыяльнага становiшча па аб’ектыўных прычынах, ёсць магчымасць рабiць выключэнне i аказваць дапамогу тэрмiнам да аднаго года. Рашэнне аб гэтым можа прымацца непасрэдна ў рэгiёне. I гэта — таксама пацвярджэнне адраснасцi. Даводзiцца канстатаваць: адрасная сацыяльная дапамога ў новым варыянце стала запатрабаванай, колькасць яе атрымальнiкаў павялiчылася ў чатыры з паловай разы. Калi за ўвесь 2007 год яна была прызначана 59,2 тыс., то за 11 месяцаў летась — ужо 275 тыс. грамадзян Беларусi. Узраслi самi памеры выплат, сёння сярэднi памер штомесячнай падтрымкi на аднаго чалавека складае 57 тыс. рублёў (26 долараў), а сярэднi памер падтрымкi аднаразовай перавысiў адзнаку ў 315 тысяч (146 долараў). Але цi не галоўнае. Удзельная вага атрымальнiкаў адраснай дапамогi ў агульнай колькасцi малазабяспечанага насельнiцтва павялiчылася з 8,4 працэнта ў 2007 годзе да 30 працэнтаў летась. Зразумела, што змяненне "правiлаў гульнi" i рост колькасцi зваротаў наклалi свой адбiтак на работу сацыяльных службаў. Давялося праводзiць больш актыўную тлумачальную кампанiю сярод грамадзян, нашмат часцей абследаваць матэрыяльна-бытавыя ўмовы прэтэндэнтаў на падтрымку, вырашаць пытаннi з транспартам, наладжваць навучанне спецыялiстаў, якiя займаюцца прызначэннем адраснай сацыяльнай дапамогi, у рэшце рэшт, спатрэбiлася змяненне графiкаў прыёмаў ва ўпраўленнях па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне: цяпер можна падаць заявы да 19-20 гадзiн па рабочых днях i да 13-15 гадзiн — па суботах. Тым не менш з новымi задачамi ўдалося справiцца. Прынамсi, "праблема чэргаў" не ўзнiкла. А самi рашэннi наконт аказання або не аказання адраснай дапамогi прымалiся хутка i да таго ж — у строгай адпаведнасцi з заканадаўствам. — Тым часам вядома: заробкi ў сацыяльным абслугоўваннi застаюцца аднымi з найбольш нiзкiх. А ў сваю чаргу гэта — пытанне прэстыжу. Наколькi актуальнай з’яўляецца сёння праблема "кадравага дэфiцыту"? — Невялiкiя заробкi тых жа сацыяльных работнiкаў тлумачацца тым, што яны маюць невысокiя 6-8 тарыфныя разрады. Прычым самi разрады вызначаюцца зыходзячы з патрабаванняў да ўзроўню адукацыi, квалiфiкацыi i спецыфiкi дзейнасцi — такiм чынам, у нечым цяперашняя сiтуацыя з’яўляецца аб’ектыўнай. Што ж да перспектыў, то перш-наперш яны будуць залежаць ад змянення "бюджэтнай" тарыфнай стаўкi I разраду. Разам з тым заўважу: гэты "рэзерв" — не адзiны. У прыватнасцi, рашэннi аб дадатковым павышэннi зарплаты за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў могуць прымаць рэгiёны. А плюс да таго ёсць магчымасць накiроўваць на стымуляванне работнiкаў тэрытарыяльных цэнтраў частку сродкаў, якiя ўдаецца зарабiць на аказаннi платных паслуг грамадзянам. Безумоўна, праблема "кадравага дэфiцыту" ў галiне iснуе. Аднак яе прычыны не толькi ў зарплаце. У сельскай мясцовасцi значная частка насельнiцтва ўжо мае пенсiйны ўзрост, тады як моладзь iмкнецца ў вялiкiя гарады. Адсюль, паўтаруся, i цяжкасцi з пошукам спецыялiстаў у працаздольным узросце або з патрэбнай квалiфiкацыяй. Таму апошнiм часам становiцца ўсё больш распаўсюджанай практыка так званага "суседскага абслугоўвання" — для абслугоўвання састарэлых i iнвалiдаў у вёсках прымаюцца на працу на ўмовах няпоўнага дня актыўныя людзi пенсiйнага ўзросту. Iншая i не менш простая сiтуацыя назiраецца ў сталiцы i абласных цэнтрах. Тут маладыя спецыялiсты, што атрымалi "свабодныя дыпломы" па спецыяльнасцях педагогiка, псiхалогiя, сацыяльная педагогiка i сацыяльная работа, працаваць у нашы цэнтры iдуць. Але, пасля атрымання неабходнага вопыту працы, часта пераходзяць на больш "грашавiтыя" месцы. Застаюцца толькi тыя, хто знайшоў сябе ў нашай сiстэме, хто зразумеў, што аказваць дапамогу людзям — яго прызванне. Аднак нельга не адзначыць: нягледзячы на цяжкасцi, у нас няма выпадковых людзей. Кожнаму, хто ўладкоўваецца ў сiстэму, вызначаецца выпрабавальны тэрмiн ад 1 да 3 месяцаў. I на першае месца тут выходзяць такiя якасцi, як сумленнасць, працавiтасць i спагада да чалавека — паводле ўсiх этычных канонаў, супрацоўнiк сацыяльнай службы павiнен умець разумець i паважаць iндывiдуальнасць свайго клiента, адчуваць за яго адказнасць, дапамагаць у самарэалiзацыi, захоўваць прынцып роўнасцi. Дарэчы, карыстаючыся нагодай, хачу шчыра павiншаваць тых, хто аказвае паслугi пенсiянерам i iнвалiдам, дапамагае няпоўным i шматдзетным сем’ям, прызначае пенсii, працуе ў дамах-iнтэрнатах, усiх работнiкаў сiстэмы сацыяльнай абароны з прафесiйным святам. А таксама пажадаць iм цярпення, вытрымкi i здароўя — словам, таго, без чаго немагчыма рабiць добрыя справы штодня. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Валянціна Каралёва: Летась колькасць атрымальнiкаў адраснай сацыяльнай дапамогi ўзрасла ў чатыры з п Пенсiянеры, iнвалiды, шматдзетныя i няпоўныя сем’i, людзi з нiзкiмi даходамi — не сакрэт, што значнай частцы насельнiцтва нашай краiны неабходна дзярж
|
|