Доўгi шлях да Альшэва
Доўгi шлях да Альшэва
Што з вядомым сядзiбна-паркавым комплексам Хамiнскiх? У Мядзельскiм раёне дасюль часткова захавалiся 11 панскiх сядзiб з паркамi. Асобныя засталiся хiба што толькi ва ўспамiнах: пра былую раскошу i прыгажосць цяпер нагадваюць руiны палацаў, афiцыйняў, аранжарэй, гаспадарчых пабудоў. На жаль, не стала тут выключэннем i Альшэва — колiшняе ўладанне магнатаў Хамiнскiх. Наколькi апраўданыя спадзяваннi на аднаўленне тутэйшага сядзiбна-паркавага комплексу? Каб высветлiць гэта, я накiраваўся ў казачныя па прыгажосцi мясцiны — край Блакiтных азёраў... Праз Бакшты i далей Дарога на Альшэва праходзiць праз вялiкую вёску Камарова, дзе дагэтуль ужо неаднойчы даводзiлася бываць. Але далей, прызнаюся, не заязджаў, таму з асаблiвай цiкавасцю аглядаюся наўкола. Праз колькi хвiлiн дабралiся да Бакштаў, дзе ў свой час стаяла ахоўная вежа. Пра гэта даведаўся ад Івана Драўнiцкага — мясцовага краязнаўцы, чалавека нераўнадушнага да мiнуўшчыны, якi можа гадзiнамi без перапынку распавядаць пра гiсторыю былога Свянцянскага павета. Iван Пятровiч больш чым трыццаць гадоў працаваў дырэктарам Камароўскай школы, таксама выкладаў беларускую мову i лiтаратуру. Сам не з мясцовых — нарадзiўся на суседняй Пастаўшчыне, а дзяды ягоныя — з Астравеччыны. Iван Пятровiч, як, бадай, нямногiя з месцiчаў з вялiкiм энтузiязмам ставiцца да аднаўлення спадчыны. — У Бакштах цяпер мала што засталося з былых часоў, — заўважае Драўнiцкi, калi мы мiнаем дыхтоўную пабудову з чырвонага каменю. — Гэта гаспадарчыя памяшканнi, а калiсьцi тут была рэзiдэнцыя Хамiнскiх. Яшчэ раней стаяў драўляны стажар, а пасля — ахоўная вежа (адтуль, напэўна, i пайшла назва вёскi). Непадалёк рэчка Страча паварочвае i добра вiдаць усё наваколле. Раней жа дарог амаль не было, больш водным шляхам дабiралiся. Таму залазiлi на вежу i цiкавалi, каб ворагi нечакана не з’явiлiся. Калi ж заўважалi небяспеку, то адразу падымалi трывогу. У Свiры была крэпасць, дзе размяшчаўся гарнiзон. Так што войскi калi трэба падыходзiлi на дапамогу. Па абодвух берагах Страчы яшчэ стаялi драўляныя слупы, якiя таксама выкарыстоўвалiся для назiрання за мясцовасцю. Напрыканцы ХVII стагоддзя Бакшты разам з Альшэвам i iншымi мястэчкамi ў якасцi пасагу сталi ўласнасцю Хамiнскiх. Людвiк Якуб спачатку будаваўся каля вежы, нават прыстаўку да прозвiшча ўзяў па тагачаснай модзе — "Хамiнскi на Бакштах". Аднак уладкавацца яму тут як след не ўдалося, бо неўзабаве здарыўся вялiкi пажар, якi знiшчыў пабудовы. Магнат не стаў пачынаць усё наноў i вырашыў перабрацца ў Альшэва. Гэтую падзею сапраўды можна лiчыць другiм нараджэннем старажытнага паселiшча, якое, па розных звестках, вядомае яшчэ з 1420 года. Iм валодалi многiя, у тым лiку ў свой час уладарыла i Барбара Радзiвiл. Як лiчыць Драўнiцкi, яна, напэўна ж, наведвала гэтыя мясцiны. Як у крынiцы скарб шукалi Перабраўся ў Альшэва Хамiнскi дзесьцi ў 1682-м i адразу пачаў узводзiць палац ды iншыя неабходныя пабудовы. Спачатку ягоны маёнтак быў драўляны, але з цягам часу тут стала цеснавата. Тады запрасiлi вядомага архiтэктара з Вiльнi Станiслава Лоранца. Майстра вельмi ўдала спланаваў, як дабудаваць да галоўнай часткi палаца яшчэ два крылы. Тут узнiклi цяжкасцi, бо бакавыя часткi былi мураваныя (так распарадзiлiся гаспадары). Але атрымалася так спалучыць камень i дрэва, што яны ўяўлялi адзiную кампазiцыю. Кажуць, вельмi добра выглядала. Побач з палацам была размешчана афiцыйня, а таксама некалькi жылых дамоў. Але забудова ў Альшэве толькi жыллём не абмяжоўвалася — гэта быў дакладна спланаваны фальварак з усёй неабходнай гаспадаркай. Побач з палацам узвялi кузню, тартак, крыху далей былi адрына для захоўвання сена, гумно, бычнiк, малачарня, кароўнiк, ток з майданам, сушня. Працавала крама, карчма, уласны бровар, пякарня. Дарэчы, альшэўскi хлеб некалi славiўся на ўсю вялiкую акругу. — У Камарове калiсьцi быў такi эксклюзiўны дом адпачынку для родных i знаёмых тамтэйшых паноў, — заўважае Iван Драўнiцкi. — У мястэчку выраблялi для гасцей каўбасы, мяса, салёныя грыбы, варэнне, вiно ды шмат чаго iншага. А вось хлеб дастаўлялi выключна з Альшэва. У Хамiнскiх былi i iншыя фальваркi, аднак гэты вылучаўся асобна сваёй прадуманасцю i нейкай лагiчнай завершанасцю. У Альшэве i сапраўды было ўсё спланавана з вялiкiм веданнем справы, па-гаспадарску. Да прыкладу, ад млына да свiрана была зроблена падвясная дарога — каб не цягаць грузы праз рэчку, iх "па паветры" перавозiлi. Такi ж "канатны шлях" наладзiлi i ад бровара да бычнiка (каб дастаўляць жывёле адходы вытворчасцi). Насупраць млына быў стаў, працавала электрастанцыя. Ад вадасховiшча (якое размяшчалася на ўзвышшы) пад дарогай праклалi жалезныя трубы, каб вада пад напорам трапляла ў сажалкi, праходзiла праз iх i зноў выцякала ў Страчу. Усяго было каля паўтара дзясятка копанак рознай велiчынi — некалькi на тэрыторыi фальварка, астатнiя крыху далей, на ручаi, яны цягнулiся ажно да возера Глубля. Гiдратэхнiчную сiстэму ўзводзiлi пад кiраўнiцтвам iнжынера Шэмета. Усе сажалкi, стаў, ручай, возера i рэчка былi звязаны ў адзiную схему i рэгулявалiся. Ад крынiчкi цягнуўся водаправод у палац. Пра яе расказваюць цiкавую гiсторыю. Калiсьцi працаваў у паноў садоўнiк, у якога быў сын. Бацька памёр, а малы застаўся адзiн. Тады панi i вырашыла ўзяць хлопчыка на выхаванне, паколькi яны былi аднагодкi з сынам Хамiнскiх, разам раслi. Праз колькi гадоў пайшлi ваяваць i сын садоўнiка загiнуў. Калi прыйшла трагiчная вестка, то каля рэчкi пачала бруiць крынiчка. На ўспамiн пра прыёмнага сына панi ўсыпала туды кошык сярэбраных манет. Мабыць з-за таго вада тут такая чыстая i смачная. "Ужо ў савецкi час людзi хацелi знайсцi там скарб, — са смехам узгадвае Драўнiцкi. — Аднак нiчога не адшукалi — нават калi i былi тыя манеты, то iх даўно далёка ўглыб пазмывала". Пра кумыс, веймутаву хвою i маршала Будзённага Хамiнскiя займалiся не толькi гаспадарчымi справамi, але i лiтаратурнай творчасцю. Прадстаўнiкi гэтага слыннага роду пiсалi вершы, публiцыстычныя артыкулы, вялi дзённiкi, перакладалi творы сусветнай класiкi. Не дзiўна, што ў iх родавай бiблiятэцы захоўваўся старажытны рукапiс сярэдзiны ХVI стагоддзя, дзе былi перакладзены са старабеларускай на польскую мову Статут Вялiкага Княства Лiтоўскага 1529 года i "Хронiка Вялiкага Княства Лiтоўскага i Жамойцкага". Цяпер гэты шэдэўр захоўваецца ў Нацыянальнай бiблiятэцы ў Варшаве. Дарэчы, менавiта за грошы Хамiнскiх у мястэчку была адкрыта школа. Апошнiм гаспадаром Альшэва быў Аляксандр Людвiк — чалавек разнастайных iнтарэсаў i iнiцыятыў. У прыватнасцi, менавiта ён развiў тут конегадоўлю. I не проста вырошчванне жывёлы для работ па гаспадарцы, а селекцыйнае развядзенне адметнай пароды. Альшэўскiя конi былi добра вядомыя не толькi па ўсёй акрузе, але i ў Еўропе. Прычым так было на працягу даволi доўгага часу. У 1939 годзе пан з’ехаў са свайго фальварка, а конi засталiся. Самае цiкавае, што нават у вайну iх не знiшчылi. Пасля на гэтай базе стварылi дзяржаўныя канюшнi. Жарабцы былi прыгожыя i вельмi дужыя, на розных выставах i спаборнiцтвах атрымалi шмат розных прызоў. Мне давялося пабачыць нават сапраўдны рарытэт — грамату, падпiсаную самiм Сямёнам Мiхайлавiчам Будзённым. У ганаровым лiсце ўзгадвалася пра тое, што на чацвёртым Усесаюзным спаборнiцтве коннiкаў калгасаў, саўгасаў i конезаводаў перамог вершнiк з Альшэва на канi са смешнай мянушкай Баян-2 (напэўна ж, быў i Баян-1). Конегадоўля прыносiла добрыя даходы, паколькi не толькi жывёл прадавалi, але i кумыс рабiлi. За год ад адной кабылiцы па тысячы лiтраў малака надойвалi. У 1974 годзе ў Альшэве трымалi 130 коней, а ў пачатку 1980-х справа i зусiм прыйшла ў заняпад. На змену жывёле прыйшлi трактары i на конегадоўлi канчаткова паставiлi крыж. Старыя канюшнi, што былi пабудаваны яшчэ пры Хамiнскiх, захавалiся i дасюль. Памяшканнi часткова выкарыстоўваюцца для патрэб мясцовай гаспадаркi. Захавалася некалькi драўляных дамоў, дзе калiсьцi жылi парабкi. Застаўся будынак школы — тут дасюль жывуць некалькi сем’яў. На ўзгорку можна заўважыць рэшткi маёнтка. Непадалёк — вiрлiвая Страча (быццам напамiн аб страчанай спадчыне) i тая самая крынiчка. — Пры ўездзе на сядзiбу была трохметровая мураваная брама, высечаная з пясчанiку, — кажа Iван Драўнiцкi. — Палац разам з паркам ствараў адзiную кампазiцыю, прадуманую да дробязяў. Перад сядзiбным домам меўся каменны сонечны гадзiннiк. Парк размяшчаўся на пяцi тэрасах: першая ўяўляла парадны партэр, другая аздабляла палац, дзе збоку стаяла двухпавярховая афiцыйня. Наступны ўзровень быў засаджаны кветкамi, а з бакоў — елкi. На чацвёртай тэрасе меўся вялiкi круглы травяны газон, на пятай дрэвастой складаў адмысловую сiстэму лабiрынтаў. Парк закладаў яшчэ Людвiк Якуб, а працягвалi справу ўсе наступныя пакаленнi Хамiнскiх. Цяпер тут густа расце падлесак i малiннiк. Але ад гэтага наваколле не губляе сваёй прыцягальнасцi. У парку ўлетку знойдзеце дзiкiя архiдэi, сустракаюцца рэдкiя пароды дрэў, сярод якiх веймутава хвоя. Апошняя — сапраўдны волат, расце ўверх i ўшыркi. Цяпер засталiся ўсяго дзве такiя хвоі. Хто зацiкавiцца? Парк прызнаны батанiчным помнiкам прыроды. I апошнiм часам тут разгарэлiся спрэчкi наконт захавання алеi, што пасаджана ўздоўж дарогi, якая праходзiць праз Альшэва i вядзе далей на Блакiтныя азёры. Тут праводзяцца дарожныя работы — будуць класцi асфальт. Напэўна, "стрыт" мяркуецца пашыраць, таму плануюць высекчы старыя дрэвы. На гэты конт iснуе шэраг меркаванняў. — Асфальт — гэта вельмi добра, аднак i да старых дрэў трэба аднесцiся па-гаспадарску, па-бацькоўску, — лiчыць Iван Драўнiцкi. — Трэба дакладна вывучыць сiтуацыю i толькi тады прымаць узважанае рашэнне. Ссекчы прасцей за ўсё, а вось аднавiць заўсёды цяжэй. Напэўна, Iван Пятровiч мае рацыю — да захавання спадчыны менавiта так i трэба ставiцца. Альшэўскi палац быў разабраны адносна нядаўна — лiтаральна некалькi дзесяцiгоддзяў таму. Яго спрабавалi аднавiць i ў 1990-х гадах пачалiся адпаведныя работы. Аднак далей справа не зрушылася — скончылiся грошы. Застаюцца спадзяваннi на прыватнiкаў, якiя зацiкавiлiся б такiм даволi неардынарным, але перспектыўным праектам. Непадалёк — Блакiтныя азёры, куды штогод прыязджаюць на адпачынак дзясяткi тысяч турыстаў не толькi з Беларусi, але i з-за мяжы. Побач выдатны парк, а ў Страчы дасюль нават стронга водзiцца. Няўжо такiя мясцiны застануцца па-за ўвагай? Мiкалай ЛIТВIНАЎ. Мядзельскі раён. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што з вядомым сядзiбна-паркавым комплексам Хамiнскiх? У Мядзельскiм раёне дасюль часткова захавалiся 11 панскiх сядзiб з паркамi. Асобныя засталiся х
|
|