Хто на новенькага?
Хто на новенькага?
"Калi аднаго з кiраўнiкоў сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва раёна выбралi дэпутатам Палаты Прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу, мы сутыкнулiся з праблемай: дзе знайсцi вартую замену? — падзялiўся начальнiк упраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Карэлiцкага раёна Гродзенскай вобласцi Уладзiмiр Асцюкевiч. — Прапаноўвалi запоўнiць вакансiю кiмсьцi з самых здольных спецыялiстаў мясцовых гаспадарак, але нiхто з iх не праявiў жадання. Вось i давялося прызначыць старшынёй СВК чалавека з "Райпалiвазбыту". Калi раней на пасаду старшынi калгаса была процьма ахвотных, то зараз знайсцi добрага кiраўнiка — задача не з лёгкiх. Як нi круцi, а прэстыж гэтай пасады кануў у Лету. Як адзначыў дацэнт Iнстытута павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў АПК "БДАТУ" Iван Шакола, аб гэтым сведчыць i тое, што на курсы павышэння квалiфiкацыi рэзервiстаў нярэдка адпраўляюць загадчыц фермаў, спецыялiстаў па кармах, iнжынераў па тэхнiцы бяспекi... Толькi за апошнiя 4 гады змянiлася 104 адсоткi кiраўнiкоў СВК. Найбольш высокая змяняльнасць кiраўнiкоў сёння ў Мiнскай i Гомельскай абласцях. — Гэтыя лiчбы выклiкаюць хваляванне, — сказаў генеральны дырэктар НПЦ па земляробстве НАН Беларусi Фёдар Прывалаў, — бо кнiгу гiсторыi палёў нiхто не вядзе, а свой статут у чужой хаце не заўсёды прыжываецца. А калi i прыжываецца, то не так хутка, як хацелася б. Адным словам, ад асобы многае залежыць. I калi яна падабраная няправiльна, то нават за кароткi час можа быць наламана нямала дроў. Праблема пастаўлена. Для таго ж, каб знайсцi шляхi вырашэння гэтай праблемы, трэба "ўскрыць" прычыны яе з’яўлення. Менавiта гэта я паспрабавала зрабiць з дапамогай людзей, якiя звязалi свой лёс з аграрнай галiной яшчэ ў той час, калi гэта было больш чым прэстыжна. Асноўныя прычыны замены старшыняў СВК: 1) "Рэарганiзацыя СВК, iнтэграцыя з больш рэнтабельнай гаспадаркай". 2) "Былы старшыня не справiўся са сваiмi абавязкамi". 3) "Кiраўнiк сыходзiць па ўласным жаданнi". 4) "Безумоўна, усе мы людзi, бываюць сiтуацыi, звязаныя са станам здароўя". 5) "На пенсiю з гонарам". 6) "Перавод на больш высокую пасаду". На пытанне "ў чым прычына нежадання стаць кiраўнiком сельскагаспадарчай арганiзацыi?" большасць рэспандэнтаў адказвае: "Я што, на вар’ята падобны(ая)? Работа старшынi калгаса — адна з самых нервовых i складаных. Ды i заробак не нашмат большы за зарплату галоўных спецыялiстаў". Цiкава, а што яшчэ, акрамя заробку, стрымлiвае патэнцыйных кiраўнiкоў СВК? 1 — "выбiраць не выпадае" Як высветлiлася, палохае iх як колькасны, так i якасны састаў работнiкаў. — У нашым раёне яскрава адчуваецца дэфiцыт рабочых рук, — кажа начальнiк упраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Сенненскага раёна Генадзь Сабынiч. — На 450 трактароў маем толькi 360 механiзатараў. У жывёлагадоўлi недахоп работнiкаў часткова кампенсуем за кошт рэканструкцый фермаў: усталёўваем малакаправоды, кормараздатчыкi. А вось ва Ушацкiм раёне на 10 гаспадарак не хапае ўсяго двух аграномаў, двух заатэхнiкаў i аднаго ветэрынара. — Нас больш хвалюе якасны састаў кадраў, — адзначае начальнiк упраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Ушацкага раёна Аляксандр Вайцянкоў. — Не ўсе работнiкi, на жаль, вылучаюцца стараннасцю i адказнасцю. Некаторыя працуюць па прынцыпе "абы з рук хутчэй". А любому кiраўнiку хацелася б мець граматных i адданых сваёй справе спецыялiстаў. У нашай сiтуацыi перабiраць не даводзiцца, бо няма з каго выбiраць. Раней сам узначальваў гаспадарку ў Шумiлiнскiм раёне. Здаецца, столькi людзей пражывае ў раёне, а тую самую даярку паспрабуй знайсцi. "Я лепш мятлой у горадзе памахаю, але кароў даiць не пайду", — стандартны адказ на прапанову. Што казаць, i на тое, што людзi не жадаюць працаваць у сельскагаспадарчай арганiзацыi, ёсць свае прычыны. Гэта i невысокая зарплата, асаблiва зiмой, i часам ненармаваны працоўны дзень, i адсутнасць выхадных, i... — Але самае галоўнае, на мой погляд, каб у чалавека было прызванне, цяга да работы на зямлi, — перакананы начальнiк упраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Карэлiцкага раёна Уладзiмiр Асцюкевiч. — Вось да нас у раён не так даўно прыехалi ветурач i заатэхнiк. Абодвух накiравалi ў адну i тую ж гаспадарку, абодвум выдзелiлi кватэры. Тым не менш заатэхнiк, у адрозненне ад ветурача, працуе быццам з-пад палкi i, думаю, доўга там не затрымаецца. I тут нават не ў матэрыяльным заахвочваннi справа, бо сярэдняя зарплата галоўных спецыялiстаў у раёне не самая маленькая — перавышае мiльён. 2 — "п’янства не загана?" "А спосаб выжывання, — лiчаць вясковыя аматары выпiць. — Працуеш ад ранку да вечара толькi для таго, каб дзецi былi апранутымi i накормленымi. А сам свету белага не бачыш. Вып’еш — i не так горка робiцца на душы". Залiваючы гора гарэлкай, нядоўга i "патануць". Тым больш без выратавальнага круга, якiм можа i павiнен выступiць наймальнiк. — Сапраўды, ад пазiцыi кiраўнiка залежыць многае, — лiчыць начальнiк упраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Акцябрскага раёна Вiктар Рашэтнiкаў. — Калi ён з першага дня даў зразумець, што п’янага не павiнна быць на працы, то з часам парадак у гаспадарцы будзе наведзены. Для гэтага, магчыма, мэтазгодна першы час нават прымянiць дыктатарскiя метады i трымаць работнiкаў у страху. А калi адразу не звярнуць увагi на праблему, то работнiкi разбэсцяцца яшчэ больш i пачнуць "хадзiць на галаве". 3 — "А мы i не выходзiлi з крызiсу..." "Крызiс страшны толькi для тых людзей, якiя маюць грошы. А ў нас лiшнiх нiколi не было. Жывём ад палучкi да палучкi, — сумна ўсмiхаецца мацi траiх дзяцей, якая ўсё свядомае жыццё праводзiць на ферме (яе мацi таксама была аператарам машыннага даення). — I як у народзе кажуць, "лета ўвесь год кормiць" — гэта пра нас. Добра папрацуем улетку на прыватнай гаспадарцы — дык зiмой трошкi лягчэй". Але калi работнiкам СВК балiць галава аб тым, як пракармiць, апрануць i абуць сваiх дзяцей, то старшынi, акрамя сваёй сям’i, трэба падумаць i пра дзяцей сваiх падначаленых. "З якiх сродкаў на гэты раз выплацiць зарплату людзям?", "як пагасiць крэдыт на зарплату, якi банк выдае СВК штомесяц?", — гэтыя пытаннi свiдруюць мозг штодзень. 4 — "людзi ж бачаць" — У адным СВК гаспадарыў кiраўнiк, якога ў свой час я сам i вылучыў, — расказвае начальнiк упраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Бешанковiцкага раёна Iгар Кузняцоў. — Але ў сувязi з мадэрнiзацыяй вытворчасцi ён перастаў спраўляцца са сваiмi абавязкамi. Давялося шукаць замену. Але, нягледзячы на гэта, былы кiраўнiк не застаўся без справы: выдатны спецыялiст (аграном па адукацыi) i сёння працягвае працаваць у той жа гаспадарцы. — Але ёсць выпадкi, калi кiраўнiк адпрацаваў 15-20 гадоў у гаспадарцы, магчыма, стамiўся, бо праца сапраўды вельмi складаная, цi не справiўся, то яго звальняюць без выдзялення вартага працоўнага месца, гэтым самым забываючыся на яго заслугi i прынiжаючы яго годнасць, — гаворыць начальнiк упраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Мастоўскага раёна Мiкалай Ольгавiч. — А людзi не сляпыя, яны ўсё бачаць. Хто пасля гэтага захоча стаць кiраўнiком? * * * Я завiтала ў Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання, дзе начальнiк галоўнага ўпраўлення адукацыi, навукi i кадраў Любоў ТРАФIМЧЫК падняла яшчэ адну праблему, звязаную з падборам кiраўнiкоў СВК. — Любоў Яўгеньеўна, як вы лiчыце, кiраўнiкамi нараджаюцца цi становяцца? — Адназначна нельга сказаць. Безумоўна, лiдарскiя задаткi павiнны быць, але на адных задатках далёка не паедзеш. Вельмi важна разгледзець патэнцыйнага кiраўнiка i даць яму магчымасць вырасцi: квалiфiкавана i своечасова арганiзаваць яго падрыхтоўку. — А хто займаецца падборам кiраўнiкоў? — Падбiраць вартых кiраўнiкоў сельскагаспадарчай арганiзацыi — прэрагатыва аддзела кадраў. Сёння ў кожным рэгiёне створаны рэзерв кiраўнiкоў сельскагаспадарчых арганiзацый. На кожнага кiраўнiка маецца не менш за два рэзервiсты. Летась з лiку рэзервiстаў было прызначана 48 адсоткаў кiраўнiкоў сельскагаспадарчых арганiзацый, у 2007 годзе — 23 адсоткi. Але, як паказвае практыка, кадравая палiтыка на месцах носiць пакуль фармальную афарбоўку. — У чым праяўляецца гэты фармалiзм? — Мясцовае кiраўнiцтва, работнiкi аддзела кадраў чамусьцi iгнаруюць распрацаваныя крытэрыi да падбору кiраўнiкоў, якiя ёсць ва ўсiх мясцовых камiтэтах па сельскай гаспадарцы i харчаваннi. Вось i атрымлiваецца, што чалавек, якi зусiм не мае патэнцыялу кiраўнiка, выпадкова трапляе ў лiк рэзервiстаў. Я цвёрда перакананая, што проста неабходна, каб у аддзеле кадраў працаваў прафесiянал, якi разбiраецца ў людзях. — А якiмi асноўнымi крытэрыямi павiнен кiравацца спецыялiст аддзела кадраў пры адборы кандыдатаў у кiраўнiкi? — Трэба прытрымлiвацца сiстэмнага падыходу: уважлiва прааналiзаваць як прафесiйныя, так i асабiстыя якасцi прэтэндэнта на адказную пасаду. Кiраўнiк з вялiкай лiтары — гэта той, якi развiвае вытворчасць i паралельна вырашае пытаннi павышэння ўзроўню жыцця i дабрабыту жыхароў, што там працуюць. Рэнтабельнасць вытворчасцi залежыць ад прафесiяналiзму кiраўнiка, ад таго, наколькi ён зможа выпрацаваць стратэгiю развiцця арганiзацыi, пралiчыць усё, у тым лiку магчымыя выдаткi вытворчасцi. Кiраўнiк павiнен валодаць аналiтычным складам мыслення, бачыць не толькi блiзкiя, але i далёкiя перспектывы развiцця. Ад кiраўнiка залежыць не ўсё (бо калi аб’яднаць дзве стратныя гаспадаркi, чаго зараз стараюцца не дапускаць, то нават кiраўнiку з двума вiхрамi складана будзе), але многае. Пра гэта сведчаць не адзiнкавыя прыклады, калi дзве амаль аднолькавыя сярэднеразвiтыя гаспадаркi, трапiўшы ў рукi двух розных кiраўнiкоў, iдуць рознымi шляхамi развiцця. Адна крок за крокам набiрае эфектыўнасць, а другая топчацца на месцы. Што ж да асабiстых якасцяў, то чалавечы фактар ва ўсе часы адыгрываў адну з вызначальных роляў. Кiраўнiк сам фармiруе сваю каманду, i ад таго, наколькi ён зможа зрабiць работнiкаў саюзнiкамi, напрамую залежыць развiццё арганiзацыi. Пазiцыя кiраўнiка сельскагаспадарчай арганiзацыi ў адносiнах маладых спецыялiстаў уплывае i на iх замацаванне ў вёсцы. Бо ад таго, як пройдзе перыяд адаптацыi маладога чалавека ў новых умовах, залежыць, цi застанецца ён не толькi ў гэтай арганiзацыi, але i ў галiне наогул. — Цi лёгка знайсцi такую iдэальную кандыдатуру? — Складана. Адны самi адмаўляюцца, бо не жадаюць узвальваць на сябе адказнасць, iншыя, здаецца, i не супраць, але не зусiм цi зусiм не адпавядаюць патрабаванням. Сапраўды, не кожны нават выдатны спецыялiст зможа справiцца з абавязкамi кiраўнiка. — Якую ролю пры выбары кiраўнiка адыгрывае наяўнасць дыплома аб вышэйшай адукацыi? — Сёння толькi 89 адсоткаў кiраўнiкоў маюць вышэйшую прафесiйную адукацыю. Паралельна з укараненнем у вытворчасць новых энергазберагальных i рэсурсазберагальных тэхналогiй, пераходам сельскагаспадарчай галiны на iнавацыйны шлях развiцця ставяцца i больш высокiя патрабаваннi да адукацыйнай падрыхтоўкi кiраўнiка. Таму спецыялiстам, якiя не маюць вышэйшай адукацыi, але маюць добрыя вынiкi ў працы, прапаноўваем навучанне па сiстэме НIСПА (спецыялiст з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй мае магчымасць без адрыву ад вытворчасцi i ў скарочаны тэрмiн атрымаць вышэйшую адукацыю). Сёння па сiстэме НIСПА навучаецца 20 адсоткаў спецыялiстаў. Павысiць квалiфiкацыю можна i ў Iнстытуце павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў АПК "БДАТУ", i на спецыяльных факультэтах, якiя дзейнiчаюць на базе сельскагаспадарчых ВНУ. Мы практыкуем некалькi формаў падрыхтоўкi i перападрыхтоўкi кадраў: трохмесячныя i пяцiмесячныя (увялi з гэтага года) курсы з адрывам ад вытворчасцi. Такое ранжыраванне звязана з узроўнем падрыхтоўкi рэзервiста: калi чалавек ужо прайшоў школу кiравання на нейкiм узроўнi, то яму, магчыма, дастаткова трох месяцаў падрыхтоўкi, у адрозненне ад таго рэзервiста, якi працаваў толькi на ўзроўнi спецыялiста. Практыкуецца яшчэ i двухгадовая завочная падрыхтоўка рэзерву кадраў. На курсах яны атрымлiваюць веды па эканомiцы, па новых эфектыўных тэхналогiях сельскагаспадарчай вытворчасцi, тэхнiчным забеспячэннi. Акрамя спецыялiстаў-тэарэтыкаў, да выкладання прыцягваем практыкаў — кiраўнiкоў дастаткова перспектыўных сельскагаспадарчых арганiзацый, у якiх рэзервiсты праходзяць стажыроўку. У змест вучэбных планаў уведзена дастатковая колькасць гадзiн па дысцыплiне "Iнфармацыйна-камп’ютарныя тэхналогii", дзякуючы чаму слухачы атрымлiваюць навыкi карыстання спецыяльнымi праграмамi, прымянення ва ўпраўленчай дзейнасцi iнтэрнэт-тэхналогiй i г.д. Акрамя таго, вядзецца падрыхтоўка перспектыўнага кадравага рэзерву з лiку студэнтаў старэйшых курсаў у чатырох аграрных ВНУ. Гэта студэнты, якiя, як правiла, зарэкамендавалi сябе не толькi ў вучэбнай дзейнасцi, але i, перш за ўсё, праявiлi арганiзатарскiя i камунiкатыўныя якасцi, такiя неабходныя сучаснаму кiраўнiку, маладыя людзi са здаровымi амбiцыямi, якiя непасрэдна зарыентаваныя на працу ў сельскагаспадарчай вытворчасцi. Такiм студэнтам, па iх жаданнi, у апошнiя два гады навучання выкладаем курс аграменеджменту. I паралельна з дыпломам спецыялiста яны дадаткова атрымлiваюць квалiфiкацыю "спецыялiст па кiраваннi". Гэта наш залаты фонд. Ёсць база звестак, якая адсочвае кар’ерны рост гэтых выпускнiкоў. Многiя з iх адразу ж пасля заканчэння ВНУ займаюць пасады галоўных спецыялiстаў (прызначаць iх адразу, без вопыту працы кiраўнiкамi сельскагаспадарчых арганiзацый, вядома, не зусiм разумна). Тыя выпускнiкi, якiя непасрэдна на месцы добра сябе зарэкамендуюць, аўтаматычна залiчваюцца ў рэзерв кадраў. Надзея ДРЫЛА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Калi аднаго з кiраўнiкоў сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва раёна выбралi дэпутатам Палаты Прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу, мы сутыкну
|
|