Падворак на чатыры пакаленні
Падворак на чатыры пакаленні
У Нарэйшах трымаюцца за ўласную гаспадарку Свiрскi пасялковы Савет, бадай, адзiн з самых вялiкiх па колькасцi населеных пунктаў у Мядзельскiм раёне. У яго склад уваходзяць 33 вёскi, у якiх больш за 3 тысячы жыхароў. Зусiм няшмат, калi мець на ўвазе тое, што каля 2 тыс. з iх жывуць у Свiры, Камарове i Канстанцiнаве. Няцяжка падлiчыць, колькi людзей у сярэднiм прыпадае на астатнiя 30 паселiшчаў. Практычна трэцяя частка месцiчаў — пенсiянеры. Мабыць таму апошнiм часам з году ў год змяншаецца колькасць свойскай жывёлы. Калi ў 2007-м вяскоўцы трымалi 310 кароў, то сёлета на падворках засталося толькi крыху больш за 200: пагалоўе "мiнусуе" даволi хуткiмi тэмпамi. Праўда, лiчыць старшыня Свiрскага пасялковага Савета Вiктар Субач, прыватны статак далей змяншацца не будзе. Ужо дасягнуты пэўны "мiнiмум". Цяпер жывёлу маюць у асноўным людзi сярэднiх гадоў, старыя ўсё больш ад яе адмаўляюцца — не па сiлах ужо. Аднак збыць тую ж карову нiхто не спяшаецца, паколькi трымаць выгадна. Па-першае, сябе забяспечваеш малаком, смятанай, тварагом, маслам. Таксама ж лiшкi можна без усялякiх цяжкасцяў здаць дзяржаве. На тэрыторыi Свiрскага пассавета малако збiрае мясцовы малаказавод. Малакавозы штодня i тралююць па ўсёй Мядзельшчыне. Дарэчы, у прамым сэнсе даязджаюць да кожнага падворка. Вяскоўцам варта толькi вядро выставiць каля сядзiбы ды пазначыць прозвiшча. Астатняе зробяць прадстаўнiкi малзавода: дакладна пазначаць колькасць, тлустасць i г.д. Памыляцца тут нельга, паколькi са свайго боку кожны месцiч уласную "статыстыку" вядзе. Рэалiзацыя малака — даволi прыбытковая справа. Цяпер расцэнкi такiя: 600 рублёў за лiтр (гэта "базавы" кошт) плюс 75 руб. надбаўкi. Акрамя гэтага за кожныя 500 л чалавек атрымлiвае "бонус" — дадатковыя грошы. Як заўважае Вiктар Субач, гэта важкi стымул для вяскоўцаў. Мабыць таму вынiкi на прыватных падворках такiя, што яшчэ некалькi гадоў таму сярэднi калгас мог бы пазайздросцiць. Летась жыхары вёсак Свiрскага пассавета здалi дзяржаве 740 тон малака (самы лепшы паказчык у раёне) — у сярэднiм па 2905 лiтраў ад каровы. Сёлета хоць колькасць жывёлы зменшылася, але ж аб’ёмы рэалiзацыi з кожнага падворка паранейшаму нядрэнныя. У невялiкiх вёсках мала кароў: дзе па 2-3, а, да прыкладу, у Нарэйшах — 10. Чаму я выбраў менавiта гэтае паселiшча? Тут усё проста — у Нарэйшах жыве сям’я, якая летась здала больш чым 10 тон малака! Нельга было не завiтаць да гэтых руплiвых гаспадароў. У Нарэйшах зараз 54 падворкi, дзе жывуць 89 чалавек. Цiкавы ўзроставы расклад: 53 пенсiянеры, 34 — у працаздольным узросце i двое дзяцей. Апошнiя — дзве дачкi Паграбiцкiх — Света i Марына. Паграбiцкiя перабралiся ў Нарэйшы 16 гадоў таму. Гэта родная вёска Галiны Іосiфаўны, тут яна нарадзiлася i вырасла, тут жывуць яе бацькi. Праўда, дачка спачатку i не арыентавалася на вёску — "уцякла" (як цяпер з усмешкай узгадвае), спрабавала стаць мiнчанкай. Жанчына працавала на заводзе халадзiльнiкаў, а яе муж Аляксандр Антонавiч — на трактарным. Аднак жыццё распарадзiлася iнакш: праз некалькi гадоў прыехалi яны ў Нарэйшы да бацькоў Галiны. У Мiнску жыллёвае пытанне вырашыць не ўдалося, а ў вёсцы ўсё ж быў свой куток. Дарэчы, з бацькамi яны жывуць i дагэтуль. Спачатку ўладкавалiся ў мясцовую гаспадарку (цяпер гэта СВК "Свiрскi край"), дзе Галiна i цяпер на свiнаферме працуе. А Аляксандр — у Нацыянальным парку, леснiком. Звычайная вясковая сям’я, якая трымаецца традыцыйнага ладу жыцця ў глыбiнцы. У iх разам з бацькамi добры кавалак зямлi — цэлы гектар. Зразумела, апрацоўваць такiя плошчы няпроста, аднак калi разабрацца, то толькi такiм чынам магчыма задаволiць уласныя патрэбы. На прысядзiбным участку вырошчваюць усю неабходную гароднiну i бульбу, а таксама сеюць збожжавыя на корм свойскай жывёле. Зусiм нядаўна Паграбiцкiя трымалi чатыры каровы, а зараз засталася толькi адна. Чаму так выйшла? Справа ў тым, што вельмi не шанцуе — увабралася хвароба ў жывёлу, вось i засталiся з адной толькi кармiцелькай. Але i цяпер здаюць даволi шмат малака — за студзень рэалiзавалi 311 лiтраў. Напэўна ж, адчулi, што справа выгадная. — Паглядзiм як паступiць у далейшым, — разважае Галiна Iосiфаўна. — Цяпер у вясковым статку засталося толькi 10 кароў, таму радоўку прыходзiцца пасвiць лiтаральна раз на паўтара тыдня. Цяжка будзе, калi прыйдзецца некалькi дзён адбываць, у тым выпадку, калi набудзем сабе яшчэ кароў. Можа якую загарадку зробiм i будзем асобна пасвiць, то тады адразу i купiм. Усё ж такi грошы за здадзенае малако — добрая прыбаўка да сямейнага бюджэту. Так лiчыць i Аляксандр, бо для таго, каб падымаць дзвюх дачок, патрэбны немалыя сродкi. Праўда, разам з бацькамi значна лягчэй — яны ва ўсiм дапамогуць. Да прыкладу, калi на падворку было больш жывёлы, то даводзiлася ўсё лета сенаваць — нарыхтоўвалi на зiму 30 вазоў сена, трэба ж нацягацца. Бацька Галiны, Iосiф Iгнатавiч Руткоўскi, у гэтай вёсцы нарадзiўся i жыве ўсё жыццё. Уласную хату пабудаваў у сярэдзiне 1960-х, калi пайшоў на свой хлеб. Старому споўнiлася 70 гадоў, яго жонцы Леанардзе Адольфаўне — 63. Кажуць, што калi працавалi ў калгасе, то ўласная гаспадарка меншая была, бо ўсюды паспець было вельмi цяжка. Гэта як пайшлi на пенсiю, то "разжылiся". Зараз i бацькам дапамагаюць: бацьку 93 гады, мацi — 86. Атрымлiваецца, што з вялiкага падворка кормяцца чатыры пакаленнi (ад Светы i Марыны — да iх прадзеда i прабабулi). — У гэтых мясцiнах спрадвеку былi моцныя гаспадары — людзi заўжды трымалi вялiкую гаспадарку, — заўважае 70-гадовы Iосiф Iгнатавiч Руткоўскi, бацька Галiны. — У Нарэйшах у лепшыя часы было 180 кароў. Гэта цяпер старым ужо не па сiлах мець жывёлу, таму збываюць. Але карову здадуць, а козачку купяць, каб малако сваё было. Непадалёк жыве i другая дачка Iосiфа Iгнатавiча — выходзiць, што рэальна прыходзiцца апрацоўваць больш за гектар зямлi. Таму трымаюць каня (як кажа Iгнатавiч, каб добра гаспадарыць, патрэбны конь альбо трактар), таксама ў гаспадарцы шэсць свiней, куры, качкi. Мяса сабе ўдосталь хапае, яшчэ i прадаюць. Атрымлiваецца, што практычна ўсё харчаванне — з уласнага падворка. У аўтакраме купляюць толькi хлеб ды якiя прысмакi дзецям (цукеркi, ёгурты, напiткi, чыпсы). "Стацыянарную" краму ў Нарэйшах зачынiлi, бо не знайшлi прадаўшчыцы (некалькi жанчын, якiя тут дагэтуль працавалi, па розных прычынах надоўга не затрымлiвалiся). Але цi не кожны дзень прыязджае "крама на колах" — ходзяць як дзяржаўныя машыны, так i прыватнiкi прадукты вяскоўцам прывозяць. — Пенсiю спраўна атрымлiваем, дзецi таксама зарабляюць — дык няўжо ж не пражывём? — заўважае Iосiф Руткоўскi. — Трэба толькi па магчымасцi трымацца сваёй гаспадаркi. Тады не прападзеш... Мiкалай ЛIТВIНАЎ, Мядзельскi раён. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Нарэйшах трымаюцца за ўласную гаспадарку Свiрскi пасялковы Савет, бадай, адзiн з самых вялiкiх па колькасцi населеных пунктаў у Мядзельскiм раёне.
|
|