У Акцябрскiм лясгасе — дух наватарства
У Акцябрскiм лясгасе — дух наватарства
Яны былi першымi — Заўсёды, калi наведваюся ў Акцябрскi лясгас, — гаварыў мне генеральны дырэктар Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Мiхаiл Супрун, — мяне ахоплiвае трапяткое хваляванне. Бо гэта — легендарны партызанскi край, славутая Рудабелка, якая шмат аб чым сведчыць. Аб мужнасцi i гераiзме мясцовага люду, аб стараннi палешукоў, аб iхняй сцiпласцi. А яшчэ i аб тым, што лясы тут вячыстыя, прыгожыя, што яны займаюць больш за палову тэрыторыi раёна. Падчас нашай размовы мы ўзгадалi той момант, калi ў мiнулым месяцы ва ўрачыстай абстаноўцы на сустрэчы кiраўнiкоў Гомельскага аблвыканкама i абласнога саюза наймальнiкаў з кiраўнiкамi суб’ектаў гаспадарання дырэктару Акцябрскага лясгаса Уладзiмiру Вялiчку была аб’яўлена падзяка за дасягненне найлепшых вынiкаў у працы калектыву ў 2008 годзе. І Мiхаiл Пятровiч парэкамендаваў напiсаць пра яго працу, паведамiўшы наступнае. У лясгасе падабралася моцная каманда аднадумцаў, якая iмкнецца браць курс на ўсё новае, перадавое. Лясгас быў першым сярод лесагаспадарчых устаноў вобласцi, дзе з’явiлiся тэлевiзiйныя прылады для выяўлення ачагоў узгарання ў лесе. А як не сказаць пра ўкараненне такiх электронных iнструментаў, як шведскiя мерныя вiлы, вышынямеры, якiя, нiбы кнiгу, прачытваюць усе параметры дрэў. Першымi сярод лясгасаў тут стварылi спецыялiзаваную брыгаду па адводзе i таксацыi лесасек ва ўсiх ляснiцтвах. Тут адмовiлiся ад цэха перапрацоўкi драўнiны, i гэта — правiльны падыход у канкрэтных умовах. Бо цяжкасцi з экспартам пiлаванай прадукцыi неймаверныя, цэны на яе ўпалi i на ўнутраным рынку. Таму i вырашана было: лесасечны фонд — добры, значыць, гэта трэба скарыстаць з толкам. А менавiта: валiць лес на пнi i прадаваць яго праз бiржу. Можна i непасрэдна насельнiцтву. Таксама — эканамiчная выгада. Так, асобнае пытанне — рэалiзацыя. Лясгас знайшоў спажыўцоў сваёй прадукцыi, i летась, напрыклад, цалкам быў асвоены лес, якi павiнны былi высечы. Нельга не сказаць i пра тое, што тут дружна ўзялiся за добраўпарадкаванне ляснiцтваў, што лясгас лепш за iншых у аб’яднаннi забяспечаны тэхнiкай, што летась генеральны дырэктар уручыў ключы ад аўтамашын "Нiва" пяцi ляснiчым, што лясгас адным з першых набыў фарвардар для вывазкi драўнiны з забалочаных мясцiн, што ён мае добрую i надзейную пагрузачную станцыю. Адным словам, прадпрыемства працуе па-сучаснаму. Калектыў ахоплены наватарскiм духам. На таварнай прадукцыi ён зарабiў у мiнулым годзе больш, чым iншыя лясгасы, а заработная плата — адна з самых высокiх у сiстэме абласнога лесагаспадарчага аб’яднання. Малайцы! Так трымаць! Дырэктар i яго каманда Вялiчка — карэнны паляшук. У сям’i качагара сярод траiх дзяцей ён быў старэйшым па ўзросце. А гэта азначае, што на яго плечы прыпадала больш за ўсё клопатаў. I гэта загартоўвала чалавека. Хлопец з вёскi Парэчча школу закончыў у райцэнтры Акцябрскi ў 1987 годзе i паступiў у тэхналагiчны iнстытут iмя Кiрава ў Мiнску. Потым была служба ў армii, зноў iнстытут. Яшчэ калi быў студэнтам, яго на пасаду ляснiчага Рассветаўскага ляснiцтва запрасiў дырэктар лясгаса Васiль Сцяпанавiч Горах. Пра трагiчны лёс гэтага чалавека ў 2005 годзе мы расказвалi на старонках нашай газеты. Яго, жонку i дачку ў доме забiлi двое вырадкаў, i адзiн з iх судом быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Па дарозе ў следчы iзалятар Гомеля ён сканаў у мiлiцэйскай машыне. Пасля некалькi гадоў Уладзiмiр Леанiдавiч працаваў галоўным iнжынерам установы, а ў 2007-м узначалiў яе. Гэта паважаны чалавек, дэпутат. Як гаворыцца, правай рукой яго з’яўляецца галоўны ляснiчы Фелiкс Станiслававiч Коркуц, таксама з мясцовых. Iнiцыятывы ў яго хоць адбаўляй, таму не заседжваецца ён у кабiнеце. Дарэчы, сёлета ён заканчвае лесагаспадарчы факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя Францыска Скарыны. Пазнаёмiўся я i з намеснiкам дырэктара па iдэалагiчных пытаннях Аляксандрам Мацвеевiчам Бандарэнкам, якi мае багаты вопыт работы ў лясной гаспадарцы. Дастаткова сказаць, што ён працаваў яшчэ да 1975 года памочнiкам ляснiчага ў Калiнкавiцкiм раёне, потым яго перавялi на працу ў Акцябрскi раён, а пазней у Светлагорскi (пасады ляснiчага i галоўнага ляснiчага). Калi ў Светлагорску не атрымалася з вырашэннем кватэрнага пытання, вярнуўся ў Рудабелку i працаваў iнжынерам па ахове лесу, а ў 2001 годзе яго прызначылi намеснiкам дырэктара па iдэалагiчных пытаннях. 34 гады аддала прадпрыемству намеснiк галоўнага бухгалтара Вольга Паўлаўна Анацка, якая ўзнагароджана ганаровай граматай Мiнiстэрства лясной гаспадаркi, i 20 — начальнiк планавага аддзела Алена Васiльеўна Лявiцкая. Меншы працоўны стаж у галоўнага бухгалтара Любовi Пятроўны Яўсеенкi, але гэта вопытны спецыялiст з вышэйшай эканамiчнай адукацыяй. Яе сям’я ў 1991 годзе перасялiлася сюды з "чарнобыльскага" Брагiнскага раёна. Усяго паўтара года працуе ў лясгасе Анатоль Мiхайлавiч Драпеза, але i за гэты кароткi адрэзак часу ён зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку. I прычына гэтага вядомая: рупны чалавек, з творчай жылкай i вялiкай адказнасцю, галоўны механiк прадпрыемства. У лясгас ён прыйшоў з сельскай гаспадаркi, дзе на працягу дваццацi гадоў быў галоўным iнжынерам. Аповед аб адказным iнжынерна-тэхнiчным персанале можна, як, дарэчы, i аб iншых працаўнiках лясгаса, працягваць i далей, але (не трэба толькi крыўдаваць) у гэтым невялiкiм матэрыяле назваць усiх лепшых працаўнiкоў проста немагчыма. Пад пошум лесу ездзiлi мы з Аляксандрам Мацвеевiчам па розных аб’ектах гаспадаркi, i ён з пачуццём гонару расказваў пра тое, што ўяўляе сабой лясгас, якiя ў яго задачы, над чым працуе яго калектыў сёння i г.д. Адначасова знаёмiў i з людзьмi. Сёлета лясгасу споўнiцца 55 гадоў. Ён займае плошчу ў 86 тысяч гектараў, у склад яго ўваходзiць дзесяць ляснiцтваў, майстарскiя ўчасткi, абходы. У калектыве — да 360 чалавек. Штогадовыя нарыхтоўкi дасягаюць 1120 кубiчных метраў драўнiны, а пасадкi на 300-350 гектарах робяцца. У першую чаргу мы заехалi на мехдвор i адразу звярнулi ўвагу на высачэзную, больш як у трыццаць метраў вышку тэленазiрання. Такiх у лясгасе ўжо чатыры, i кожная трымае пад сваiм вокам лясныя ўгоддзi на прадмет месцаў узнiкнення пажараў. Iмавернасць памылак — вельмi малая. Адсюль i хуткасць прыняцця адпаведных мераў. Тут сустракаем галоўнага механiка Анатоля Драпезу, i ён паказвае будынак былога лесапiльнага цэха, да якога зроблена прыбудова, у вынiку чаго тут адбылiся наступныя пераўтварэннi. З’явiўся трохсекцыйны гараж, якi аснасцiлi новымi варотамi. Збудаванне гэта для магутных буйнагабарытных машын (МАЗаў-лесавозаў), якiя размяшчаюцца тут разам з манiпулятарамi. Раней гэта тэхнiка стаяла пад адкрытым небам, натуральна, i рамонт яе даводзілася рабiць на холадзе. А зараз — любата: у гаражы — аглядныя ямы, цёпла ў маразы, бо працуе кацельня на адходах драўнiны. Людзi вельмi задаволены, бо ёсць душавы пакой на два памывачныя месцы, дзе гарачая вада ў любы час. Побач — цэх па рамонце палiўнай апаратуры любой маркi, для чаго за 26 мiльёнаў рублёў набылi стэнд, якога няма нi ў iншых лясгасах, нi ў арганiзацыях раёна. Тут жа i два зварачныя пасты, павець для рамонту тэхнiкi. Калi надвор’е не дазваляе рабiць рамонт, вузлы i дэталi павецi пасля дэмантажу пад’ёмнiкам пагружаюць на вазок i вязуць у цэх па рэйках. Зручна ўсё, што пералiчылi, i эканамiчны эфект дае. Характэрна, што названую вышэй прыбудову зрабiлi гаспадарчым спосабам, бо лясгас мае сваю будаўнiчую брыгаду. Столькi тэхнiкi, колькi ў Акцябрскiм лясгасе, няма ў iншых лясгасах вобласцi. Летась набылi новы сартыментавоз i прычэп да яго, той жа фарвардар, ёсць шмат тралёвачных машын, трактары i г.д. Акупляюць сябе i набытыя станкi, без якiх нiяк не абысцiся, унiверсальны свiдравальны, а таксама новыя наждачны i такарны. Наступны наш маршрут ляжаў на станцыю Рабкор. Здалёк былi вiдаць штабялi драўнiны, многiя сотнi кубаметраў, якiя трэба загружаць у вагоны i адпраўляць спажыўцам. Работа тут iшла поўным ходам. На базе магутнага грузавiка "Урал" быў прыстасаваны кран такiм чынам, што кабiна яго з дапамогай гiдраўлiкi ўзнiмалася ўгору i вадзiцель Аляксандр Сямёнкiн, у поле зроку якога трапляе ўсё нутро вагона (да самага дна яго), кранам раз-пораз апускаў туды драўнiну. Яе ўкладваюць там рабочыя Артур Гормаш i Андрэй Харамецкi. У той дзень iшла адпраўка тэхналагiчных дроў на шчэпкі для аднаго з гiдролiзных заводаў краіны. Заходзiм да майстра Любовi Лабовiч, якая знаходзiцца ў бытавым памяшканнi i адказвае за адгрузку вагонаў. Звяртаем увагу на тое, што ўсё тут як належыць: радыятар ацяплення, халадзiльнiк, мiкрахвалевая печ, самая сучасная тэхнiка для адпрацоўкi неабходнай дакументацыi i адпраўкi яе па электроннай пошце ў кантору лясгаса i спажыўцам. — Зараз кожны дзень, — гаворыць Любоў Мiкалаеўна, — мы адгружаем, у асноўным на ўнутраны рынак краiны, да 250 кубаметраў лесу. У вагоне — ад 45 да 60 км кубаметраў яго. Раней было болей, i звязана гэта з тым, што Украiна i Прыбалтыка робiць цяпер куды меншыя заказы. — Напэўна, фiнансава-эканамiчны сусветны крызiс прычынай таму? — Лiчу, што так. Асабiста на нашым участку тармазоў нiякiх не чакаецца. Тое, што папросяць, адгрузiм. Своечаова. Iнакш мы не працуем. Да сказанага застаецца толькi дадаць, што раней за адгрузачную пляцоўку на станцыi Рабкор лясгас плацiў вялiкую арэндную плату, а пасля "адваяваў" яе i наладзiў тут эфектыўную работу. Вартая змена Беластволыя бярозы, бронзавага колеру стромкiя сосны ў зялёных "шавялюрах", што прыцiхлi ўздоўж аўтамагiстралi, мiльгаюць суцэльнымi масiвамi перад вокнамi легкавушкi, на якой мы iмчым у Шкаўскае ляснiцтва. Па дарозе Аляксандр Мацвеевiч апавядае пра яго кiраўнiка Эдуарда Грыневiча i яго сястру Людмiлу Колабаву, якiя пайшлi па бацькавай сцяжынцы. А калi зазiрнуць далей, у глыбiню часоў, дык род Грыневiчаў большай часткай звязаў сваё жыццё менавiта з лесам. Лепш паслухаем самога Эдуарда Мiкалаевiча. Ён расказаў, што яго прапрадзед Фёдар Платонавiч служыў у панскiм лесе аб’ездчыкам. Эстафету ў яго прыняў сын Цiмафей Фёдаравiч. Ён быў леснiком ужо ў савецкiя часы. Не парушыў традыцыю i дзед Эдуарда Iван Цiмафеевiч, а таксама i бацька Мiкалай Iванавiч, якi аддаў лясной гаспадарцы 47 гадоў. Быў ён i леснiком, i ляснiчым, шмат падзяк мае за добрую працу. Калi два гады таму ён пайшоў на заслужаны адпачынак, яго пасаду ляснiчага i заняў Эдуард. Ён закончыў Буда-Кашалёўскi саўгас-тэхнiкум, Полацкi лясны тэхнiкум i тэхналагiчны ўнiверсiтэт iмя Кiрава i апошнiм часам працаваў памочнiкам ляснiчага. Сёння ў гаспадарцы, якую ён узначальвае, 8307 гектараў спелага лесу — хваёвых i лiсцевых пародаў. Летась ляснiцтва заняло другое месца ў лясгасе па вынiках працы. З 1992 года (i гэта асаблiвы гонар) у ляснiцтве не здарылася нiводнага пажару, бо i з дарослымi право- дзяцца гутаркi на патрэбныя тэмы, i са школьнiкамi. А яшчэ, радуецца Эдуард Мiкалаевiч, сын Мiкалай вучыцца ў агралесатэхнiчным каледжы, i сястра Людмiла Колабава, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, працуе бухгалтарам у ляснiцтве. Тут жа i яе муж Уладзiмiр, ляснiк з 19-гадовым стажам працы ў лесе. Плошча яго абхода даволi вялiкая — 1316 гектараў. За дзень не абыдзеш. Ды нiчога, спраўляецца ён з гэтай работай адмыслова. Нездарма ж яго прозвiшча занесена на Дошку гонару раёна. Дарэчы, дачка Колабавых Вольга займаецца ў лясным тэхнiкуме. Вось такiя моцныя каранi роду лесаводаў Грыневiчаў! Нiбы ў разлапiстых дубоў. Выпадковых людзей у лясгасе няма. Калi адны з iх працягваюць справу сваiх продкаў, дык iншыя прыйшлi сюды працаваць па заклiку душы. Па наканаваннi. I ўсе яны — адданыя працы, лесу. Мiхаiл Пракопавiч Баёк, напрыклад, 45 гадоў правёў у iм, працаваў леснiком. Свой абход ён перадаў сыну Сяргею, i той вырас да майстра лесу. Дзед леснiка, бухгалтара i майстра Васiля Каваленкi працаваў у лесе яшчэ да рэвалюцыi, а ў бухгалтара Парэцкага ляснiцтва Галiны Маркавец бацька хадзiў у аб’ездчыках. Па слядах майстра лесу Мiхаiла Хлапка пайшоў яго сын Дзмiтрый. Ён — ляснiчы Рассветаўскага ляснiцтва. У мiнулым годзе пасля заканчэння тэхналагiчнага i Гомельскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя Скарыны ў лясгас прыйшлi тры маладыя спецыялiсты, выбар якiх быў не выпадковы. Васiлiна Гормаш i Мiхаiл Сакалоў актыўна займалiся ў школьным ляснiцтве, i iм былi дадзены рэкамендацыi лясгаса для паступлення ў ВНУ. Малады iнжынер па якасцi i стандартызацыi i памочнiк ляснiчага сёння набiраюцца вопыту. Гэтак жа i iнжынер па лесааднаўленнi Аляксандр Гошка, бацька якога працаваў у лясгасе галоўным iнжынерам. На сённяшнi дзень у каледжах i тэхнiкумах павышаюць квалiфiкацыю 25 чалавек i завочна вучацца ў ВНУ пяць работнiкаў. Вартая змена расце ў лясгасе. Дырэктар яго, Уладзiмiр Леанiдавiч Вялiчка, у заключэнне сказаў, што на базе лясгаса ўжо прайшло некалькi семiнараў па абмене перадавым вопытам, што вялiкую дапамогу калектыву аказвае кiраўнiцтва абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, што работнiкi лясгаса i ў сённяшнiх нялёгкiх умовах стараюцца замацаваць свае пазiцыi. Чаго мы iм i жадаем. Матэрыял падрыхтаваў Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ. УНП 400008007
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яны былi першымi — Заўсёды, калi наведваюся ў Акцябрскi лясгас, — гаварыў мне генеральны дырэктар Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага
|
|