Супраць ветру
Супраць ветру
Ён у бацькоў быў адзiным сынком. Яна — адзiнай дачушкай. Рознiца толькi ў тым, што ягоныя "продкi" былi (прынамсi тады) жывымi-здаровымi, а вось яе, на вялiкi жаль, не: мацi замалада вельмi цяжка хварэла (рассеяны склероз), а бацька i наогул знiк, як толькi даведаўся, што хвароба гэта — усур’ёз i надоўга. Але ж дачка (як знешне здавалася) мала на тое зважала. Расла вельмi жвавай, здаровай, гадоў з сямi-васьмi самастойна хадзiла па крамах, прыбiрала ў хаце, варыла есцi — сама даглядала сябе i матулю. Што зусiм не перашкаджала ёй на выдатна вучыцца ў школе, спяваць у ансамблi, вышываць крыжыкам, шыць (дакладней — перашываць са старога) новыя строi, а перад самым выпускным, без памяцi закахацца ў... свайго ж аднакласнiка, таго самага адзiнага сынка! Больш за тое, шалеючы ад радасцi, неяк раптам адчуць, што гэта — узаемна! Каханне, кажуць, як кашаль — яго не схаваеш. А тым больш ад бацькоў. Яе матулька, зразумеўшы ўсё, дзень i ноч, здавалася, плакала, што дажыла — плакала ад шчасця. Яго — якраз наадварот — ад гора, бо перакананая была, што сын яе — прыгожы, любiмы, адзiны — ну безумоўна ж, варты лепшага. Ёй хацелася, каб абраннiца была... Ну, па-першае, не цяпер... Па-другое — з нейкай iншай сям’i, не такой — людскай, гэта значыць, поўнай, прыстойнай, хоць больш-менш забяспечанай, калi ўжо не багатай. Бо маладым жа трэба дапамагаць — атрымлiваць адукацыю, будаваць кватэру, гадаваць унукаў. А тут (сорам нават сказаць каму!) — у дзеўкi нi кап’я за душой, бацька — чорт ведае дзе, сабакам сена косiць, мацi — калека, не сёння-заўтра памрэ... Дарэчы, добра ведаючы гэта, яна ўпотай ад дачкi, з апошнiх сiлаў, усё ж дабралася да канторы, дзе працаваў яго бацька, папрасiла людзей, каб паклiкалi, пасадзiла на лаўку побач з iнвалiднай каляскай i стала казаць, што iх дзецi сябруюць, што пачуццi там (яна ведае, бачыць гэта!) — самыя чыстыя, што яны збiраюцца разам паступаць, разам вучыцца, што пра вяселле размова пакуль не iдзе... А калi i так, калi некалi i пойдзе, то iм не трэба баяцца, бо дачка яе — ну, зразумела ж, гаротнiца, але яна — самая разумная i добрая ў свеце, што з яе атрымаецца найлепшая жонка (сын iх будзе шчаслiвым)... І яны, бацькi, адпаведна, таксама... Стала даводзiць яшчэ, што дзецi маладыя зусiм, што кахаюць i што нельга — гэта грэх — чынiць iм нейкiя перашкоды, а тым больш разлучаць... Бацька маналог гэты слухаў моўчкi, курыў, спачатку нават паддакваў, але ж на развiтанне, цяжка ўздыхнуўшы, як адрэзаў, сказаў: "Мая — супраць. Катэгарычна... А я?.. Што я? Вы ж разумная жанчына, вы ж ведаеце — што з жонкай спрачацца, што "супраць ветру с..." Так што выбачайце, я ўмешвацца не буду". З той маўклiвай бацькавай згоды, хлопцава мацi падмiтусiлася — знайшла нейкую, хай далёкую, але ж уплывовую радню ў Пiцеры, з поўнымi клункамi з’ездзiла туды, "усё праплацiла", i сына ўсiмi праўдамi i няпраўдамi для пачатку сцягнулi ў горад на Няве, уладкавалi вучыцца. I, гады праз тры, усё ж дамаглiся свайго — разлучылi са школьнай сяброўкай! Ён ажанiўся з iншай, карэннай ленiнградкай, прыжыў дзiця, але нешта ў iх не заладілася — у хуткасцi развялiся. I з вучобай нiчога не атрымалася — кiнуў. Пасля гэтага хацеў вярнуцца дамоў — такiм, як ёсць — мацi не дазволiла. Давялося паматацца па свеце, ажанiцца яшчэ. I зноўку няўдала. Зрэшты, размова тут зусiм не пра яго: пра мацi, што на белым канi сына так i не ўбачыла — памерла яна ў няпоўныя шэсцьдзесят, ад анкалогii. Бацька цяпер дажывае адзiн — нямоглы, амаль сляпы — як кажа, "малiтвамi маёй Аляксееўны"! Аляксееўна — гэта доктарка, гэта — Нiначка, тая самая дзеўчынёха, якую так моцна кахаў яго сын, якога ўсiм сэрцам сваiм кахала яна. I якiх ён (так-так — iншых вiнаватых няма!) разлучыў, пабаяўшыся, не захацеўшы адзін раз пайсці... супраць ветру. Валянцiна Доўнар.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ён у бацькоў быў адзiным сынком. Яна — адзiнай дачушкай. Рознiца толькi ў тым, што ягоныя "продкi" былi (прынамсi тады) жывымi-здаровымi, а
|
|