Паўстанне Амерыкі. 21.by

Паўстанне Амерыкі

29.01.2010 14:52 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Прывет табе і бывай, геній-мізантроп, зачараваны самотнік, выбітны пісьменнік. Адваротны адлік пачаўся: праз пяцьдзесят гадоў універсітэт Прінстана зможа надрукаваць «Акіян, поўны шароў боўлінга», адзінае апавяданне, якое ты афіцыйна дазволіў апублікаваць па сваёй смерці. У канцы жыцця ты адмаўляўся ад усіх прапановаў: зрабіць з «Лаўца» кінастужку, сабраць пад аўтарскую вокладку ўсе апавяданні і выдаць нявыдадзенае, выставіць на вокладку персанажы апавяданняў, ці хаця б зірнуць на новыя рукапісы, і паведаміць нам, ці наагул існуюць такія. Калі верыць тваёй дачцэ, у тваім сэйфе захоўваюцца рукапісы двух новых раманаў. Так, усё роўна як галоўны герой «Лаўца ў жыце», Голдэн Колфілд, яго стваральнік любіў пускаць з’едлівы цыгарэтны дым у вочы грамадству. І было за што, трэба прызнацца…

У Штатах,што засталіся наўзбоч большасці еўрапейскіх хваляванняў і кардынальных пераўтварэнняў ХХ стагоддзя, дзе ўсё развівалася больш-менш эвалюцыйна, кожнае пакаленне ўсё ж мела свайго духоўнага вядоўцу, што прагне шчасця і спакою не для ўсяго свету, а найперш для асобна ўзятай душы (і гэтак шчыруе для ўсяго свету). Пасля Джона Стэйнбека ў амерыканскай літаратуры не засталося таго, хто паўстане супраць бацькі, амерыканскага істэблішмэнту, супраць хмарачосаў несправядлівасцяў і мегаполісаў крыўдзіцеляў. Але ў кожнага ж пакалення свая вайна, свае «Гронкі гневу» — «Лавец у жыце» — «Зязюльчына гняздо» —»Байцоўскі клуб», свой Стэйнбек—Сэлінджэр—Кізі—Паланік. У сусветную літаратуру прыйшоў піьсменнік, які самотна пераадольваў Вялікую Дэпрэсію пачуццяў, даваў аплявухі свайму пакаленню. А сваё, як сумнавядома, ганіць цяжэй: маштабнейшая праца душы і баляснейшыя гузакі ад чытачоў.

Першыя твае гнеўныя вінаградзіны — няспелыя, але ў гэтых апавяданнях ёсць адна асаблівасць, што прынесла вядомасць пазнейшым творам: дакаладна-пякучае апісанне свету падлеткаў. Ты верыў у маральнае вяршэнства маладых і маральную перавагу дзяцячага над няшчырай сталасцю. І вядома, дыялогі: бліскучыя, гостраныя, але натуральныя, як матчына мова, такія, нібыта персанажы шэпчуць гэтыя словы адно аднаму (і чытачу) на вуха.

У 1941 Сэлінджэр прадаў «Нью-Ёркеру» першае апавяданне, якое было сэрцам раману «Лавец у жыце», але часопіс не спяшаўся яго друкаваць, бо аўтар указваў на прамую сувязь паміж духоўных развіццём падлетка і прапусканнем заняткаў у школе. Пакуль Сэлінджэр пісаў у шуфлядку, у іншых кутах зямной кулі варочалася Другая сусветная. Сэлінджэр ідзе ў войска, удзельнічаў у высадцы амерыканскага дэсанта ў Нармандыі 6 чэрвеня 1944 г. Працуе з ваеннапалоннымі, вядзе допыты нацыстаў ды іх памагатых, бярэ ўдзел у вызваленні вязняў канцлагероў. Вайна выпетрыла яго душу: «змардаванасць боем», — ці ж не самае дакладнае азначэнне для скалечанасці душы, што прывяло яго ў вайсковую больніцу. Па павароце ў Нью-Ёрк першую сур’ёзную вядомасць прынесла апавяданне «Добра ловіцца рыбка-бананка» (1948), апавяданнне якое сведчыла пра ўзыход новага таленту. У апавяданні малады чалавек, які падобны-непадобны да самаго Сэлінджэра, танчыць са сваімі дэманамі ваеннага мінулага. Урэшце Сімур Глас, герой апавядання, забівае сябе, а дзякуючы гэтаму літаратурнаму забойству сам Сэлінджэр перажывае ліхую часіну. «Лавец у жыце», які пабачыў свет у 1951, спадабаўся падлеткам і літаратурнай крытыцы і зрабіўся зненавідным для настаўнікаў і істэблішменту. Усё праз празрыстае, без утойванняў, апісанне ўнутранага свету Голдэна Колфілда, 17-гадовага і дэпрэсіўнага, як толькі 17-цігадовы можа быць дэпрэсіўным.

Ты ненавідзеў пафарбаванасць і фальшывасць дарослых, і самаруч адшкабліваў героя да лаканічнай адпрыроднасці, хіба прысыпаючы лаянкай і рэплікамі, што струменіліся пачуццём наканаванасці. Свет Голдэна Колфілда вабіў мільёнаў тінэйджэраў, якіх, як мы ўпершыню дазналіся ад «Лаўца», ніхто не разумее і ніхто ніколі не зразумее. Банальна? Банальна, але сёння факт. Сёння твая мова не такая нахабная, як была ў 1951-ым, але працэс пайшоў: ну, нельга апісваць брутальны свет без моўнай з’едлівасці і ўбрыклівасці.

Потым Сэлінджэр вёў жыццё самотніка, адмаўляўся даваць інтэрв’ю, а ад 1965 г. наагул перастаў друкавацца і наклаў забарону на перавыданне сваіх ранейшых твораў. Апошняя бура грамадскага значэння ўсчалася ў 1981 годзе, калі забойца Джона Ленана, Марк Чэпмэн, чакаючы прыезду паліцыянтаў, дэманстратыўна чытаў «Лаўца», і пасля назваў імя Сэлінджэра як пра крыніцу натхнення для свайго злачынства.

Апошнія гады пісьменнік жыў за высокай сцяной у гарадку Корніш ды займаўся духоўнымі практыкамі будызму, пісаў лісты на мяжы прыстойнасці маладым прыхільніцам свайго таленту. Да сярэдзіны 70-х здраджваў сабе і даваў пару-тройку інтэрв’ю на год, з якіх высвятлялася, што пісьменнік па-ранейшаму любіць пісаць, але набыў звычку ненавідзець друкавацца. Пры канцы 80-х таямніца пайшла па шву: спярша судовае змаганне, якое мела на мэце забараніць журналісту Іену Гамільтану надрукаваць яго біяграфію. З пэўнымі скарачэннямі, але перапоўненая «смажанымі» фактамі з жыцця аўтара «Лаўца» біяграфія пабачыла свет, як і ўспаміны маладой каханкі Сэлінджэра. Потым прыгады дачкі Маргарэт: усё гэта падтачыла імідж своеасаблівай Грэты Гарбо сусветнай літаратуры, распавёўшы пра скандальную, канфліктную перш за ўсё з сабою, натуру, пра чалавека, які адчужаны нават ад сваіх родных.

Ты паказаў свет падлетка(м), як ніхто ў сусветнай літаратуры; любоў трох пакаленняў чытачоў будзе суправаджаць цябе яшчэ доўга, але найвялікшай тваёй трагедыяй будзе той факт, што пасля «Лаўца» ў цябе не засталося больш узвышшаў каб дасягаць, і не было спаборнікаў каб выпераджаць, бо ўсе пераканаўчыя словы, якія складаюць Біблію для ускудлачаных бунтаўнікоў, не абавязкова амерыканскіх, ты ўжо знайшоў. Усё астатняе — тлумачэнні, каментары, апокрыфы, містыфікацыі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра Сэлінджэра піша Павал Касцюкевіч
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика