«Мы, беларусы» — занадта памяркоўная мелодыя. 21.by

«Мы, беларусы» — занадта памяркоўная мелодыя

17.02.2010 17:15 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Кіраўнік хора «Унія», аўтар нашумелага ў свой час аўдыёзборніка «Беларускія маршы і песні. Змагарная лірыка», Кірыла Насаеў выдаў новы дыск «Музыка беларускіх храмаў». У ім сабраныя рэлігійныя гімны беларускіх хрысціянскіх канфесіяў. У інтэрв’ю «НН» знаны хормайстар дзеліцца развагамі пра прыроду царкоўных гімнаў і дае ацэнку свецкім «галоўным песням». Ад «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» да «Мы, беларусы».

На дыску «Музыка беларускіх храмаў» сабраныя праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія, пратэстанцкія музычныя творы XV--XXI ст. Усяго 24 трэкі: гімны, псалмы, часткі літургіі, канты, а таксама ўрыўкі з «Слонімскага сшытка» і Берасцейскага канцыянале. У запісе дыска ўзялі ўдзел хор «Унія», хор Петрапаўлаўскай царквы, народны хор.


Музыка беларускіх храмаў/Religious Music of Bielarus. Серыя «Беларуская музычная калекцыя». Мінск: «Вігмагруп», 2009.

«НН»: Спадар Кірыла, нашто ўсе канфесіі пад адной вокладкай?

Кірыла Насаеў: «Міжканфесійнасць» дыску тлумачу найлепш гістарычнымі прычынамі, у Беларусі адразу некалькі канфесіяў жылі ў сімбіёзе. Вядома, не абыходзілася без боек і крыві, але таксама было суіснаванне і квітнела ўзаемнае ўзбагачэнне.

Па-другое, на ладную частку ўсёй беларускай рэлігійнай музыкі паўплывалі народныя спевы, якія стаяць па-за канфесійнасцю. Дзеля лепшай ілюстрацыі возьмем беларускія пратэстанцкія напевы, якія трапілі сюды не без дапамогі канцлера Мікалая Радзівіла Чорнага ў XVІ ст. — менавіта ён запрасіў сюды польскіх рэлігійных кампазітараў Цяпрыяна Базыліка і Вацлава з Шамотул. Палякаў скарыла мелодыка беларускіх напеваў, яны пачалі складаць рэлігійныя творы ў агульнаеўрапейскай стылістыцы, але ж у якіх адчуваецца моцны ўплыў народных песень. Падобны сплаў кананічнага з народным адбываўся і ў каталікоў, і ў праваслаўных.

«НН»:У 1998-м выйшаў у сьвет альбом «Беларускія маршы і песні. Лірыка змаганьня» ў выкананні мужчынскага хору «Унія». На ім — амаль камернае выкананне «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» Тэраўскага, «Пагоня». Але ж не было месца для гімна «Магутны Божа»…

КН: Паміж царквой і дзяржавай павінна быць мяжа. Калі на фестывалі «Магутны Божа» зводны хор чалавек пад тысячу спяваў гэтую выдатную песню — тое ўражвала і сапраўды нараджалася пачуццё, якое можа атрымаць ад праслухоўвання гімну. Але «Магутны Божа» — царкоўны гімн, а не свецкі. Гімн хай сабе і надканфесійны, але ўсё ж рэлігійны. У палякаў ёсць такая Gaude Mater Polonia («Весяліся, Маці-Польшча»), яе выконваюць ва ўсіх бажніцах у якасці яднальнага гімну вернікаў, але ж у іх ёсць і дзяржаўны «Яшчэ Польшча не загінула», бо ж вернікі і грамадзяне — розныя паняцці.


«НН»: Сяргей Дубавец сказаў, што сваім альбомам «Маршы і песні» вы паставілі пытанне, якая песня павінна стаць гімнам, і што ў тым гімне мусіць быць. Па часе пасля выдання, што скажаце: якім мае быць беларускі гімн?

КН: Так, з агульнаэстэтычнага і музычнага гледзішча ў мяне ёсць крытычныя заўвагі да ўсіх песняў, якія прэтэндуюць называцца беларускім гімнам. «Пагоня» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» — песні змагарныя, вайсковыя, ваенныя. Тут вайна і паход, мэтаскіраванасць рухаў, але няма асэнсавання ўласнай мінуўшчыны. Цяперашні дзяржаўны гімн Сакалоўскага «Мы, беларусы» — наадварот, надта памяркоўная мелодыя, а трэба такая, каб было змаганне, незалежнасць усё ж.

Разумееце, пакуль няма дзяржавы, угрунтаванай на нацыянальных каштоўнасцях, — ня можа быць і сапраўдных сімвалаў. Калі народ усвядоміць, што ідзе пад сцягам, — толькі тады з’явіцца адпаведны гімн. Вядома, найперш сцяг: гэта адчуванне вялікага мінулага і повязь часоў. А гімн у дадатак — як маніфест цяперашняга пакалення, сучаснасці, сённяшняй дзяржавы. І, як паказвае досвед іншых краінаў, у прыватнасці, Францыі, мяняць гімн можна. Ну, і дадайце класічная форма: запеў, прыпеў, пара паўторкаў.

«НН»: Дык што, ідэальнага варыянту гімна няма?

КН:У легендарным, знойдзеным Адамам Мальдзісам у польскіх архівах, «Полацкім сшытку», ёсць кампазіцыя, якая так і называецца «Гімн». Сучасную аркестроўку для яе зрабіў кампазітар Вячаслаў Кузняцоў. На маю думку гэта гатовы гімн — велічная, магутная мелодыя, старажытная — яшчэ з XVII ст. Хіба, да мелодыі пакуль бракуе словаў.

«НН»: Калі ў 1998 вы з хорам «Унія» запісвалі «Маршы і песні», ці было адчуванне, што робіце нешта выключнае, тое, што пойдзе ў народ?

КН: Для нас, музыкаў, удзельнікаў камернага хору і людзей з класічнай музычнай адукацыяй, «Маршы і песні» былі поп-праектам у добрым сэнсе гэтага слова. Тады — а я маю на ўвазе перыяд ад канца 80-х да пачатку 2000-х — была эпоха, якую я б назваў рэнесансам рамантызму. Усе свае праекты я рабіў з нейкім такім натхненнем. Час быў гімнавы — аднаўлення дзяржаўнае, царкоўнае, духоўнае. Нават не надта заўважалі на няўдачы: расійскі дэфолт, які падтачыў бюджэт альбома, і тагачасны пераход з касетаў на СD-кружэлкі, які зрабіў наш праект не такім пашыраным.

«НН»: Ці плануецца перавыданне «Маршаў і песняў» на CD?

КН: Плануецца, але не прадбачыцца. Няма часу на гэтую па вялікім рахунку тэхнічную працу. Хутчэй, выйдзе новы дыск «Маршы і песні-2», у нас жа назапасіўся цэлы пласт лірычных, а таксама застольных песняў.


Кірыла Насаеў. Нар. у 1960 ва Украіне. Дырыжор, хормайстар. Скончыў Беларускую акадэмію музыкі. Кіраўнік хораў «Унія», Fama Bona, «Менка». Адзін з адраджальнікаў мужчынскіх камерных спеваў у Беларусі. Сфера прафесійных зацікаўленняў: літургічная музыка, філасофія старадаўняй музыкі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гутарка пра гімны свецкія, духоўныя і гімн нацыянальны з кіраўніком хора «Унія» Кірылам Насаевым. З нагоды выхаду новага дыску калектыва.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика