Эксперты сайта www.imdb.com (The Internet Movie Database) склалі спіс самых вядомых ураджэнцаў Мінска, якія маюць дачыненне да кінаіндустрыі.
Спіс стракаты і супярэчлівы. Аб многіх у Беларусі і не ведаюць.
У топ увайшлі пяцьдзесят восем ураджэнцаў Мінска. Найперш гэта тыя, хто праявіў сябе ў ЗША ці Расіі.
Сярод тых, хто сёння ў беларусаў на слыху, — Аляксандр Рыбак, Дзмітрый Калдун, Анжаліка Агурбаш. Усе ў розныя гады ўдзельнічалі ў еўрапейскім конкурсе песні «Еўрабачанне». І калі Рыбак пасля сваёй перамогі ў 2009 годзе яшчэ і ў фільме зняўся («Yohan — Barnevandrer»), то Калдун і Агурбаш да кінематографа дачыненні маюць толькі праз здымкі ў кліпах.
Ёсць у спісе і яшчэ адзін удзельнік «Еўрабачання», дзіцячага, — пераможца 2007 года Аляксей Жыгалковіч.
Сярод музыкаў, чые сачыненні выкарыстоўваліся ў фільмах, Станіслаў Манюшка, Герман Дарэўскі. Апошні і сёння застаецца асобай невядомай на радзіме.
Беларусы амаль нічога не ведаюць і пра Луіса Барт Маера, кінапрадзюсера, аднаго з першых заснавальнікаў галівудскай кінастудыі «Metro-Goldwyn-Mayer» і Амерыканскай Акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук.
Не абышлося і без памылак. Кампазітар, чыя музыка гучала ў фільмах, Нікалас Набокаў, кузін вядомага пісьменніка, нарадзіўся ў беларускім мястэчку Любча на Навагрудчыне. Але складальнікі топу палічылі, што гэта побач з Мінскам. Па-за Мінскам нарадзіўся і Фелікс Дзяржынскі (Дзяржынава, Стаўбцоўскага раёна). А ў кіно ён увайшоў толькі ў якасць героя, аб якім здымаліся стужкі. Не ў Мінску, а ў Бабруйску, нарадзіўся і Андрэй Арлоўскі.