Кінуць баявую сякеру і стрэліць з лука - 31 ліпеня і 1 жніўня
31.07.2010
—
Новости Культуры
|
Гэта можна будзе ў апошнія выходныя ліпеня на тэрыторыі музейнага комплексу «Дудуткі». Там з 31 ліпеня па 1 жніўня там пройдзе другі фэст славы беларускай зброі «Наш Грунвальд».
На працягу двух фэставых дзён адбудзецца: турнір лучнікаў, мечаносцаў, а таксама турнэя (гэтак па-старабеларуску называецца рыцарскі турнір) і паказальныя выступы вершнікаў: падыманне хусткі, ссячэнне капусты і, вядома, класічныя сшыбкі з коп’ямі). На пытанне, ці заяўленыя на турнір дамы сэрца, арганізатар фэсту Андрэй Захаранка адказвае: «Нашаму гледачу, выхаванаму на кінастужках, у рэканструкцыях сярэднявечных фэстаў крыху не стае дынамікі. Таму ўплішчваць у турнэю яшчэ і даму сэрца будзе занадта. Але, абяцаю, дзяўчыны будуць. Мы ж пільнуемся прынцыпу: адзін бой — адзін танец. Рэч у тым, што вытаптанае рысталішча — выдатнае месца для танцаў». На конны турнір заявак пакуль толькі 6. Але, як кажуць арганізатары, іх будзе больш. Рэч у тым, што сябры рыцарскіх гурткоў толькі вяртаюцца з грунвальдскага поля і яшчэ пэўна не паспелі скінуць кальчугі і падсесці да кампутараў, каб пакінуць заяўкі на турнір. Падчас фэсту «Наш Грунвальд» адбудуцца таксама бугурты, збройныя сутычкі пры поўным рыштунку, па, так бы мовіць, спартовых дысцыплінах: «захоп караля», «штурм брамы», «сценка на сценку». Вяртаючыся да дзяўчат. Як вядома, сябры рыцарскіх гурткоў прыязджаюць на фэст са сваімі палоўкамі, і каб тыя не сядзелі згарнуўшы рукі, на фэсце адбудзецца конкурс сярэднявечнага касцюма, які трэба не толькі сшыць і прадэфіляваць у ім па сцэне, але яшчэ і апавесці публіцы, з якой эпохі ён пазычаны і якому саслоўю належыць. Акрамя збройных мерапрыемтсваў на «Нашым Грунвальдзе» адбудзецца выступ «Старога Ольсы» — Зміцер Сасноўскі падрыхтаваў вялікую праграму, а таксама гурта ірландскай музыкі «Кейлі Кёрл». А яшчэ фаер-шоу і трукавыя выступы. Упершыню на фэсце адбудуцца выступы тэатральных калектываў. «Мы паспрабавалі паказаць, што Грунвальд у прыватнасці і гістарычныя падзеі ўвогуле маюць таксама культурніцкае вымярэнне, — дадае Андрэй Захаранка. — І таму запрасілі на фэст трупы, якія пакажуць пастаноўкі на гістарычную тэматыку, пра выбітных гістарычных асобаў нашай мінуўшчыны». Да Дудутак падчас фэсту будзе хадзіць адмысловы аўтобус, а ля музея ўзнікне намётавы лагер. Кошты: дарослыя - 25000 - 1 дзень; 50000 - 2 дні, дзеці - 7000- 1 дзень; 14000 - 2 дні. Узбройваемся квіткамі і гайда ў пагоню на Дудуткі! Крынiца: "Наша Ніва"
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта можна будзе ў апошнія выходныя ліпеня на тэрыторыі музейнага комплексу
|
|