Хронікі 19: ад цішыні да Плошчаў
20.12.2010 06:00
—
Новости Культуры
|
Пасля імшы ў касцёле - на Плошчы. У руках - свечка з бэтлеемскім агеньчыкам. Палова на восьмую. Людзей яшчэ няшмат. Пытаюцца: -- Гэта што? -- Раство блізка. Адпачывальнікі, як быццам нічога і не здараецца, катаюцца на коўзанцы. Ілюмінацыя атрутная, чырвона-зялёная. З рупараў гучыць шальная фальклорна-савецкая музыка. Агеньчык гасне. Людзей усё болей. Скандуюць: "Жыве Беларусь!" Але што кажуць на прыступках не чутно. Становіцца зацесна. Вельмі замерзлі ногі. Пераходжу на другі бок вуліцы -- на балюстраду; шмат людзей ля яе. Зверху можна ацаніць Плошчу: аж чорна ад натоўпу ля ходнікаў Белсаўпрофу, занятыя ходнікі й да будынка мэтро. Часткова заняты каток, але ля ёлкі шчэ катаюцца. Мужчына побач са мной сплёўвае: "Гэты будзе кіраваць, пакуль не здохне!" На Плошчы крыху меней людзей, чым у 2006. Але ля прыступак вялізная шчыльнасць; ДАІшнікі стрымліваюць натоўп. Машыны сігналяць. -- Холадна! Холадна! - надрываецца пад вухам музыка, якая стала шчэ гучнейшай і проста б"е па вушах. Неяк Сіняўскі сказаў, што ў яго не палітычныя, а "эстэтычныя разыходжанні з савецкай уладай". У мяне - эстэтычныя разыходжанні з лукашызмам. Назаўжды. Я -- ізноў ля Палаца прафсаюзаў. Нешта чутно праз мегафон; кажуць - Някляеў збіты і ў шпіталі. Фармуецца ўрад народнага даверу. Але -- дакладна разабраць не магу. Бачу Вячаслава Сіўчыка. - Слава, што адбываецца? - Глядзі, перакрылі праспект. Людзі рухаюцца ў бок плошчы Незалежнасці. Даўно я не хадзіў па праспекце! Якое прыемнае пачуццё! Сустрэў Валерку Булгакава. Ён кажа, што "лібералізацыя" згортваецца й пачынаюцца таталітарныя зачысткі. Па вуліцах плыве аграмадны натоўп. Я не бачу канца і краю; такога даўно не было. Дэманстрацыю сустракаюць падсвечаныя знізу, халодныя дамы гораду. Іррэальнае пачуццё. Плошча Незалежнасці. Толькі мітынгоўцы, сцягі, прэса. Няма ні міліцыі, ні машынаў. Бачу аператараў з тут.баю. Тэлефаную дадому, каб глядзелі анлайн-рэпартаж. Тэлефон, як ні дзіўна, працуе. Гучыць звон Нагасакі, што ля Чырвонага касцёлу. Людзі падцягваюцца пад крыжы. Выступае Віталь Рымашэўскі. Пераходзім бліжэй да Дома ўрада. Кандыдаты выступаюць з ленінскае трыбуны (!) У тым ліку й Калякін ад камуністаў-назіральнікаў (!) Дзядуля Ленін аслупянеў. Белы Дом урада з чорнымі вокнамі. Унізе гарыць святло. - Эх, каб наш сцяг быў! Каб улада памянялася да Новага года! -- кажа мужчына побач. -- У Кіргізіі і меншая колькасць людзей скінула Бакіева, -- кажу я. "Кандыдаты ідуць у Дом урада! На перамовы". Цішыня й чаканне. Вэлкамаўскія тэлефоны адключаныя. Сустракаю многіх знаёмых; эх, варта ўдзельнічаць у рэвалюцыі, каб пабачыць добрыя інтэлігентныя твары. У знаёмага сябра быў назіральнікам -- прычым афіцыйным. Кажа, што на тым участку Лукашэнка набраў 62%, Кастусёў на другім месцы -- 16%. Але, думаю, калі ўлічыць датэрміновае галасаванне, то ў "элегантнага" толькі 42%. -- Еўропа нам здрадзіла. А пра Расію няма чаго і казаць, -- уздыхаю я. -- Галоўнае, каб мы самі сабе не здрадзілі, -- кажа жанчына ў цёплым футры. -- Я вось з вёскі прыехала. Дарэчы, калі шмат людзей -- то не так холадна; але, калі меней -- адразу сцюжна. Шум ля будынку. Усхваляваны Рымашэўскі кажа пра восем п"яных правакатараў, якія разбілі шыбы й атакавалі міліцыю. -- Мы мірныя людзі! Мы супраціўляемся негвалтоўна! Бачу Хадановіча. Крыкі, што міліцыя набліжаецца. -- Няўжо гэта разгон? -- Шчэ не ведаю - філасафічна адказвае Хадановіч. "Міліцыя сыходзіць!" З"яўляецца прадчуванне пераломнае кропкі. Няўжо перамаглі? Хадановіч на трыбуне. Чытае каталонскі верш пра падзенне турэмных муроў. Мы скандуем гэты верш. І тут -- як жамяра -- пасыпаліся статуі ў касках. Шум і крыкі. "Застаемся!" -- яшчэ спрабуюць крычаць кандыдаты. Людзі пабеглі. Я стаіўся ля пераходу, на другім баку вуліцы. Праспект ужо вольны. Ходзіць транспарт. Ля ўваходу ў метро нейкі чорны хмыр (у штацкім) камандуе: "Што стаіце, праходзім!" Моладзь залезла на занесеныя снегам зэдлікі, што насупраць метро, задыхаецца: "Жыве, Беларусь!" Да Плошчы Незалежнасці падагналі аўтазакі. 14 штук. Ваенныя й міліцыя дэсантуюцца. На самой плошчы - ля касцёлу й Дому ўраду - адбываецца нешта страшнае. На тварах дзяўчынак -- сполах, але яны здымаюць убачанае на тэлефоны. Я глядзець не магу. -- Ну, што вы маўчыце? -- крычыць юнак. -- Ён не перамог. Жыве Беларусь! У метро тэлефоны ізноў працуюць. Раптам сутыкаюся з Хадановічам -- і вельмі ўсцешаны, бо думаў, што яго схапілі. Але Андрэй паспеў уцячы. Нягледзячы на высокую тэмпературу, здолеў прачытаць верш. Мне неверагодна сорамна за зімнюю сцюжу. Штучнае святло мільгаціць у падземцы. Гэта самыя доўгія ночы. Неўзабаве мусіць развіднець. Падзяліцца навіной:
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нарыс пра Плошчу-2010. Піша Андрэй Расінскі. |
|