Дрэвы Вечнасці. 21.by

Дрэвы Вечнасці

12.02.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дрэвы Вечнасці.

Самаму старому дубу больш за восемсот гадоў, а на Піншчыне цюльпаны цвітуць на галінах.

Куды б ні траплялі журналісты “НГ” у пошуках сямі цудаў кожнага раёна краіны, амаль усюды іх сустракалі дзівосныя, незвычайныя дрэвы, кожнае з якіх мае сваю гісторыю ці легенду. Галасаванне, якое зараз ідзе на нашым сайце www.ng.by, сведчыць: дрэвы-цуды абавязкова выйдуць па меншай меры ў абласны этап (як, напрыклад, волат-дуб ля вёскі Данілевічы Лельчыцкага раёна, апісаны ў апавяданні Караткевіча “Дрэвы вечнасці”). Дрэвы-цуды ёсць па ўсёй Беларусі! Пра гэта сведчаць і лічбы: сорак тры дрэвы аб’яўлены батанічнымі помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння. Чым яны заслужылі такое гучнае званне? “Узростам, незвычайнай кронай, формай ці нейкай легендай”, — тлумачыць кансультант аддзела зямель і ландшафту Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ала Грынчук.

Патрыярхі лясоў

Старэйшына беларускіх дубоў расце на маларыцкай зямлі. Яму больш за 800 гадоў! Вышыня дуба — амаль 37 метраў, пры тым, што яго верхавіну даўно “зрэзала” маланка, пакінуўшы шрам на ўсім дубе-асілку. Дыяметр дуба — больш за 2 метры. Абняць яго аднаму немагчыма, ды і ўтрох-чатырох не ва ўсіх атрымаецца. Таму і называюць дрэва цар-дуб. Але цікавы ён не толькі сваім узростам і “царскім” выглядам. Кажуць, дуб і сёння здольны зара-джаць чалавечы арганізм ба-дзёрасцю і добрай энергіяй. Менавіта таму ў былыя часы мясцовыя жыхары нават вяселлі каля яго спраўлялі. Тут жа, у Маларыцкім раёне расце яшчэ адзін дуб-патрыярх. Яму — каля 700 гадоў!

Госця з-за акіяна

Як бы вы адрэагавалі, убачыўшы цюльпаны... над галавой? Былі б у Паўночнай Амерыцы, можа, і не здзівіліся б зусім: там цюльпанавыя дрэвы паўсюль. А вось у Беларусі яно расце ў адзінкавым экзэмпляры — у вёсцы Парэчча Пінскага раёна, якая калісьці належала старажытнаму роду прамыслоўцаў Скірмунтаў. Раман Скірмунт пасадзіў шэсць цюльпанавых дрэў. Але пры пракладцы дарогі пяць знішчылі, не зважаючы на іх каштоўнасць і экзатычнасць. Засталося толькі адно дрэва, ад якога сёння немагчыма адарваць вачэй падчас цвіцення.

Дрэвы-лекары

У вёсцы Сітцы Докшыцкага раёна расце 500-гадовы дуб, які, сцвярджаюць старажылы, здольны пазбавіць ад хвароб. Дастаткова проста дакрануцца да дрэва. Але славіцца дуб не толькі гэтым. Кажуць, што пад ім  калісьці адпачываў сам Тадэвуш Касцюшка. У Ельскім раёне расце цудатворная  сасна. Расказваюць, што падчас вялікага пажару ў лясніцтве шмат гадоў таму полымя ўдалося спыніць літаральна за дзесяць метраў ад яе. З таго моманту прыгажуню-сасну лічаць за абярэг. Кожны, хто  аказваецца побач, імкнецца прытуліцца да яе ў надзеі забраць з сабою часцінку яе моцы для супрацьстаяння  розным непрыемнасцям.

Аб чым “плача”... елка

Ёсць дрэвы “літаратурныя”. Як, напрыклад, ліпы, пасаджаныя Якубам Коласам у 1911 годзе ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна. У Хойніцкім раёне захавалася груша, пад якой сустракаліся Ганна з Васілём з мележаўскага твора “Людзі на балоце”. Хоць помнікам рэспубліканскага значэння яна не з’яўляецца, затое шчыра даглядаецца мясцовымі жыхарамі.Заўсёды прымушаюць ахнуць ад здзіўлення дрэвы з плакучай кронай. Я бачыла плакучыя вербы і бярозы, галінкі якіх нагадваюць распушчаныя косы дзяўчыны. Але каб гэтак жа звісалі галінкі елкі! Такі тып галінавання сустракаецца вельмі рэдка, перадаецца толькі па спадчыне. Два экзэмпляры такой елкі знаходзяцца ў Брэсцкім парку культуры і адпачынку. Таму, калі захочаце пабачыць хвойнае цуда, — вам туды.

Кожны рэгіён нашай любай Беларусі ганарыцца нейкімі дрэвамі-цудамі. Яны могуць  і не быць унесены ў спіс помнікаў прыроды, але так ці інакш уяўляюць для мясцовых жыхароў каштоўнасць. Ды і ў кожнага чалавека, думаю, ёсць такое дрэва. Памятаеце, як у Панчанкі: “У кожнага быць павінна свая баравіна, дзе трымаюць на лапах сосны самае зыркае сонца”...

Амаль усе названыя вышэй дрэвы ёсць сярод раённых цудаў на нашым сайце. Вы можаце пакінуць за іх свой голас, зайшоўшы ў раздзел “Сем цудаў Беларусі”. Як, дарэчы, і за іншыя дзівосы нашай краіны.  Яшчэ два тыдні ў вас будзе шанс прагаласаваць за ЦУД свайго раёна. Галасаванне ў першым туры праекта “Сем цудаў Беларусі” на нашым сайце www.ng.by завершыцца ў канцы лютага. З кожнага раёна будуць абраны па два фіналісты, якія пяройдуць у чарговы, абласны этап. Далучайцеся — галоўная інтрыга яшчэ наперадзе!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самаму старому дубу больш за восемсот гадоў, а на Піншчыне цюльпаны цвітуць на галінах. Куды б ні траплялі журналісты “НГ” у пошуках сямі цудаў кожнага раёна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика