Блог Дзяніса Марціновіча. Рускі тэатр у Вільнюсе
01.04.2011 13:55
—
Новости Культуры
|
Блог Дзяніса Марціновіча. Рускі тэатр у Вільнюсе Узнікненне рускіх драматычных тэатраў у цяперашніх рэспубліках СНД звязваецца яшчэ з апошнімі дзесяцігодзямі існавання Расійскай імперыі. Але свайго росквіту яны дасягнулі менавіта ў Савецкім саюзе, кіраўніцтва якога на дзяржаўным узроўні ставіла задачу прапагандавання рускага мастацтва і мовы. Пасля распаду СССР перад большасцю калектываў паўстала шэраг праблем. Як іх вырашаюць рускія тэатры краін СНД? Куды рухаюцца? Да чаго імкнуцца? Паспрабуем разабрацца ў сітуацыі на прыкладзе Рускага драматычнага тэатра Літвы.
Фасад будынка. Фота аўтара “Тэатр на Пагулянцы” Калі збочыць ад гістарычнага цэнтра Вільнюса і крыху ўзняцца ўверх па вуліцы Йонаса Басанавічуса, дык на яе перакрыжаванні з вуліцай Міндоўга позірк абавязкова спыніцца на будынку пад нумарам 13. Ён нязвыкла, як і Купалаўскі тэатр у Мінску, размясціўся па дыяганані, пад вуглом. Гэта і ёсць легендарны “Тэатр на Пагулянцы”, з існаваннем якога звязана, без перабольшвання, уся гісторыя літоўскага тэатра. Будынак узводзілі па праекту архітэктараў Вацлава Міхневіча і Аляксандра Парчэўскага адбылося ў 1912-1913 гадах. Назва тэатра паходзіць ад вуліцы Вялікая Пагулянка (папярэдні назоў — Басанавічуса). Мастацтвазнаўцы бачаць у будынку “Тэатра на Пагулянцы” рэмінісцэнцыі раманскай архітэктуры надвіслянскага стылю, барока і водгулле віленскіх рэнесансных матываў. Дах будынка двухярусны, з чырвонай чарапіцай. Непасрэдна над уваходам размясцілася тэраса. Тэатр будаваўся польскай грамадскасцю за ўласныя грошы, таму спярша там размяшчаўся “Польскі тэатр на Пагулянцы”, потым польскі тэатр “Рэдута”. Пасля другой сусветнай вайны тут працавалі адзін услед за другім Дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета, Драматычны тэатр Літоўскай ССР, Маладзёжны тэатр. Пасля будынак перайшоў да яго цяперашняга ўладальніка – Рускага драматычнага тэатра Літвы. Быстрыцкая, Пугаўкін, Вікцюк У 1945 годзе Вільнюскі рускі драматычны тэатр (з 1960-га ён меў назву Дзяржаўны рускі драматычны тэатр Літоўскай ССР) быў утвораны з акцёраў маскоўскіх, ленінградскіх і іншых тэатраў, а таксама выпускнікоў тэатральных вучылішчаў. У верасні наступнага года ў будынку Вільнюскага драматычнага тэатра, адбылася прэм’ера па п’есе Астроўскага “Без віны вінаватыя”, якую паставіў рэжысёр і першы мастацкі кіраўнік калектыва Мікалай Ладыгін. Гісторыя тэатра звязана з шэрагам яркіх імёнаў. На працягу некалькіх сезонаў у Рускім тэатры працавалі маладыя Эліна Быстрыцкая і Міхаіл Пугаўкін. Вядучым рэжысёрам у першай палове 1970-х гадоў быў Раман Вікцюк, які паставіў тут ажно 10 спектакляў. А беларускі рэжысёр Барыс Луцэнка ў 2001-м ажыццявіў пастаноўку “Перпетуум мобіле, ці сродак выжывання”. Назва апошняга спектакля, бадай, стала сімвалам працэсаў, што адбываліся ў калектыве з часу набыцця Літвой незалежнасці. Што атрымалася, над чым яшчэ трэба працаваць бачна толькі ў тэатры, на саміх спектаклях. Таму накіруемся ў залу, дзе нас чакае адна з пастановак калектыва, “Ганна Карэніна”. “Хроніка жарсці і граху” Спектакль быў пазначаны рэжысёрам і аўтарам сцэнічнай прасторы Эдуардам Мітніцкім як “хроніка жарсці і граху”. Пастаноўка кіеўскага рэжысёра і драматурга адбылася ў красавіку 2005 года паводле ўласнай п’есы, створанай на аснове аднайменнага рамана Льва Талстога. Сцэна са спектакля. Фота з сайта тэатра www.rusudrama.lt Аўтар ўразіў як рэжысёр, але крыху расчараваў як драматург. Сцэна была аформлена ў якасці будынку вакзала. Нішы дэкарацый нібыта стваралі шляхі, дзе спыняюцца цягнікі. Сустрэча Ганны і Вронскага на вакзале, там жа і жахлівая развязка, але паміж гэтым – жыццё на сямі вятрах, без цеплыні і чуласці. Трагічнасць жыцця Ганны падкрэслілі люстэркі на заднім плане, у якія яна нібы бачыць сваю будучыню, а таксама цяжкая трагічная музыка, што часам перадавал стук вагонных колаў. Сцэна пры гэтым амаль пустая. Толькі пасярэдзіне ў два шэрагі стаяць пустыя крэслы, якія сталі сімвалам адзіноты герояў, якія заставаліся сам насам з сабой. Але абдумаць сваё жыццё ў іх не заўсёды атрымлівалася, бо спектакль сапраўды стаў хронікай – дынамічным аповедам пра каханне, які, на жаль, не заўсёды даваў магчымасць героям абгрунтаваць свае дзеянні не толькі жарсцю, але і розумам. На ацэнку спектакля паўплываў і падбор акцёраў. Не хацелася б крыўдзіць Анжэлу Бізуновіч (Ганну), якая, магчыма, ярка выступае ў іншых спектаклях. Але ўсё ж такі, гэта была не яе роля. Маці маленькага Сярожы, жонка старога Карэніна – так. Але яна не арыстакратка, не зорка пецярбургскага арыстакратычнага свету, якая прымушае мужчын, як Вронскага (Вячаслаў Лук’янаў) паварочваць пры сустрэчы галовы і пападаць у палон назаўсёды. Таму нават яркія ролі іншых выканаўцаў (напрыклад, яшчэ зусім не старога Аляксандра Агаркова, які бліскуча ўвасобіў Карэніна) не здолелі пераўтварыць годны спектакль у шэдэўр. Зрэшты, “Ганна Карэніна” стала толькі праявай шэрагу працэсаў, што адбыліся ў 1990-ыя гады. Нават павярхоўнага знаёмства з тэатрам дастаткова, каб пераканацца, што ў большасці спектакляў задзейнічана абмежаванае кола выканаўцаў. Трупа тэатра наогул невялікая: звыш 30 акцёраў. Таму кіраўніцтва вымушана выбіраць “нешматнаселеныя” п’есы, якія будуць адпавядаць магчымасцям трупы. Паменшылася і колькасць гледачоў, якія часцей сталі арыентавацца на драматургію, увасобленую на роднай мове. Зрэшты, ці вінаваты ў гэтым калектыў? На працягу 1990-ых гадоў тэатр то атрымліваў, то губляў статус дзяржаўнага, што напрамую ўплывала на фінансавае становішча. Гэта прывяло да дэфіцыту акцёрскіх кадраў, некаторае зніжэнне мастацкага ўзроўню. Паменшылася і колькасць гледачоў, якія ўсё больш сталі арыентавацца на драматургію, увасобленую на роднай мове. Атрымалася замкнёнае кола: артысты не ідуць, бо ім мала плацяць і іх нешмат глядзяць. Гледачы – бо не заўсёды разумеюць і бачаць не тое, што жадаюць. Тым не менш тэатр выжыў, захаваў будынак і традыцыі, хоць у нечым быў вымушаны карэктаваць сваю афішу і арыентавацца на гледача. Толькі “Ігракі” Гогаля, “Гора ад розуму” Грыбаедава і “У знаёмых” Чэхава (па матывах апавяданняў пісьменніка) трапляюць у катэгорыю рускай класікі. Астатнія “дарослыя” спектаклі хутчэй сведчыць пра рэпертуар тыповага еўрапейскага тэатра. Новы імпульс У 2008-м, калі Міністэрства культуры Літвы арганізавала конкурс на пасаду кіраўніка тэатра, перамогу ў якім атрымаў знакаміты рэжысёр Ёнас Вайткус, асоба культавая. Ёнас Вайткус.Фота з сайта www.peoples.ru Ён лічыцца заснавальнікам літоўскай школы рэжысуры, знакамітай цяпер на ўвесь свет. Менавіта Вайткус першы набраў рэжысёрскі курс, з якім пачаў займацца ў Літоўскай кансерваторыі. Дагэтуль літоўцы вучыліся толькі ў Расіі, бо прафесія лічылася ідэалагічнай. Па словах літоўскага рэжысёра Міндаўгаса Карбаўскіса, “Вайткус адчыніў браму ў літоўскім тэатры, як Табакоў адчыніў браму у МХАТе. Мноства людзей прайшло праз іх і стварыла новыя з’явы”. Сярод яго вучняў – рэжысёры Оскарас Каршуновас, Гінтарас Варнас, Агнюс Янкявічюс. Мяркую, што, зрабіўшыся кіраўніком калектыву, Вайткус паставіў за мэту ўвесці рускі тэатр у рэчышча літоўскіх культурных традыцый. Але пры гэтым не перарабляць яго ў літоўскі. Якімі былі першыя крокі Вайткуса на пасадзе кіраўніка тэатра? У Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра адкрыты рускі курс, на якім вучацца 22 студэнта. Наладжана сувязь з Расіяй, адкуль перыядычна пачалі прыязджаць педагогі на сцэнічнай мове. Да супрацоўніцтва сталі запрашаць культавых рэжысёраў: напрыклад, у кастрычніку 2009-га А.Латэнас паставіў спектакль “Блазан Балакіраў” Р.Горына. Большая ўвага стала надавацца сумесным праектам: спектакль “Тая, хто бяжыць з ваўкамі” Л.Адамайтэнэ з‘яўляецца агульным праектам тэатра, маладзёжнай студыі “Аглія” пры Тэльшайскім драматычным тэатры і Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра. Гэта не толькі спрыяе творчаму працэсу, але і пашырае кола гледачоў. Адным з такіх сумесных праектаў стала опера Георга Фрыдыха Гендэля “Ксеркс”, прэм’ера якой адбылася 13 і 15 мая 2010 года на сцэне Рускага драматычнага тэатра Літвы. Ай да Гендэль, ай да Вайткус! Нездарма рускі музычны крытык Уладзімір Стасаў называў Гендэля (гэтак, як і Баха) “калосам новай музыкі”. Як вядома, Георг Фрыдых Гендэль напісаў каля 40 опер, 23 араторыі, безліч вакальнай і інструментальнай музыкі. "Ксеркс, або закаханы цар" – адзіная камічная опера, створаная ім. Пасля прэм’еры, якая адбылася ў 1738 г., "Ксеркс" вытрымаў усяго пяць прадстаўленняў. Потым партытура была на некалькі вякоў забытая, тэатры звярнуліся да яе на пачатку ХХ стагоддзя. З таго часу яна актыўна ставіцца па свеце. Напрыклад, сезон 2009-2010 гадоў Хьюстанская Гранд-опера закрывала менавіта гэтым спектаклем. Музыказнаўцы сцвярджаюць: опера "Ксеркс" атрымалася ў Гендэля вясёлай і жвавай, а па духу і атмасферы нагадвае “Вяселле Фігара” Моцарта. Гэткая ж мітусня – пераапрананні, падробленыя лісты, любоўныя трохкутнікі і, вядома, абавязковы хэпі-энд. Галоўны герой оперы – персідскі цар, які жыў у 5 ст. да нашай эры і праславіўся тым, што няўдала ваяваў са Старажытнай Грэцыяй. Гістарычныя падзеі ў оперы амаль не прадстаўлены, яны толькі фон, на якім разгортваецца барацьба герояў за сваё каханне. Цікавасць да апошняй работы тэатра ўзмацняецца тым, што рэжысёрам спектакля з’яўляецца сам Вайткус (мастацкі кіраўнік і дырыжор Крыстыёнас Сіпарыс, мастак па касцюмах Сімона Фінкельштэйнайтэ, хормайстар Вілія Мажынтайтэ, кансультант па вакалу Эдвен Хары з Велікабрытаніі). Вайткус па-грасмайстарску выкарыстаў магчымасці залы. У тэатры няма неабходнай для музычнага спектакля аркестравай ямы, — значыць, аркестр сядае на сцэне. Вольнай засталася толькі авансцэна, на якой адбывалася дзеянне. На задніку прымацаваны экран, які то падымаўся, то апускаўся, каб выпусціць на сцэну новых удзельнікаў. Рух герояў адбываўся па перыметру сцэны. Там жа ў выпадку неабходнасці з’яўляўся хор (калектыў “Драўгішкі праектай”). Крыху пра выканаўцаў Увогуле “Ксеркс” зрабіў на мяне вельмі моцнае ўражанне. Складнікі яго – і музыка (даследчыкі адзначаюць, што оперны стыль Гендэля вызначаецца мужнай прастатой мелодый, манументальнай яснасцю), і рэжысёрскія знаходкі, і артыстычныя работы. Цяжка паверыць, што ролі ў спектаклі выконваюць не спрактыкаваныя вакалісты, а студэнты кафедры спеваў Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра. Уражанне, што на сцэне сапраўдныя прафесіяналы. Гледачы, выхаваныя на класіцы двух мінулых стагоддзяў, прызвычаіліся, што звычайна ў оперы ёсць адна харызматычная гераіня (Кармэн, Віялета, Аіда), вакол якой віруюць жарсці. Ёсць герой, вымушаны выбіраць між каханнем і жыццёвымі абставінамі (Хазэ, Альфрэд, Радамес). На гэтым фоне “Ксеркс” паўстае апафеозам жаноцкасці, кахання жанчын да мужчын… якія зусім таго не вартыя! Персідскі цар, чыю партыю выконвае жанчына (Вілія Мікштайтэ), з’явіцца на сцэне некалькі разоў, каб агучыць уласнае рашэнне. Сапраўдны галоўны герой Арзамен, за чыё каханне і змагаюцца персідскія прыгажуні, у інтэрпрэтацыі Віктара Герасімава падаўся занадта “салодкім”, яму крыху не хапае мужнасці. Хоць выканальніцкае майстэрства спевака бясспрэчнае. Затое гераіні-жанчыны прадставілі ўвесь дыяпазон адценняў, пачуццяў, душэўных памкненняў. Лірычная Рамільда (Нерыта Паквітытэ); нелюбімая, а таму помслівая Аталанта (Анетэ Граўдзіна); рашучая і мужная Амастрэ (Рамуальда Сухоцка), перапранутая ў мужчынскае адзенне, – вось тыя разнастайныя характарыстыкі гераінь, якія напалам уласных пачуццяў і шырокім дыяпазонам прымусілі забыцца пра заблытаны сюжэт і атрымліваць фантастычную асалоду. Гэтаму спрыяла і цудоўная акустыка, якую мае тэатр. А што далей? Адметная тая ўвага, якая надаецца музыцы ў Рускім драматычным тэатры Літвы. У сярэдзіне кастрычніка 2010 года на яго сцэне прайшоў “Джазавы фестываль VILNIUS JAZZ 2010”, у лістападзе – “VILNIUS MAMA JAZZ 2010”. Па прыкладзе шэрагу калектываў у Рускім тэатры становяцца папулярнымі канцэрты і вечары. У выкананні Юліі Ступнянек (сапрана) і нарвежскага барытона Стэйна Ск’ерволда гучаць рускія рамансы (вечар “Фантан любві – фантан жывы”). Восенню прайшлі канцэрты “Сэрца, табе не хочацца спакою” і “Няхай памру, але памру кахаючы”. Апошні праект з’яўляецца тэатралізаваным канцэртам, падчас якога разам з чытаннем і выкананнем уласных вершаў Інэсай Лінабургітэ прагучаць сцэны і дуэты з опер Чайкоўскага (“Пікавая дама”, “Яўген Анегін”, “Арлеанская дзева”, “Чарадзейка”) і Мусаргскага (“Барыс Гадуноў”). Нарэшце, школьны тэатр, створаны тэатральнай студыяй Вільнюскай сярэдняй школы “Науямясчэ”, пакажа спектакль-містэрыю “"Юнона" і "Авось"” Аляксея Рыбнікава. Рускі тэатр Літвы ўспрымаецца не толькі як драматычны калектыў, а своеасаблівы астравок заходнееўрапейскай і рускай музычнай культуры. І ўсё ж, як складзецца яго лёс? Калі глядзець на будучыню вачыма песіміста, дык відавочна, што адсутнасць прытоку ў тэатр маладых гледачоў, якія проста не разумеюць па-руску, раней ці пазней прывядзе да ўсё большага павелічэння вагі спектакляў на літоўскай мове, а потым нават пераарыентацыі калектыва. Але хочацца заставацца аптымістам і спадзявацца, што тэатр застанецца на радасць рускамоўнай дыяспары, паліглотам-літоўцам і беларускім турыстам, якія, упэўнены, абавязкова сустрэнуцца з “Тэатрам на Пагулянцы”. *** Дзяніс Марціновіч - беларускі гісторык, літаратурны і тэатральны крытык, журналіст. Звяртаем вашу ўвагу, што погляд аўтара блога можа не супадаць з поглядам рэдакцыі TUT.BY Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Узнікненне рускіх драматычных тэатраў у цяперашніх рэспубліках СНД звязваецца яшчэ з апошнімі дзесяцігодзямі існавання Расійскай імперыі. Але свайго росквіту...
|
|