За крок ад фіналу. 21.by

За крок ад фіналу

11.06.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

За крок ад фіналу.

Дарагія сябры, у мінулую суботу мы аб’явілі фіналістаў нашага праекта. Некаторым аб’ектам для выхаду ў фінал не хапіла літаральна некалькі балаў, але яны вартыя таго, каб яшчэ раз аб іх узгадаць.

Як таго і трэба было чакаць, пасля публікацыі ў рэдакцыю пачалі паступаць тэлефонныя званкі. “А чаму ў фінал не трапіў наш аб’ект? — скардзіліся на тым канцы провада. — Мы ж так галасавалі!” Вы, нашы паважаныя чытачы, і сапраўды актыўна ўдзельнічалі ў галасаванні, за што вялізны вам дзякуй. Некаторыя аб’екты літаральна перабягалі адзін аднаму дарогу, каб хутчэй апынуцца на фінішы. Давялося ў некаторых выпадках ўлічваць не толькі сярэднюю адзнаку, але і колькасць прагаласаваўшых за той ці іншы аб’ект. І ў выніку атрымалася так, як атрымалася. Першымі і лепшымі аказаліся тыя 42 цуды, пра якія мы напісалі тыдзень таму. А сёння раскажам пра тыя аб’екты, якія былі зусім блізка ад запаветнага фіналу і якім зусім крышку не пашанцавала, каб увайсці ў абласную сямёрку пераможцаў.

Брэсцкая вобласцьМаёнтак Тадэвуша Касцюшкі (Івацэвіцкі раён)Нягледзячы на тое што будынак ва ўрочышчы Мерачоўшчына не з’яўляецца аўтэнтычным — маёнтак адноўлены па малюнку Напалеона Орды, ён усё роўна звяртае на сябе ўвагу. За шэсць гадоў з моманту адкрыцця музей-сядзібу наведала больш за 70 000 чалавек. Кагосьці прыцягвае асоба нашага земляка, нацыянальнага героя Польшчы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі Тадэвуша Касцюшкі, а кагосьці — урачыстасць і каларытнасць маёнтка. У 2009 годзе тут нават нарадзілася традыцыя рэгістраваць шлюбы. 

Віцебская вобласцьГаючая крыніца (Дубровенскі раён)За яе вельмі актыўна галасавалі мясцовыя жыхары. І гэта нядзіўна. Яны дакладна ведаюць, што сцюдзёная вада ў крыніцы, якая працякае ў Кірэеўскім гаі, не толькі выключна чыстая і незвычайна смачная, але і гаючая. Адны проста вераць у яе цудадзейнасць, іншыя — тлумачаць гаючасць наяўнасцю ў вадзе вялікай колькасці жалеза, серы і іншых карысных мінеральных рэчываў. А недалёка ад крыніцы яшчэ адзін прыродны цуд — незвычайныя камяні. Людзі дагэтуль не могуць зразумець, што гэта за кропелькі — нібыта нейкая застылая вадкасць — упрыгожваюць іх паверхню.

Гомельская вобласцьСвята-Праабражэнская царква (Чачэрскі раён)Пры асвячэнні гэтага храма ў 1783 годзе прысутнічала сама Кацярына ІІ! Але цікавы ён не толькі гэтым. У 1999 годзе адна з прыхаджанак Свята-Праабражэнскай царквы купіла папяровы абраз святога праведнага Іаана Кармянскага. Паставіла яго ў рамку пад шкло, а вечарам пачала чытаць малітву. І ўбачыла на абразе... ружовыя плямы. З кожнай гадзінай плямы цямнелі і станавіліся падобнымі да крыві. Назаўтра жанчына аднесла ікону ў храм.  Пакланіцца абразу, які не толькі кроватачыць, але і духмяна пахне, сёння прыязджаюць з усёй краіны. Шмат каму ён ужо дапамог.

Гродзенская вобласцьГальшанскі замак (Ашмянскі раён)Колькі б ні пісалі ды ні расказвалі пра гэты замак, ён заўсёды будзе прыцягваць увагу чалавека і пакідаць пытанні для роздуму. Скажам, чаму не можа супакоіцца Белая Панна і што шукае “чорны манах”? Між тым замак (на жаль, сёння толькі руіны) цікавы не толькі сваімі легендамі і загадкамі. Вядома, напрыклад, што кампазіцыяй і планіроўкай  Гальшанскі замак вельмі нагадваў галандскія замкі Бэсенштэен і Клейдаель пад Антверпенам. Сцены памяшканняў былі пакрыты багатым роспісам і ўпрыгожаны разнастайнай лепкай. На жаль, цяпер ад гатычнага палаца засталіся толькі руіны, улюбёнае месца апошніх сучасных рамантыкаў.

Магілёўская вобласцьВуліца Ветраная (Магілёў) Нездарма яна ледзь не трапіла ў спіс фіналістаў. Вуліца Леніна (былая Ветраная) — улюбёнае месца адпачынку магіляўчан. Прайсціся пешшу, удыхнуць атмасферу старых будынкаў, прыпыніцца на Плошчы зорак і загадаць жаданне каля скульптуры астранома... Так званы Магілёўскі арбат не пакідае раўнадушным анікога. Гуляць тут можна гадзінамі. Каля дзвюх трэціх будынкаў на вуліцы — помнікі архітэктуры. Кажуць, тут шпацыравалі нават Пушкін і Мікалай II! І першапачатковая назва цуду такая прыемная — вуліца Ветраная. Этымалогія простая — тут проста дзьмулі вятры.

Мінская вобласцьМаёнтак Наднёман (Уздзенскі раён)Гэта сёння ад маёнтка Наднёман  засталіся адны руіны. А ў ХIХ стагоддзі тут цвілі дзівосныя расліны ў аранжарэі і гадаваліся башкірскія коні. А ўсё — дзеля аздараўлення людзей. Гаспадаром незвычайнай сядзібы быў навуковец Якуб Наркевіч-Ёдка. Адкрыўшы першы на Беларусі санаторый для сухотных і нервовых хворых, наш вядомы зямляк лячыў іх незвычайнымі спосабамі: электратокам, гімнастыкай, мінеральнай вадой, сонечнымі ваннамі... Практыкаваў Ёдка ў сваім санаторыі музыка- і фітатэрапію.

Ужо вельмі-вельмі хутка на сайце www.ng.by пачнецца галоўны, самы інтрыгуючы, ФІНАЛьны этап галасавання ў нашым праекце “Сем цудаў Беларусі”. На жаль, вы не зможаце паставіць свае адзнакі за аб’екты, пра якія мы расказалі сёння. Але вам будзе з чаго выбіраць! Спадзяёмся, вы не забылі пра 42 фіналістаў, якіх мы аб’явілі ў мінулую суботу. А калі нават так — нічога страшнага! Пра ўсіх намінантаў мы будзем падрабязна расказваць на старонках газеты на працягу трох месяцаў галасавання. Заставайцеся з намі — будзе цікава!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дарагія сябры, у мінулую суботу мы аб’явілі фіналістаў нашага праекта. Некаторым аб’ектам для выхаду ў фінал не хапіла літаральна некалькі балаў, але яны вартыя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика