Беларускі стрыт-арт: падпольная культура. 21.by

Беларускі стрыт-арт: падпольная культура

25.08.2011 11:36 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 

Маладзёжная ініцыятыва Street-Art.by абвясціла набор удзельнікаў на майстар-класы, прысвечаныя стэнсіл-арту.

Уличное искусство. Фото Street-Art.by

Першая сесія «Школы Street-Art» пройдзе ў верасні. «Спачатку мы набярэм удзельнікаў — разлічваем на 50-60 заявак, — распавёў Naviny.by адзін з каардынатараў ініцыятывы Франак Вячорка. — З іх мы плануем адабраць каля 20 чалавек, якія прымуць удзел у творчых сустрэчах. А пасля адбярэм 10 лепшых, якія адправяцца на тыдзень у Варшаву. Там ім аддадуць цэлую сцяну ў цэнтры горада, якую яны размалююць беларускімі стэнсіламі. Выкладаць удзельнікам школы будуць чатыры майстра з Еўропы і два з Беларусі. Паводле вынікаў праекта будзе зроблены дакументальны фільм і выдадзены альбом з найлепшымі трафарэтамі».

Удзельнікам школы можа стаць любы чалавек, незалежна ад полу, узросту і месца пражывання. Адзіная ўмова — досвед у сферы вулічнага мастацтва. Запоўніць заяўку на сайце ініцыятывы можна да 4 верасня.

Уличное искусство. Фото Street-Art.by

«Такі праект рэалізуецца ў Беларусі ўпершыню, — падкрэсліў Вячорка. — У Еўропе стрыт-арт — адзін з самых папулярных відаў сучаснага мастацтва. Такім чынам людзі выказваюць сваю сацыяльную ці палітычную пазіцыю. У Беларусі графіці і стэнсілы фактычна забаронены. Мы дадзім магчымасць гэтым людзям выйсці з падполля».

Уличное искусство. Фото Street-Art.by

Сама ініцыятыва Street-Art.by нарадзілася пасля таго, як кампанія неабыякавых маладых людзей здзіўлена даведалася, што ніякай згуртаванай суполкі беларускіх стрыт-артаўцаў не існуе: «Ідэя скаардынаваць паміж сабой беларускіх стрыт-артаўцаў належыць Яўгену Гавіну, сыну аднаго з лідэраў незалежнага Саюза палякаў на Беларусі Тадэўша Гавіна. І вось калі мы пачалі шукаць майстроў стрыт-арту, даведаліся, што у нас наогул не існуе ніякага іх аб’яднання. Тады мы з Яўгенам і знакамітым мінскім вулічным мастаком па мянушцы Dream вырашылі самі заснаваць такую ініцыятыву. Цяпер нас каля 15 чалавек, штодня нам дасылаюцца заяўкі з розных гарадоў Беларусі. Я нават не думаў, што будзе такая цікавасць!».

Уличное искусство. Фото Street-Art.by

Ёсць ужо і свае зоркі. З тых беларускіх аўтараў стэнсілаў, хаця б нікнэймы якіх вядомыя (а адной з асаблівасцяў стрыт-арту з’яўляецца яго ананімнасць) найбольш знакаміты — мастак з Мінску Dream, гаворыць Вячорка. «Гэта ён зрабіў серыю стэнсілаў-цытат з вядомых вершаў, прысвечаных Беларусі. Адна з апошніх яго прац, якую не вырашыліся закрэсліць нават улады — серыя стэнсілаў з выявамі выбітных постацяў Беларусі. Дагэтуль па Мінску можна пабачыць партрэты Янкі Купалы, Францішака Скарыны, Гедыміна, Вітаўта, Альгерда і іншых».

Street-art — вулічнае мастацтва. Да яго адносяцца графіці, стэнсілы (трафарэты), постары, скульптурныя інсталяцыі. Асабліва папулярнае гэта мастацтва ў Заходняй Еўропе і ЗША.
Стэнсілы — насценныя малюнкі, нанесеныя фарбай пры дапамозе трафарэта і аэразольнага балона. У адрозненне ад графіці, стэнсілы «прывязаныя» да сацыяльнай праблематыкі.
Адным з самых знакамітых майстраў свету з’яўляецца Бэнксі.

Як прызнаюцца каардынатары ініцыятывы, у параўнанні з замежнымі краінамі беларускія стэнсілы куды больш увагі надаюць палітыцы і сацыяльным праблемам. «У Літве або Германіі стэнсілы часта робяцца дзеля прыгожага малюнка і закранаюць тэму кахання, у Беларусі ж стэнсіл-арт вельмі палітызаваны, — кажа Вячорка. — Найбольш папулярныя наступныя тэмы: міліцэйскі гвалт, затрыманні людзей, кантроль уладаў над грамадствам, тэма выезду за мяжу, экалагічная (у тым ліку супраць будаўніцтва АЭС), супраць алкаголю, наркаманіі і абортаў. Але пры гэтым наш стрыт-арт не горшы за замежны. Проста гэтая культура ў нас знаходзіцца ў татальным падполлі. Таму мы яе і спрабуем адкрыць для саміх беларусаў».

Што да падполля, то гэта не проста гучныя словы. Калі ў Варшаве беларускім стрытартаўцам-навучэнцам аддадуць цэлую сцяну, то ў родным Мінску ў іх наўрад ці атрымаецца памаляваць спакойна.

Уличное искусство. Фото Street-Art.by

«Шматлікія вулічныя мастакі і затрымліваліся, і штрафы плацілі гіганцкія, і нават у турмах сядзелі — менавіта за творчасць! — распавядае Вячорка. — Таму што чыноўнікі не разумеюць стрыт-арта, нават у Мінкульце, напэўна, не ведаюць, хто такі Бэнксі. Для іх гэта - нешта забароненае, кшталту «Перемен» Віктара Цоя, яно не ўпісваецца ў іх звыклыя рамкі, звыклыя краявіды горада, таму палохае і выклікае такую негатыўную рэакцыю.

Што да спробаў супрацоўнічаць з уладамі, то, па-першае, яны ўжо былі, і з даволі сумнымі вынікамі. А па-другое, наогул стрыт-арт і ўлады — рэчы несумяшчальныя. Бо гэта незалежная, непадкантрольная культура. Яна ідзе на дыялог не з чыноўнікамі, а з абывацелямі. Таму нашая задача — не звязаць яе з уладаю, а адкрыць яе для беларусаў. Для нашай краіны сёння стрыт-арт — не проста мастацтва, а спосаб сацыяльнай працы».

Уличное искусство. Фото Street-Art.by

Каардынатары ініцыятывы кажуць, што будуць рабіць усё магчымае, каб удзельнікі школы стрыт-арту не пацярпелі ад негатыўнага стаўлення чынавенства да вулічнага мастацтва. Таму, хутчэй за ўсё, у Мінску школа будзе праходзіць толькі ў выглядзе сустрэч, а не сур’ёзных «размалёвак». «А што рабіць далей, дзе і як рабіць стэнсілы нашым навучэнцам пасля? Думаю, як раз школа і паспрабуе даць адказ на пытанне аб тым, якім чынам вулічным мастакам можна дзейнічаць у сучасных беларускіх умовах», — дадае Вячорка.

Першая прысвечаная стэнсілам сэсія стрыт-артаўскай школы скончыцца ў кастрычніку. І адразу вулічныя мастакі прыступяць да арганізацыі школы графіці. «Такім чынам, да наступнай вясны ў нас з’явіцца сетка вулічных мастакоў па ўсёй Беларусі, з якімі мы будзем сустракацца часцей, ладзіць кампаніі і акцыі, дзяліцца досведам. Да таго ж, акрамя стэнсілаў і графіці, стрыт-арт уключае ў сабе і постэры, і скульптурныя інсталяцыі, і перформансы. Таму ёсць над чым працаваць», — гавораць каардынатары Street-Art.by.



Вольга ПРУДНІКАВА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маладзёжная ініцыятыва Street-Art.by абвясціла набор удзельнікаў на школу стэнсіл-арту…
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика