Птэрадактыль у пошуках рыбы. 21.by

Птэрадактыль у пошуках рыбы

17.06.2014 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Маё знаёмства з творчасцю Віктара Лупасіна адбылося амаль па Гумбальту. Як вядома, гэты нямецкі прыродазнаўца і падарожнік сцвярджаў, што ўсякая ісціна праходзіць у свядомасці чалавека тры стадыі: спачатку — «Якая лухта!», пасля — «Нешта ў гэтым ёсць» і апошняя — «Хто ж гэтага не ведае!». Падобна было і тут. «Абы-што!» — першае, што падумалася мне, прыхільніцы ўсё ж традыцыйнай паэзіі, калі трапілася на вочы: «Я — птэрадактыль/ У пошуках рыбаў./ Бачу квадраты/ Дачных сядзiбаў./ Бачу сляпучы/ Сонечны дах./ Бачу мурашак на дзвюх нагах…» Аднак нешта прымусіла дачытаць да канца — «Цікава-цікава». І нарэшце — «Які яркі вобраз і арыгінальны верш!» Так я адкрыла для сябе новага аўтара. Знаёмцеся і вы: у мінулым Віктар Іваноў і Ываноў, а апошнія гадоў сем — ЛУПАСІН.

Яму крыху за 30. Нарадзіўся ў Мінску. У свой час з фізікаў перайшоў у лірыкі, з мехмата БДУ на філфак. У літаратуры — з 1998 года. Аўтар дэбютнай кнігі «Асарці» (2009), самвыдатаўскіх зборнікаў. Піша пераважна па-беларуску. Яшчэ 11-класнікам паспрачаўся з сябрамі «на слабо», і з таго часу родная мова ўвайшла ў яго паўсядзённы ўжытак і творчасць. Віктара Лупасіна называюць постмадэрністам, канцэптуалістам і адным з самых яркіх прадстаўнікоў новага пакалення сучаснай нацыянальнай літаратуры. Ён у адказ па-філасофску заўважае: «Хто я — мне знутры дрэнна бачна».

— Віктар, ваш псеўданім Лупасін невыпадковы? Ад слоў «лупасіць», «лупіць», у сэнсе біць, даваць адлуп стэрэатыпам і традыцыям?

— Біць — гэта пазнейшае значэнне слова «лупіць». Больш старажытнае — пазбаўляць абалонкі, лупіць, напрыклад, цыбулю ці яйка, але разам з тым і лупцаваць маленькага нягодніка. Пазней значэнне пашырылася, і лупіць стала азначаць наогул біць. А псеўданім не мае пэўнага сэнсу. Хаця калі так некаму падаецца, то няхай будзе з сэнсам. Праўда, не заўважаў, каб нейкія традыцыі я разбураў. Наадварот, спачатку працаваў у рэчышчы Веліміра Хлебнікава. Потым — Усевалада Някрасава. У Караткевіча пераймаў. У Толкіена.

— Вы аўтар каля 400 вершаў…

— У вас састарэлыя звесткі — ужо больш за тысячу.

— Няхай так. Плюс некалькі дзясяткаў паэм, а таксама проза, драматургія, пераклады. Вы — геній ці графаман?

— На самай справе гэта не вельмі шмат. Ёсць такі беларускі паэт Анатоль Балуценка, дык у яго колькасць вершаў у лічбах пяці ці шасцізначных. Мне падабаецца пісаць многа і рознага. Я атрымліваю ад гэтага фізіялагічнае задавальненне. Дарэчы, гэтак жа мне падабаецца і працэс гучнага чытання сваіх твораў перад аўдыторыяй. З аднаго боку, я лічу сябе графаманам і не саромеюся ў гэтым прызнацца. У графаманіі ёсць лёгкасць і свабода, без якой творчасці не бывае. Графаман не абавязаны падпарадкоўвацца нейкім канонам, якія невядома хто прыдумаў, — як цяп-ляпнуў, так і будзе. І гэта вельмі добра. Але з другога боку — мне здаецца, я не самы горшы пісьменнік.

— І сціпласцю, здаецца, не надта абцяжараны. Нездарма ж адна з вашых паэм мае гучную назву «Купала, Колас і Лупасін».

— Сказаў бы так: я — аўтар, які не хоча памерці ад сціпласці. А паэма, дарэчы, не адна, купала-лупасінскі цыкл складаецца з вялікай колькасці твораў. Насамрэч любы творца — ён быццам піша паэму «Купала, Колас і Вася Пупкін». Разумееце? Любы графаман займаецца, у прынцыпе, тым самым, чым займаліся Купала і Колас,— складае са слоў вершы, прозу ці яшчэ што. Пытанне ў тым, наколькі добра і ўдала ён гэта робіць.

— Вы ўсё робіце ўдала?

— Не. І тое, што лічу няўдалым, не афішую або афішую менавіта як няўдалае. А вось, напрыклад, у рускага паэта Германа Лукомнікава ёсць два вялікія корпусы тэкстаў — выбранае і забракаванае. І ён абодва публікуе.

— Давайце пагаворым пра дзіўных герояў вашых вершаў: то гэта чарада выкапнёвых жывёл — махайрод, трылабіт, дыпладок… То аўтамабілі ледзь не ўсіх савецкіх марак, то машыны неба, якімі вам бачацца і самалёты, і птэрадактыль, і часцінкі пылу. А чаго варты кракадзіл-чалавек Шульц! Адкуль, напрыклад, гэты вобраз?

— Ну, дыназаўрыкі мне з дзяцінства падабаюцца. Першы продак Шульца — зялёнахвостыя Эдуарда Скобелева, другі — кракадзіл Гена, а трэці — нягеглыя кракадзілы з вядомых стрыпаў-коміксаў Стэфана Пасціса «Бісер перад свіннямі». Дарэчы, цяпер зялёнахвостых у мяне чацвёра: Шульц, Ота, Фрыдрых і Паўль. Яны ўзніклі, калі ў магічнае варыва для новага гатунку оркаў выпадкова ўпаў маленькі заспіртаваны кракадзільчык. Гэта — героі фэнтэзі «Зямля жалезных аліфантаў», якое я зараз пішу.

— Чула, што на філфаку вас ужо вывучаюць як яркага прадстаўніка навейшай сучаснай беларускай літаратуры.

— Не ведаю, як цяпер, але было такое. «Слонікі» — цудоўнае апавяданне.

Праўда, якраз у той дзень, калі на маім курсе вывучалі маё свежанадрукаванае апавяданне, я хацеў запрасіць адну прыгожую рыжую лэдзі на халяўную оперу. Але лэдзі не пайшла. Я пакрыўдзіўся і пайшоў адзін. А пасля прыходжу ва ўнівер і разумею, што прапусціў пару па ўласнай творчасці. О, Лупасін, як жа так?!

— Пра Лупасіна гавораць — вядомы эпатажыст…

— Дарэмна. Я не люблю эпатаж як самамэту. Проста я розны: адначасова і такі, і гэтакі — і ведаю, на якім фоне як можна звярнуць на сябе ўвагу. А калі не трэба выдзяляцца, гляджу, якім бокам павярнуцца, каб зліцца з фонам.

— Выкарыстанне ў творах слоў, якія лічацца недапушчальнымі для друку, — гэта, відаць, каб не зліцца?

— А вось, скажыце, перац чылі для піцы неабходны? Гэтыя словы — перац чылі. І я выкарыстоўваю іх столькі, колькі лічу патрэбным для той ці іншай піцы.

— Ці існуюць для вас аўтарытэты ў беларускай літаратуры? Акрамя Лупасіна, вядома.

— Існуюць. Купала. Колас. Караткевіч. Багдановіч. Быкаў, хаця яго я амаль не чытаў, але аўтарытэт, бо ён мог тое, чаго не магу пакуль я.

З Альгердам Бахарэвічам мы, здаецца, у адной вагавой катэгорыі, але ён за мяне разумнейшы. Андрэй Хадановіч — тое ж самае. Нейкі час я не вельмі яго любіў як паэта. Але, у прынцыпе, яго постаць беларускай літаратуры вельмі патрэбная — гэткі ружовашчокі дэкаданс, пераход ад рамантызму да мадэрнізму. Наогул, да пісьменнікаў у мяне стаўленне як да старэйшых калег, максімум.

— Вы адзін з нямногіх, хто піша па-беларуску вершы-піражкі — чатырохрадковыя карацелькі-нескладушкі без рыфмы, знакаў прыпынку, вялікіх літар…

— Так. Неяк мне стала крыўдна, што ў нашай літаратуры амаль няма піражкоў. І, значыць, трэба напісаць.

— Можа, «разагрэеце» які для прыкладу, толькі прыстойны, калі ласка.

— алесь набыў машыну часу

там не працуе заднi ход

наперад толькi адна хуткасць

i нi руля нi тармазоў

— З вашага верша «Паэтычны аўтапартрэт»: «Сучасную паэзiю маю/ Чытайце, жыхары кватэраў!/ Пабачыце, якi прыгожы я / На фоне вашых iнтэр’ераў». Ваш чытач — хто ён, як думаеце?

— Студэнт. Магчыма, старэйшы школьнік. Неабыякавы да беларускай мовы. Які любіць удзельнічаць у творчых і калятворчых праектах накшталт «Фотасушак». Магчыма, захапляецца велатэматыкай, але гэта неабавязкова. Магчыма, гуляе ў «Што? Дзе? Калі?», але таксама неабавязкова.

— Скажыце, а ці ёсць у вас муза?

— Няма. Месца вакантнае. Лупасін хоча з кім-небудзь ажаніцца. Ён ужо выбраў сведку з боку жаніха, выбраў, хто будзе тамадой. Ды не выбраў пакуль нявесту.

— Цяжка знайсці ці з Лупасіным цяжка?

— Ой, ведаеце, і тое, і тое вельмі няпроста.

Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Віктар Лупасін: Я — аўтар, які не хоча памерці ад сціпласці
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика