Ад жорсткай вады — у нырках камяні
25.09.2010
—
Новости Здоровья
|
Камяні ў нырках і мачавым пузыры — досыць распаўсюджаная сярод беларусаў ва ўзросце ад 30 гадоў паталогія. І адной з асноўных прычын такога становішча спецыялісты называюць высокую жорсткасць пітной вады. Нягледзячы на такую акалічнасць, далёка не ўсе беларусы пакутуюць ад камянёў. Наогул існуе шэраг тэорый адносна прычын узнікнення мочакаменнай хваробы, і, па сутнасці, усе яны не супярэчаць адна адной, паколькі ў кожным канкрэтным выпадку спрацоўваюць адразу некалькі фактараў. Як і ва ўсім свеце, у нашай краіне пастаянна зніжаецца колькасць выпадкаў адкрытага аператыўнага ўмяшання пры лячэнні мочакаменнай хваробы. У абсалютнай большасці выпадкаў камянёў у нырках цяпер пазбаўляюць не інвазіўнымі, не траўматычнымі метадамі, кажа загадчык уралагічнага аддзялення №3 4-й мінскай гарадской клінічнай бальніцы, кандыдат медыцынскіх навук Дзмітрый МАЛАШЧЫЦКІ. — Што трэба разумець пад мочакаменнай хваробай? — Калі мы гаворым пра наяўнасць у нырках ці мачавым пузыры камянёў, нават невялікіх, да 5 мм, ці так званага пяску — памерам 1-2 мм, значыць, мы павінны разумець, што ў чалавека ёсць мочакаменная хвароба. У выніку гэтага захворвання камяні спачатку могуць утварацца ў нырках. У любы момант, у працэсе мочавыдзялення, падчас хады ці нават калі пацыент проста ляжыць на ложку, камень можа пачаць рух і трапіць спачатку ў мачаточнік, які злучае нырку з мачавым пузыром, а пасля і ў мачавы пузыр. Камяні могуць выходзіць самастойна, з мачой, але, бывае, застаюцца ў той жа нырцы, мачаточніку ці мачавым пузыры, і не проста застаюцца, а працягваюць расці. Камяні здольныя ўтварацца і адразу ў мачавым пузыры, што абумоўлена іншымі захворваннямі і паталагічнымі станамі: парушэннем абмену рэчываў, хранічнай затрымкай мачы пры адэноме прастаты, траўмамі пазваночніка. Паталогія можа мець месца і ў выніку парушэння адтоку мачы з нырак, калі яны вылучаюцца анамальнай будовай. Пры парушэнні ж адтоку мачы з мачавога пузыра могуць утварацца другасныя камяні ў нырках. Наогул камяні бываюць рознымі па форме — каралавідныя, напрыклад; рознага памеру — нават больш за 10 см. Невялікія ўтварэнні, да 5 мм, — мікраліты не маюць клінічнага значэння, хоць бывае, што і 4-міліметровы камень прычыняе боль. Будова і памер каменя з'яўляюцца найбольш важнымі ў сэнсе ўплыву на работу органа. — Ці можна прадбачыць патэнцыяльна небяспечную сітуацыю, калі камень пачынае рухацца? — Ніхто не здольны дакладна сказаць, калі камень пачне рухацца. — Калі ж у такім выпадку лепей займацца выдаленнем каменя? — Наяўнасць апошняга — паказанне да работы з ім. Від выдалення залежыць ад памеру і месца знаходжання каменя. Чым меншы камень — да 5 мм, тым менш інвазіўнымі будуць метады ўздзеяння на яго. Прызначаюцца, у прыватнасці, мачагонныя зборы і медыкаменты. Камяні памерам ад 5 да 20 мм рэкамендуецца драбніць. Пры буйных утварэннях паказана аператыўнае ўмяшанне або кантактнае драбненне. Драбніць камяні можна лазерам або ультрагукавым электродам. Найбольш аптымальна — лазерам, паколькі ён дазваляе разбураць і фрагментаваць любыя ўтварэнні. Вылучаюць дыстанцыйнае лазернае драбненне, якое генерыруе пэўную ўдарную хвалю і патрабуе высокага прафесіяналізму ад таго, хто выконвае літатрыпсію. Пры дыстанцыйным драбненні камень можа выйсці самастойна або яго фрагменты выдаляюцца непасрэдна падчас гэтай аперацыі. Такая працэдура выконваецца, зразумела, толькі ў нырцы ці мачаточніку, але не ў мачавым пузыры, дзе камяні ніколі не драбняцца дыстанцыйна. Ёсць яшчэ кантактны спосаб драбнення, калі робіцца маленькі пракол, камень драбніцца і адначасова з дапамогай спецыяльнай вадкасці вымываюцца яго фрагменты. Уся працэдура ад пачатку падрыхтоўкі драбнення да яе поўнага завяршэння доўжыцца каля адной гадзіны. Многае залежыць ад вопыту спецыяліста, месца знаходжання каменя, некаторых іншых фактараў. Тут няма трафарэту, які падыходзіў бы ўсім пацыентам. — У якіх выпадках даводзіцца прыбягаць да адкрытай аперацыі? — Колькасць выпадкаў адкрытага аператыўнага ўмяшання пастаянна зніжаецца, і праз нейкі час гэта будуць адзінкавыя сітуацыі. Як правіла, такі від дапамогі патрэбны пры ўскладненні мочакаменнай хваробы, калі пацыент своечасова не звяртаецца да ўролага. Аднойчы ўтвараецца запаленчы працэс, камень блакіруе адток мачы, і тады лепей праводзіць выдаленне адкрытым шляхам. Адкрытая аперацыя прымяняецца і ў выпадку пастаяннага запаленчага працэсу, наяўнасці буйных камянёў, функцыянальных парушэнняў, пры якіх можа спатрэбіцца нават выдаленне ныркі, а дакладней, таго, што ад яе засталося, паколькі захворванне разбурае орган. — Як доўга пацыенту даводзіцца чакаць працэдуры выдалення каменя? — Дапусцім, падчас ультрагукавога абследавання ў той жа нырцы выяўляецца камень. Але ён не блакіруе адток мачы, не дае боляў. У прынцыпе, далей пацыенту трэба поўнасцю абследавацца, каб урач-уролаг дакладна вызначыўся з тым, якім чынам пазбавіцца ад гэтага каменя. Часцей за ўсё, як мы ўжо казалі, прызначаецца драбненне. У Мінску на базе нашай клінікі ёсць два адпаведныя апараты. Калі абодва працуюць пастаянна, то ніякай чаргі няма. На сёння яна складае літаральна два-тры дні. Калі працуе толькі адзін апарат, то можа ўтварыцца і чарга. Калі ж пацыент трапляе ў клініку па хуткай дапамозе, з прыступам болю, то спачатку праводзіцца абследаванне, купіруецца боль, ставіцца дыягназ, і толькі пасля ўрач вызначаецца са спосабам выдалення каменя. — Ці існуюць іншыя, акрамя ультрагукавога даследавання, спосабы выяўлення камянёў? — Ёсць яшчэ метад унутрывеннага кантраставання або падвядзення кантраснага рэчыва непасрэдна да месцазнаходжання каменя. А лепш за ўсё можна ўбачыць камень на камп'ютарным тамографе, праўда, такі від даследавання прызначаецца толькі па паказаннях, у спрэчных выпадках, калі цяжка вызначыцца з метадам лячэння. — Па сваім складзе камяні адрозніваюцца паміж сабой? — Яны могуць утварацца з розных соляў — фасфатаў, аксалатаў, соляў мачавой або шчаўевай кіслаты. Склад, а таксама кантраснасць і шчыльнасць камянёў будуць важнымі пры вызначэнні з далейшым рэжымам харчавання, ладам жыцця пацыента. Камяні —канчатковы прадукт мочакаменнай хваробы. Апошняя ж уяўляе сабой комплекс парушэння абмену рэчываў. Таму нават калі мы выдалілі камень, хвароба засталася, і верагоднасць утварэння новага каменя застаецца высокай. Аднымі з асноўных фактараў, якія спрыяюць развіццю мочакаменнай хваробы, застаюцца жорсткасць вады, лад харчавання, гарманальны фон арганізма (менавіта функцыя парашчытападобных залоз), а таксама шэраг іншых момантаў. Сваю ролю іграе і спадчыннасць. Безумоўна, рызыка ўзнікнення хваробы ўзрастае, калі ад падобнай праблемы пакутавалі блізкія сваякі. — У ліку першых фактараў вы назвалі жорсткасць вады — аб'ектыўны фактар, на які, верагодна, цяжка паўплываць... — Сапраўды, на Беларусі жорсткая вада. Калі накіп на чайніку ўтвараецца хутка, значыць, вада жорсткая, і тое, што мы бачым у чайніку, будзе і ў нашых нырках. Таму трэба выкарыстоўваць добрыя фільтравальныя ўстаноўкі або бутыляваную ваду. Дарэчы, важна не толькі, якую па сваім складзе ваду мы спажываем, але і ў якой колькасці. Чалавек павінен выпіваць 1,5-2 літры вады штодня. І чым вышэй тэмпература паветра, тым больш трэба спажываць. Чым менш мы п'ём, тым менш будзе мачы, і тым больш яна будзе канцэнтраванай. Верагоднасць яе крышталізавання — а значыць, утварэння пяску, а потым і камянёў — узрастае. У гэтым сэнсе існуе паняцце фізіялагічнай нормы. Нармальны дыўрэз — 1,2—1,8 літра ў суткі, ад 6 да 10 разоў. — Ці можна нашкодзіць ныркам вялікай колькасцю выпітай вады або з'едзеных кавуноў? — Калі няма ніякага генетычнага парушэння, то ні кавуном, ні вадой ныркі не перагрузіш. Калі ж ёсць нейкі дэфект, меў месца ўралагічны запаленчы працэс, была траўма, якая выклікала адпаведныя функцыянальныя парушэнні, ці ёсць спадчыннае захворванне мочавыдзяляльнай сістэмы, выяўлена хранічная ныркавая недастатковасць, то тады з воднай нагрузкай трэба быць асцярожным. — Якія напоі, прадукты не спрыяюць здароўю тых жа нырак? — Да ліку так званых нефратаксічных прадуктаў адносяцца перш за ўсё сурагатныя алкагольныя напоі, дэнатураты, якія выклікаюць пашкоджанне ныркавага эпітэлію, парушаюць фільтрацыю. Нават аднаразовага прыёму памянёных напояў можа быць дастаткова для таго, каб чалавек трапіў у рэанімацыю і быў пераведзены на гемадыяліз, штучную нырку. Што да якасных алкагольных напояў, то тут ужо справа ў колькасці. Зразумела, для нырак ёсць розніца — келіх віна ці дзве бутэлькі. Вельмі важна абмяжоўваць такі прадукт, як соль. Прычым з узростам гэтае абмежаванне павінна станавіцца больш жорсткім. Соль прыцягвае ў сасуды лішнюю ваду, а гэта павялічвае нагрузку на сэрца. Павышаецца ціск, што ў сваю чаргу ўплывае на эпітэлій нырак. Атрымліваецца свайго роду шкодны замкнёны круг. — А што спрыяе лепшаму адтоку мачы, прафілактыцы мочакаменнай хваробы? — Садавіна-гародніна — кавун, вінаград, яблыкі, а таксама адвары такіх мачагонных траў як талакнянка, льняное насенне, лісце брусніц, грушавае лісце і грушавая кара. Траву можна заліць кіпенем у тэрмасе і пакінуць на ноч. Піць пакрысе на працягу дня. Можна перыядычна піць спецыяльныя мачагонныя, ныркавыя зборы, якія прадаюцца ў аптэчнай сетцы. Для пацыентаў з мочакаменнай хваробай распрацаваныя спецыяльныя рэкамендацыі па харчаванні. Так, тым, хто пакутуе ад аксалурыі, рэкамендуецца ўжываць белакачанную, брусельскую, квяцістую капусту, гарбуз, агуркі, гарох, баклажаны, абрыкосы, бананы, грушы, вінаград, усе віды круп, белы хлеб, алей, малочныя прадукты і мяса. Выдаляюцца з рацыёну какава, шакалад, буракі, сельдэрэй, шпінат, шчаўе, пятрушка, булёны. Пацыентам з уратурыяй рэкамендуюцца белакачанная і квяцістая капуста, грэцкія, аўсяныя, прасяныя крупы, рыс, фрукты, сок лімона, курага, чарнасліў, марская капуста, пшанічнае вотруб'е, сметанковае масла і алей, хлеб пшанічны і жытні з мукі грубага памолу, нятлустае мяса, адвараная рыба, малочныя прадукты, яйкі, адвары ячменю, аўса. Выдаляюцца з рацыёну какава, кава, моцны чай, шакалад, сардзіны, селядзец, траска, шпроты, тлустая рыба, свініна, бараніна, субпрадукты (печань, ныркі, мазгі), трус, курыца, шпінат, брусельская капуста, мясныя і рыбныя булёны. Нарэшце, пацыентам з фасфатурыяй рэкамендуюцца сметанковае масла, алей, манныя крупы, рыс, макарона, мука вышэйшага і 1 гатунку, бульба, капуста, морква, агуркі, буракі, таматы, кавуны, абрыкосы, вішня, грушы, сліва, клубніцы. Выдаляюцца з харчавання сыр, тварог, курыца, рыба, ікра, фасоля, гарох, шакалад, аўсяныя, грэцкія, ячныя і прасяныя крупы, шчолачныя мінеральныя воды. Святлана БАРЫСЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Камяні ў нырках і мачавым пузыры — досыць распаўсюджаная сярод беларусаў ва ўзросце ад 30 гадоў паталогія. І адной з асноўных прычын такога становішча спецыялісты...
|
|