Пагуляў на пяць гадоў. 21.by

Пагуляў на пяць гадоў

27.10.2009 — ЧП |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Столькi гадоў пазбаўлення волi ў папраўчай калонii строгага рэжыму з канфiскацыяй маёмасцi атрымаў 26-гадовы жыхар Вiцебска. У вiцебскай зале гульнявых аўтаматаў "Вегас" ён ноччу з мэтай завалодаць выручкай — 740 тысячамi рублёў — напаў на касiра — адмiнiстратара залы i жорстка пабiў.

Як паведамiла "Звяздзе" начальнiк аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымiнальных справах i аналiзе судовай практыкi пракуратуры Вiцебскай вобласцi Аксана Балеева, рабаўнiк раней неаднаразова судзiмы.

Падчас учынення злачынства ў зале гульнявых аўтаматаў ён не ўлiчыў, што тут усталяваная камера вiдэаназiрання. Таму знайсцi яго мiлiцыянерам было даволi проста. Дарэчы, нiкога з наведвальнiкаў у зале падчас рабаўнiцтва не было.

У судзе рабаўнiк не прызнаў поўнасцю сваю вiну. Касацыйную скаргу асуджанага абласны суд пакiнуў без задавальнення.

Аляксандр ПУКШАНСКI.

Скiнулi казулю з кузава...   Пры правядзеннi прыродаахоўнага рэйду на тэрыторыi Рагачоўскага раёна работнiкi Жлобiнскай мiжрайiнспекцыi заўважылi ўвечары, як з вёскi Фундамiнка Буда-Кашалёўскага раёна ў кiрунку сельскагаспадарчых палеткаў выехаў аўтамабiль УАЗ, у кузаве якога былi два чалавекi са стрэльбамi i адзiн — з фарай. А праз некаторы час пачулiся i стрэлы...

Для аказання дапамогi ў затрыманнi аўтамабiля з паляўнiчымi дзяржiнспектары звязалiся з iнспектарамi ДПС ДАI Рагачоўскага РАУС. Аднак парушальнiкi, заўважыўшы машыну мiлiцыянераў, скiнулi з кузава свайго аўтамабiля незаконна здабытую казулю i ўцяклi. Машына неўзабаве была знойдзена, гэтак жа як i вызначана асоба яе ўладальнiка. Разглядаецца пытанне аб завядзеннi крымiнальнай справы. Туша здабытай дзiчыны перададзена паляўнiцтвакарыстальнiку.

Сяргей РАСОЛЬКА.

У Горках эвакуявалi жылы дом   22 кастрычнiка каля апоўначы загарэлася кватэра ў жылым 5-павярховым доме на вулiцы Суворава ў раённым цэнтры. Калi падраздзяленне МНС прыбыло на месца здарэння, кватэру самастойна пакiнулi сын гаспадынi i яго жонка. Выратавальнiкi вынеслi 50-гадовую жанчыну i яе мужа.   Як паведамiла прэс-служба Магiлёўскага абласнога ўпраўлення МНС, з-за моцнага задымлення пад'езда давялося тэрмiнова правесцi эвакуацыю 25 чалавек. Гаспадыня кватэры, дзе быў пажар, памерла ў "хуткай дапамозе" ад апёкаў дыхальных шляхоў, а яе муж з апёкамi твару i рук шпiталiзаваны. Папярэдняя прычына пажару — неасцярожнасць пры курэннi.   Пiльнуйце банкаўскiя карткi i пiн-коды   22 кастрычнiка ў Магiлёўскай вобласцi распачалi адразу дзве крымiнальныя справы па крадзяжах, учыненых шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнiкi.

Першы выпадак адбыўся ў Магiлёве, дзе 24-гадовая гараджанка, ужо раней судзiмая за крадзеж, скрала ў 34-гадовай знаёмай банкаўскую картку i зняла з яе ў банкамаце 140 тысяч рублёў. Зладзейка затрымана.

У Касцюковiчах цяпер расследуюць, як 44-гадовая рабочая ў перыяд з чэрвеня па верасень скрала з банкаўскай карткi 31-гадовага вадзiцеля гэтага ж прадпрыемства 2 мiльёны рублёў.

За крадзеж такога кшталту жанчыны, калi iх вiну прызнае суд, могуць атрымаць тэрмiны зняволення да 5 гадоў.

  Махляркi падманулi бабулю

22 кастрычнiка ўдзень дзве незнаёмыя жанчыны пад выглядам супрацоўнiц сацыяльнай службы завiталi да 88-гадовай магiляўчанкi. Пасля таго, як вiзiцёркi пакiнулi кватэру, гаспадыня недалiчылася 300 тысяч рублёў, знiклi i залатыя вырабы. Мiлiцыя заклiкае пенсiянераў быць пiльнымi i, як мiнiмум, правяраць дакументы ў людзей, якiя просяцца зайсцi ў хату.

Алена Казлова.

Парфуму захацелася Рабочы прыватнага прадпрыемства з в. Бывалькi Лоеўскага раёна сарваў навясны замок i пранiк у дом 76-гадовай жыхаркi таго ж населенага пункта толькi для таго, каб выкрасцi... бутэльку адэкалону. Аднак, паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама, яго "вылiчылi", у адрозненне ад злодзея, якi выкраў чыгунную ўрну ў Чыгуначным раёне Гомеля. Скрадзенае прыстасаванне для збору смецця ацэньваецца больш чым у паўтара мiльёна рублёў. Хопiць не на адну бутэльку гаручай вадкасцi...   Золата з-пад крыса

Сацыяльны работнiк Мазырскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва была затрымана ў вёсцы Ляскавiчы Петрыкаўскага раёна, калi прадавала выраб з золата мясцоваму жыхару. У яе машыне быў знойдзены асартымент каштоўных упрыгажэнняў на любы густ. Супрацоўнiкамi групы па барацьбе з карупцыяй i эканамiчнымi злачынствамi Петрыкаўскага РАУС канфiскавана 62 залатыя ювелiрныя вырабы агульнай вагой 190 грамаў на суму амаль 23 мiльёны рублёў, а таксама 1230 долараў ЗША i 2 мiльёны беларускiх рублёў. Згодна з заключэннем экспертызы, усё золата — без дзяржаўных прабiрных клеймаў.

Iрына АСТАШКЕВIЧ.

Шпiталiзаваныя мацi i дзiця, якiя пераходзiлi ў Маладзечне праезную частку па-за пешаходным пераходам i трапiлi пад колы грузавiка.

Паводле звестак ДАI МУС, дарожна-транспартнае здарэнне адбылося каля паловы сёмай вечара. Пешаходы, 30-гадовая мацi i яе трохгадовае дзiця, у вынiку наезду аўтамабiля ЗIЛ, за рулём якога знаходзiўся 42-гадовы кiроўца, атрымалi траўмы i змешчаныя ў бальнiцу.

Iгар ГРЫШЫН.

Ломка наркасеткi

Трое гандляроў наркотыкамi адначасова затрыманыя ў Жлобiне. У двух маладых мужчын i дзяўчыны канфiскавана 30 палiмерных пакункаў з гатовым для рэалiзацыi амфетамiнам, а таксама марыхуана. Асобна знойдзены i яшчэ не расфасаваны парашок. Як паведамляюць у прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама, злачынная групоўка мела размежаванне па абавязках: адны пастаўлялi, iншыя рэалiзоўвалi зелле. Сетка мела глыбокую канспiрацыю i вялiкiя аб'ёмы гандлю. Аперацыя па затрыманнi адбывалася адначасова ў некалькiх месцах. Усяго за 9 месяцаў года на тэрыторыi Гомельшчыны па артыкуле аб незаконным абароце наркотыкаў выяўлена 522 злачынствы, амаль што палова з iх — за збыт наркатычных рэчываў.

Iрына АСТАШКЕВIЧ.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Столькi гадоў пазбаўлення волi ў папраўчай калонii строгага рэжыму з канфiскацыяй маёмасцi атрымаў 26-гадовы жыхар Вiцебска. У вiцебскай зале гульнявых аўтаматаў "Вегас" ён ноччу з мэтай завалодаць выручкай — 740 тысячамi рублёў — напаў на касiра — адмiнiстратара залы i жорстка пабiў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (ЧП)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика