Браў i канверты, i Курвуазье. 21.by

Браў i канверты, i Курвуазье

13.02.2010 — ЧП |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аператыўная група Камiтэта дзяржаўнай бяспекi ў маi мiнулага года злавiла на месцы злачынства пасля атрымання хабару начальнiка Мiнскага гарадскога ўпраўлення Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях Сямёна Санько. Суд Партызанскага раёна г. Мiнска прыгаварыў палкоўнiка ўнутранай службы да 9 гадоў пазбаўлення волi з канфiскацыяй маёмасцi i пазбаўленнем звання.

У прэс-службе Камiтэта дзяржбяспекi паведамляюць, што iнфармацыя аб спробах вымагання буйных грашовых сумаў начальнiкам Мiнскага гарадскога ўпраўлення МНС пачала паступаць да аператыўнiкаў ведамства дзесьцi з 2005 года. Дарэчы, на той момант яшчэ дзейнiчала заканадаўчая норма адлiчэння ў МНС 5 працэнтаў ад каштарыснага кошту любога пабудаванага аб'екта. Мяркуецца, што гэта норма магла спрыяць атрыманню рэгулярнага дадатковага да заробку "прыбытку" спадаром Санько. Праўда, дакладных звестак у той час аператыўнiкам атрымаць не ўдалося. Паўторна i ўсур'ёз начальнiк упраўлення трапiў у поле зроку КДБ на пачатку мiнулага года.

— На жаль, у нас не было заяўнiка, а значыць, заставалася пайсцi на аператыўны эксперымент, — расказвае распрацоўшчык аператыўнага мерапрыемства, супрацоўнiк Камiтэта дзяржаўнай бяспекi. — За час назiрання за Санько ўдалося зафiксаваць некаторыя факты атрымання iм грашовых узнагароджанняў, матэрыяльных каштоўнасцяў. Быў выяўлены механiзм атрымання хабару, схiлення да перадачы тых жа грашовых сродкаў. Як толькi мы гэта выявiлi, стварылi аналагiчную мадэль...

Аператыўнiкi спраектавалi сiтуацыю: як быццам адной з мiнскiх фiрмаў неабходна выдалiць пэўныя недахопы па прадпiсаннi iнспектара МНС на працягу канкрэтнага тэрмiну. Сiтуацыю вырашана было "ўзмацнiць" тым, што ў фiрмы заканчваецца тэрмiн лiцэнзii, а працягнуць яе нельга, пакуль не будзе закрытае прадпiсанне. Далей псеўдапрадпрымальнiк, якi пагадзiўся выступiць у якасцi прадстаўнiка гэтай камерцыйнай структуры, быў уведзены ў круг кантактаў Санько, што стала магчымым не з першай спробы. Апошнi меў справу толькi са знаёмымi або з тымi, каго тыя рэкамендавалi. У рэшце рэшт Сямён Санько пагадзiўся заняцца "гэтым пытаннем".

Кошт падобных пытанняў пачынаўся для начальнiка ўпраўлення ад сумы ў 200 долараў. Што да апошняй "здзелкi", то яе спрыяльнае вырашэнне некалькi разоў пераносiлася, а адбылося ў рэстаране "Астара", дзе Санько атрымаў 2800 долараў. Дарэчы, на ўзроўнi аператыўнай iнфармацыi фiгуруюць i большыя памеры хабару. Падчас расследавання высветлiлася: начальнiк Мiнскага гарадскога ўпраўлення МНС прымаў не толькi грашовыя паднашэннi ў канвертах. Нягледзячы на тое, што сам ён аддаваў перавагу сухiм вiнам, аснову хатняй калекцыi склалi моцнаградусныя напоi, сярод якiх аказалiся каньякi "Хенесi", "Курвуазье" i iншыя элiтныя напоi коштам да некалькiх соцень долараў за бутэльку. Падчас 8-гадзiннага апiсання маёмасцi 6 з iх аператыўныя работнiкi затрацiлi на апiсанне толькi бара, якi фактычна быў памерам... з дзве шафы-купэ. Калi арыентавацца на кошт напояў у сетцы дзьюцi фры, бар цягнуў мiнiмум на 15 тысяч долараў.

Нягледзячы на шырокую практыку хабарнiцтва па месцы працы, 48-гадовы парушальнiк закона пражываў у 2-пакаёвай кватэры, iншай нерухомасцi не меў, ездзiў на не новым "Мерседэсе", на банкаўскiх рахунках трымаў не больш за 1,5 тысячы долараў i каля 2 мiльёнаў беларускiх рублёў. У кватэры ж падчас апiсання былi знойдзены 12 тысяч долараў, мерныя залатыя злiткi, залатыя пластыкавыя карткi элiтных устаноў сталiцы, пяць тэлевiзараў, некалькi швейцарскiх гадзiннiкаў i DVD-прайгравальнiкаў, прычым сам гаспадар карыстаўся яшчэ касетным вiдэамагнiтафонам.

Тым не менш, за кароткi час назiрання за Санько аператыўнiкi КДБ зафiксавалi шэраг фактаў паднашэнняў — гэта былi i грошы, i спартыўны iнвентар, i алкагольныя напоi, i iншае. Толькi ў дзень затрымання начальнiк упраўлення меў пры сабе каля 4 тысяч долараў. Па справе ж праходзiла ўсяго два факты хабарнiцтва — з-за адсутнасцi, як было заўважана вышэй, заяўнiкаў. Наша насельнiцтва па-ранейшаму не надта ахвотна iдзе на супрацоўнiцтва з органамi. Хоць, паводле заканадаўства, асоба, якая заявiла аб дачы хабару, вызваляецца ад крымiнальнай адказнасцi.

Да моманту вынясення прысуду Сямён Санько адмаўляў сваё дачыненне да злачынстваў. Нягледзячы нават на прад'яўленыя суду зробленыя з некалькiх пунктаў у працоўным кабiнеце i згаданым рэстаране "Астара" вiдэаздымкi з гукавым суправаджэннем. Санько казаў, што гэта мантаж i мяняў паказаннi. То гаварыў, што рука — не ягоная, то — ягоная, але гэтай рукой ён адпiхваў хабар i адмаўляўся ад паднашэння, то сцвярджаў, нiбыта знаходзiўся ў прыгнечаным стане, што, па сутнасцi, не адпавядала рэальнасцi...

Аўдыё- i вiдэаматэрыялы прайшлi экспертызу i прызнаныя сапраўднымi. Наогул усе запiсы праводзiлiся, як належыць, з санкцыi пракурора.

Рашэнне раённага суда Сямён Санько збiраецца абскарджваць.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аператыўная група Камiтэта дзяржаўнай бяспекi ў маi мiнулага года злавiла на месцы злачынства пасля атрымання хабару начальнiка Мiнскага гарадскога ўпраўлення Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях Сямёна Санько. Суд Партызанскага раёна г. Мiнска прыгаварыў палкоўнiка ўнутранай службы да 9 гадоў пазбаўлення волi з канфiскацыяй маёмасцi i пазбаўленнем звання.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (ЧП)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика