Міліцыянер знайшоў хлопчыка. 21.by

Міліцыянер знайшоў хлопчыка

13.09.2011 — ЧП |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У лесе згубіўся 3-гадовы малы: ён заснуў на лясной сцяжынцы.

6 верасня ўдзень у міліцыю звярнулася 62-гадовая жыхарка вёскі Хрыпілёва Магілёўскага раёна: раніцай яна з аднавяскоўцамі адправілася ў лес па грыбы і ўзяла маленькага ўнука з сабой. Хлопчыка разам з дарослым грыбнікі пакінулі ў фурманцы. Але малому стала сумна, ён стаў гукаць бабулю і пабег на яе голас. Спачатку ніхто і не захваляваўся. А калі пачалі клікаць хлопчыка, то ніхто не адгукнуўся.

На пошукі паднялі ўвесь асабовы склад Бялыніцкага і Магілёўскага РАУС, аператыўна-следчую групу ўпраўлення ўнутраных спраў, супрацоўнікаў крымінальнага вышуку і МНС, ваенных. Яны некалькі гадзін прачэсвалі лес у раёне вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна.

Хлопчыка знайшоў старшы оперупаўнаважаны аддзела вышуковай працы ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС Аляксандр Красоўскі. Малы, троху пакусаны камарамі і кляшчамі, але цэлы і непашкоджаны, спаў прама на лясной сцяжынцы. Ён прайшоў каля двух кіламетраў, стаміўся і заснуў. Каштоўную згубу міліцыянеры перадалі на рукі бабулі.

Алена Казлова.

Металічны "прысмак"

Васьміметровую рэйку чацвёра сяброў выцягнулі з чыгуначнага пуці, які не дзенічае, у пасёлку Каранёўка Гомельскага раёна. Грамадзяне, сярод якіх сацыяльны работнік Добрушскага райвыканкама, непрацуючы, школьнік і навучэнец ПТВ, паспелі рэалізаваць свой здабытак, а цяпер чакаюць суда. Між тым, сабраны метал — усяго каля да 27 тон — затрыманы міліцыяй у Рэчыцкім раёне. Яго без суправаджальных дакументаў перавозіў жыхар Гомеля ў аўтамабілі "Сканія" з прычэпам.

Выратавалі сена

Новенькі сенасклад, пабудаваны сёлета, загарэўся раніцай у сельскагаспадарчым комплексе "Ляскавічы" Петрыкаўскага раёна. Калі выратавальнікі прыбылі на месца здарэння, пабачылі моцнае задымленне. Сена гарэла на плошчы 50 кв. метраў. Агонь затушылі хутка, хоць ён паспеў знішчыць 5 тон і пашкодзіць 30 тон сена сёлетняга ўкосу. Пры гэтым спецыялістамі МНС сумесна з рабочымі гаспадаркі выратавана 465 тон кармоў для жывёлы. У прэс-службе гомельскага абласнога ўпраўлення МНС паведамілі, што найбольш верагодная прычына пажару — самаўзгаранне.

Каму патрэбна абсталяванне?

Помпавую ўстаноўку высокага ціску, якая каштуе больш за Br6 млн. рублёў, выкраў з незачыненага памяшкання цэха водападрыхтоўкі буйнога прамысловага прадпрыемства ў Жлобіне невядомы грамадзянін. Іншы злодзей, у Рэчыцы, выцягнуў з траншэй, размешчаных побач з будынкам аднаго з акцыянерных таварыстваў, 54 метры металічнай пласціны контуру зазямлення. Калінкавіцкі "спецыяліст" спакусіўся на спецыфічнае абсталяванне энергетыкаў, якое зняў з высакавольтнай лініі электраперадач. Яго знайшлі праваахоўнікі, у адрозненне ад грамадзяніна, які з тэхнікі, што належыць палескаму аграрнаму каледжу (Калінкавічы), зняў ротар да касілкі-здрабняльніка, 2 восі з рысорамі і карданны вал з рэдуктарам.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Аднаго выратавала суседка, другога — МНС

У кватэры ў доме па праспекце Будаўнікоў у Бабруйску "палыхнула" каля 16 гадзін. Дзякуючы званку сведкі падраздзяленні МНС былі на месцы праз чатыры хвіліны.

Яшчэ да іх прыбыцця суседка, якая пачула сігналы спрацаваўшага пажарнага апавяшчальніка (ён быў устаноўлены летась ЖЭУ па праграме "Інвалід") і папрасіла мужа выклікаць дапамогу, сама ўвайшла ў незачыненую задымленую кватэру і вывела інваліда ІІ групы (апорна-рухальны апарат). А прыбыўшыя пажарныя пад ложкам знайшлі сябра выратаванага грамадзяніна, якога таксама вывелі на свежае паветра. Абодва, згодна з папярэдняй інфармацыяй, былі ў стане алкагольнага ап'янення (паводле слоў суседзяў, яны ўвогуле злоўжывалі моцнымі напоямі). А прычынай пажару магла стаць неасцярожнасць пра курэнні.

Пажар у гаражах знішчыў аўтамабілі

У 23 гадзіны шчучынскім пажарным-выратавальнікам патэлефанаваў вартаўнік камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства "Саўгас "Навадворскі": у будынку гаражоў — пажар.

Калі падраздзяленні МНС прыбылі на месца, дах гаражоў гарэў адкрытым полымем. Цагляны будынак памерам 6х60 метраў складаўся з 15 боксаў. На момант пажару ў ім знаходзіліся тры аўтамабілі. Агонь паспеў знішчыць дах на васьмі боксах (на плошчы 150 квадратных метраў), а таксама дзве аўтамашыны: ВАЗ 21213 і ВАЗ 2107. Трэці аўтамабіль — ВАЗ 2106 — выратавалі пажарныя. Пацярпелых, на шчасце, не было. Прычыны пажару зараз высвятляюцца. Найбольш верагодныя версіі — падпал або неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Сяргей РАСОЛЬКА

Асцярожна: карова на дарозе!

На Магілёўскай шашы ноччу, недалёка ад гарадскога пасёлка Сокал, грузавік сутыкнуўся з каровай. Што рабіла жывёліна ноччу на дарозе без гаспадара — пакуль невядома.

"Карова раптоўна выйшла на дарогу, — тлумачыць сітуацыю кіроўца. — Як толькі я яе ўбачыў, паспрабаваў зрабіць усё магчымае, каб пазбегнуць сутыкнення, але...".

Сіла ўдару была такая, што грузавік выкінула на дарожную агароджу. Кіроўца, на шчасце, не пацярпеў. А вось карове прыйшлося нялёгка: яе адправілі да ветэрынара. Па факце здарэння праводзіцца праверка.

Паводле слоў старшага інспектара па агітацыі і прапагандзе АДАІ УУС адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Анастасіі КРАХЦІНАЙ, толькі ў сталіцы з пачатку года зафіксавана 8 аварый з буйнымі жывёламі: ласямі і каровамі. Для Беларусі, дзе лясы займаюць больш за 60 працэнтаў прыдарожных тэрыторый, павышаная ўвага кіроўцаў застаецца пакуль адзіным сродкам абароны ад падобных дарожна-транспартных здарэнняў.

Надзея Дрыла..

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У лесе згубіўся 3-гадовы малы: ён заснуў на лясной сцяжынцы. 6 верасня ўдзень у міліцыю звярнулася 62-гадовая жыхарка вёскі Хрыпілёва Магілёўскага раёна: раніцай яна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (ЧП)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика