Ад сваёй мовы да беларускіх песень разам з Надзеяй Карчэўскай (+ відэа). 21.by

Ад сваёй мовы да беларускіх песень разам з Надзеяй Карчэўскай (+ відэа)

18.10.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Надзея Карчэўская, каб перамагчы жыццёвыя складанасці, пачала спяваць.

На мяжы Беларусі і Польшчы, там, дзе цячэ магутная і прыгожая рака Буг, ляжыць зямля, назва якой − Падляшша. Сёння гэта Польшча, але раней Падляшша ўваходзіла ў заходнюю частку Вялікага Княства Літоўскага: Драгічынскія, Мельніцкія і Бельскія  землі.

Людзі, што тут жывуць, маюць сваю непаўторную гаворку. Няма ў гэтай мовы назвы: ні беларуская яна, ні польская, ні ўкраінская, хоць і падобная на ўсе тры адначасова. Мясцовыя і дагэтуль называюць яе сваёй.

Каб пачуць гэту мову, мы завіталі ў адну з вёсачак Падляшша, непадалёк ад горада Сямяцічы, дзе жыве 75-гадовая Надзея Карчэўская.

Спадарыня Надзея спявае пра тое, як "Я каровушку прапіла":

Глядзіш і не верыш, што гэтай жанчыне столькі гадоў: статная, зграбная, галава паднятая, весела ўсміхаецца і вуснамі, і вачамі. Ажно гаварыць захацелася не пра песні ды пра мову, а пра сакрэт маладосці. Аднак усё само расклалася па палічках, калі Надзея пачала гаварыць.

Цяжкае дзяцінства ды прыступкі жыцця

− Ужо 13 гадоў, як удава, − пачынае  спадарыня Надзея. − Адна з маіх трох дачок вельмі хворая. Аднак я настолькі моцная асоба, што калі нешта ўзнікае на маім шляху, трымаюся і пераадольваю. Гэтае змаганне цягнецца з самага дзяцінства, бо ў мяне было шасцёра братоў ды сястра і дома даводзілася цяжка працаваць. Таму і скончыла ўсяго пяць класаў школы. Далей не пусцілі, хаця я добра вучылася...

− Чаму ж тады не пусцілі?

− Тата хацеў, каб кароў пасвіла, каб дома было каму рабіць. Пасля пайшла на краўчыху, але правучылася ўсяго тры месяцы. І за тыя тры тата не хацеў плаціць. Аднак нарабіла венікаў, прадала іх па злотым за кожны ды заплаціла за навучанне сама. Не хацела, каб краўчыха сустракала мяне на вуліцы ды прыгадвала ўвесь час. Сабе ж сказала так: не трэба ў жыцці паддавацца праблемам, бо кожнай можна знайсці рашэнне.

І вось цягам 13 год я жыву адна і калі сустракаюся з цяжкасцямі, то не іду да якой сяброўкі за парадай, а саджуся і сама шукаю рашэнне.

Аднойчы я так прыдумала выйсце з ўсіх сваіх праблем: стварыць гурт. Цяпер у ім шэсць жанчын. Усе на пенсіі, акрамя адной. Некаторыя з іх засталіся ўдовамі, некаторыя развяліся. Аднак разам прасцей пераадольваць складанасці, якія нас падсцерагаюць.

Надзея Карчэўская не кінула сваё захапленне і талент да шыцця. Усе касцюмы для гурта яна прыдумала і пашыла сама.

Падляшскія “Неза­будкі” зацвілі ў маі

− Як жа называецца ваш калектыў?

− Назву прыдумала – “Незабудкі”. З’явіўся гурт чатыры гады таму ў маі, у час, калі гэтыя кветкі пачынаюць цвісці. Аднак мы называемся “незабудкамі” не толькі з-за кветак. Назва азначае, што мы не забыліся пра даўнішнія песні, якія яшчэ памяталі нашы мамы.

− Спяваеце на сваёй мове?

− І на сваёй, і на польскай, і на рускай, і на беларускай. Часам пачуеш прыпеў, запомніш, а асноўныя слупкі ўжо не прыгадаеш. То тады я сама іх дадумваю і на свой лад спяваю.

− А як да беларускіх песень прыйшлі?

− Неяк пані з Беластока пыталася, ці спявае хтосьці ў нашай мясцовасці старыя песні? Ну і падказалі ёй, што я магу заспяваць. Прыехала яна да нас ды пытаецца па-беларуску, ці ёсць тут Надзея Карчэўская? Я прадставілася, і мяне папрасілі праспяваць беларускую песню.

А я тады ніводнай не ведала. Кажу: “Не ведала, што песня павінна быць беларускай. Калі гаворка ідзе пра мову, на якой я размаўляю, то буду спяваць”. Ну і праспявала. А потым мяне запрасілі ў Беласток спяваць беларускую песню. Так і пачалося. Пасля падумала, калі я адважылася спяваць беларускую песню ў Беластоку, то чаму б і гуртам не спяваць?

У Беластоку штогод праходзіць фестываль беларускай песні. Звычайна ў ім удзельнічаюць гурты з Падляшша. Летась прыехалі выступаць на канцэрт 98 мясцовых гуртоў.

Цяпер у рэпертуары “Незабудак” дзве беларускія песні. З імі і прымалі ўдзел у фестывалі.

− Што значыць для вас магчымасць спяваць?

− Гэта дапамагае забыць пра праблемы. Цяпер я не адчуваю, што яны ёсць. Бо ўвесь час думаю пра тое, што трэба ісці на рэпетыцыі, што трэба сачыць за сабой, трэба навучыцца спяваць новыя песні. А калі вучуся спяваць песню, вядома, не думаю пра нейкія там праблемы.

Калі еду з гуртам выступаць, спяваем, танцуем, частуемся і забываем пра ўсялякія жыццёвыя недарэчнасці. Праз песні сябе і ратуем.

Настасся РОЎДА.

Відэа Настассі РОЎДЫ.

Фота Іны ХОМІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На мяжы Беларусі і Польшчы, там, дзе цячэ магутная і прыгожая рака Буг, ляжыць зямля, назва якой − Падляшша. Сёння гэта Польшча, але раней Падляшша ўваходзіла ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика