Я вельмі люблю сваю вёсачку Дабраволю, багатую на добрых і працавітых людзей. Таму і абудзілася ў мяне цікавасць да яе гісторыі, загадкавых назваў роднай зямлі. Хочацца расказаць, чаму мая вёска завецца так прыгожа – Дабраволя.
Дабраволя – самабытны куточак Свіслацкага раёна. Назва вёскі паходзіць ад слоў “добрая воля” ў значэнні “свабода” – паселішча, жыхары якога вызваляліся ад некаторых павіннасцей. Першыя звесткі аб вёсцы адносяцца да 1538 года. Менавіта тады пасяленцамі будучай вёскі сталі вольныя стралкі, якія ахоўвалі жывёл у пушчы. І прыйшлі сюды яны па добрай волі.
Як сведчаць матэрыялы, што збіраліся на працягу дзесяцігоддзяў і захоўваюцца ў Музеі лесу Дабравольскага ДС СШ, спачатку на месцы вёскі было 5–6 двароў, дзе пражывалі першыя жыхары-дабравольцы. Паступова вёска расла, займаючы большую частку лесу. З’явіліся і мясцовыя назвы ўтвораных вулачак: Мястэчка (тут захаваліся самыя старыя дамы, і таму лічыцца, што адсюль пачынала будавацца вёска), Самары і Ёткі (у даваенны час на гэтых вуліцах пражывалі яўрэі Самар і Ётак, якія займаліся гандлем, мелі свой магазін), Бабылі (у часы царскай Расіі ў гэтым месцы выдавалі надзелы зямлі мужчынам, якія на працягу 7–14 гадоў служылі ў царскай арміі; іх зямельныя надзелы называліся бабыльскія, бо мужчыны былі нежанатыя).
Перадаецца з пакалення ў пакаленне і мясцовая легенда пра паходжанне Дабраволі. На тэрыторыі сучаснай вёскі, расказвае яна, былі непраходныя лясы, у якіх вадзілася шмат гадаў, вужоў. За доўгія гады людзі прызвычаіліся да іх, найболей да вужоў, бо тыя не баяліся жыць непадалёку ад жытла сялян, а то і ў хатах. Іх сталі лічыць хатнімі. Калі гаспадары з дзецьмі сядалі вячэраць, то і вуж поўз да стала, яму налівалі малака ў якую-небудзь пасудзіну. І верылі людзі: у якім доме жыве вуж, там заўсёды шчасце і дабрабыт. Калі здыхаў той хатнік, дык гаспадар не выкідаў яго цела, а рабіў з яго своеасаблівы абярэг. Адбывалася ўсё наступным чынам. З вужа здзіралі скурку, вытаплівалі тлушч, рабілі свечку і зберагалі яе. Калі ж нападала на гаспадара якое гора, тады чалавек браў свечку, чакаў вечара і запальваў яе. Свечка гарэла дзіўным яркім полымем, заходзіла ва ўсе цёмныя мясціны, абуджала там усіх вужоў. І паўзлі яны на дапамогу, а наперадзе – сам Вужовы кароль. І гэтак жа нечакана вужы знікалі. Толькі доўга яшчэ гучаў іхні напамін: “Па добрай волі жывіце! Па добрай волі!” Кажуць, калі Вужовага караля не стала, то ўсе плакалі, галасілі, нібыта па самым блізкім з родных. Пахавалі яго недзе тут, непадалёку. Таму паселішча з тых часоў пачалі называць Дабраволяй.
Мне б хацелася запрасіць у нашы мясціны ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй Свіслаччыны, каб пераканацца, наколькі прыгожая і багатая дабравольская зямля. У цяперашні час, калі бурнымі тэмпамі развіваецца этнатурызм, экатурызм, мая малая радзіма здзіўляе сваіх гасцей непаўторнымі, маляўнічымі краявідамі, гасціннасцю і шчодрасцю дабравольцаў, багатымі і да канца неспазнанымі загадкамі гісторыі і мовы маёй зямлі.
Дар’я ЛОСКАТ,
вучаніца 7 класа Дабравольскага ДС СШ.