Галина Васильевна Козлова умеет заинтересовать и найти подход к каждому ученику
15.01.2019
—
Разное
|
Калі сустракаешся з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Галінай Васільеўнай Казловай, хочацца вярнуцца ў школьныя гады і пабыць менавіта яе вучаніцай. Энергічная, жыццярадасная, з агеньчыкам у вачах яна ўмее зацікавіць, прывіць любоў да прадмета і знайсці падыход да ўсіх сваіх навучэнцаў. Яна з тых, для каго прафесія – прызванне, хто хварэе і жыве справай. Асэнсавана выбірала яе, была не толькі стараннай вучаніцай у школе, а і адказнай студэнткай Віцебскага педінстытута. Яна і сёння прыгадвае сваіх выкладчыкаў факультэта беларускай філалогіі і культуры, як скрупулёзна рыхтавалася да заняткаў. З усмешкай успамінае, што на дзяржэкзамен пайшла ў беларускім нацыянальным касцюме. Галіна Васільеўна імкнецца кожны ўрок зрабіць запамінальным, ніяк не шаблонным. “Люблю дзяцей і заўсёды імкнуся стварыць у класе атмасферу даверу і творчасці, наладзіць з вучнямі дыялог і супрацоўніцтва”, – падкрэслівае настаўніца. Важна тое, што яна ўмее падабраць ключык да дзіцячага сэрца, стварыць умовы для максімальнага праяўлення здольнасцей і таленту кожнага. Пад кіраўніцтвам Галіны Васільеўны ў школе, дзе ў гэтым навучальным годзе за парты селі 74 вучні, рэалізуюцца творчыя праекты па грамадзянска-патрыятычным і сямейным выхаванні. Вялікую ўвагу намеснік дырэктара надае даследчай дзейнасці навучэнцаў, садзейнічае рабоце школьнага інтэлектуальнага клуба. Яе вучні паказваюць добрыя вынікі ў вучобе. Так, гэтымі днямі хвалявалася Г.В.Казлова за сваю выхаванку Дзіяну Герцык, якая адправілася на абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Зрэшты, і сама Галіна Васільеўна паказвае дастойны прыклад навучэнцам. Так, па выніках абласнога этапу рэспубліканскай выставы навукова-практычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці “Правільны прафесіянальны выбар – надзейная будучыня маладога пакалення” Галіна Васільеўна адзначана дыпломам трэцяй ступені. – Яна не толькі добры настаўнік, а і цікавая асоба, выдатны арганізатар, кіруе школьным метадычным аб’яднаннем, заўсёды аказвае дапамогу маладым настаўнікам. Не магу не адзначыць, што па выніках 2017 года школа занесена на раённую Дошку гонару, у чым заслуга ўсяго дружнага калектыву, у тым ліку і Галіны Васільеўны, – гаворыць начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Н.В.Стрыжонак. Па прыкладзе Г.В.Казловай прафесію настаўніка абрала і яе дачка, якая выкладае ў малодшых класах, працуе ў Мінску. Нягледзячы на тое, што не параўнаць сталічную ўстанову са школай у глыбінцы, часта звяртаецца да маці за парадамі і падказкамі. Старанні і дзейнасць Галіны Васільеўны не застаюцца незаўважанымі. “Дзякуй Вам за плённую працу, дасягнутыя поспехі ў выхаванні падрастаючага пакалення, ведаю, што Вы займаеце і актыўную грамадзянскую пазіцыю, з’яўляецеся членам “Белай Русі”, – уручаючы Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў, адзначыла яго старшыня Н.М.Марковіч. А нядаўна Галіна Васільеўна прымала віншаванні і з нагоды юбілею. Галоўнымі пажаданнямі ад калег і знаёмых было, каб вучні радавалі сваімі дасягненнямі і перамогамі – гэта ж лепшая ўзнагарода для любога настаўніка! Вольга КАМАРКОВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі сустракаешся з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Галінай Васільеўнай Казловай, хочацца вярнуцца ў школьныя гады і пабыць менавіта яе вучаніцай....
|
|